Каб загадзя даць вернікам знак, што хутка пачнецца ўдзяленне Камуніі, прыслугоўваючы звоніць у званочак кожны раз, калі святар паўтарае “Domine, non sum dignus” непасрэдна перад прыняццем Камуніі. Тады людзі падыходзяць да балюстрады, пры якой яны становяцца на калені і, трымаючы камунійны абрус непасрэдна пад падбародкам, чакаюць прыходу святара. Тым часам прыслугоўваючы ад іх імя прамаўляе тую самую формулу споведзі, якая гучала ў пачатку Імшы, а святар рыхтуецца да ўдзялення Камуніі. Для гэтага ён адчыняе табернакулюм, укленчвае, бярэ адтуль цыборый, у якім захоўваецца Найсвяцейшы Сакрамэнт, і ставіць яго перад сабою на карпарал. Ён адразу адкрывае яго і, укленчыўшы зноў, паварочваецца да вернікаў і прамаўляе над імі дзве малітвы: “Няхай змілуецца над вамі Бог Усемагутны і, адпусціўшы вам грахі вашыя, давядзе вас да жыцця вечнага”, а затым: “Дараванне, разграшэнне і адпушчэнне грахоў нашых няхай дасць нам усемагутны і міласэрны Пан”. Прамаўляючы формулу адпушчэння, ён робіць знак крыжа над тымі, што стаяць пры балюстрадзе і, укленчыўшы ў трэці раз, бярэ цыборый левай рукою, вымае з яго Гостыю правай рукою і чутным голасам кажа: “Вось Ягня Божае, вось Той, Які бярэ на сябе грахі свету. Пане, я не варты, каб Ты ўвайшоў пад дах мой, але скажы толькі слова і аздаравіцца душа мая”. Апошнія словы ён прамаўляе тры разы, пасля чаго сыходзіць да балюстрады, дзе ўдзяляе Камунію вернікам, заўсёды пачынаючы ад боку Паслання. У гэтай частцы Імшы ўсе знаходзяцца на адным узроўні: багатыя і бедныя, адукаваныя і цёмныя, кароль і селянін. Усе стаяць на каленях пры той самай балюстрадзе і побач адзін з адным прымаюць свайго Пана ў той самы час, без аніякага адрознення і ўвагі на тытул і пасаду. І Касцёл настолькі дбае пра рэпутацыю сваіх дзяцей, што ён забараняе святару абмінаць пры балюстрадзе нават самую недастойную асобу пры ўмове, што яе злачыннасць знаходзіцца ў сакрэце. Гэта робіцца як знак наследавання той самай выключнай любові нашага Боскага Пана, Які на Апошняй вячэры дазволіў Юдзе прыняць Камунію, хоць і ведаў, што той хутка выдасць Яго. Удзяляючы асобе Камунію, святар кажа: “Цела Пана нашага Езуса Хрыста няхай захавае душу тваю на жыццё вечнае. Амэн”. Акрамя выпадкаў пагрозы смерці, святую Камунію трэба заўсёды прымаць, захоўваючы пост.

Калі ўсе прынялі Камунію, святар вяртаецца да алтара і хавае цыборый у табернакулюм, выконваючы неабходныя ўкленчванні. Затым ён нахіляе келіх у бок прыслугоўваючага, а той налівае туды прыкладна столькі віна, колькі выкарыстоўвалася для кансэкрацыі. Пры гэтым святар кажа: “Што мы вуснамі спажылі, няхай прымем чыстым розумам, і з дару часовага няхай будзе нам лек на вечнасць”. У гэтай малітве Найсвяцейшая Эўхарыстыя называецца “часовым дарам”, таму што яе прымае пілігрымуючы чалавек. “Лекам на вечнасць” яна з’яўляецца таму, што сам наш Пан сказаў: “Хто будзе есці хлеб гэты, будзе жыць вечна”.

Святар набірае віно ў келіх для таго, каб змыць ім усе сляды Найдаражэйшай Крыві. Сёння святар выпівае яго, а не вылівае ў сакрарый, як гэта рабілася раней (Bona, с. 371). Выпіўшы гэтае віно, святар бярэ келіх абедзвюма рукамі і пераходзіць на бок Паслання, дзе прыслугоўваючы налівае ў келіх віно і ваду, паліваючы кончыкі вялікіх і ўказальных пальцаў, якія святар трымае над келіхам. Гэта робіцца для таго, каб ачысціць іх ад часцінак святой Гостыі, якія маглі да іх прыстаць. Затым святар зноў выпівае змесціва келіха, выцірае яго пурыфікатарам (а не губкай, як грэкі) і збірае яго пры цэнтры алтара, змяшчаючы ўсе рэчы на свае месцы.


Аўтар: Джон О’Браен (John O’Brien), A. M., прафесар святой Літургіі ў Каледжы Маўнт Сэйнт Мэры (Mount St. Mary’s College), Эмітсбург, Мэрылэнд, ЗША.
Выданне: A History of the Mass and Its Ceremonies in the Eastern and Western Church (15 ed., 1879).
Ілюстрацыя: Joseph Shaw (CC BY-NC-SA).

Пакінуць каментар