04.09.2018 / John O'Brien

№104. Цэлебрацыя Імшы: Камунія святара🕑 2 хвілін

Пасля трох малітваў падрыхтоўкі да Камуніі святар укленчвае і, падняўшыся, кажа: “Хлеб нябесны прыму і імя Пана ўсклікну”. За выключэннем словазлучэння “хлеб нябесны”, гэтыя словы ўзяты з псальма 115. Раней у гэтым месцы выкарыстоўваліся вельмі разнастайныя словы, і толькі ў ХІІІ ст. устанавілася нейкая аднастайнасць. Кармеліты і да сённяшняга дня кажуць тут: “Слаўся, Збаўленне свету, Слова Айца, Святая Гостыя, Жывое Цела, Боскасць дасканалая, Сапраўдны Чалавек”.

Прамовіўшы гэтыя словы, святар бярэ з патэны святую Гостыю і, падтрымліваючы патэну пад Гостыяй, крыху прыпадымае яе над алтаром і кажа: “Пане, я не варты, каб Ты ўвайшоў пад дах мой, але скажы толькі слова і аздаравіцца душа мая”[1]. Гэты ўрачысты пратэст, узяты са слоў евангельскага сотніка, ён паўтарае тры разы, удараючы сябе ў грудзі пры кожным паўторы. Затым ён падымае Гостыю на вышыню вачэй і, робячы ёю знак крыжа перад сабою, кажа: “Цела Пана нашага Езуса Хрыста няхай захавае душу маю на жыццё вечнае. Амэн”. Затым ён схіляецца і, з пашанай паклаўшы перадплеччы на алтар, ён спажывае святую Гостыю. Ён выпростваецца і крыху затрымліваецца ў засяроджанасці, звёўшы рукі перад тварам.

Варта заўважыць, што, спажываючы святую Гостыю, святар ніколі не павінен дакранацца да яе зубамі. Яе трэба праглынуць пры дапамозе языка, а калі з гэтым ёсць нейкія праблемы, ніколі нельга дапамагаць сабе пальцам.

Затым святар прымае Камунію з келіха. Ён здымае палу і, укленчыўшы, прамаўляе наступныя словы: “Што аддам я Пану за ўсе Ягоныя дабрадзействы?” (Пс 115). Ён бярэ патэну і збірае ёю часцінкі, якія маглі застацца на карпарале пасля яго кантакту са святой Гостыяй, а потым пры дапамозе вялікага і ўказальнага пальцаў правай рукі сцірае іх з патэны так, каб яны трапілі ў келіх. Затым ён бярэ келіх, кажучы: “Келіх збаўлення ўздыму і імя Пана ўсклікну. Славячы Пана, буду Яго я клікаць і ад ворагаў маіх буду збаўлены” (Пс 115). Падстаўляючы патэну пад падбародак левай рукою і трымаючы келіх у правай руцэ, ён робіць ім знак крыжа і прымае Камунію са словамі: “Кроў Пана нашага Езуса Хрыста няхай захавае душу маю на жыццё вечнае. Амэн”.


[1] На лацінскай мове выраз “скажы слова” перадаецца як “dic verbo”, тады як правільна было б сказаць “dic verbum”. Выкарыстанне аблятыўнага склону замест вінавальнага абумоўлена тым, што Касцёл ідзе за грэцкай мовай Евангелля ад Лукі (“εἰπὲ λόγῳ”), а не Евангелля ад Мацвея (“εἰπὲ λόγον”). На сірыйскай мове, на якой, як мяркуецца, напісаў сваё Евангелле св. Мацвей, абедзве формы гучаць аднолькава.


Аўтар: Джон О’Браен (John O’Brien), A. M., прафесар святой Літургіі ў Каледжы Маўнт Сэйнт Мэры (Mount St. Mary’s College), Эмітсбург, Мэрылэнд, ЗША.
Выданне: A History of the Mass and Its Ceremonies in the Eastern and Western Church (15 ed., 1879).
Ілюстрацыя: Joseph Shaw (CC BY-NC-SA).

Пакінуць каментар

Scroll Up