Папа Бенедыкт XVI называў “старажытную лацінскую літургічную традыцыю” скарбам Касцёла і ўсяляк спрыяў яе вяртанню ў каталіцкую літургічную практыку. Аднак некаторыя звычаі, характэрныя для гэтай традыцыі, напрыклад выкарыстанне лацінскай мовы, арыентацыю святара падчас літургіі, дамінуючую ролю цішыні або грыгарыянскага спеву, дагэтуль ставяць пад пытанне і абмяркоўваюць з пункту гледжання іх дарэчнасці і пастырскай карысці.

Міжнародная федэрацыя “Una Voce” падрыхтавала серыю пазіцый, прысвечаных тым ці іншым характэрным рысам традыцыйнай рымскай літургіі. Гэтыя кароткія артыкулы прадстаўляюць неабходную фактычную інфармацыю па тэме і даюць найлепшыя аргументы на карысць традыцыйнай практыкі, каб іх абмеркаванне вялося не толькі ў добрай веры, але і “ў святле правільнага разумення праблем”.

Публікуючы гэтыя артыкулы, “Una Voce” прэтэндуе на тое, каб выказвацца ад імя шматлікіх свецкіх асобаў, прывязаных да надзвычайнай формы рымскага абраду. На сённяшні дзень гэтая міжнародная асацыяцыя, створаная ў 1965 годзе, аб’ядноўвае 41 мясцовую арганізацыю на розных кантынентах, карыстаецца прызнаннем Апостальскай Сталіцы і актыўна спрыяе выкарыстанню літургічных кніг 1962 года.

На працягу новага “сезона” мы плануем апублікаваць усю серыю на беларускай мове. Усе 33 пазіцыі з гэтай серыі можна прачытаць на англійскай мове на старонцы федэрацыі. Частка гэтых артыкулаў перакладзена на польскую мову: сцягнуць іх можна са старонкі unacum.pl.


Прадмова да серыі артыкулаў: Пазіцыі Міжнароднай федэрацыі “Una Voce” па пытаннях, якія датычацца Імшала 1962 года

У фармаце PDF

Міжнародная федэрацыя “Una Voce” прапануе гэтыя артыкулы для заахвочвання і ажыўлення дыскусій наконт Імшала 1962 года сярод каталікоў, “прывязаных да старажытнай лацінскай літургічнай традыцыі”, і іншых асобаў, зацікаўленых літургічным аднаўленнем Касцёла. Іх не варта ўспрымаць як персанальную ці маральную крытыку тых, хто сёння прымае ці абараняе рэформы, якія тут падвяргаюцца кры­тыцы, або тых, хто рабіў гэта раней. Пры складанні гэтых артыкулаў мы прынялі працоўнае дапушчэнне, што нашыя браты-каталікі дзейнічаюць у добрай веры, але таксама што нягледзячы на гэта існуе неабходнасць у жывой і падтрыманай сур’ёзнымі аргументамі дыскусіі, калі тыя, хто дзейнічае ў добрай веры, хочуць рабіць гэта таксама ў святле правільнага разумення праблем.

У гэтых артыкулах мы не ставім сабе за мэту наўпрост каментаваць Novus Ordo Missae, уведзены ў 1970 годзе. Мы не лічым, што дзейнічаем непрыхільна ў адносінах да Святога Айца або ўлады Апостальскай Сталіцы, выказваючыся як ёсць пра “старажытную лацінскую літургічную традыцыю” і пра тое, што робіць яе “скарбам” (як пра яе выказаўся Папа Бенедыкт XVI). Мы пакідаем іншым выказваць свае меркаванні на карысць Імшала 1970 года, які ў бліжэйшай будучыні будзе існаваць побач са старым Імшалам, ствараючы разам з ім дзве формы рымскага абраду.

Аўтары артыкулаў застаюцца ананімнымі, таму што артыкулы не з’яўляюцца плёнам працы адной асобы, а таксама таму, што мы хацелі б, каб іх ацэньвалі на падставе зместу, а не аўтарства.

У якасці зыходнага пункту мы абапіраемся на кан. 212 § 3 Кодэкса кананічнага права 1983 года, які кажа пра свецкіх асобаў наступнае:

У адпаведнасці са сваімі ведамі, кампетэнцыяй і аўтарытэтам яны маюць права, а часам і прамы абавязак выказваць святым пастырам сваё меркаванне наконт таго, што датычыцца дабра Касцёла, і паведамляць пра яго іншым хрысціянам, захоўваючы цэласнасць веры і маралі і павагу да пастыраў, а таксама прымаю­чы пад увагу агульную карысць і асабістую годнасць кожнага [1].

Каб пазбегнуць звязаных з гэтымі артыкуламі непаразуменняў, мы жадаем зрабіць тры дадатковыя заўвагі:

  1. Гэтыя артыкулы трэба разумець у сувязі з рымскім абрадам і з касцёльнай гісторыяй і культурай, якія паўсталі вакол яго. Іх не трэба ўспрымаць як выпадковае асуджэнне (прамое ці ўскоснае) розных звычаяў усходніх абрадаў. Нашыя аргументы могуць у вялікай ступені прымяняцца да нярымскіх абрадаў Лацінскага Касцёла, аднак апошнія не з’яўляюцца прадметам нашага абмеркавання.
  2. Калі мы карыстаемся такімі тэрмінамі, як “надзвычайная” і “звычайная” форма, мы не маем намеру выказваць суджэнне на карысць бакоў той дыскусіі, якая паўстала ў сувязі з правільнасцю і адпаведнасцю гэтых або альтэрнатыўных назваў для акрэслення літургій, прадстаўленых Імшаламі 1962 і 1970 гадоў адпаведна.
  3. У гэтых дакументах мы спасылаемся на дакументы Другога Ватыканскага сабору, Катэхізіс Каталіцкага Касцёла і асноўныя дакументы, якія ствараюць папскі Магістэрый ад Паўла VI да Бенедыкта XVI, таму што гэтыя дакументы прадстаўляюць у вачах Святога Пасаду і епіскапату Каталіцкага Касцёла самы апошні і актуальны стандарт, які адлюстроўвае веру Касцёла. Звяр­­­таючыся да гэтых дакументаў, мы ўсведамляем тое стрыманае стаўленне, якое маюць да іх некаторыя каталікі, прывязаныя да надзвычайнай формы рымскага абраду, у сувязі з сумяшчальнасцю гэтых дакументаў з дактрынальнай традыцыяй, прадстаўленай дасаборным Магістэрыем. Цытуючы гэтыя дакументы, мы зусім не маем намеру падсвядома выказваць нейкае канчатковае суджэнне наконт узаемасувязі дасаборнага і паслясаборнага вучэння, асабліва таму, што гэтае пытанне разглядаецца ў працах такіх тэолагаў, як Герардзіні і Амерыё, а таксама абмяркоўваецца ў дактрынальных перамовах паміж FSSPX і Святым Пасадам. У кожным разе, мы лічым, што нягледзячы на некаторую стылістычную і тэрміналагічную розніцу паміж працытаванымі ў гэтых артыкулах фрагментамі сучаснага Магістэрыя і ранейшым Магістэрыем супярэчнасці няма.

Меркаванні, выкладзеныя ў гэтых артыкулах, Міжнародная федэрацыя “Una Voce” пакорна прадстаўляе на суд Касцёла.

Леа Дарах, старшыня Міжнароднай федэрацыі “Una Voce”

Джозэф Шоу, мадэратар падкамісіі па справах літургіі і духоўнасці


[1] “Pro scientia, competentia et praestantia quibus pollent, ipsis ius est, immo et aliquando officium, ut sententiam suam de his quae ad bonum Ecclesiae pertinent sacris Pastoribus manifestent eamque, salva fidei morumque integritate ac reverentia erga Pastores, attentisque communi utilitate et personarum dignitate, ceteris christifidelibus notam faciant”.

Пакінуць каментар