Прамовіўшы малітву “Agnus Dei”, святар крыху схіляецца і, паклаўшы рукі на алтар, у такой паставе прамаўляе тры малітвы. Першая з іх з’яўляецца просьбай да Усемагутнага Бога аб такім спакоі, якога не можа даць свет. У другой святар просіць праз Насвяцейшае Цела і Кроў нашага боскага Збаўцы вызваліць яго ад усіх правінаў. У трэцяй малітве ён просіць, каб прыняцце тых жа Цела і Крыві былі лекам для ягоных душы і цела.

На ўрачыстай спяванай Імшы можна ўбачыць цікавую і вельмі старажытную цырымонію, калі пасля першай з гэтых малітваў перадаецца pax, альбо пацалунак спакою. Гэты абрад захоўваецца ў Імшы на ўспамін таго цёплага і душэўнага жэста, які наш Боскі Пан заўсёды аказваў сваім вучням. І тут будзе дарэчы заўважыць, што хоць на Апошняй вячэры наш Збаўца казаў: “Гэта чыніце на Маю памяць” толькі ў дачыненні да здзяйснення Эўхарыстыі, Касцёл тым не менш палічыў патрэбным выконваць не толькі тое, што яго Боскі Заснавальнік рабіў і загадаў рабіць далей, але таксама і многія іншыя рэчы, якія не былі выразна прадпісаны, але перадаваліся евангелістамі як годныя наследавання. Гэтыя рэчы Касцёл увёў у Імшу як у самае адпаведнае для іх месца, бо што такое Імша, як не містычная біяграфія нашага Пана падчас Яго жыцця на зямлі?

Таму ў той момант, калі цэлебрант прамовіў першую з гэтых малітваў, ён паварочваецца да дыякана і, паклаўшы яму рукі на плечы, злёгку нахіляе да яго галаву, нібы хочучы пацалаваць, і кажа: “Pax tecum” — “Спакой табе”, на што дыякан адказвае: “Et cum spiritu tuo” — “І з духам тваім”. Гэтае пабожнае прывітанне затым перадаюць іншыя прыслугоўваючыя пры алтары і прысутнае духавенства, аднак вернікі ў гэтым звычаі больш не ўдзельнічаюць.

Таксама гэты звычай адсутнічае ў Імшах за памерлых з-за іх жалобнага настрою, а таксама таму, што ў ранейшыя часы на такіх Імшах не было звычаю прымаць Камунію, а пацалунак спакою задумваўся менавіта як абрад паяднання паміж людзьмі перад прыняццем Камуніі (Bona, с. 359).

У старажытныя часы, калі мужчыны ў касцёлах стаялі асобна ад жанчын, пацалунак спакою перадаваўся праз увесь касцёл. Так было, амаль без перапынкаў, да часоў Папы Інакенція ІІІ, г. зн. да ХІІІ ст., калі з-за падзення маральнасці і іншых прычын гэтую практыку ў яе першасным выглядзе палічылі патрэбным скасаваць і замяніць нейкай іншай формай прывітання. У выніку была ўведзена залатая або срэбраная прылада з выявай укрыжаванага Збаўцы, якая называлася аскуляторыем і якую ўсе, уключна з цэлебрантам, цалавалі ў гэты момант Імшы. Калісьці гэты прадмет быў вельмі папулярны, аднак цяпер яго рэдка можна бачыць, прынамсі ў амерыканскіх касцёлах, дзе агульнай практыкай з’яўляецца падыходзіць адзін да аднаго, як апісана вышэй, і вітацца словамі “pax tecum”. Пры пасвячэнні святароў біскуп перадае пацалунак спакою новапрэзбітэру. Многія рэлігійныя ордэны выконваюць гэты жэст у звычайным жыцці.

У старажытныя часы існаваў звычай, калі перад перадачай спакою іншым асобам святар спачатку схіляўся і цалаваў святую Гостыю, якая ляжала на патэне перад ім, каб паказаць, што той спакой, які ён жадае перадаць іншым, паходзіць ад нашага Боскага Пана. Аднак гэтую практыку хутка скасавалі, палічыўшы яе не зусім прыстойнай. Акрамя таго, заўсёды была небяспека, што да вуснаў прыстануць невялікія часткі святой Гостыі.

У некаторых месцах таксама існаваў звычай цалаваць келіх, а потым перадаваць прывітанне ўсяму духавенству ў прэзбітэрыі. Гэта доўга рабілі дамініканцы; у пэўнай ступені яны робяць гэта і сёння, бо іхні цырыманіял кажа ім пацалаваць край келіха, а затым патэну або аскуляторый, які падасць ім дыякан, і сказаць: “Спакой табе і святому Касцёлу Божаму”. У пачатку XVI ст. у Кёльне і многіх касцёлах Францыі існаваў звычай спачатку цалаваць старонку Імшала, бо ён утрымлівае святыя словы нашага Пана.

Пацалунак спакою на Усходзе. — У літургіі св. Якуба пацалунак спакою наступае хутка пасля прамаўлення Сімвала веры, за нейкі час да прэфацыі. Дыякан абвяшчае яго такімі словамі: “Прывітайце адзін аднаго святым пацалункам; схілім нашыя галовы Пану”. Калі мараніты перадаюць спакой, робячы гэта, як усе ўсходнія хрысціяне, перад прэфацыяй, цэлебрант спачатку цалуе алтар і святую ахвяру, якая знаходзіцца на ім, і кажа: “Спакой табе, алтару Божы, і спакой таямніцам, што знаходзяцца на табе”. Затым ён перадае спакой прыслугоўваючаму, кажучы: “Спакой табе, слуга Духа Святога”. Затым спакой перадаюць усе прысутныя, паціскаючы адно аднаму рукі.

Адзіны заходні абрад, у якім пацалунак спакою перадаецца перад прэфацыяй, гэта масарабскі абрад. Прывітанне пры яго перадачы ў многіх старажытных касцёлах гучыць так: “Няхай перапаўняе цябе спакой Хрыста і Яго Касцёла” (Bona, с. 358). Кардынал Бона мяркуе, што гэта францысканцы прымусілі Святы Пасад спыніць перадачу спакою ў сваім першасным выглядзе, калі ў гэты абрад увайшлі пэўныя злоўжыванні. Гэтае меркаванне таксама падтрымлівае Папа Бенедыкт XIV (Enchiridion Sacr. Missae, с. 106).


Аўтар: Джон О’Браен (John O’Brien), A. M., прафесар святой Літургіі ў Каледжы Маўнт Сэйнт Мэры (Mount St. Mary’s College), Эмітсбург, Мэрылэнд, ЗША.
Выданне: A History of the Mass and Its Ceremonies in the Eastern and Western Church (15 ed., 1879).
Ілюстрацыя: Joseph Shaw (CC BY-NC-SA).

Пакінуць каментар