Літургічнае ўбранне і малітвы пры ўбіранні

Служба літургічных цэлебрацый Вярхоўнага Пантыфіка

Гістарычная інфармацыя

Убранне, якое духавенства выкарыстоўвае ў літургічных цэлебрацыях, паходзіць ад старажытнага грэцкага і рымскага свецкага ўбрання. У першыя стагоддзі адзенне асобаў пэўнага сацыяльнага ўзроўню (honestiores, людзі са статусам і маёмасцю) было адаптавана для хрысціянскай літургіі, і гэтая практыка захоўвалася ў Касцёле нават пасля міру Канстанціна. Як мы бачым у некаторых хрысціянскіх аўтараў, святары карысталіся найлепшым убраннем, якое, хутчэй за ўсё, захоўвалася для літургічнага ўжывання [1].

Тады як у часы хрысціянскай старажытнасці літургічнае ўбранне адрознівалася ад свецкага адзення не па асаблівасцях крою, а па якасці матэрыялу і асаблівым упрыгожванням, падчас варварскіх набегаў на Захад прыйшлі звычаі, а з імі і адзенне новых людзей, што паўплывала на свецкае адзенне. Але Касцёл захаваў убранне, якое ўжывалася духавенствам падчас публічнай малітвы, без істотных зменаў. Такім чынам, свецкае адзенне пачало адрознівацца ад літургічнага.

Нарэшце, у эпоху Каралінгаў, якая пачалася прыблізна ў VIII стагоддзі, убранне, адпаведнае розным ступеням сакрамэнту пасвячэння, з некаторымі выключэннямі набыло сваю канчатковую форму, якую яно захоўвае да сённяшняга дня.

Функцыя і значэнне

Незалежна ад гістарычных абставінаў, святое ўбранне выконвала важную функцыю ў літургічных цэлебрацыях. Па-першае, той факт, што яно не выкарыстоўвалася ў звычайным жыцці і, такім чынам, мела “літургічны” характар, дапамагала служыцелю адарвацца ад штодзённасці і яе праблемаў падчас цэлебрацыі Божай службы. Акрамя таго, шырокая форма прадметаў убрання, напрыклад, альбы, далматыкі альбо арната, ставіла індывідуальнасць таго, хто іх насіў, на другое месца і падкрэслівала яго літургічную ролю. Хтосьці можа сказаць, што такое “камуфляванне” цела служыцеля ўбраннем у пэўным сэнсе пазбаўляе яго асабовасці, але гэта здаровая дэперсаналізацыя, якая выводзіць цэлебранта з цэнтру і прызнае сапраўднага пратаганіста літургічнага дзеяння: Хрыста. Таму форма ўбрання кажа, што літургія цэлебруецца in persona Christi, а не ад імя самога святара. Той, хто выконвае літургічную функцыю, робіць гэта не як прыватная асоба, а як служыцель Касцёла і інструмент у руках Езуса Хрыста. Сакральны характар убрання таксама звязаны з тым, што іх апранаюць для таго, для чаго іх вызначыў Рымскі Рытуал.

У надзвычайнай форме рымскага абраду (так званай Імшы Пія V) апрананне літургічнага ўбрання суправаджаецца малітвамі для кожнага прадмета, а тэкст гэтых малітваў усё яшчэ можна знайсці ў шматлікіх сакрыстыях. Хоць, згодна з Імшалам звычайнай формы, выдадзеным Паўлам VI, гэтыя малітвы больш не з’яўляюцца абавязковымі (як і забароненымі), іх выкарыстанне рэкамендуецца, бо яны дапамагаюць святару падрыхтавацца і засяродзіцца перад цэлебрацыяй Эўхарыстычнай ахвяры. У якасці пацвярджэння карыснасці гэтых малітваў можна заўважыць, што яны былі ўключаныя ў “Compendium Eucharisticum”, нядаўна апублікаваны Кангрэгацыяй Божага культу і дысцыпліны сакрамэнтаў [2]. Акрамя таго, варта згадаць, што Пій ХІІ дэкрэтам ад 14 студзеня 1940 года прызначыў адпуст у 100 дзён за індывідуальныя малітвы.

Прадметы ўбрання і малітвы

1) Пачынаючы апранацца, святар мые рукі, прамаўляючы адпаведную малітву. Акрамя практычнай гігіенічнай прычыны, гэтае дзеянне мае глыбокую сімволіку, бо яно сімвалізуе пераход ад свецкага да сакральнага, ад свету граху да чыстай святыні Найвышэйшага. Абмыванне рук у пэўным сэнсе з’яўляецца эквівалентам здымання сандаляў перад палаючым кустом (пар. Зых 3:5).

Малітва адлюстроўвае гэтае духоўнае вымярэнне: “Da, Domine, virtutem manibus meis ad abstergendam omnem maculam; ut sine pollutione mentis et corporis valeam tibi servire” (Дай, Пане, моц рукам маім выцерці ўсялякую пляму, каб без нячыстасці розуму і сэрца я мог служыць Табе.) [3].

Пасля абмыцця рук пачынаецца апрананне.

2) Святар пачынае з гумерала, прастакутнага льнянога ўбрання, якое мае два матузкі і кладзецца на плечы і вакол шыі; матузкі затым завязваюцца вакол таліі. Гумерал мае на мэце накрыванне штодзённага адзення, нават калі гэта духоўная вопратка святара. У гэтым сэнсе важна згадаць, што гумерал выкарыстоўваецца, нават калі цэлебрант носіць сучасную альбу, якая часта не мае вялікага разрэзу на шыі, а шчыльна прылягае да каўняра. Нягледзячы на шчыльнае прыляганне сучаснай альбы да шыі, штодзённая вопратка ўсё адно застаецца бачнай, таму неабходна, каб цэлебрант закрываў каўнер нават у гэтым выпадку [4].

У рымскім абрадзе гумерал апранаецца перад альбай. Апранаючы яго, святар прамаўляе наступную малітву: “Impone, Domine, capiti meo galeam salutis, ad expugnandos diabolicos incursus”. (Ускладзі, Пане, на галаву маю шлем збаўлення для перамогі над д’ябальскімі спакусамі.)

Са спасылкай на Пасланне святога Паўла да Эфесцаў (6:17) гумерал успрымаецца як “шлем збаўлення”, які павінен падчас літургічнай цэлебрацыі абараняць таго, хто яго носіць, ад д’ябальскіх спакусаў, асабліва ад злых думак і жаданняў. Гэты сімвалізм яшчэ больш ясны з традыцыі, якой з Сярэднявечча прытрымліваюцца бенедыктынцы, францысканцы і дамініканцы, якія спачатку апранаюць гумерал на галаву, а затым скідаюць яго на арнат альбо далматыку.

3) Альба — гэта доўгае белае ўбранне, якое носіць духавенства і якое нагадвае новае і беззаганнае адзенне, якое кожны хрысціянін атрымаў праз хрост. Таму альба з’яўляецца сімвалам асвячальнай ласкі, атрыманай у першым сакрамэнце, і таксама лічыцца сімвалам чысціні сэрца, якая неабходная, каб увайсці ў радасць вечнага сузірання Бога ў небе (пар. Мц 5:8).

Гэта выражаецца ў малітве, якую прамаўляе святар, калі апранае альбу. Гэтая малітва адсылае да Ап 7:14: “Dealba me, Domine, et munda cor meum; ut, in sanguine Agni dealbatus, gaudiis perfruar sempiternis”. (Выбялі мяне, Пане, і ачысці сэрца маё, каб, выбелены крывёю Ягняці, цешыўся я радасцю вечнай.)

4) Паверх альбы і вакол таліі завязваецца пас — шнур, зроблены з воўны альбо іншага адпаведнага матэрыялу. Усе тыя, хто носіць альбы, мусяць таксама насіць пас (сёння часта гэты традыцыйны звычай не выконваюць) [5]. Для дыяканаў, святароў і біскупаў пас можа быць розных колераў, згодна з літургічным перыядам або ўспамінам дня. У сімволіцы літургічнага ўбрання пас прадстаўляе цноту стрыманасці, якую святы Павел залічвае да дароў Духа (пар. Гал 5:22). Адпаведная малітва адсылае да Першага паслання Пятра (1:13), кажучы наступнае: “Praecinge me, Domine, cingulo puritatis, et exstingue in lumbis meis humorem libidinis; ut maneat in me virtus continentiae et castitatis”. (Падперажы мяне, Пане, пасам чысціні і выгані са сцёгнаў маіх усе жаданні цялесныя, каб прабывала ўва мне дабрадзейнасць ўстрымання і цнатлівасці).

5) Маніпул з’яўляецца прадметам літургічнай вопраткі, які ўжываецца пры цэлебрацыі ў надзвычайнай форме святой Імшы рымскага абраду. Ён трапіў у занядбанне ў гады паслясаборнай рэформы, хоць і ніколі не быў адменены. Маніпул падобны да стулы, але не такі доўгі. Ён замацоўваецца пасярэдзіне зашпількай альбо матузкамі, падобнымі да тых, што ёсць на арнаце. Падчас цэлебрацыі святой Імшы ў надзвычайнай форме цэлебрант, дыякан і субдыякан носяць маніпул на левым перадплеччы. Верагодна, гэты прадмет літургічнай вопраткі паходзіць ад насоўкі (“mappula”), якую рымляне прывязвалі да левай рукі. Паколькі гэтая насоўка выкарыстоўвалася, каб выціраць слёзы або пот, сярэднявечныя касцёльныя пісьменнікі бачылі ў маніпуле сімвал цяжкой святарскай працы.

Гэтае разуменне адлюстравана ў малітве, якая чытаецца пры апрананні маніпула: “Merear, Domine, portare manipulum fletus et doloris; ut cum exsultatione recipiam mercedem laboris”. (Дай мне, Пане, насіць маніпул плачу і смутку, каб з радасцю атрымаць мне ўзнагароду за працу.)

Як мы бачым, у першай частцы малітва кажа пра плач і смутак, які суправаджае святарскае служэнне, але ў другой частцы згадваецца плён працы. Да месца будзе згадаць урывак з псальма, які мог натхніць такі сімвалізм маніпула.

Вульгата перадае псальм 125:5-6 наступным чынам: “Qui seminant in lacrimis in exultatione metent; euntes ibant et flebant portantes semina sua, venientes autem venient in exultatione portantes manipulos suos”. (Хто ў слязах сеяў, жаць будзе з радасцю. Хто ідзе і плача, несучы насенне, каб сеяць, вернецца з радасцю, несучы снапы свае.)

6) Стула з’яўляецца адрозным элементам убрання святара і яна заўсёды носіцца пры цэлебрацыі сакрамэнтаў і сакрамэнталіяў. Гэта палоска вышытага матэрыялу, колер якога, згодна з нормамі, змяняецца ў адпаведнасці з літургічным перыядам ці святам.

Апранаючы стулу, святар прамаўляе такую малітву: “Redde mihi, Domine, stolam immortalitatis, quam perdidi in praevaricatione primi parentis; et, quamvis indignus accedo ad tuum sacrum mysterium, merear tamen gaudium sempiternum”. (Апрані мяне, Пане, у стулу несмяротнасці, якую я страціў праз адступніцтва праайцоў; і хоць я няварты прыступаць да Тваіх святых таямніцаў, дай мне аднак радасць вечную.)

Паколькі стула з’яўляецца прадметам надзвычайнай важнасці, якая больш за іншыя прадметы ўбрання паказвае статус пасвячанага служэння, нельга не выказаць скруху з-за даволі распаўсюджанага сёння парушэння, калі святар, апранаючы арнат, не носіць стулу [6].

7) Нарэшце, апранаецца арнат — адпаведнае ўбранне для таго, хто цэлебруе святую Імшу. У мінулым літургічныя кнігі выкарыстоўвалі два лацінскія тэрміны “casula” і “planeta” як сінонімы. Тады як тэрмін “planeta” быў асабліва распаўсюджаны ў Рыме і застаецца ў выкарыстанні ў Італіі (італ. pianeta), тэрмін “casula” паходзіць ад тыповай формы гэтага ўбрання, якое спачатку цалкам пакрывала святога служыцеля, які яго насіў. Лацінскае слова “casula” можна знайсці ў іншых мовах у змененым выглядзе. Так, у іспанскай мове ёсць “casulla”, а французскай і англійскай — “chasuble”, а ў нямецкай — “Kasel”.

Малітва пры апрананні арната спасылаецца на заклік у Пасланні да Каласянаў (3:14): “А па-над усім гэтым апраніцеся ў любоў, якая ёсць повяззю дасканаласці”, а таксама на словы Пана ў Мц 11:30: “Domine, qui dixisti: Iugum meum suave est, et onus meum leve: fac, ut istud portare sic valeam, quod consequar tuam gratiam. Amen”. (Пане, Ты сказаў: “Ярмо маё прыемнае, і цяжар Мой лёгкі”, дай мне несці яго так, каб я следаваў за Тваёю ласкаю. Амэн.)

У завяршэнне можна спадзявацца, што зноў адкрытая сімволіка літургічнага ўбрання і малітваў пры ўбіранні захвоціць святароў зноў увесці практыку малітвы падчас апранання для літургіі, каб падрыхтавацца да цэлебрацыі з неабходным засяроджаннем.

Можна выкарыстоўваць іншыя малітвы альбо проста ўзносіцца розумам да Бога, але тэксты малітваў пры ўбіранні кароткія, натхнёныя біблійнай духоўнасцю і чытаныя стагоддзямі незлічонай колькасцю святароў. Такім чынам, гэтыя малітвы і сёння рэкамендуюцца для падрыхтоўкі да літургічнай цэлебрацыі нават для літургіі ў звычайнай форме рымскага абраду.

Заўвагі

[1] Пар., напрыклад, св. Геранім, “Adversus Pelagianos”, I, 30.

[2] (Libreria Editrice Vaticana: Città del Vaticano, 2009), pp. 385-386.

[3] Мы выкарыстоўваем тэксты малітваў, якія знаходзяцца ў “Missale Romanum” бл. Яна ХХІІІ (1962) (Harrison, NY: Roman Catholics Books, 1996), p. lx.

[4] Агульныя ўводзіны да Рымскага Імшала (2008), № 336, дазваляюць не апранаць гумерал, калі альба зроблена такім чынам, што яна цалкам закрывае каўнер, хаваючы вулічнае адзенне. Фактычна, аднак, рэдка здараецца, што каўнер не бачны прынамсі часткова; адсюль рэкамендацыі выкарыстоўваць гумерал у любым выпадку.

[5] № 336 Агульных уводзінаў (2008) таксама дазваляе не ўжываць пас, калі альба зроблена такім чынам, што яна шчыльна прылягае да цела без паса. Нягледзячы на гэты дазвол важна разумець: а) традыцыйнае і сімвалічнае значэнне паса; б) той факт, што альба традыцыйнага крою, а асабліва сучаснага крою рэдка шчыльна прылягае да цела. Хоць норма і прадугледжвае такую магчымасць, з улікам усіх фактаў яна павінна разглядацца як гіпатэтычная: насамрэч пас заўсёды неабходны. Часам сёння можна знайсці альбы, якія маюць матузкі з тканіны, якія завязаны вакол таліі і якія можна сцягнуць. У гэтым выпадку малітву можна прамаўляць, сцягваючы гэтыя матузкі. Тым не менш традыцыйны стыль застаецца абсалютна пажаданым.

[6] “Святар, апранаючы арнат, згодна з рубрыкамі, не павінен занядбоўваць стулу. Усе ардынарыі павінны сачыць, каб усялякая супярэчная практыка была скасавана”. Кангрэгацыя Божага культу і дысцыпліны сакрамэнтаў, Redemptionis Sacramentum, 25 сакавіка 2004 года, № 123.

Крыніца: vatican.va

Пакінуць каментар