28.08.2018 / John O'Brien

№102. Цэлебрацыя Імшы: Agnus Dei🕑 3 хвілін

Падчас прамаўлення малітвы “Agnus Dei” святар тройчы ўдарае сябе ў грудзі з пакорным шкадаваннем за свае грахі, двойчы паўтараючы: “Ягня Божае, што бярэш на сябе грахі свету, змілуйся над намі”, а трэці раз кажучы: “Ягня Божае, што бярэш на сябе грахі свету, дай нам супакой”. У Імшах за памерлых формула крыху змяняецца. Святар двойчы паўтарае: “Ягня Божае, што бярэш на сябе грахі свету, дай ім адпачынак”, а на трэці раз кажа: “Ягня Божае, што бярэш на сябе грахі свету, дай ім вечны адпачынак”. У гэтым выпадку таксама няма ўдараў у грудзі, таму што малітва датычыцца не нас, а памерлых.

Выраз “Ягня Божае”, які прымяняецца да нашага Пана, узяты са Святога Пісання, дзе ён часта сустракаецца. У раннія часы яго вельмі любілі выкарыстоўваць з-за падабенства паміж нашым Збаўцам і пасхальным ягнём старога закону.

Да часоў Папы Сяргея І (687–701) “Agnus Dei” спяваў толькі хор, аднак пастанова гэтага пантыфіка пашырыла “Agnus Dei” таксама на духавенства. Такое тлумачэнне прыводзіць Мабільён, і яно адпавядае таму, што “Пантыфікальная кніга” кажа пра гэтага пантыфіка ў 14 раздзеле: “Ён пастанавіў, каб падчас ламання Цела Пана духавенства і люд спявалі “Agnus Dei, qui tollis peccata mundi, miserere nobis” (Romsee, с. 281). Менавіта таму ўвядзенне ў Імшу малітвы “Agnus Dei” прыпісваюць Папу Сяргею. Аднак існавала яна і раней, што можна бачыць з Сакрамэнтарыя Грыгорыя Вялікага.

Што датычыцца колькасці паўтораў гэтай малітвы, то тут існавала вельмі розная практыка. Часам яе прамаўлялі толькі адзін раз, і менавіта гэта загадаў Папа Сяргей у сваім дэкрэце. Часам яе паўтаралі столькі раз, колькі было неабходна, пакуль не скончыцца абрад ламання кансэкраванага хлеба; адпаведна, яе спявалі адзін, два, тры разы, згодна з працягласцю гэтай цырымоніі. У ХІ ст. часта сустракаецца двайны спеў, а ўжо ў наступным годзе французскі літургіст Жан Белет указвае на трайны спеў. Тое ж можна бачыць і ў Імшалах, выдадзеных у той час: з іх можна зрабіць выснову пра тое, калі была прынята цяперашняя практыка. Нельга не згадаць і пра тое, што пры ўвядзенні ў Імшу малітвы “Agnus Dei” цэлебрант увогуле не прамаўляў яе: гэта рабіў толькі хор. У якія часы малітву пачаў прамаўляць таксама святар, устанавіць нялёгка. Ромсі сцвярджае, што Папа пачаў казаць яе ў сваёй Імшы каля XIV ст. Вельмі верагодна, што прыкладна ў гэты час яна стала абавязковай для ўсіх святароў. Таксама існуе яшчэ адно разыходжанне ў практыцы: у некаторых месцах адзін радок “Agnus Dei” прамаўлялі перад прэфацыяй, а астатнія два — у тым месцы, дзе мы прамаўляем іх цяпер (Romsee, с. 282).

Словы “дай нам супакой”, якія пры апошнім паўторы прамаўляюцца замест “змілуйся над намі”, не заўсёды мелі месца ў гэтай малітве. У касцёле св. Яна на Латэране ў Рыме і цяпер іх не прамаўляюць. Згодна з аўтарытэтнымі крыніцамі (гл. Bona, с. 358), упершыню іх дадалі ў малітву па ўказанні самой Багародзіцы, якая аднойчы з’явілася аднаму плотніку, калі той валіў дрэвы ў лесе. Яна дала яму медалік з выявай нашага Пана з аднаго боку і надпісам “Ягня Божае, што бярэш на сябе грахі свету, дай нам супакой” з іншага боку. Найсвяцейшая Дзева загадала плотніку паказаць гэты медалік біскупу месца, просячы, каб іншыя таксама зрабілі падобныя медалікі і пабожна іх насілі, а Бог вярне спакой Касцёлу тых часоў. У хуткім часе гэтыя словы апынуліся ў Імшы і дагэтуль там засталіся.


Аўтар: Джон О’Браен (John O’Brien), A. M., прафесар святой Літургіі ў Каледжы Маўнт Сэйнт Мэры (Mount St. Mary’s College), Эмітсбург, Мэрылэнд, ЗША.
Выданне: A History of the Mass and Its Ceremonies in the Eastern and Western Church (15 ed., 1879).
Ілюстрацыя: Fr. Lawrence Lew OP (CC BY-NC-SA).

Пакінуць каментар

Scroll Up