У той момант, калі святар скончыў малітву Панскую, ён выцірае патэну пурыфікатарам, каб падрыхтаваць яе для святой Гостыі. Затым, трымаючы яе ў правай руцэ і паставіўшы яе вертыкальна на алтар, ён прамаўляе так званы эмбалізм, або дадатак да малітвы Панскай. Ён гучыць наступным чынам: “Выбаў нас, Пане, ад усякага зла, мінулага, цяперашняга і будучага, і праз заступніцтва благаслаўлёнай і хвалебнай заўсёды Дзевы Багародзіцы Марыі, святых Апосталаў Тваіх Пятра і Паўла, таксама Андрэя і ўсіх святых, просім Цябе, дай ласкава супакой у дні нашыя, каб мы, умацаваныя Тваёй міласэрнасцю, былі вызваленыя ад граху і захаваныя ад усялякага неспакою”.

Многія аўтары лічаць, што імя св. Андрэя было дададзена ў гэтую малітву Папам Грыгорыем Вялікім, таму што ён адзначаўся асаблівай пабожнасцю да гэтага святога і пабудаваў некалькі касцёлаў у яго гонар. У раннія часы цэлебранту пакідалася на выбар, якія менавіта імёны дадаваць пасля імя св. Андрэя. Ён мог дадаць любога, каго яму падкажа ягоная пабожнасць, і такой была практыка, за невялікімі выключэннямі, да ХІ ст., калі на змену яму прыйшоў цяперашні звычай.

Эмбалізм чытаецца ціхім голасам, таму што з-за пераліку імёнаў святых, якія маглі быць сюды дадазены, яго было няпроста спяваць у спяванай Імшы; адпаведна, і ў ціхай Імшы ён чытаецца шэптам. Кажуць, аднак, і тое, што практыка чытаць эмбалізм шэптам была ўведзена для таго, каб не перашкаджаць хору (Romsee, с. 264).

Калі святар даходзіць да словаў “дай ласкава супакой у дні нашыя”, ён робіць на сабе знак крыжа патэнай, а затым цалуе яе верхні край. Гэты пацалунак робіцца таму, што неўзабаве патэна прыме Цела нашага Пана, Які першым дае супакой і Які робіць патэну сваім тронам у гэты момант святой Імшы. Дайшоўшы да словаў “каб мы, умацаваныя Тваёй міласэрнасцю”, ён падсоўвае патэну пад Гостыю, а затым, зняўшы палу з келіха, укленчвае, каб ушанаваць Пана. Затым ён выпростваецца і, трымаючы Гостыю над келіхам, ламае яе спачатку на дзве роўныя часткі, кажучы: “Праз таго ж Пана нашага Езуса Хрыста, Твайго Сына”. Тую частку, што ён трымае ў правай руцэ, ён кладзе на патэну, а ад той часткі, што ён усё яшчэ трымае левай рукою над келіхам, ён адломвае невялікую часцінку, а астатняе таксама кладзе на патэну. Падчас гэтых дзеянняў ён прамаўляе заключную частку малітвы: “Які з Табою жыве і валадарыць у еднасці Духа Святога, Бог”. Усё яшчэ трымаючы маленькую часцінку над келіхам, ён кажа гучным голасам: “Per omnia saecula saeculorum”, а затым: “Pax Domini sit semper vobiscum” — “Супакой Пана няхай заўсёды будзе з вамі”. На гэтыя апошнія словы ён робіць тры знакі крыжа часцінкай, якую трымае ў правай руцэ, а затым апускае яе ў Найдаражэйшую Кроў, кажучы: “Гэтае паяднанне і асвячэнне Цела і Крыві Пана нашага Езуса Хрыста, няхай будзе нам, што Яго прымаем, на жыццё вечнае. Амэн”.

Тлумачэнне гэтых абрадаў

Гостыя ламаецца на ўспамін пра тое, што сам Пан рабіў на Апошняй вячэры, а таксама ў пазнейшых сітуацыях, пра якія згадвае Святое Пісанне. Аднак, што датычыцца менавіта раздзялення Гостыі на тры часткі, то мы можам сказаць, што ў старажытныя часы адпаведная практыка была вельмі разнастайная. Некаторыя ламалі Гостыю на тры часткі; іншыя на чатыры; а яшчэ іншыя, як, напрыклад, тыя, што карыстаюцца масарабскім абрадам, на дзевяць. У старажытным рымскім абрадзе Гостыю спачатку ламалі на тры часткі: адну апускалі ў келіх, другую пакідалі для Камуніі цэлебранта, дыякана і субдыякана, а трэцюю захоўвалі для хворых. Гэты звычай быў шырока распаўсюджаны, а яго след дагэтуль існуе ў папскай Імшы, дзе Святы Айцец апускае адну частку Гостыі ў Найдаражэйшую Кроў, прымае Камунію ад другой часткі, а трэцюю дзеліць паміж дыяканам і субдыяканам. Штосьці падобнае можна таксама бачыць у Імшы кансэкрацыі біскупа (Romsee, с. 273).

Па словах Дзюрана, тры знакі крыжа, якія робяцца невялікай часцінкай Гостыі, сімвалізуюць тры дні, якія цела нашага Пана правяло ў пахавальні, а апусканне гэтай часцінкі ў Найдаражэйшую Кроў нагадвае пра паяднанне душы і цела нашага Пана пасля Яго ўваскрасення.

Як мы сказалі вышэй, у масарабскім абрадзе святар дзеліць Гостыю на дзевяць частак. Найперш ён дзеліць яе напалам, на дзве роўныя часткі, а затым робіць яшчэ адно дзяленне, і з адной паловы атрымліваецца чатыры часткі, а з другой — пяць, што сумарна дае дзевяць. Затым гэтыя часткі раскладваюцца на патэне ў форме крыжа, і кожнай даецца назва ў аднаведнасці з галоўнымі падзеямі жыцця нашага Пана: 1 — Уцелаўленне; 2 — Нараджэнне; 3 — Абразанне; 4 — Аб’яўленне; 5 — Мука; 6 — Смерць; 7 — Уваскрасенне; 8 — Хвала ў небе; 9 — Валадарства Хрыста. Ад Вялікадня да Пяцідзясятніцы, а таксама ў свята Божага Цела, калі святар гэтага абраду трымае часцінку пад назвай “Валадарства Хрыста” над келіхам, ён тройчы голасна кажа: “Леў з калена Юды, корань Давіда, перамог”, на што хор адказвае: “Ты, Які сядзіш на херувімах, корань Давіда, аллелюя”.


Аўтар: Джон О’Браен (John O’Brien), A. M., прафесар святой Літургіі ў Каледжы Маўнт Сэйнт Мэры (Mount St. Mary’s College), Эмітсбург, Мэрылэнд, ЗША.
Выданне: A History of the Mass and Its Ceremonies in the Eastern and Western Church (15 ed., 1879).
Ілюстрацыя: Joseph Shaw (CC BY-NC-SA), cropped.

Пакінуць каментар