17.08.2018 / John O'Brien

№99. Цэлебрацыя Імшы: Pater noster🕑 2 хвілін

Завяршаючы Канон, святар гучным голасам кажа: “Per omnia saecula saeculorum”, а затым “Oremus”. Пасля гэтага ідзе “Pater noster”, або малітва Панская, да якой далучаецца кароткі ўступ: “Памятаючы збавенныя запаведзі і Божым настаўленнем навучаныя, асмельваемся казаць: Ойча наш і г. д.”. На думку некаторых аўтараў, выраз “памятаючы збавенныя запаведзі” звязаны з існаваннем дысцыпліны сакрэту, згодна з якой сурова забаранялася прамаўляць, сярод іншых рэчаў, малітву Панскую ў прысутнасці катэхумэнаў. Аднак паколькі на гэтай частцы Імшы ніхто з іх не прысутнічаў, не было небяспекі, што яны пачуюць. У Божым Афіцыі, напрыклад, яе заўсёды прамаўлялі толькі ціха, бо на гэтых набажэнствах маглі прысутнічаць як хрысціяне, так і катэхумэны. Такая дысцыпліна захоўваецца і дагэтуль.

Астатняя частка гэтага кароткага ўступу датычыцца таго, што наш Пан сказаў сваім вучням наконт колькасці і якасці малітвы, бо малітву “Ойча наш” Ён уклаў сам як узор малітвы (Enchiridion Sacrif. Missae Bened. XIV, c. 95; J. Pleyer SJ, De Sacr. Miss. Sacrif., c. 7).

У літургіі св. Якуба гэты малы ўступ гучыць наступным чынам: “Дай нам, Госпадзе чалавекалюбны, з адвагай і без асуджэння, з чыстым сэрцам і пакорным духам, з абліччам, якое не спазнае сораму, святымі вуснамі асмельвацца заклікаць Цябе, нашага святога Бога і Айца нябеснага, кажучы: Ойча наш і г. д.”. У кожнай усходняй літургіі ў гэтым месцы ёсць нейкі ўступ.

У Заходнім Касцёле “Pater noster” прамаўляе толькі святар, тады як на Усходзе гэтую малітву святар чытае разам з народам. У масарабскім абрадзе пасля кожнай яе просьбы дадаецца адказ “Амэн”.

У часы Папы Клімэнта ІІІ (1187–1191), калі крыжакі адваёўвалі святыя месцы Палестыны, існаваў звычай адразу пасля гэтай малітвы прамаўляць псальм “Deus venerunt gentes” — “Божа, язычнікі ўвайшлі ў спадчыну Тваю”. Папа Інакенцій ІІІ загадаў, каб той жа псальм спяваўся разам з вершам і малітвай пасля “Pax”. Паводле ж дэкрэта Папы Яна ХХІІ (1316–1334), у кожнай Імшы пасля “Pater noster” павінен быў прамаўляцца псальм “Laetamus sum” за знішчэнне ерасяў і схізмаў (Romsee, с. 255).

Мы ледзь не забыліся згадаць, што калі ў Велікодную нядзелю святую Імшу цэлебруе Папа, то на “per omnia saecula saeculorum”, што папярэднічае малітве Панскай, ніколі не адказваюць “Амэн”. Гэта робіцца на ўспамін пра цуд, які аднойчы здарыўся з Папам Грыгорыем Вялікім: у пэўны велікодны ранак яму ў гэтым месцы адказалі анёлы (ibid.).


Аўтар: Джон О’Браен (John O’Brien), A. M., прафесар святой Літургіі ў Каледжы Маўнт Сэйнт Мэры (Mount St. Mary’s College), Эмітсбург, Мэрылэнд, ЗША.
Выданне: A History of the Mass and Its Ceremonies in the Eastern and Western Church (15 ed., 1879).
Ілюстрацыя: Penn Libraries call number: GC5 G5337 520d (PD).

Пакінуць каментар

Scroll Up