15.08.2018 / Папа Леў ХІІІ

Леў ХІІІ. Энцыкліка “Supremi apostolatus officio” пра ружанцовае набажэнства (1883)🕑 10 хвілін

SUPREMI APOSTOLATUS OFFICIO

Энцыкліка Папы Льва ХІІІ пра ружанцовае набажэнства

Усім Патрыярхам, Прымасам, Арцыбіскупам і Біскупам каталіцкага свету, якія маюць згоду і еднасць з Апостальскай Сталіцай.

Шаноўным Братам — здароўе і апостальскае благаслаўленне.

НАЙВЫШЭЙШАЕ АПОСТАЛЬСКАЕ СЛУЖЭННЕ, якое Мы выконваем, і выключна складаныя ўмовы нашых часоў штодзённа нагадваюць і амаль прымушаюць Нас тым больш старанна дбаць пра цэласнасць Касцёла, чым большыя нягоды ён зносіць. Таму ў той час, як Мы ўсімі спосабамі імкнёмся захаваць правы Касцёла і пазбегнуць ці стрымаць цяперашнюю або магчымую небяспеку, Мы пастаянна шукаем дапамогі ад неба, ад адзінага сродку здзяйснення ўсялякай справы, каб Нашыя старанні і Нашае дбанне дасягнулі сваёй жаданай мэты. Мы лічым, што гэтага нельга атрымаць больш пэўным і эфектыўным чынам, акрамя як сваёй адданасцю і пабожнасцю здабываючы прыхільнасць велічнай Багародзіцы Дзевы Марыі, апякункі нашага спакою і распарадчыцы нябесных ласк, пастаўленай на вяршыні моцы і славы ў небе, каб яна ўдзяліла сваю дапамогу і абарону тым, хто праз вялікую працу і небяспеку імкнецца да гэтага вечнага горада. Таму цяпер, калі набліжаецца гадавіна тых падзей, калі хрысціянскі люд дзякуючы ружанцоваму набажэнству атрымаў шматлікія і незвычайна вялікія ласкі, Мы жадаем, каб каталіцкі свет з найбольшай шчырасцю прыносіў Найсвяцейшай Дзеве тое самае набажэнства, каб сярод таго зла, якое мы зносім, яе заступніцтва суцішыла і супакоіла яе Боскага Сына. І таму Мы вырашылі, шаноўныя Браты, скіраваць да вас гэтыя лісты, каб вы, праінфармаваныя пра Нашыя планы, сваёй уладай і адданасцю абудзілі пабожнасць свайго люду, каб ён прыслухаўся да іх.

2. Каталікі ў небяспецы ці ў цяжкія часы заўсёды мелі звычку прыбягаць пад абарону Марыі і шукаць спакою ў яе мацярынскай дабрыні; гэта сведчыць пра тое, што Каталіцкі Касцёл заўсёды — і справядліва — усю сваю надзею і давер ускладаў на Багародзіцу. І сапраўды Беззаганная Дзева, выбраная стаць Маці Бога, а таму з’яднаная з Ім у справе збаўлення чалавека, мае ад свайго Сына прыхільнасць і моц большую, чым калісьці атрымліваў або мог бы атрымаць любы чалавек ці анёл. А паколькі аказанне сваёй дапамогі і суцяшэння тым, хто іх шукае, прыносіць ёй найвялікшае задавальненне, не трэба сумнявацца, што яна ласкава і нават з трывогай прыме ўздыханні паўсюднага Касцёла.

3. Гэтая пабожнасць да велічнай Каралевы неба, настолькі вялікая і настолькі ўпэўненая, ніколі не ззяла такім бляскам, як калі ваюючы Касцёл Божы, як здавалася, аказваўся пад пагрозай пашырэння ерасі, нязноснага маральнага раскладу або атак магутных ворагаў. Старажытная і сучасная гісторыя, а таксама больш сакральныя летапісы Касцёла сведчаць пра публічныя і прыватныя просьбы, скіраваныя да Божай Маці, пра дапамогу, якую яна ўдзяліла ў адказ, і пра спакой і ціхамірнасць, атрыманыя ад Бога. Адсюль і яе цудоўныя тытулы дапаможніцы, суцяшальніцы, магутнай у барацьбе, пераможцы і міратворніцы. Сярод іх трэба асаблівым чынам згадаць знакаміты тытул, што паходзіць ад назвы Ружанца, у якім былі ўрачыста ўвекавечаны цудоўныя дабрадзействы, якія яна здабыла для ўсяго хрысціянскага свету. Сярод вас, шаноўныя Браты, няма тых, хто б не памятаў, наколькі вялікія цярпенні і смутак зносіў святы Божы Касцёл з-за ерэтыкоў-альбігойцаў, якія паўсталі з секты позніх маніхейцаў, напоўнілі поўдзень Францыі і іншыя часткі лацінскага свету сваімі згубнымі памылкамі і, несучы тэрор сваёй зброяй, імкнуліся ўсюды ўладарыць разнёю і разбурэннем. Як вы ведаеце, наш міласэрны Бог узняў супраць гэтых злосных ворагаў вельмі святога чалавека, знакамітага айца і заснавальніка дамініканскага ордэна. Адзначаючыся дакладнасцю вучэння, прыкладам цноты і апостальскай адданасцю, ён бясстрашна атакаваў ворагаў Каталіцкага Касцёла, але не фізічнай моцай, а цалкам давяраючы таму набажэнству, якое ён першы ўстанавіў пад назвай святога Ружанца і якое ён і ягоныя вучні распаўсюдзілі па ўсёй зямлі. Кіраваны Божым натхненнем і ласкай, ён прадбачыў, што гэтае набажэнства, як найбольш магутная вайсковая зброя, прымусіць ворага ўцякаць і разбурыць яго нахабнасць і вар’яцкую бязбожнасць. Менавіта такім і быў рэзультат. Дзякуючы гэтаму новаму спосабу малітвы — калі яго прымалі і выконвалі дакладна так, як устанавіў святы айцец Дамінік — пабожнасць, вера і еднасць пачалі вяртацца, а планы і задумы ерэтыкоў разваліліся на кавалкі. Таксама многія вандроўнікі вярнуліся на шлях збаўлення, а гнеў бязбожнікаў быў стрыманы рукамі тых каталікоў, якія вырашылі супрацьстаяць іхняму гвалту.

4. Эфектыўнасць і моц гэтага набажэнства таксама цудоўным чынам праявіліся ў XVI ст., калі магутныя сілы туркаў пагражалі накласці ярмо язычніцтва і варварства амаль на ўсю Еўропу. У той час Вярхоўны Пантыфік св. Пій V, прабудзіўшы сярод усіх хрысціянскіх кіраўнікоў дзяржаў дух супольнай абароны, з вялікай стараннасцю імкнуўся перадусім здабыць для хрысціянскага свету прыхільнасць наймагутнейшай Багародзіцы. Такі шляхетны прыклад, праяўлены ў той час перад небам і зямлёю, згуртаваў вакол яго ўсе розумы і сэрцы таго часу. І тады верныя жаўнеры-хрысціяне, гатовыя ахвяраваць сваім жыццём і крывёю дзеля ўратавання сваёй веры і краіны, бясстрашна сустрэлі свайго непрыяцеля каля Карынфскага заліва, а тыя, хто не мог узяць з імі ўдзел, сфарміравалі групу тых, хто пабожна заклікаў Марыю і аднадушна зноў і зноў праслаўляў яе словамі Ружанца, просячы даць перамогу іх таварышам, якія ўдзельнічаюць у бітве. Наша Валадарка ўдзяліла сваю дапамогу: у марской бітве пры Эхінадах хрысціянскі флот здабыў цудоўную перамогу, не пацярпеўшы вялікіх страт і жорстка разграміўшы ворага. Менавіта дзеля таго, каб захаваць памяць пра гэты вялікі дар, святы Пантыфік пажадаў ў гадавіну гэтай знакамітай бітвы ўстанавіць у гонар Найсвяцейшай Дзевы Марыі Пераможнай свята, якому Грыгорый ХІІІ надаў назву “святога Ружанца”. Таксама ў мінулым стагоддзі былі здабыты важныя перамогі над туркамі пры Тэмешвары, у Паноніі, і пры Корфу; абедзве гэтыя бітвы супалі са святамі Найсвяцейшай Дзевы і з завяршэннем публічнай ружанцовай малітвы. Гэта натхніла Нашага Папярэдніка Клімэнта ХІ з удзячнасцю пастанавіць, каб ва ўсім Касцёле штогод асабліва ўшаноўвалі Найсвяцейшую Багародзіцу ў яе Ружанцы.

5. Відавочна, што гэтая форма малітвы асабліва прыемная Найсвяцейшай Дзеве і што яна асабліва надаецца для абароны Касцёла і ўсіх хрысціянаў, а таму не павінна здзіўляць, што некаторыя з Нашых Папярэднікаў ставілі сабе за мэту спрыяць ёй і пашыраць яе выкарыстанне сваімі станоўчымі рэкамендацыямі. Так, Урбан IV сведчыў, што “кожны дзень Ружанец здабываў новы дар для хрысціянства”. Сікст IV заяўляў, што гэты спосаб малітвы “спрыяе хвале Бога і Найсвяцейшай Дзевы і вельмі надаецца для пазбягання надыходзячай небяспекі”. Леў Х казаў, што “ён быў устаноўлены для аказання супраціву згубным ерэсіярхам і ерасям”. Юлій ІІІ называў яго “хвалою Касцёла”. Таксама і св. Пій V казаў, што “з распаўсюджваннем гэтага набажэнства медытацыі вернікаў сталі больш натхнёнымі і яны раптам зрабіліся іншымі людзьмі; цемра ерасі рассеялася і зноў пралілося святло каталіцкай веры”. Нарэшце, Грыгорый ХІІІ ў сваю чаргу абвясціў, што “Ружанец быў устаноўлены св. Дамінікам, каб суцішваць Божы гнеў і заклікаць заступніцтва Найсвяцейшай Дзевы Марыі”.

6. Узрушаныя гэтымі думкамі і прыкладам Нашых Папярэднікаў, Мы з падобнай прычыны палічылі неабходным устанавіць урачыстыя набажэнствы і, выбраўшы тыя, што адрасаваны Найсвяцейшай Дзеве ў рэцытацыі Ружанца, пастарацца атрымаць ад яе Сына Езуса Хрыста падобную дапамогу ў цяперашняй небяспецы. Шаноўныя Браты, перад вашымі вачыма знаходзяцца выпрабаванні, праз якія сёння праходзіць Касцёл: хрысціянская пабожнасць, грамадская маральнасць і нават сама вера, найвышэйшае дабро і пачатак усіх іншых цнотаў, штодзённа ставяцца пад сур’ёзную пагрозу.

7. Вы з’яўляецеся не толькі відавочцамі гэтай складанай сітуацыі, але вашая любоў, як і Нашая, глыбока паранена. Таму што вельмі балюча і смутна назіраць, як віхура гэтай эпохі памылак выхоплівае са шляху збаўлення так шмат душаў, адкупленых крывёю Хрыста, і кідае іх у прорву вечнай смерці. Сёння мы настолькі ж патрабуем Божай дапамогі, як і тады, калі вялікі Дамінік увёў выкарыстанне Ружанца Марыі ў якасці бальзаму для ранаў сваіх сучаснікаў.

8. Гэты вялікі святы, які меў Божае натхненне, сапраўды разумеў, што ніводзін лек не будзе больш прыдатным супраць зла ягоных часоў, чым тое, каб людзі вярнуліся да Хрыста, Які з’яўляецца “дарогай, праўдай і жыццём”, часта разважаючы пра збаўленне, якое Ён здабыў для нас, і шукаючы заступніцтва перад Богам у той Дзевы, якой дадзена знішчыць усе ерасі. Таму ён так уклаў Ружанец, каб таямніцы нашага збаўлення можна было разважаць па парадку, а прадмет разважанняў змешваўся і нібы пераплятаўся з анёльскім прывітаннем і малітвай, адрасаванай Богу, Айцу нашага Пана Езуса Хрыста. Таму Мы, шукаючы лек ад падобнага зла, не сумняваемся, што гэтая малітва, якая была ўведзена гэтым святым чалавекам і прынесла такую вялікую карысць каталіцкаму свету, будзе мець найвялікшы эфект у перамозе над небяспекай таксама і ў нашы часы. Мы не толькі шчыра заклікаем усіх хрысціянаў прысвяціць сябе пабожнаму і нястомнаму прамаўленню Ружанца публічна або прыватна ў сваім доме і сям’і, але і жадаем, каб увесь месяц кастрычнік у гэтым годзе быў прысвечаны Найсвяцейшай Каралеве Ружанца. Мы пастанаўляем і загадваем, каб на працягу ўсяго кастрычніка ў гэтым годзе ва ўсім каталіцкім свеце ўрачыста, з адмысловымі і прыгожымі абрадамі, служыліся ружанцовыя набажэнствы. Адпаведна, з першага кастрычніка да другога лістапада няхай у кожнай парафіі і, калі касцёльная ўлада палічыць гэта магчымым і карысным, у кожнай капліцы, прысвечанай Найсвяцейшай Дзеве, прамаўляюцца пяць дзясятак Ружанца і Ларэтанская літанія. Мы жадаем, каб людзі часта наведвалі гэтыя пабожныя практыкаванні; таксама мы жадаем, каб пасля гэтага пры алтары альбо служылася Імша, альбо рабілася выстаўленне Найсвяцейшага Сакрамэнту для пакланення вернікаў з наступным удзяленнем пабожнаму люду благаслаўлення Святой Гостыяй. Мы высока ацэньваем тое, што брацтвы святога Ружанца Найсвяцейшай Дзевы, згодна са старажытнай традыцыяй, ідуць праз горад у працэсіі, публічна дэманструючы сваю пабожнасць. У тых жа месцах, дзе гэта немагчыма, няхай практыкуюцца больш частыя наведванні касцёлаў, і няхай адданая пабожнасць праяўляецца ў яшчэ больш старанным практыкаванні хрысціянскіх цнотаў.

9. На карысць тым, хто будзе рабіць так, як растлумачана вышэй, Мы вырашылі адкрыць нябесную скарбніцу Касцёла, каб яны знайшлі там адначасова заахвочванне і ўзнагароду за сваю пабожнасць. Таму мы ўдзяляем усім, хто ў вызначаны прамежак часу прыме ўдзел у публічнай рэцытацыі Ружанца і літаніі, а таксама памоліцца ў Нашым намеры, сем гадоў і сем разоў па сорак дзён адпусту, які можна атрымліваць за кожным разам. Мы жадаем, каб у гэтых дабротах удзельнічалі таксама тыя, каму справядлівая прычына перашкаджае далучыцца да тых публічных малітваў, пра якія Мы сказалі, пры ўмове, што яны будуць практыкаваць гэтыя набажэнствы прыватна і памоляцца Богу ў Нашым намеры. У форме Пантыфікальнага адпусту Мы адпускаем усе пакаранні і кары за здзейсненыя грахі ўсім, хто ў вызначаны прамежак часу альбо публічна ў касцёлах, альбо прыватна дома (калі першаму перашкодзіць справядлівая прычына) прынамсі два разы адправіць гэтыя пабожныя практыкаванні і хто пасля добрай споведзі прыступіць да святога стала. Акрамя таго, мы ўдзяляем поўны адпуст тым, хто альбо ў свята Найсвяцейшай Дзевы Марыі Ружанцовай, альбо ў межах яго актавы, падобным чынам ачысціўшы свае душы ў збавеннай споведзі, прыступіць да Хрыстовага стала і памоліцца ў якім-небудзь касцёле ў Нашым намеры Богу і Найсвяцейшай Дзеве аб патрэбах Касцёла.

10. А вы, шаноўныя Браты, чым больш блізкая вам да сэрца хвала Марыі і дабрабыт людскога грамадства, тым больш старанна прысвячайце сябе спрыянню пабожнасці людзей да Найсвяцейшай Дзевы і павелічэнню іхняга даверу да яе. Мы лічым справай Божага провіду, што ў гэтыя часы выпрабаванняў для Касцёла старажытнае набажэнства да велічнай Дзевы жыве і квітнее ў большай частцы хрысціянскага свету. Няхай жа цяпер хрысціянскія народы, заахвочаныя Нашымі заклікамі і натхнёныя вашымі просьбамі, шукаюць у Марыі абароны з энтузіязмам, які будзе павялічвацца з дня на дзень. Няхай яны ўсё больш і больш аддаюцца практыцы Ружанца — таго набажэнства, да якога нашыя продкі мелі звычку не толькі як да спадручнага сродку супраць сваіх няўдач, але і як да вялікага сімвала хрысціянскай пабожнасці. Нябесная Апякунка роду людскога з радасцю прыме гэтыя малітвы і просьбы і з лёгкасцю дасць, каб добрыя ўзрасталі ў цнотах; каб тыя, хто памыляецца, вярнуліся да збаўлення і пакаяліся; каб Бог, Які помсціць за злачынства, схіліўся да міласэрнасці і шкадавання, каб выбавіў хрысціянаў і грамадства ад усялякай небяспекі і аднавіў пажаданы спакой.

11. Падбадзёраныя гэтай надзеяй, Мы з самым шчырым жаданнем Нашага сэрца ўпрошваем Бога праз тую, якой Ён даў паўнату сваіх дабротаў, удзяліць вам, шаноўныя Браты, усялякі дар нябеснага благаслаўлення. Як яго прадвесце і сімвал Мы з любоўю ўдзяляем вам, вашаму духавенству і людзям, даручаным вашай апецы, апостальскае благаслаўленне.

Дадзена ў Рыме, у святога Пятра, 1 верасня 1883 года, у шосты год Нашага пантыфікату.

ЛЕЎ ХІІІ


Пераклад зроблены з афіцыйнай англійскай версіі энцыклікі.
Ілюстрацыя: GO69 (CC BY-SA), герб Льва ХІІІ на вітражы касцёла Сен-Сюльпіс у Фужэры, Францыя.

1 Response

  1. 08.09.2018

    […] МІНУЛЫМ ГОДЗЕ, як кожны з вас ведае, Мы пастанавілі ў энцыкліцы, каб на працягу ўсяго месяца кастрычніка святую […]

Пакінуць каментар

Scroll Up