14.08.2018 / John O'Brien

№98. Цэлебрацыя Імшы: малітва “Per quem haec omnia”🕑 1 хвілін

У гэтай малітве [1] на кожнае слова “асвячаеш”, “ажыўляеш”, “благаслаўляеш” робіцца знак крыжа над Гостыяй і келіхам разам. Затым святар адкрывае келіх і, узяўшы святую Гостыю вялікім і ўказальным пальцамі правай рукі, робіць ёю тры знакі крыжа над келіхам, кажучы: “Праз Яго, з Ім i ў Ім”. Затым ён робіць Гостыяй два знакі крыжа паміж сабою і келіхам, кажучы: “Табе, Божа, Ойча ўсемагутны, у еднасці Духа Святога”. Затым на словы “ўся пашана і хвала” ён крыху прыпадымае Гостыю і келіх над алтаром. Гэты жэст называецца малым узнясеннем. У гэтым месцы Канон заканчваецца.

Па меркаванні Пужэ (Inst. Cathol., т. ІІ, с. 869), у тыя часы, калі Гостыя і келіх узнімаліся толькі ў гэтым месцы, іх узнімалі дастаткова высока, каб людзі маглі бачыць. Што праўда, ён амаль адзіны сярод аўтараў, хто гэта кажа, аднак ёсць дастатковыя прычыны, каб прызнаць за ім рацыю.

У раннія часы Касцёла існаваў звычай благаслаўляць у гэтым месцы ўсялякую ежу і садавіну: вінаград, малако і мёд, алей, віно і г. д. Гэта рабілася незадоўга да “per quem haec omnia”, і рэчы, якія трэба было благаславіць, прыносіў на алтар дыякан.

[1] “Праз Якога Ты, Пане, усе гэтыя даброты няспынна ствараеш, асвячаеш, ажыўляеш, благаслаўляеш i нас імі надзяляеш”. — Заўв. перакл.


Аўтар: Джон О’Браен (John O’Brien), A. M., прафесар святой Літургіі ў Каледжы Маўнт Сэйнт Мэры (Mount St. Mary’s College), Эмітсбург, Мэрылэнд, ЗША.
Выданне: A History of the Mass and Its Ceremonies in the Eastern and Western Church (15 ed., 1879).
Ілюстрацыя: Joseph Shaw (CC BY-NC-SA).

Пакінуць каментар

Scroll Up