11.08.2018 / Te igitur

Амерыканская дыяцэзія выдала ўсеабдымны літургічны даведнік🕑 4 хвілін

Архідыяцэзія Портленда (ЗША) падрыхтавала і выдала “Архідыяцэзіяльны літургічны даведнік”, у якім падсумавала ўніверсальнае літургічнае заканадаўства Рымска-каталіцкага Касцёла, а таксама апісала мясцовыя інструкцыі ў тых справах, якія былі пакінуты на меркаванне біскупа.

Новае выданне было прадстаўлены 3 чэрвеня бягучага года, ва ўрачыстасць Божага Цела. У прадмове да кнігі ардынарый дыяцэзіі абп. Аляксандр Сэмпл падкрэсліў, што яна мае быць “практычным дапаможнікам, які не толькі пералічвае прававыя нормы, але і нясе ў сабе элементы навучання і духоўнага натхнення”.

“Архідыяцэзіяльны літургічны даведнік” займае 375 старонак і ахоплівае абсалютна рознабаковыя элементы літургічнага жыцця. Кіраваў яго падрыхтоўкай кс. Джэрард О’Конар, які атрымаў доктарскую ступень па святой літургіі ў Папскім літургічным інстытуце ў Рыме і ўзначаліў літургічную камісію архідыяцэзіі 10 месяцаў таму. О’Конар сцвярджае: “Кніга надзвычай падрабязная. Людзі знойдуць тое, што шукаюць”. Трэба адзначыць, што ў кнізе сапраўды знаходзяцца нават такія рэчы, як благаслаўленні на лацінаамерыканскае свята Кінсеаньеры, Гэтая свята адзначаюць у гонар пераходу 15-гадовых дзяўчат да дарослага жыцця.

Сярод раздзелаў даведніка ёсць не толькі часткі, прысвечаныя цэлебрацыі Эўхарыстыі і іншых сакрамэнтаў, але і больш вузкія раздзелы. Так, даведнік, сярод іншага, апісвае спосабы прыняцця святой Камуніі, правілы захоўвання і ўшанавання Найсвяцейшага Сакрамэнту, працэс хрысціянскай ініцыяцыі дзяцей і дарослых, абрады Першай святой Камуніі, пахаванні і сакрамэнтальную дысцыпліну ўсходніх хрысціянаў.

Асобна трэба адзначыць наяўнасць раздзела, прысвечанага пантыфікальным цэлебрацыям у архідыяцэзіі Портленда, які, несумненна, зробіць больш простым і прадказальным жыццё пробашчаў, якія рыхтуюцца да візіту арцыбіскупа ў сваю парафію.

“Архідыяцэзіяльны літургічны даведнік” задае дастаткова высокі ўзровень такіх публікацый: па магчымасці кожнае сцвярджэнне ў гэтай кнізе падмацавана спасылкай на адпаведную крыніцу. Агулам у кнізе выкарыстоўваецца больш за сто такіх крыніц.

Даведнік робіць асаблівы націск на тое, каб аддзяліць універсальнае права Касцёла ад звычаяў і практык, прынятых на тэрыторыі ЗША або ў архідыяцэзіі Портленда. У якасці прыкладу можна прывесці інструкцыі адносна літургічнага ўбрання:

1.20.3 Чытальнікі, якія прызначаюцца на больш пастаяннай аснове, павінны сапраўды надавацца да гэтай паслугі… (…) Неабходна таксама, каб яны валодалі неабходнымі ўменнямі для абвяшчэння Божага слова або служэння пры алтары, былі цалкам ініцыяванымі членамі Каталіцкага Касцёла, былі свабоднымі ад кананічных пакаранняў і вялі жыццё, якое адпавядае прынятаму служэнню [Агульныя ўводзіны да Рымскага Імшала 101; Sacrosanctum concilium 24].

1.20.4 У дыяцэзіях ЗША яны могуць насіць альбу з пасам або іншае адпаведнае ўбранне, або таксама іншае дарэчнае і годнае адзенне. Аднак у Архідыяцэзіі Портленда пажадана, каб яны не насілі альбы, каб іхнюю ролю можна было адрозніць ад ролі ўстаноўленых лектараў.

Часам такія каментарыі наконт мясцовай практыкі не толькі дазваляюць вырашыць неадназначныя сітуацыі, але і нясуць — абсалютна справядліва — элемент традыцыйнай пабожнасці.

1.18.6 Зазвычай міністранты павінны насіць літургічнае ўбранне, асабліва ў нядзелі і вялікія святы. Гэта традыцыя Касцёла, якая да таго ж дапамагае пазбегнуць цяжкасцяў, звязаных з адпаведным [для служэння] адзеннем. У дыяцэзіях ЗША міністранты могуць насіць альбу і пас або іншае адпаведнае ўбранне, або таксама іншае дарэчнае і годнае адзенне. У Архідыяцэзіі Портленда “іншае дарэчнае і годнае адзенне” ўключае ў сябе сутану з комжай ў якасці пажаданага варыянту, хоць таксама можна насіць школьную або разнастайную скаўцкую форму, а таксама годную свецкую вопратку, якая адпавядае служэнню ў прэзбітэрыі. Паколькі сутана і комжа з’яўляюцца адзеннем духавенства, яны павінны быць зарэзерваваны для семінарыстаў, устаноўленых акалітаў, цырыманіярыяў і міністрантаў мужчынскага полу.

З некаторых часткак кнігі можна даведацца пра літургічнае жыццё архідыяцэзіі ў дэталях:

2.18.1 Наколькі гэта магчыма, трэба прыкласці дадатковыя намаганні, каб усе святары і дыяканы, якія ўдзельнічаюць у пантыфікальнай літургічнай цэлебрацыі, маглі апрануцца ў поўны камплект свайго адпаведнага ўбрання, уключна з арнатам для святароў і далматыкай для дыяканаў. (…) Ва ўсякім разе, пад арнатам ці далматыкай павінна быць стула [АУРІ 337-338]. Архідыяцэзія Портленда валодае супольным наборам убрання, якім могуць карыстацца святары і дыяканы, што ўдзельнічаюць у архідыяцэзіяльных цэлебрацыях Найсвяцейшай Эўхарыстыі.

На заўвагу, што даведнік утрымлівае надта шмат лакальнай інфармацыі, Кс. О’Конар адказвае: “Некаторыя рэчы характэрныя менавіта для нашай дыяцэзіі, аднак вы можаце выкрэсліць слова “Портленд” і ўставіць назву любой іншай дыяцэзіі. Мне прыемна, што людзі будуць гэтым карыстацца”.

Кнігу надрукавалі і разаслалі ва ўсе 120 парафіяльных касцёлаў і капліц архідыяцэзіі Портленда. Акрамя таго, яе можа набыць для чыталак Amazon Kindle ($11,99) або бясплатна спампаваць са старонкі архідыяцэзіі ў фармаце PDF. Аўтары ўскладаюць асаблівую надзею на яе электронны варыянт: так яе будзе лягчэй дапрацоўваць пры публікацыі новых дакументаў на тэму літургіі або ўносіць змены пры ўзнікненні новай пастырскай сітуацыі.

Арцыбіскуп Сэмпл заклікаў пробашчаў і тых, на каго архідыяцэзія ўсклала фармальныя заданні, паставіцца да ўвядзення апісаных у кнізе нормаў, правілаў і пажаданых практык як да свядомага абавязку. “Калі выкананне гэтага задання будзе патрабаваць змены папярэдняй практыкі, — адзначыў Сэмпл, — пробашчы павінны спакойна, старанна і прыхільна тлумачыць вернікам тэалогію і прычыны, якія стаяць за гэтымі зменамі”.

Фота: Steve Skojec (C).

Пакінуць каментар

Scroll Up