Пры першых словах гэтай малітвы [1] святар парушае цішыню, якая ўстанавілася ад пачатку Канона, гучна прамаўляючы словы “Nobis quoque peccatoribus” — “Таксама і нам, грэшным”. Пры гэтым ён ударае сябе ў грудзі, як гэта рабіў бедны мытнік з Евангелля, калі пайшоў у святыню памаліцца. У многіх частках Ірландыі існуе звычай, калі прыслугоўваючы адказвае на гэтыя словы “Parce nobis, Domine” — “Пашкадуй нас, Пане”. Дакладнае паходжанне гэтай традыцыі нам не вядомае, і ніводзін літургіст, з якім мы кансультаваліся, пра яго не кажа.

Здавальняючая прычына, чаму ў гэтым месцы перапыняецца цішыня, так і не была прапанавана. Аўтары толькі сцвярджаюць, што гэта робіцца, каб узгадаць пакорны крык аб міласэрнасці добрага злачынцы на крыжы. Аднак, з таго, што мы бачылі ў старажытных рымскіх цырыманіялах і іншых падобных працах, можна зрабіць выснову, што спачатку гэта быў сігнал для ніжэйшых прыслугоўваючых, якім у гэты момант выпадала зрабіць нейкае дзеянне.

Ромсі мяркуе, што гэта, магчыма, быў заклік, каб людзі засяродзіліся і аплаквалі свае правіны разам са святаром.

Старажытны Рымскі парадак прыводзіць у гэтым месцы наступныя словы, з якіх мы і робім сваю выснову: “Калі ён скажа “Nobis quoque peccatoribus”, субдыяканы падымаюцца”.

Картузіянцы ўвогуле не ўздымаюць голас у гэтым месцы, а проста ўдараюць сябе ў грудзі; такі ж звычай захоўваецца ў катэдры Ліёна.

Значэнне слова “quoque”, “таксама”, якое выкарыстоўваецца ў гэтай малітве, заснавана на сувязі гэтай малітвы з папярэдняй. Яно нібыта кажа: мы памаліліся аб месцы адпачынку і спакоі для нашых памерлых братоў; мы таксама молімся аб гэтай ласцы для саміх сябе, каб мы з’ядналіся са святымі апосталамі і мучанікамі.

Святару неабходна ведаць, якія святыя пералічваюцца ў гэтай частцы Канона, а таксама ў малітве “Communicantes”, каб магчы зрабіць паклон, калі Імша цэлебруецца ў дзень іх свята або калі робіцца іх успамін. З гэтай прычыны мы палічылі неабходным даць кароткі нарыс іх жыцця.

Першым у гэтым спісе згадваецца св. Ян. Доўгі час не было зразумела, св. Ян Евангеліст гэта ці св. Ян Хрысціцель, прычым аўтарытэтныя меркаванні выступалі за розныя варыянты. Папа Інакенцій ІІІ, выказваючыся як звычайны літургічны навуковец, сцвярджаў, што гэта св. Ян Евангеліст. Згодна з меркаваннем гэтага Пантыфіка, св. Ян спярша называўся ў малітве “Communicantes” як апостал, а тут зноў як дзявочы вучань. Іншыя таксама лічылі, што гэта св. Ян Евангеліст, аднак не з прычыны ягонай дзявочасці, а проста таму, што можна лічыць, што ён памёр два разы: першы раз, калі быў апушчаны ў кацёл з кіпячым алеем па загадзе Даміцыяна, а другі раз, калі памёр натуральнай смерцю ў Эфесе. Гэтае апошняе меркаванне ніколі не мела шмат прыхільнікаў, і, на нашу думку, заслужана.

Галоўнае пярэчанне супраць таго, што тут згадваецца св. Ян Хрысціцель, заключаецца ў тым, што ён не быў у сціслым сэнсе святым Новага Запавету, бо памёр перад Мукай нашага Пана.

Гэтае пытанне заставалася нявырашаным на працягу доўгага часу, а абодва Яны мелі аргументы на сваім баку (Евангеліст, што праўда, меў больш важкія), пакуль, нарэшце, аб гэтым не спыталіся меркавання Святой Кангрэгацыі абрадаў. Калі пытанне было прапанавана першы раз (у красавіку 1823 года), яна адказала: “Dilata”, г. зн. адказ адкладзены для далейшага разважання. У сакавіку 1824 года яна адказала, што ў гэтым месцы згадваецца св. Ян Хрысціцель і што менавіта на ягоныя святы тут трэба рабіць паклон. Калі з’явілася гэтае меркаванне, дыскусіі спыніліся.

Касцёл устанавіў два святы ў гонар св. Яна Хрысціцеля: свята яго нараджэння (24 чэрвеня) і свята яго мучаніцтва (29 жніўня). Сцвярджаецца, што частка галавы гэтага святога знаходзіцца ў касцёле св. Сільвестра ў Рыме, а іншая частка — у Ам’ене, у Францыі.

Св. Стэфан (26 снежня). — Гэтаму святому зазвычай надаецца тытул першамучаніка, бо ён быў першым мучанікам Новага Запавету, які публічна пацярпеў за веру. Ягоныя рэліквіі былі перанесены з Ерузалема ў Рым прыкладна праз чатырыста гадоў пасля смерці, і калі ягонае цела паклалі побач з целам св. Лаўрэнція, як сцвярджае пабожнае паданне, апошні пасунуўся ўлева, каб саступіць ганаровае месца першамучаніку. Таму рымляне называюць св. Лаўрэнція “Il cortese Spagniolo”, ветлівы іспанец. На поўдні Францыі ў старажытнасці гэтае свята называлася “саламяным днём”, таму што ў гэты дзень існаваў звычай благаслаўляць салому. У Англіі і Ірландыі гэты дзень называлі “вераб’іным” з-за вельмі дзіўнага звычаю шукаць і забіваць камянямі вераб’я на ўспамін мучаніцтва св. Стэфана. Таксама гэты дзень у Ірландыі быў святочным днём для юнакоў; у некаторых месцах ён святкуецца і дагэтуль.

Св. Мацей (24 лютага). — Калі з-за вераадступніцтва Юды сярод апосталаў з’явілася вольнае месца, на яго лёсаваннем быў выбраны Мацей. Як ён памёр, дакладна не вядома, але лічыцца, што ён скончыў свае дні ўкрыжаваннем. Гэты апостал не называецца разам з іншымі апосталамі ў малітве “Communicantes”, таму што ён увайшоў у іхнюю групу толькі пасля Мукі нашага Пана; не называецца ён і ні ў водным з Евангелляў. На пярэчанне, што св. Павел таксама стаў апосталам і хрысціянінам толькі пасля Мукі Пана, аднак згадваецца ў “Communicantes” разам з іншымі апосталамі, мы адказваем, што гэта было зроблена, каб не аддзяляць яго ад св. Пятра. Бо пра іх абодвух Касцёл спявае: “У жыцці яны любілі адзін аднаго; у смерці яны неразлучныя”. Гэтую прычыну прыводзяць усе аўтары.

Св. Барнаба (11 чэрвеня). — Св. Барнаба нарадзіўся на Кіпры. Спачатку яго звалі Ёсіем, аднак потым ён змяніў імя на Барнаба, што з арамейскай мовы азначае “сын суцяшэння”. Ён быў сябром і таварышам св. Паўла ў святым служэнні. Паводле старога стылю [2], свята св. Барнабы было найдаўжэйшым днём года, адсюль і знакаміты вершык:

Barnaby bright, Barnaby gay,
The shortest night and the longest day.

Св. Ігнацый (1 лютага). — Згодна з пабожнай традыцыяй, гэта менавіта той святы, якога ўзяў на рукі наш Пан, калі сказаў апосталам: “Хто прыме адно з такіх дзяцей у імя Маё, той Мяне прымае”. У пачатку ІІ ст. ён стаў біскупам Антыёхіі і пацярпеў мучаніцтва ў 107 годзе пры Траяне. Кажуць, што ён заснаваў у Касцёле традыцыю спяваць наперамен, даведаўшыся пра такую практыку ад анёлаў, спеў якіх ён часта чуў.

Св. Аляксандр (3 мая). — Гэты святы стаў Папам у 100 годзе. Яго называе мучанікам Сакрамэнтарый св. Грыгорыя Вялікага.

Св. Марцэлін (2 чэрвеня). — Марцэлін быў святаром у Рыме і падчас пераследу Дыяклецыяна ў 304 годзе прыняў мучаніцтва разам са св. Пятром Экзарцыстам.

Св. Пётр (2 чэрвеня). — Гэтага святога зазвычай называюць св. Пятром Экзарцыстам, бо ён не прыняў усіх пасвячэнняў. Ён быў замучаны разам са св. Марцэлінам у 304 годзе.

Св. Пэрпэтуя (7 сакавіка). — Св. Пэрпэтуя пацярпела мучаніцтва ў Карфагене, у Афрыцы, у 202 годзе, ва ўзросце 22 гадоў. Забіла яе дзікая карова, якую на яе выпусцілі і якая раскідала яе па амфітэатры. Яе імя і імя яе сяброўкі св. Фэліцыты ў Рымскі Канон дадаў Папа Грыгорый Вялікі.

Св. Фэліцыта (7 сакавіка). — Пра гэтую святую можна сказаць толькі тое, што яна прыняла мучаніцтва разам са св. Пэрпэтуяй. Не варта блытаць яе са св. Фэліцытай, якая была закатавана пры імператары Антоніі Піі.

Св. Агата (5 лютага). — Кажуць, што яна нарадзілася на Сіцыліі. Св. Агата прыняла мучаніцтва ў 251 годзе пры пераследзе Дэцыя.

Св. Люцыя (13 снежня). — Св. Люцыя нарадзілася ў Сіракузах і прыняла мучаніцтва каля 304 года. Кажуць, што яе цела захоўваецца ў Мецы, дзе пры некаторых нагодах выстаўляецца для пакланення. У мастацтве яе часта выяўляюць з пальмавай галінкай у адной руцэ і лямпай у другой руцэ. Светач лямпы сімвалізуе яе імя, якое паходзіць ад лацінскага “lux”, святло.

Св. Агнешка (21 студзеня). — У календары ёсць дзве святыя, якія носяць гэтае імя, аднак пра адну кажуць значна часцей за іншую. Св. Агнешка прыняла мучаніцтва каля 305 года. Яе касцёл пры Наментанскай дарозе надае тытул кардыналу і штогод рыхтуе авечак, з воўны якіх потым робяць арцыбіскупскія паліі. У старажытным мастацтве яе выяўляюць у цудоўным беласнежным убранні, а побач стаіць кат з алебардай. Калісьці ў Англіі яе свята было абавязковым.

Св. Цэцылія (22 лістапада). — Згодна з найлепшымі крыніцамі, гэтая святая прыняла мучаніцтва ў 230 годзе. Яе зазвычай называюць апякункай музыкі і выяўляюць на абразах з лірай у руках. У старажытным Касцёле гэтая святая была настолькі шанаваная, што для яе свята была ўкладзена адмысловая прэфацыя, якую потым дадалі ў Сакрамэнтарый Папы Грыгорыя Вялікага. Кажуць, што яна заўсёды насіла з сабою копію Евангелляў. Сярод ранніх хрысціянаў існаваў такі пабожны звычай, які не да канца прыйшоў у заняпад і цяпер.

Св. Анастасія (25 снежня). — Кажуць, што гэтая святая сустрэла сваю смерць у агні, бо ў 304 годзе, падчас пераследу Дыяклецыяна, яе загадаў спаліць прэфект Ілірыі.


[1] “Таксама i нам, грэшным слугам Тваім, якія спадзяюцца на вялікую міласэрнасць Тваю, будзь ласкавы даць удзел у еднасці з Тваімі святымі Апосталамі i мучанікамі: з Янам, Стэфанам, Мацеем, Барнабам, Ігнацыем, Аляксандрам, Марцэлінам, Пятром, Фэліцытай, Пэрпэтуяй, Агатай, Люцыяй, Агнешкай, Цэцыліяй, Анастасіяй i ўсімі святымі Тваімі. Увядзі, просім, i нас у ix супольнасць не дзеля нашых заслугаў, але дзякуючы Твайму прабачэнню. Праз Хрыста, Пана нашага”. — Заўв. перакл.

[2] Расія застаецца адзінай хрысціянскай краінай, якая захоўвае стары стыль, або юліянскі каляндар. Галоўная памылка гэтага стылю заключаецца ў тым, што год у ім доўжыцца 365 ¼ дні, г. зн. на 11 хвілін даўжэй, чым трэба. Новы стыль, або грыгарыянскі каляндар, названы так у гонар Папы Грыгорыя ХІІІ, прыняты з 1582 года. Каб атрымаць правільную дату паводле гэтага стылю, мы павінны адняць 10 дзён для XVI і XVII стст., 11 дзён для XVIII ст. і 12 дзён для XIX ст. Трэба заўсёды трымаць гэтага ў галаве, бо часам пра гэта забываюцца і ўзнікае блытаніна.


Аўтар: Джон О’Браен (John O’Brien), A. M., прафесар святой Літургіі ў Каледжы Маўнт Сэйнт Мэры (Mount St. Mary’s College), Эмітсбург, Мэрылэнд, ЗША.
Выданне: A History of the Mass and Its Ceremonies in the Eastern and Western Church (15 ed., 1879).
Ілюстрацыя: Себасцьяна Конка, “Святая Тройца і святыя ў славе” (PD).

Пакінуць каментар