10.08.2018 / Peter Kwasniewski

Нахабная хлусня: пра лёс Юды Іскарыёта🕑 10 хвілін

З традыцыйнай калекты на Вялікі Чацвер (Missale Romanum 1962) становіцца адназначна зразумела, што шматгадовы lex orandi Касцёла навучае пра згубу Юды, пра яго вечнае асуджэнне на пякельны агонь:

Божа, ад Цябе Юда атрымаў пакаранне за сваю віну, а злачынец — узнагароду за вызнанне грахоў; дай нам спазнаць плёны Тваёй міласэрнасці, і як падчас сваёй мукі наш Пан Езус Хрыстус даў абодвум розную расплату за іхнія заслугі, так няхай і нам, ачышчаным ад старадаўніх памылак, удзеліць ласку свайго ўваскрасення. Які з Табою жыве і валадарыць…

Калісьці такую выснову кожны лічыў дадзенай. Чаму тады многія людзі сёння кажуць, што “мы не ведаем” канчатковага лёсу Юды? Каб было зразумела, што я не перабольшваю, паглядзім на інтэрв’ю былога кс. Томаса Уільямса з легіянераў Хрыста:

Гістарычна многія лічылі, што Юда, верагодна, знаходзіцца ў пекле, бо Езус сурова абвінавачваў яго: “Лепш было б гэтаму чалавеку не нарадзіцца”, як Ён кажа ў Мц 26:24. Але нават гэтыя словы не даюць канчатковага сведчання наконт ягонага лёсу. У сваёй кнізе “Пераступіць парог надзеі” (1994) Папа Ян Павел ІІ піша, што словы Езуса “не павінны разумецца як вечнае асуджэнне”.

Сведчанне Святога Пісання

Але ці мае сэнс такая пазіцыя? Перадусім разгледзім сведчанне Святога Пісання. Наш Пан кажа: “Сапраўды, Сын Чалавечы адыходзіць, як напісана пра Яго, але гора таму чалавеку, які выдае Сына Чалавечага. Лепш было б гэтаму чалавеку не нарадзіцца” (Мц 26:24). Вось жа, пра чалавека, які здзейсніў смяротны грэх, але затым пакаяўся — як Пётр, які таксама здрадзіў Хрысту, або Павел, які пераследаваў Езуса, палюючы на хрысціянаў, — немагчыма сказаць, што “лепш было б гэтаму чалавеку не нарадзіцца”, г. зн. каб яго ніколі не існавала ўвогуле. Бо толькі пра асуджаных на невымоўныя пякельныя пакуты можна праўдзіва сказаць: лепш каб яны ўвогуле ніколі не існавалі. Наадварот, смяротны грэшнік, які каецца, прыносіць радасць анёлам (Лк 15:19) і наследуе нябеснае Валадарства; ён не падпадае пад “гора”, і таму вельмі добра, што такі чалавек нарадзіўся, бо тады ён можа прыняць служэнне першага Папы або Апостала язычнікаў, а пасля смерці ён будзе вечна атрымліваць асалоду ад благаслаўлённага сузірання Бога. Таму словы Езуса могуць быць праўдзівымі толькі ў тым выпадку, калі Юда згублены з-за нераскаянага смяротнага граху.

Вядома, усё гэта суадносіцца з тым, як апісана смерць Юды: “Тады ён, кінуўшы срэбранікі ў святыні, выйшаў і пайшоў павесіўся” (Мц 27:5). Ён зрабіў жэст адчаю, а затым здзейсніў самазабойства, якое з’яўляецца смяротным грахом. Такі канец належыў адзінаму блізкаму вучню Езуса, пра якога Евангеллі кажуць, што ён паддаўся д’яблу: “А сатана ўвайшоў у Юду, аднаго з Дванаццаці, якога звалі Іскарыётам” (Лк 22:3); “І тады, пасля спажыцця кавалка, увайшоў у яго д’ябал” (Ян 13:27).

Святы Пётр сведчыць пра такое разуменне смерці і асуджэння Юды ў першым раздзеле Дзеяў апосталаў:

“Браты, належала споўніцца словам Пісання, якія Дух Святы прадказаў вуснамі Давіда пра Юду, стаўшага правадыром для тых, хто схапіў Езуса. Бо ён быў залічаны да нас і атрымаў удзел у тым самым служэнні. За плату беззаконня ён набыў поле, і калі павесіўся, трэснуў напалам, і вывалілася ўсё нутро яго. (…) Бо ў кнізе Псальмаў напісана: “Няхай апусцее жыллё ягонае, і няхай не будзе жыхароў у ім”, і: “Пасаду ягоную няхай зойме іншы” (Дз 1:16-20).

Калі былі пастаўлены два кандыдаты, Юзаф і Мацей, аповед працягваецца:

“Памаліўшыся, сказалі: Ты, Пане, ведаеш сэрцы ўсіх, пакажы з гэтых двух аднаго, якога Ты выбраў, каб ён заняў месца ў гэтым служэнні і апостальстве, ад якога адышоў Юда, каб пайсці на сваё месца” (Дз 1:24-25).

Першы Папа сцвярджае, што сваёй правінай Юда назаўсёды страціў апостальства. Звярніце ўвагу, што Юда быў адзіным апосталам, чыё месца павінна было быць запоўнена пасля ягонай смерці. Калі Ірад забіў Якуба (Дз 12:2), Пётр і іншыя не прызначылі іншага чалавека замест Якуба. Існавалі наступнікі апосталаў (і іх было значна больш, чым дванаццаць!), але іншых замен не было. У рэшце рэшт усе адзінаццаць першых апосталаў разам з Мацеем пакінулі гэты свет і зрабіліся вечным падмуркам нябеснага Ерузалема: “Мур горада меў дванаццаць падмуркаў, а на іх — дванаццаць імёнаў дванаццаці Апосталаў Баранка” (Ап 21:14). Кажучы проста, апостал, які памірае ў стане ласкі, апостал назаўсёды. Ён незаменны, ён ідзе па сваю ўзнагароду — быць пастаянным падмуркам Касцёла. Гэта можа азначаць толькі тое, што Юда, якога неабходна было замяніць, памёр у граху і страціў сваё служэнне і апостальства назаўсёды. Ён пайшоў у “сваё месца”, г. зн. у месца, якое яму адпавядала: у пекла.

Сведчанне Айцоў і дактароў

Гэтая выснова, якая добра адпавядае сведчанню Пісання, знаходзіцца таксама ў творах Айцоў і дактароў Касцёла. З бясконцых прыкладаў дастаткова будзе прывесці толькі некаторыя. Св. Леў Вялікі навучае, што Юда так і не пакаяўся ў сваім цяжкім граху, што ён здзейсніў суіцыд з адчаю, дадаючы яшчэ адну віну да першай:

Здраднік Юда не дасягнуў гэтай міласэрнасці, бо сын пагібелі, праваруч якога стаяў д’ябал (Пс 108:6), перад гэтым памёр у адчаі; хоць нават Хрыстус і здзейсніў таямніцу агульнага адкуплення. Магчыма, нават ён мог бы атрымаць гэтае прабачэнне, калі б не паспяшаўся да шыбеніцы, бо Пан памёр за ўсіх грэшнікаў. Але нават ніводнае папярэджанне міласэрнасці Пана не знайшло месца ў грэшным сэрцы, якое ў адзін час было аддадзена дробнаму махлярству, а пазней здзейсніла гэты забойчы ўчынак. (…) Бязбожны здраднік, закрыўшы свой розум ад усіх гэтых рэчаў [праяваў міласэрнасці Пана], накінуўся на сябе, але не з намерам пакаяцца, а з шаленствам самазнішчэння, так што гэты чалавек, які прадаў Творцу жыцця выканаўцам Яго смерці, нават у акце памірання зграшыў, атрымаўшы павелічэнне сваёй уласнай вечнай кары (Казанне 62, De passione Domini XI [PL 54], цыт. па “The Sunday Sermons of the Great Fathers”, vol. 2, p. 183).

Св. Аўгустын трымаецца дакладна таго ж меркавання:

Бо гэта незаконна браць закон у свае ўласныя рукі і пазбаўляць жыцця нават вінаватую асобу, чыёй смерці не патрабуе публічны прысуд, а яшчэ большым забойцам з’яўляецца той, хто забівае сябе. (…) Ці ж не справядліва мы ненавідзім учынак Юды і ці не прамаўляе сама праўда, што, павесіўшыся, ён хутчэй зрабіў яшчэ больш цяжкой сваю віну вельмі несправядлівай здрады, чым адкупіў яе, бо страціўшы ў сваім смутку, які давёў да смерці, надзею на Божую міласэрнасць, ён сам сабе не пакінуў месца для аздараўляючага пакаяння? (…) Бо Юда, калі забіў сябе, забіў грэшніка і пайшоў з гэтага свету вінаватым не толькі ў смерці Хрыста, але і ў сваёй уласнай смерці: бо хоць ён забіў сам сябе з-за свайго злачынства, самазабойства было таксама злачынствам (Горад Божы, кн. 1, раздз. 17).

Ва Усходняй традыцыі мы маем св. Эфрэма Сірына:

Юда — хавальнік ягонай атруты,
Хоць форма шатана нябачная,
У Юдзе ён цалкам відочны;
Хоць шатана гісторыя доўгая,
Яна заключаецца ў Іскарыёце. (Hymns of Paradise XV, p. 187)

Зноў св. Эфрэм:

О, як многіх дабротаў, якой радасці мы пазбаўлены, калі ў нас няма любові? Юда пагардзіў ёю і пакінуў супольнасць апосталаў. Адкінуўшы Сапраўднае Святло, свайго ўласнага Настаўніка, зненавідзеўшы сваіх братоў, ён пайшоў у цемру. Менавіта таму Пётр, князь апосталаў, кажа: “Юда адышоў, каб пайсці на сваё месца” (Дз 1:25). І яшчэ Ян Божы: “А хто ненавідзіць брата свайго, той жыве ў цемры і ў цемры ходзіць, і не ведае, куды ідзе, бо цемра засляпіла яму вочы” (1 Ян 2:11) (ed. Vossio, S. Eph., Tome 1, Sermo 5, on Matt. 11:29).

Св. Тамаш Аквінскі піша: “Збавіць Юду было б… супярэчаннем [Божаму] прадбачанню і намеру, якімі Ён падрыхтаваў для яго вечнае пакаранне; таму гэта не парадак справядлівасці [як такі] робіць немагчымым збаўленне Юды, але парадак нязменнага прадбачання і намеру” (In IV Sent., dist. 46, qu. 1, art. 2, qa. 2, ad 3) і празаічна дадае:

Як карыстанне ласкай звязана з канчатковым наступствам прэдэстынацыі [прадвызначэння да збаўлення — заўв. перакл.], так знявага ласкі звязана з наступствам рэпрабацыі [прадвызначэння да вечнага асуджэння — заўв. перакл.]. Вось жа, у выпадку Юды знявага ласкі стала прычынай ягонай рэпрабацыі, паколькі ён быў залічаны да рэпрабаваных, таму што памёр без ласкі. Акрамя таго, тое, што ён не меў ласкі пры смерці, здарылася не з-за нежадання Бога даць яе, а з-за яго нежадання прыняць яе, як сцвярджаюць Анзэльм і Дыянісій (De veritate, q. 6, art. 2, obj. 11: гэтую частку пярэчання Тамаш прадстаўляе як праўдзівую).

Св. Кацярына Сіенская у сваім звычайным сур’ёзным стылі таксама не ходзіць кругом ды навокала:

Гэта грэх, які не прабачаецца ніколі, ані цяпер, ані калі: адмаўленне, пагарда маёй міласэрнасцю. Бо гэта абражае мяне больш, чым усе іншыя грахі, якія яны здзейснілі. Таму адчай Юды пакрыўдзіў мяне больш і быў большай абразай для майго Сына, чым здрада Яму. Таму такія заслугоўваюць вымовы за памылковае меркаванне, што іхні грэх большы за маю міласэрнасць, і за гэта яны атрымліваюць пакаранне дэманамі і вечна пакутуюць з імі (Дыялог, n. 37, Paulist ed., p. 79).

Тое, што Юда згублены, павінна быць відавочным па дзвюх прычынах: па-першае, у іншым выпадку словы Езуса не маюць сэнсу; па-другое, ён прадстаўлены як той, хто забівае сябе ў адчаі, а адчай — гэта смяротны грэх (адзін з найгоршых), які вядзе да іншага смяротнага граху (самазабойства). У мінулым Касцёл нават не дазваляў хаваць самазабойцаў пры касцёле, таму што лічылася зразумелым, што кожны, хто зненавідзеў дар жыцця настолькі, што пагардзіў ім, відавочна, не мог мець Божай любові ў сэрцы. Сёння мы больш уважліва ставімся да псіхалагічнага замяшання і беспарадку, у які могуць трапіць многія людзі, асабліва ў сучасным свеце, але гэта не робіць суіцыд нейтральным ці няшкодным. Ён застаецца аб’ектыўна найцяжэйшым грахом супраць людскога жыцця, таму што гэта грэх, накіраваны супраць жыцця самога чалавека, да якога яму была дадзена найглыбейшая натуральная любоў (“палюбі бліжняга, як самога сябе“). Той, хто здзяйсняе самазабойства ў стане адчаю, адкідае сам фундамент любові да кожнай іншай асобы, людской ці боскай.

Сучасная тэалогія

Вернемся да сучаснай тэалогіі. Калі магчыма такое, што Юда не знаходзіцца ў пекле, то ці не варта было б шчыра спытацца, ці хто-небудзь увогуле трапляе ў пекла? Гэта прыводзіць нас да сумнавядомага пытання Ганса Урса фон Бальтазара: “Ці асмелімся мы спадзявацца, што ўсе людзі будуць збаўлены?”

Даючы на гэтае пытанне станоўчы адказ, Бальтазар высмейвае ўвесь шэраг аднадушных хрысціянскіх каментарыяў на Евангеллі ад апостальскіх часоў і далей, а таксама ставіць пад пытанне тое, што відавочна для кожнага, хто чытае непасрэдна словы Евангелля і Пасланняў, а менавіта што існуе пекла і што туды трапляюць душы: душа Юды і шмат іншых, што Маці Божая Фацімская і паказала дзецям.

Зрабіўшы такое махлярства, ці меў Бальтазар нейкае права скардзіцца, што ягоныя сучаснікі заняліся дэканструкцыяй Евангелляў і жыцця Хрыста? Ён сам узяў вучэнне, якое мела абсалютна зразумелае значэнне: што пекла — гэта не пустыя пагрозы вечнага пакарання, а фактычна існуючая рэч, якая рэальна і з усёй пэўнасцю пагражала ўсім, хто не пакаецца, — і зрабіў гэтае вучэнне няпэўным, неканчатковым, поўным пытальнікаў. Калі такое сафістычнае манеўраванне становіцца агульнапрынятым, то тое ж пачынаюць вырабляць з нараджэннем Найсвяцейшай Дзевы і нават з боскасцю Хрыста.

Тут мы маем справу з яшчэ адным прыкладам таго, як Касцёл сёння абсалютна заблытаўся ў рэлятывісцкім сучасным мысленні і перастаў ісці святымі крокамі вялікіх Айцоў і дактароў. Тыя, каму пашчасціла ўдзельнічаць у традыцыйнай лацінскай Імшы, фарміруюцца надзейным і ўстойлівым вучэннем, якім літургія прасякнута і якому яна дае правільнае і нязменнае сведчанне. Прапаведаванне ў кантэксце старажытнай Імшы найчасцей утрымлівае пахвальныя згадкі пра тое, што страх Божы з’яўляецца пачаткам мудрасці, што нам варта баяцца не таго, хто можа знішчыць цела, а Таго, хто можа асудзіць душу, што нашым вечным прызначэннем з’яўляецца або вечнае шчасце, або вечная пакута.

У наваколлі Імшы ўсіх часоў нельга знайсці неразважнага адмаўлення таго факту, што многія душы знаходзяцца ў пекле, а яшчэ многія далучаюцца да іх штодня. Мы не змяняем літургіі, выразаючы, устаўляючы яе часткі, штосьці дапісваючы, а штосьці выціраючы, каб яна адпавядала нашай зменлівай тэалогіі. Мы з удзячнасцю атрымліваем і пакорна прымаем усё, што перадаецца нам са святой літургіяй — усё, уключна з калектай Вялікага Чацвярга. Традыцыя з’яўляецца надзейным падмуркам, нашым верным інтэрпрэтатарам Евангелля Хрыста Пана.


Аўтар: Peter Kwasniewski
Крыніца: Rorate Caeli
Ілюстрацыя: Антоні Каба, “Пакаянне Юды” (1874)

Тэкст перакладзены з англійскага арыгінала і апублікаваны з дазволу аўтара.

Пакінуць каментар

Scroll Up