03.08.2018 / John O'Brien

№96. Цэлебрацыя Імшы: “Memento” за памерлых🕑 5 хвілін

Пачынаючы прамаўляць гэтую малітву, святар павольна зводзіць рукі перад сабою так, каб скончыць гэты рух на словы “in somno pacis”. Гэты павольны жэст добра сімвалізуе павольны, пакутны рух душы, якая рыхтуецца пакінуць цела, а злучэнне рук нагадвае пахаванне цела ў яго ціхае месца адпачынку ў зямлі. Тэкст гэтай малітвы вельмі прыгожы:

“Памятай, Пане, таксама пра слугаў і служанак Тваіх N. і N., якія апярэдзілі нас са знакам веры i спяць сном супакою. Ім, Пане, i ўсім, хто спачывае ў Хрысце, дай, просім, месца прахалоды, святла i супакою. Праз таго ж Хрыста, Пана нашага. Амэн”.

У старажытныя часы ў тым месцы, дзе знаходзяцца літары “N. і N.”, было прынята чытаць з дыптыхаў імёны тых памерлых, за якіх маліліся асаблівым чынам. Сёння на месцы гэтых літар святар не спыняецца, а робіць паўзу толькі на словах “спяць сном супакою”, каб прыватна згадаць тых, за каго ён хоча памаліцца. Тут выконваюцца тыя ж правілы, як і ў “memento” за жывых, толькі што тут ён не можа маліцца аб навяртанні людзей, бо гэтая малітва датычыцца толькі тых памерлых, якія знаходзяцца ў чысцы. У тым выпадку, калі Найсвяцейшая Ахвяра прыносіцца за тую душу памерлага, якая не можа атрымаць з яе карысці (альбо з-за страты вечнага збаўлення, альбо з-за атрымання вечнай радасці неба), тэолагі супольна навучаюць, што плёны гэтай Імшы далучаюцца да скарбу Касцёла і потым удзяляюцца ў адпустах паводле волі Усемагутнага Бога (Suarez, Disp. XXXVIII, sec. 8).

Варта звярнуць асаблівую ўвагу на словы “сон супакою”. Тое жорсткае слова “смерць”, якое мы выкарыстоўваем сёння, першыя хрысціяне амаль ніколі не ўжывалі пры размове пра сваіх памерлых. Смерць для іх была не чым іншым, як сном да вялікага дня ўваскрасення, калі ўсе зноў падымуцца на гук трубы анёла. Гэтая светлая думка займала іх розумы і ажыўляла іхнюю надзею падчас размовы са сваімі адсутнымі сябрамі ў малітве. Падобна і з месцам пахавання: яго не называлі суровай назвай “могілкі”, а выкарыстоўвалі больш мяккую назву “цвінтар”, якая паходзіць з грэцкай мовы і азначае месца сну. Таксама і слова “хаваць” сімвалізавала скарб, які адкладалі да таго часу, калі Богу спадабаецца надаць яму лепшае выкарыстанне ў апошні дзень.

Старая тэўтонская назва могілак была вельмі прыгожая. На іхняй мове яны называліся “Gottes-acker”, Божае поле, бо памерлыя былі, так бы мовіць, пасаджаны ў глебу, з якой у дзень агульнага ўваскрасення выйдзе плод у выглядзе праслаўленых целаў. Згодна з такім прыгожым разуменнем, магільны камень, на якім было напісана, якая асоба тут пахавана, параўноўвалі з запіскай, якую пакідаў на слупе фермер ці садоўнік, каб паведаміць мінаку, што за кветка тут вырасце.

Такое дарэчнае прымяненне слова “заснуць” да смерці часта сустракаецца і ў Святым Пісанні, дзе мы часта знаходзім такія выразы. (Вельмі цікавы артыкул на гэтую тэму ёсць у The Catholic World, лістапад 1872.)

“Memento за памерлых на Усходзе. — Малітвы ўсходніх хрысціянаў за памерлых вельмі кранальныя. У копцкай літургіі св. Базыля “memento” мае наступную форму: “Падобным чынам, о Пане, узгадай таксама пра ўсіх тых, што ўжо заснулі ў святарстве і сярод свецкага люду; будзь міласцівы даць іхнім душам адпачынак на лоне нашых святых патрыярхаў Абрагама, Ісаака і Якуба; па водах суцяшэння прывядзі іх у месца зеляніны, у райскае месца асалоды, дзе няма смутку, тугі і ўздыхання, у святло святых”. На Усходзе існуе вялікая прывязанасць да старажытнай фразеалогіі, таму там можна часта бачыць згадкі пра “лона Абрагама” ў значэнні прамежкавага стану ачышчэння ў наступным жыцці, які мы зазвычай называем чысцом.

У сіра-якабіцкай літургіі Бар-Маадана частка “memento” гучыць наступным чынам: “Залічы іх да колькасці Тваіх выбраных; накрый іх зыркім воблакам Тваіх святых; пастаў іх па сваёй правіцы разам з авечкамі і ўвядзі іх у Твае сялібы”.

Наступная частка ўзята з літургіі св. Яна Хрызастома, якою, як мы казалі раней, карыстаюцца ўсе каталіцкія і схізматычныя грэкі Усходу: “Успомні, Госпадзе, усіх, у надзеі ўваскрасення, жыцця вечнага і еднасці з Табою заснулых, айцоў, братоў і сёстраў нашых, Чалавекалюбны Уладару”.

Аднак з усіх усходніх хрысціянаў пальму першынства ў гэтых адносінах трэба аддаць нестарыянам. Хоць яны і з’яўляюцца ерэтыкамі, нельга не заўважыць той выключнай пашаны, якую яны аддаюць сваім спачылым братам. З іхняй кнігі “Sinhados”, якую Бэджэр цытуе ў “Nestorians and their Rituals”, мы прывядзем наступную цытату: “Набажэнства за памерлага праводзіцца на трэці дзень, таму што Хрыстус уваскрос на трэці дзень. На дзявяты дзень, а потым на трыццаты дзень таксама неабходна згадаць памерлага, бо ў Старым Запавеце людзі смуткавалі па Майсею менавіта такі час. Праз год памерлага неабходна зноў згадаць асаблівым чынам, а пэўную частку маёмасці памерлага трэба раздаць бедным на ўспамін пра яго. Гэта мы кажам пра вернікаў; што ж да няверуючых, то хоць бы ўсю іхнюю маёмасць раздалі бедным ад іх імя, з гэтага ім не будзе аніякай карысці”.

Армяне называюць чысцец словам “гаян”, жытло. Халдзейцы называюць яго “матар”, што дакладна адпавядае слову “чысцец”. У некаторых іншых Усходніх Касцёлах ён называецца “каваран”, месца пакаяння, або “макраран”, месца ачышчэння (Smith, Dwight, І, с. 169).

Мы з радасцю падалі б яшчэ шмат прыкладаў, каб давесці, што на Усходзе няма аніводнага касцёла, які мог бы называцца хрысціянскім і пры гэтым не разглядаў малітву за памерлых і прынясенне за іх Ахвяры Імшы як свой святы і ўрачысты абавязак. Пратэстанты, якія былі б шчаслівыя лічыць іначай і якія ў сваіх працах часта пішуць пра ўсходніх хрысціянаў іншае, могуць праверыць нашае сцвярджэнне, самастойна праверыўшы любую ўсходнюю літургію. Мы скончым нашыя рэмаркі на гэтую тэму моцным аргументам з боку вельмі бесстароннага англіканскага пастара д-ра Джона Мэйсана Ніла. Кажучы ў сваёй працы “A History of the Holy Eastern Church” (агульныя ўводзіны, том 1, с. 509) пра малітвы за памерлых, гэты шчыры чалавек сцвярджае наступнае: “Я не буду ўваходзіць у доказы таго, што можа аспрэчваць толькі самая сляпая прадузятасць, а менавіта што Касцёл, усходні, заходні, паўднёвы, ад самых апостальскіх часоў адзіным згодным і паўсюдным голасам маліўся падчас Святой Эўхарыстыі за памерлых вернікаў”. Някепска было б мець больш такіх шчырых людзей замест тых дылетантаў, якія падарожнічаюць на захад і на ўсход, а потым запісваюць свае назіранні так, быццам маюць вочы, але не бачаць!


Аўтар: Джон О’Браен (John O’Brien), A. M., прафесар святой Літургіі ў Каледжы Маўнт Сэйнт Мэры (Mount St. Mary’s College), Эмітсбург, Мэрылэнд, ЗША.
Выданне: A History of the Mass and Its Ceremonies in the Eastern and Western Church (15 ed., 1879).
Ілюстрацыя: St Katherine church near Tuchkov bridge (C).

Пакінуць каментар

Scroll Up