Сёння адпусты, на жаль, згадваюць толькі ў дылетанцкіх дыскусіях пра тое, што Касцёл нібыта прабачае грахі за грошы. Нават у прапаведаванні пра іх кажуць вельмі рэдка або ніколі, нагоды для атрымання адпустаў ніколі не з’яўляюцца ў парафіяльных аб’явах, а ў рэлігійнай практыцы вернікаў гэты скарб, важны перадусім для спачылых душаў, рэдка знаходзіць сваё месца.

Сярод разнастайных прычын такога занядбання можна вылучыць дзве сістэматычныя праблемы, якія рэальна выправіць ужо сёння:

  1. рэдка хто ведае пра адпусты, якія звязаны з многімі вельмі распаўсюджанымі малітоўнымі практыкамі;
  2. рэдка хто, нават выконваючы гэтыя практыкі, узбуджае намер атрымання звязаных з імі адпустаў.

Так, напрыклад, шмат хто моліцца за памерлых малітвай “Вечны адпачынак”, але мала хто ведае, што да гэтай малітвы далучаны частковы адпуст (Enchiridion indulgentiarum, ind. 58). Адпаведна, мала хто ўзбуджае намер атрымання такога адпусту і мала хто яго атрымлівае. Зразумела, што (2) не залежыць ад (1) і можна кожную раніцу рабіць пастанову: “Жадаю сёння атрымаць усе адпусты, якія здолею заслужыць”, але інфармацыя пра існаванне адпустаў (1) дапамагае памятаць пра магчымасць іх атрымання і выконваць (2).

Гісторыя адпусту Парцыюнкулы

Паходжанне адпусту Парцыюнкулы цесна звязана з жыццём св. Францішка Асізскага (1181/1182—1226). Невялікі гарадок Санта-Марыя-дэльі-Анджэлі, што знаходзіцца літаральна ў некалькіх кіламетрах ад Асізі, гэта тое месца, дзе св. Францішак распазнаў сваё пакліканне, а пазней, каля 1211 года, атрымаў ад бенедыктынцаў невялікую каплічку Парцыюнкулу, што з італьянскай мовы азначае невялікі кавалачак (зямлі).

Далей Парцыюнкула была асноўным месцам прабывання св. Францішка; там св. Клара прыняла ад яго манаскі хабіт, там жа св. Францішак і памёр 3 кастрычніка 1226 года. Паданне сцвярджае, што гэтую капліцу каля 352 года паставілі пілігрымы з Палесціны, а праз 200 гадоў там пасяліліся бенедыктынцы. Па-іншаму гэтае месца называлі капліцай Маці Божай Анельскай, бо там часта можна было пачуць спевы анёлаў.

Так Парцыюнкула зрабілася калыскай ордэна францысканцаў, а разам з тым і месцам, дзе св. Францішак атрымаў ад Бога шматлікія ласкі, сярод якіх і знакаміты адпуст.

Кс. Арндт у сваім падручніку “Адпусты” так перадае здарэнні тых дзён:

Пэўнай ноччу, калі св. Францішак маліўся аб навяртанні грэшнікаў, перад ім з’явіўся анёл Пана і сказаў яму ісці ў касцёл, пры якім ён жыў. А быў гэта малы касцёл Маці Божай Анельскай у Спалетанскай даліне каля Асізі. У касцёле Божы слуга ўбачыў Пана Езуса і Божую Маці ў акружэнні анёлаў. Калі Пан Езус заахвочваў яго, каб ён папрасіў сабе ўзнагароду за сваю адданасць, той пажадаў, каб усе, хто наведае гэты касцёл, пасля споведзі перад святаром атрымалі прабачэнне ўсіх сваіх грахоў і адпушчэнне зямных караў. Збаўца дазволіў гэта, але таксама сказаў св. Францішку, каб ён пайшоў да Ягонага намесніка на зямлі і выпрасіў сабе тую самую ласку. Св. Францішак накіраваўся ў Перуджу, дзе тады знаходзіўся Папа Ганорый ІІІ. Хоць тая ласка, аб якой ён прасіў, была надзвычайнай, Святы Айцец не адмовіў яму, але абмежаваў гэты адпуст да аднаго дня ў год.

Трэба было яшчэ, каб гэты дзень быў канкрэтна акрэслены. Францішак чакаў, пакуль сам Пан Езус пажадае вызначыць гэты дзень. Адбылося гэта праз два гады. Пэўнай ноччу, калі ён прасіў Бога аб гэтым, Пан Езус сказаў яму, што гэты дзень павінен быў пачынацца ад вечара ўрачыстасці св. Пятра ў кайданах і працягвацца да вечара наступнага дня. Святы Айцец зацвердзіў гэты адпуст і скіраваў пажаданне біскупу Асізі і шасці суседнім біскупам, каб 1 студзеня яны сабраліся ў касцёле Маці Божай Анельскай і ўрачыста абвясцілі ўдзелены адпуст.

Такім чынам, першапачаткова гэты адпуст можна было атрымаць ад поўдня 1 жніўня да заходу сонца 2 жніўня за наведванне капліцы Парцыюнкулы. Аднак пазнейшыя Пантыфікі некалькі разоў пашыралі дзеянне адпусту Парцыюнкулы, пакуль ён не ахапіў усе касцёлы, якія хоць нейкім чынам належылі францысканцам, нават тыя, дзе іхнія тэрцыярыі праводзілі свае сустрэчы (г. зн. парафіяльныя касцёлы).

У 1910 годзе св. Пій Х дазволіў дыяцэзіяльным біскупам вызначаць у сваёй дыяцэзіі любыя, не абавязкова звязаныя з францысканцамі, публічныя касцёлы, у якіх можна будзе атрымаць адпуст Парцыюнкулы або ў сам дзень 2 жніўня, або ў наступную за ім нядзелю. Праз год Святая Кангрэгацыя адпустаў працягнула гэты дазвол на бясконцы час.

Згодна з тагачаснай дысцыплінай, гэта быў адпуст toties quoties, г. зн. яго можна было атрымаць некалькі разоў за дзень пры ўмове паўторнага наведвання касцёла. Таксама неабходна было “на працягу пэўнага часу” памаліцца ў намерах Святога Айца.

Гістарычную аўтэнтычнасць адпусту Парцыюнкулы, г. зн. яго паходжанне ад св. Францішка, некаторыя ставяць пад пытанне. Каталіцкая энцыклапедыя сцвярджае, што найбольш старадаўняе сведчанне пра гэты адпуст датуецца 1277 годам (прыблізна 50 гадоў пасля смерці св. Францішка), а ніводзін сучасны дакумент не пацвярджае яго паходжання. Аднак юрыдычная сапраўднасць гэтага адпусту, шматразова пацверджаная дакументамі Апостальскай сталіцы, не выклікае сумневаў.

Сучасныя ўмовы атрымання адпусту

У 1967 годзе Папа Павел VI істотна змяніў дысцыпліну адпустаў, у выніку чаго многія ранейшыя рэчы перасталі быць актуальнымі. Аднак адпуст Парцыюнкулы быў пацверджаны і нават пашыраны яшчэ больш.

Згодна з Enchiridion indulgentiarum, атрымаць поўны адпуст можа вернік, які 2 жніўня (або ў іншы дзень, вызначаны біскупам дзеля зручнасці вернікаў) пабожна наведае парафіяльны касцёл і прамовіць там прынамсі малітву “Ойча наш” і Сімвал веры. Таксама гэты адпуст прымяняецца да катэдральнага і канкатэдральнага касцёлаў, нават калі яны не з’яўляюцца парафіяльнымі.

Для атрымання адпусту трэба выканаць так званыя “звычайныя ўмовы”, якія падрабязна абмяркоўваліся ў іншым месцы, а менавіта:

  1. Мець намер атрымання адпусту.
  2. Знаходзіцца ў стане асвячальнай ласкі або паспавядацца.
  3. Не мець прывязанасці нават да штодзённых грахоў.
  4. Прыняць святую Камунію ў дзень атрымання адпусту.
  5. Памаліцца ў намерах Святога Айца.

і дадаць да іх адпуставы ўчынак, у дадзеным выпадку:

  1. 2 жніўня (дакладней, ад поўдня 1 жніўня да канца дня 2 жніўня) пабожна наведаць парафіяльны касцёл і памаліцца “Ойча наш” і Сімвал веры.

Паколькі Павел VI скасаваў поўныя адпусты toties quoties, атрымаць такі адпуст можна толькі адзін раз у дзень.

Аналагічныя адпусты на працягу года

Пабожныя практыкі, звязаныя з поўнымі адпустамі, часта патрабуюць істотнага высілку (30 хвілін чытання Святога Пісання, 30 хвілін адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту, пяць таямніц Ружанца ў касцёле і г. д.), таму іх здабыванне можа быць цяжкім для людзей, якія жывуць у рэжыме “праца — сям’я — спаць”. Поўныя адпусты, звязаныя з наведваннем святых месцаў, станоўча адрозніваюцца тым, што здабываць іх значна прасцей. Адпуст Парцыюнкулы з’яўляецца адным з такіх, аднак афіцыйны спіс адпустаў Enchiridion indulgentiarum у раздзеле “33. Visitationes locorum sacrorum” прыводзіць значна даўжэйшы іх пералік.

Поўны адпуст атрымліваюць вернікі, якія наведваюць і там жа пабожна прамаўляюць “Ойча наш” і Сімвал веры:

62. Адну з чатырох патрыярхальных базілік у Рыме, або пілігрымуючы туды з іншымі, або прынамсі ўзбуджаючы падчас візіту пачуцце сыноўскай адданасці Рымскаму Пантыфіку;

63. Меншую базіліку: (а) ва ўрачыстасць св. апосталаў Пятра і Паўла; (б) у тытульную ўрачыстасць; (в) 2 жніўня, калі прыпадае адпуст Парцыюнкулы; (г) раз на год у дзень, выбраны вернікам;

64. Катэдральны касцёл: (а) ва ўрачыстасць св. апосталаў Пятра і Паўла; (б) у тытульную ўрачыстасць; (в) у дзень літургічнага святкавання катэдры св. апостала Пятра; (г) у дзень пасвячэння архібазілікі Найсвяцейшага Адкупіцеля; (д) 2 жніўня, калі прыпадае адпуст Парцыюнкулы;

65. Міжнародны, нацыянальны ці дыяцэзіяльны санктуарый, устаноўлены кампетэнтнай уладай: (а) у тытульную ўрачыстасць; (б) раз на год у дзень, выбраны вернікам; (в) кожны раз, калі ўдзельнічае ў групавой пілігрымцы ў гэтае месца;

66. Парафіяльны касцёл: (а) у тытульную ўрачыстасць; (б) 2 жніўня, калі прыпадае адпуст Парцыюнкулы;

67. Касцёл ці алтар у дзень яго пасвячэння (dedicationis);

68. Касцёл ці капліцу інстытута кансэкраванага жыцця ці супольнасці апостальскага жыцця ў дзень іх святога заснавальніка.

Такім чынам, калі ўзяць касцёлы ў найбліжэйшай дасяжнасці і выпісаць прынамсі іх тытулы, можна скласці каляндар адпустаў і наведваць гэтыя касцёлы ў дзень іх тытульнай урачыстасці. Калі ж часам пад’язджаць у катэдральны касцёл ці які-небудзь санктуарый (якіх у Беларусі ўсё дадаецца), то можна набраць з дзясятак магчымасцяў на год. І гэта без уліку шматлікіх іншых адпустаў, пра якія, можа, пагаворым іншым разам.

Ілюстрацыі: Франсіска Кара (1659, PD), Gunnar Bach Pedersen (PD).

Пакінуць каментар