Чытаючы першую частку гэтай малітвы, святар нізка схіляецца, паклаўшы зведзеныя рукі на алтары, і калі ён даходзіць да слоў “ex hac altaris participatione”, ён цалуе алтар і, выпрастаўшыся, робіць на сабе знак крыжа, адначасова прамаўляючы словы “omni benedictione cælesti et gratia repleamur”. Уся малітва гучыць наступным чынам: “Пакорна просім Цябе, усемагутны Божа, загадай, каб рукамі святога Анёла Твайго яна была занесеная на высокі ахвярнік Твой, да аблічча Тваёй боскай велічы, каб заўсёды ўсе мы, якія ўдзельнічаем у гэтай ахвяры алтара i прымаем Найсвяцейшае Цела i Кроў Сына Твайго, былі напоўненыя ўсялякім нябесным благаслаўленнем і ласкай. Праз таго ж Хрыста, Пана нашага. Амэн”.

Адносна таго, што за святы анёл згадваецца тут, існуюць розныя меркаванні. Некаторыя кажуць, што гэта анёл, якога Бог пасылае назіраць за Ахвярай, падобна як за ахвярамі старога закону таксама назіралі анёлы, як мы бачым гэта ў розных частках Святога Пісання (гл. Быц 22:11; Суд 6 і 13; Лк 1). Аднак большасць каментатараў сцвярджае, што гэта не хто іншы, як сам наш Пан, Якога Святое Пісанне называе “Анёлам вялікай рады” [1] (Romsee, IV, с. 231).

Кармеліты і дамініканцы, прамаўляючы першую частку гэтай малітвы, схіляюцца і скрыжоўваюць рукі адна на адной на грудзях (brachiis cancellatis).

Калі на Фларэнтыйскім саборы ў 1439 годзе ў грэкаў запатрабавалі тлумачэння наконт іхняй малітвы, якая просіць Бога зрабіць хлеб Найсвяцейшым Целам, а віно ў келіху — Найдаражэйшай Крывёю Хрыста, тады як яны ўжо былі пераменены падчас кансэкрацыі, тыя выказалі пратэст супраць слоў малітвы, якую мы цяпер разглядаем, а менавіта супраць малітвы “Supplices te rogamus”, сцвердзіўшы, што яны могуць абараніць сваю малітву настолькі ж лёгка, як мы сваю. Аднак, паколькі яны цалкам прызналі, што адзінай дзейснай прычынай транссубстанцыяцыі з’яўляюцца словы кансэкрацыі, Айцы Лацінскага Касцёла не палічылі патрэбным усчынаць дадатковы рух перад усім Саборам і дазволілі застацца гэтай малітве ў грэцкіх літургіях там, дзе яна была, не пераносячы яе ў якое-небудзь ранейшае месца Канона.

[1] Гэтым выразам Сэптуагінта перадае той месіянскі тытул у Іс 9:6, які ў сучасных перакладах, заснаваных на габрэйскіх рукапісах, гучыць як “Цудоўны Дарадца”. — Заўв. перакл.


Аўтар: Джон О’Браен (John O’Brien), A. M., прафесар святой Літургіі ў Каледжы Маўнт Сэйнт Мэры (Mount St. Mary’s College), Эмітсбург, Мэрылэнд, ЗША.
Выданне: A History of the Mass and Its Ceremonies in the Eastern and Western Church (15 ed., 1879).
Ілюстрацыя: Joseph Shaw (CC BY-NC-SA).

Пакінуць каментар