У апошнія гады я займаўся даследаваннем перагледжанага лекцыянарыя, які часта хваляць як адно з вялікіх дасягненняў літургічнай рэформы. Найбольш поўна мае знаходкі прадстаўлены ў матэрыялах канферэнцыі Sacra Liturgia 2015 “Liturgy in the Twenty-First Century” (с. 287–320), аднак некаторыя думкі таксама можна знайсці ў адпаведным раздзеле маёй кнігі “Resurgent in the Midst of Crisis“, у прадмове да кнігі Мэцью Хэйзэла “Index Lectionum“, у эсэ, якое ўвойдзе ў будучы зборнік ад Emmaus Road [1], у маім артыкуле пра відавочны пропуск 1 Кар 11:27-29 у перагледжаным лекцыянарыі, а таксама ў маім артыкуле пра чыстку псальмаў у Літургіі гадзінаў. Трэба прызнаць, што чым больш уваходзіш у гэтую тэму, тым больш праблемных рэчаў знаходзіш.

У сваёй кнізе “Work of Human Hands” [“Праца рук чалавечых”], якая прымушае задумацца над многімі рэчамі, кс. Энтані Сікейда сцвярджае, што новы лекцынарый “утрымлівае больш Пісання, але менш яго фактычнага пасылу” [2]. На першы погляд, такая заява можа здавацца неверагоднай. Зрэшты, тое, што ўголас чытаецца значна большая колькасць урыўкаў, аўтаматычна павінна азначаць, што пры гэтым пасыл Божага слова раскрываецца больш поўна.

Аднак на прыкладзе лёгка растлумачыць, чаму кс. Сікейда кажа праўду.

Уявіце сабе, што адукаваны выдавец хоча падрыхтаваць зборнік “класічных тэкстаў Шэкспіра” і лічыць, што кніга павінна быць адносна кампактная. Таленавіты рэдактар, дасканала знаёмы з п’есамі, прайшоўся б па трагедыях, камедыях, апавяданнях і раманах Барда, выбраўшы з іх вядомыя прамовы і любімых персанажаў, а таксама дадаўшы той ці іншы менш вядомы, дзіўны, незразумелы, цікавы або лірычны фрагмент. І хоць у канчатковую версію трапіў бы толькі невялікі працэнт ад усяго зместу, тым не менш гэты зборнік сапраўды адлюстроўваў бы цэласны геній Барда ва ўсіх яго аспектах.

Цяпер уявіце сабе іншага выдаўца з больш сучаснымі поглядамі (адпаведна, больш абмежаванага), які згаджаецца, што з Шэкспірам варта пазнаёміцца, аднак толькі ў тых аспектах ягоных твораў, якія з’яўляюцца прымальнымі для сучаснага чытача, бо сённяшнія мужчыны і жанчыны не любяць, калі ім нагадваюць пра грэх, смерць, суд, пекла і іншыя непрыемныя рэчы. Гэты выдавец таксама мяркуе, што трагічны элемент у Шэкспіра яўна перабольшаны, таму ён хоча мець вытрымкі толькі з камедый, апавяданняў і раманаў, але не з трагедый. А паколькі набор і друк сталі вельмі лёгкімі і даступнымі, ён вырашае выдаць зборнік у некалькіх тамах. Гэты выдавец наймае рэдактара і кажа яму зрабіць усё згаданае вышэй. Рэдактар павінен уключыць у зборнік значна большую колькасць твораў Шэкспіра, але яму трэба пазбягаць “складаных” частак. Праца зроблена, і з друкарні выходзяць тры бліскучыя тамы.

Ці ж не сказалі б мы, па шчырасці, што не мае значэння, колькі працэнтаў Шэкспіра аказалася ў гэтым трохтомным выданні, калі яны насамрэч прадстаўляюць не ўсяго Шэкспіра, а паліткарэктнае (а таму адвольнае і суб’ектыўнае) меркаванне рэдактара? Ці не сказалі б мы, што адзін том іншага выдаўца, хоць і не такі вялікі, можа з большым правам прэтэндаваць на ролю сінопсіса Шэкспіра?

Так, менавіта гэта мы і сказалі б.

Гэты гіпатэтычны прыклад паказвае ўніверсальную праўду: трэба спачатку ахапіць цэлае як цэлае, а толькі затым справядліва выбіраць з яго часткі. Іншымі словамі, каб ведаць, якія часткі з’яўляюцца важнымі і як іх выкарыстоўваць пасля вымання з шырокага кантэксту, неабходна ацаніць цэлае і адчуць адносную вагу і функцыю гэтых частак.

Гэта можна растлумачыць на прыкладзе з расамі. Калі хтосьці лічыць, што ўсе расы роўныя, ён можа разумна выбраць некалькі асобаў на вайсковыя ці ўрадавыя пасады і забыцца пра іншых, не рызыкуючы быць абвінавачаным у расавай прадузятасці. Тое, што выбралі невялікую колькасці ды, магчыма, з той, а не іншай расы, прадыктавана не прадузятасцю, а практычнымі меркаваннямі: трэба запоўніць менавіта столькі пасадаў і на іх трэба выбраць найлепшых кандыдатаў. Найлепшы выбар у кожны канкрэтны момант часу не будзе абавязкова ўключаць у сябе прадстаўнікоў кожнай расы: гэта справа Божага провіду. З іншага боку, калі хтосьці лічыць, што толькі людзі канкрэтнай расы маюць неабходныя здольнасці, то ягоны выбар асобаў толькі гэтай расы і ігнараванне іншых будзе праблематычным.

Тое самае і з лекцыянарыямі. Гістарычныя лекцыянарыі заходняй традыцыі ўтрымліваюць адносна невялікую колькасць урыўкаў, але гэтыя ўрыўкі добра падабраныя паводле сваёй культавай і адукацыйнай функцыі. Яны маюць нязвыклую эфектыўнасць. Рэдактарскай працы не спадарожнічала прадузятасць супраць складаных, патрабавальных і непаліткарэктных урыўкаў. Традыцыйны лекцыянарый, хоць ён і малы, дае вам і прыемнае, і цяжкое — усе віды ўрыўкаў ад зразумелых да складаных, ад суцяшальных да трывожных, ад спакойных да гнеўных. Як у нашым гіпатэтычным зборніку Шэкспіра.

Гэта праўда, што ў старым лекцыянарыі няма некаторых любімых гісторый з Бібліі. Аднак паколькі ягонай мэтай ніколі не было навучаць і тым больш бавіць чытача і паколькі ён перадае ясны пасыл наконт усіх тэмаў веравучэння і маральнасці, гэтую непаўнату нельга лічыць дэфектам. Пропуск такіх месцаў ніякім чынам не парушае яго літургічную функцыю. Акрамя таго, нішто не перашкаджае разважна дадаць да старога лекцыянарыя абмежаваную колькасць новых чытанняў, трымаючыся прадпісанняў Sacrosanctum concilium, 35 і 51. Бо, як мы ведаем, арганічнае развіццё літургіі найчасцей адбываецца пры дапамозе дадаткаў, а не выкрэслівання ці інавацый з нічога.

Наватары ж скасавалі тысячагадовы лекцыянарый і пачалі будаваць новы з абсалютнага нуля, кіруючыся двума памылковымі прынцыпамі: (1) мэтай лекцыянарыя з’яўляецца прадстаўленне люду як найбольшай колькасці навучальнага зместу; (2) гэты навучальны змест павінен пазбягаць таго, што можа быць надта складаным для сучаснага чалавека. Першы з гэтых прынцыпаў сведчыць пра памылковую тэалогію літургіі; другі ж — пра памылковую тэалогію біблійных натхнення і беспамылковасці. Разам яны прычыняюцца да адкідання найбольш фундаментальнага прынцыпу, а менавіта што літургічная традыцыя павінна з пашанай прымацца і перадавацца без змяншэння і скажэння.

Адпаведна, новы лекцыянарый заснаваны на памылковых прынцыпах і, хоць ён можа мець нейкія станоўчыя рычы, як цэлае не можа лічыцца аўтэнтычным лекцыянарыем у тым сэнсе, у якім шанаваная хрысціянская традыцыя ўкладала лекцыянарыі. Хутчэй гэта прадукт камісіі, якому Бог у сваёй міласэрнасці дазволіў не застацца без плёну. Чым раней мы прызнаем гэты факт, тым раней мы зможам пакаяцца ў сваёй паспешлівасці і вярнуцца да нашага традыцыйнага лекцыянарыя, які паўстае з нефільтраванай хрысціянскай веры і пабожнасці.

Падвядзем вынік: лекцыянарый цалкам можа ўтрымліваць больш Пісання ў сэнсе колькасці і менш у сэнсе якасці. Традыцыйны рымскі лекцыянарый дае людзям больш поўны пасыл Пісання, хоць і мае меншую колькасць слоў, тады як новы лекцыянарый дае людзям менш пасылу нягледзячы на значна большую колькасць слоў.

ЗАЎВАГІ

[1] Да часу публікацыі тэкст даступны на маёй старонцы на Academia.edu.

[2] Як сказаў у сваёй рэцэнзіі ў Usus Antiquior манс. Э. Уодсварт, у даследваннях кс. Сікейды ёсць чым захапляцца. Аднак разам з тым я не падзяляю многіх высноваў, якія ён падае ў сваёй кнізе.


Аўтар: Peter Kwasniewski
Крыніца: New Liturgical Movement
Ілюстрацыя: CC0.

Тэкст перакладзены з англійскага арыгінала і апублікаваны з дазволу аўтара.

Пакінуць каментар