Казанне, прамоўленае 15 ліпеня 2018 года на майстэрні Ars Celebrandi ў Ліхэні. Гл. таксама аўдыёзапіс.

Езус Хрыстус, Божы Сын, Збаўца, Асоба Найсвяцейшай Тройцы. Яму мы прысвяцілі нашае першае разважанне. Сёння некалькі словаў у якасці працягу ўчорашняга разважання пра Ягоны Касцёл “тут і цяпер”. Мы кажам пра “Ягоны Касцёл”, таму што гэта Ягоны Касцёл, а не наш. Хто сёння абвяшчае слоган “Хрыстус так, Касцёл не”, той не ведае, пра што кажа. Мы з’яўляемся Ягоным Містычным Целам, а Ён з’яўляецца нашым Галавою і Пастырам. Пра рэчаіснасць Касцёла нам кажа Другі Ватыканскі сабор у дагматычнай канстытуцыі пра Касцёл, асабліва ў пар. 8, а таксама дэкларацыя Dominus Iesus (2000), якая коратка перадае змест усіх найважнейшых дакументаў аб істоце Касцёла. У пар. 17 яна кажа:

“Таму існуе адзін Хрыстовы Касцёл, які трывае ў Каталіцкім Касцёле, якім кіруюць наступнік Пятра і біскупы ў еднасці з ім (…) Таму вернікі не могуць лічыць, што Хрыстовы Касцёл з’яўляецца сукупнасцю насамрэч раз’яднаных, але ў той жа час нейкім чынам сабраных Касцёлаў і эклезіяльных супольнасцяў. Не могуць яны таксама меркаваць, што сёння Хрыстовы Касцёл ужо не існуе ў аніякім месцы, а таму павінен быць аб’ектам пошуку для ўсіх Касцёлаў і супольнасцяў. У рэчаіснасці элементы гэтага Касцёла, ужо нам дадзенага, існуюць разам і ва ўсёй паўнаце ў Каталіцкім Касцёле”, тады як моц сродкаў збаўлення, прысутная ў аддзеленых Касцёлах і супольнасцях, “паходзіць з той самай паўнаты ласкі і праўды, даручанай Каталіцкаму Касцёлу”.

Касцёл з’яўляецца сакрамэнтам збаўлення і чэрпае сваю моц з сакрамэнтаў, якія паходзяць з прабітага бока Хрыста. Касцёл пасланы, каб абвяшчаць пасланне збаўлення людзям усіх часоў, таксама і людзям ХХІ стагоддзя. Мы павінны рабіць гэта ў вернасці менавіта такому Касцёлу і ў вернасці веравучэнню, якое было нам перададзена. Чаму настолькі важная гэтая вернасць вучэнню? З вельмі простай прычыны. Таму што хрысціянства — гэта не зборнік рытуальных прадпісанняў, норм, за якія прагаласавала большасць, альбо максім, якія выдумаў нейкі гуру. Нашае вучэнне з’яўляецца Асобай, а завуць гэтую Асобу Езус Хрыстус. Нельга прымаць пад увагу толькі частку асобы. Прыгадаем: “Там, дзе абвяшчаецца [цэлы] Хрыстус, там Касцёл каталіцкі — kata cholon“. Гэтае правіла сфармуляваў св. Ігнацый з Антыёхіі. “Цэлы Хрыстус” і каталіцкасць залежаць адно ад аднаго.

Як бачыць “каталіцкасць” Касцёла святой памяці кардынал Ё. Майснер з Кёльна? На яго думку,

“уцелаўленне Божага Сына праз Дзеву Марыю моцай Духа Святога, натхнёнасць Святога Пісання, сапраўднасць уваскрасення Хрыста, рэальная прысутнасць Хрыста ў Эўхарыстыі — гэта праўды веры, якія сёння ў Касцёле стараюцца абыходзіць. Але такім чынам няможна ўратаваць ані Касцёл, ані свет! Касцёл павінен выконваць тое, што з’яўляецца яго тоеснасцю, г. зн. абвяшчаць Хрыста і Яго Валадарства поўнасцю і без падману”.

Услед за класікам мы сказалі б: відавочная відавочнасць. Але ці для ўсіх? Калі прызнаць згаданае кардыналам пазбяганне дагматычных праўд у пэўных колах ці частках Касцёла, то трэба заканамерна спытацца: ці можна ў іх выпадку казаць пра Каталіцкі Касцёл? Ці хтосьці задае такое пытанне публічна і ці існуе яшчэ штосьці такое, як клопат пра paradosis, традыцыю?

Тое, што сёння прыходзіцца ставіць такія пытанні, з’яўляецца знакам часу. Можна бачыць дзве галоўныя тэндэнцыі ў тым, як мы выходзім да свету з пасланнем Евангелля. Першая з іх, скіраваная ўсё больш гарызантальна, звязана з прыняццем свецкага, ліберальнага бачання гэтага свету, а гэта прыводзіць да пэўнай выбіральнасці ў прапаведаванні, да свайго роду самацэнзуры, да злагоджвання тону і нават да запазычвання паняццяў з “мовы свету” з арыентацыяй на т. зв. “дыялог” і прыняцце да свядомасці рэлігійнага плюралізму як пэўнага непарушнага статус-кво.

Другі спосаб загадвае ўвайсці ў гэты свет на ўзор апостала Паўла, абвяшчаючы Хрыста такога, Якога мы маем у Евангеллі. Трэба адказаць сабе на пытанне аб тым, ці хочам мы навяртаць свет і рабіць Касцёл усё больш шырокай і дынамічнай супольнасцю веры, ці хутчэй прыпадобніць Касцёл і сябе да свету, прадаючы вернасць Хрысту за сачавічную міску святога спакою і апладысментаў на свецкіх прыёмах, робячы Евангелле адной з прапаноў на рынку ідэй. Сапраўды, калі я слухаю некаторых пастыраў і тэолагаў, то не магу зразумець, пра што ідзе мова: пра першае ці пра другое. Ці не зашмат энергіі аддаецца хоць і важным, але зямным справам і ці не робіцца гэта коштам прапаведавання Евангелля? Ці не шмат мы маем псіхалогіі, сацыялогіі коштам тэалогіі, коштам яснай і адназначнай керыгмы? Многія сілы на свеце хацелі б бачыць Касцёл харытатыўнай арганізацыяй і бясшкодным асяроддзем пацыфізму. Толькі ці гэтага патрабуюць і чакаюць сёння ад Касцёла разгубленыя людзі і ці гэтага чакае ад нас Бог? Цікавую думку ў свой час выказаў біскуп Х. Крэцль з Вены: “Многія сёння адварочваюцца ад Касцёла не таму, што не шукаюць Бога, а таму, што не могуць знайсці Яго ў Касцёле”.

Можа, меў рацыю кардынал Ратцынгер, калі казаў пра супольнасці веры, пра малы статак, якім станецца Касцёл у язычніцкім свеце, які, насыціўшыся самім сабою, пачне адчуваць патрэбу чагосьці “большага”, пачне шукаць пачуццё глыбокага Сэнсу і знойдзе яго ў супольнасцях вучняў Хрыста, якія жывуць Ім. Гэта нібы такая праца ад пачатку. Вы не адчуваеце сябе адной з такіх супольнасцяў, якія ўсведамляюць патрэбу радыкальнай вернасці прапаведаванню веры, якія без астатку аддадзены Пану і Яго справе збаўлення? Не заўважаеце, што колькасць такіх, як вы, павольна, але сістэматычна расце? Не адчуваеце подыху Духа Святога на сваіх сустрэчах, падчас цэлебрацыі літургіі, у малітве?

Ужо стала банальным сцвярджэнне, што кожную рэформу трэба пачынаць з сябе, але гэта праўда. Перад кожным з нас стаіць гэты прыгожы выклік і заклік да будавання асабістых адносінаў з Хрыстом, да няспыннага адказу Яму сваёю любоўю, якая рэалізуецца ў штодзённых адносінах з іншымі. Гэтыя скарбы сяброўства з Панам мы можам уносіць у нашыя супольнасці, каб узбагачаць іх, аднак мы можам даваць іх таксама нашым сем’ям, калегам на працы і ў школе або абсалютна чужым людзям. Вядома, гэта належыць рабіць з пакорай і лагоднасцю, але таксама і ў сітуацыях, якія таго патрабуюць, трэба быць рашучым і адназначным. Менавіта такім “ваяром”! Таму не шкадуйце часу на асабістую малітву, чытанне Святога Пісання, канструктыўныя размовы і дыскусіі. Неабходна пастаянна ўмацоўваць нашу браню веры і нястомна вастрыць меч духа, каб спраўна адсякаць путы граху і ўсялякія праявы зла. Бо нашая моц — Хрыстус! Пра гэта ніколі нельга забывацца.

Нам трэба адважна ўваходзіць на тыя прасторы, якія былі страчаны. Касцёл аддаў прастору ў сферы культуры, амаль без змагання выйшаў з многіх сфер публічнага жыцця. Сцвярджаецца, што існуюць такія абшары, на якія хрысціянства не можа ўплываць, а калі і можа, то вельмі абмежавана. У № 26 газеты “Gość Niedzielny” Джордж Вэйгел сцвярджае:

“Мы жывем у часы, калі навакольная культура больш не падтрымлівае перадачы веры. (…) Дамінуючы культурны клімат паралізуе калісьці моцныя каталіцкія інстынкты. Асабліва калі каталіцкае кіраўніцтва слабое, абарончае, пазбаўленае евангелічнага энтузіязму і, як здаецца, занепакоенае пастулатамі контркультурнага каталіцтва. (…) Хрысціянства з’яўляецца контркультурным па сваёй прыродзе, таму што хрысціяне пакліканы да навяртання культуры”.

Таму ўзнікае пытанне: чаму мы не “навяртаем” культуры? Чым сёння ў Еўропе адрозніваюцца праграмы партый, што носяць у назве прыметнік “хрысціянская”, ад свецкіх партый? Уплыў на заканадаўства аддадзены сілам абсалютна не нейтральным, бо такіх няма, а яўна арэлігійным. Прымаецца іхняя рыторыка, іхнія паняцці. Мы кажам, што каталік павінен галасаваць згодна са сваім сумленнем, а значыць дапускаецца, што каталікі могуць мець розныя сумленні, не абавязкова каталіцкія. Якія тады сумленні мы фарміруем?

У маі каталіцкая Ірландыя дала згоду на аборты, а раней — на аднаполыя сужэнствы. Яшчэ дваццаць гадоў таму там пра гэта не маглі і падумаць. Лаіцызацыя ў Партугаліі сёння больш глыбокая, чым у сапатэраўскай Іспаніі. Вераадступніцтва цэлых народаў становіцца фактам. Увага: цяпер чарга Польшчы. Калі хтосьці думае, што нас пакінуць у спакоі, то ён падманвае сябе. Дзякуй Богу, у нас пакуль што ёсць людзі ў касцёлах — пакуль што! У іспанцаў, партугальцаў, ірландцаў і немцаў таксама былі. Іншая справа, што яны самі гэтых людзей з касцёлаў павыкідалі. Ці ж у многіх выпадках Евангелле не было сарамліва схавана?

Хто гэтыя пастыры, якія маюць сумневы адносна грэшнасці аднаполых саюзаў і кажуць, што прыйшоў час пакласці гэтай праблеме канец, намякаючы ці то на шлюбны, ці то на нейкі іншы абрад; якія забываюцца, што святая Камунія — гэта не тэрапеўтычная таблетка для паляпшэння настрою ў жыццёвай дарозе, а Цела і Кроў Бога, Які аддаў за нас жыццё на Крыжы, і “хто будзе есці ці піць іх нягодным чынам, будзе вінаваты Цела і Крыві Пана”, і смерць будзе піць і спажываць… Навошта ж гэтае няспыннае размыванне вучэння, гэтыя дамовы са светам, гэтая адмова ад адназначнасці? Як свет павінен захапіцца Хрыстом-Збаўцам?

Здаецца, сёння на нашых вачах фарміруюцца дзве Польшчы: каталіцкая Польшча, верная Хрысту, вандруючая да Алтара, і Польшча маральнай свабоды, свецкая, дрэйфуючая ўсё далей ад лодкі Касцёла. Які бок пераважыць? А паміж імі ёсць яшчэ Польшча “ніякая”. Трэба выходзіць да тых згубленых і абыякавых, але няможна нам занядбаць і падвесці Польшчу верную. Трэба яе ўмацоўваць і жыць дзеля яе, а ўжо ў другую чаргу выходзіць да іншых, каб вярнуць іх да аўчарні Пана. Нам трэба фарміраваць сумленні, абапіраючыся на дэкалог і прыказанне любові, а не на таннае псіхалагізаванне. Святы Ян Павел ІІ пакінуў нам багатую спадчыну ў карыстанне. Чаму ж у катэхезе, гаміліях, казаннях ці дыскусіях мы не размаўляем словамі Яна Паўла ІІ? Гэта пытанне да душпастыраў, хоць і не толькі. Варта ўслухвацца ў рэлігійную самасвядомасць палякаў. Напрыклад, на пытанне пра тое, кім быў св. Ян Павел ІІ, зазвычай адказваюць, што ён быў вялікім чалавекам, што зруйнаваў камунізм, што змагаўся за мір. Я не чуў адказаў, што ён быў наступнікам святога Пятра, намеснікам Хрыста на зямлі і т. п. У паўсюднай свядомасці ён больш вядомы лыжамі і “крэмувкамі”, чым сваім навучаннем. Але ці гэта віна толькі людзей?

Станоўчым знакам з’яўляецца дынамічнае развіццё разнастайных супольнасцяў, якія сёння ажыўляюць тканіну Касцёла. Кажучы пра супольнасці веры, я маю на ўвазе ўсе ініцыятывы, скіраваныя да сапраўднага аднаўлення. Я не хачу нічога ні ў кога адбіраць, нікому ні ў чым адмаўляць, толькі зрэдку прашу аб узаемнасці ў адносінах да ўсіх тых, хто гуртуецца вакол літургіі св. Грыгорыя Вялікага, распазнаючы ў вяртанні да яе духа дарогу або адну з дарог да адраджэння веры. Прыйдзе час, калі любоў да гэтай літургіі перастануць зневажальна называць снабізмам, модай, патрэбай адрознівацца і неяк падобна. Яшчэ доўга будуць вас называць цвёрдымі, суровымі, можа, фанатыкамі, што не разумеюць Евангелля і сучасных выклікаў, а часта і яшчэ больш востра. Знявагі зазвычай з’яўляюцца зброяй людзей слабых, не ўпэўненых у сваёй рацыі, інтэлектуальна бездапаможных перад абліччам аргументаў — або самаўпэўненых, што дзейнічаюць паводле правіла “хрысціянства — гэта я”. Асцерагайцеся самі такой паставы. Шматлікія крытыкі асяроддзяў, верных надзвычайнай форме рымскага абраду, да сёння лічаць іх своеасаблівым Божым дапушчэннем. Людзі такога ўкладу не дапускаюць думкі, што Дух Святы можа дзейнічаць таксама і тут. Яны баяцца прызнаць, што гэта можа быць адна з дарог, якія вядуць да сапраўднага аднаўлення Касцёла, дарог, якія паказвае Дух Святы. Будзем жа, любімыя, вясною Касцёла, прынамсі адным з яе подыхаў. Не будзьце сціплымі, цяпер не час катакомбаў, няхай вас будзе бачна і чутно, будзьце радасныя моцай веры, заражайце любоўю, паказвайце, што вы дынамічная і буйна квітнеючая частка Касцёла, вучыцеся і вучыце іншых любіць духоўную і матэрыяльную прыгажосць, што паходзіць з глыбіняў літургіі, і дыхаць ёю, бо Бог з’яўляецца прыгажосцю. Такімі хоча бачыць нас Хрыстус.


Кс. д-р Францішак Гамулчак SAC (нар. 1957) — выкладчык гісторыі Касцёла ў семінарыі ордэна палатынаў.
Крыніца: arscelebrandi.pl

Тэкст перакладзены з польскай мовы і апублікаваны з дазволу арганізатараў Ars Celebrandi.

Пакінуць каментар