24.07.2018 / John O'Brien

№93. Цэлебрацыя Імшы: малітва “Supra quae propitio”🕑 2 хвілін

Адзіная рэч, якая заслугоўвае ўвагі ў гэтай малітве [1], гэта алюзія да ахвяраў Абэля, Абрагама і Мельхізэдэка. Яны згадваюцца ў гэтым месцы, бо сярод усіх ахвяраў Старога Запавету яны маюць найбольш простае дачыненне да той ахвяры, якая прыносіцца падчас Імшы. Па-першае, кроў справядлівага Абэля, наўмысна пралітая ягоным братам Каінам, вельмі моцна нагадвае тое, што беззаконныя габрэі пралілі кроў нашага нявіннага Збаўцы, Які паводле цела быў іхнім суайчыннікам. Зноў жа, тое, што Абэль ахвяраваў Богу першынцаў свайго статка (Быц 4:4), вельмі добра сімвалізуе нашага Пана, Які, па словах св. Паўла, “быў першародным між многімі братамі” (Рым 8:29).

Святы Патрыярх Абрагам, які вёў свайго адзінага сына Ісаака, каб прынесці яго ў ахвяру на гары, з’яўляецца правобразам Спрадвечнага Айца, Які аддаў у ахвяру свайго Адзінароднага Сына, нашага Пана і Бога, дзеля нашага збаўлення. Ісаак жа, які нёс на сабе дрэва, на якім ён павінен быў быць спалены, прадстаўляе нашага Збаўцу, Які нёс свой крыж на Кальварыю.

Згадка пра ахвяру Мельхізэдэка мае шмат значэнняў. Мельхізэдэк згадваецца ў Пісанні як святар Найвышэйшага, прытым не падаецца імёнаў ягоных маці і бацькі, увогуле аніякай генеалогіі, а таксама ані пачатку, ані канца ягоных дзён. Тут праяўляецца самая цікавая сувязь з нашым Панам, пра Якога Святое Пісанне кажа: “І хто раскажа пра ягоны род?” (Іс 53:8). Аднак падабенства паміж Мельхізэдэкам і нашым Панам яшчэ большае. Першы быў адначасова каралём і святаром. Наш Пан таксама з’яўляецца каралём і святаром. Кароль Салема ахвяраваў хлеб і віно, бо быў святаром Найвышэйшага. Наш Пан ахвяруе сябе ў святой Імшы пад тымі самымі постацямі; каралеўскі псальміст называе Яго “святаром навекі на ўзор Мельхізэдэка” (Пс 109).

Апошнія словы гэтай малітвы (“ахвяру святую, беззаганную гостыю”) былі дададзены Папам Львом Вялікім (V ст.). Відавочна, яны адносяцца не да згаданых тут ахвяраў старога закону, а да святой Ахвяры Імшы, дзе беззаганным ахвярным Ягнём з’яўляецца наш Пан.


[1] “Будзь ласкавы зірнуць на яе міласцівым і спагадным абліччам і прыняць яе, як Ты быў ласкавы прыняць дары слугі Твайго, справядлівага Абэля, і ахвяру прабацькі нашага Абрагама, ды тую, што прынёс Табе найвышэйшы святар Твой Мельхізэдэк, ахвяру святую, беззаганную гостыю”. — Заўв. перакл.


Аўтар: Джон О’Браен (John O’Brien), A. M., прафесар святой Літургіі ў Каледжы Маўнт Сэйнт Мэры (Mount St. Mary’s College), Эмітсбург, Мэрылэнд, ЗША.
Выданне: A History of the Mass and Its Ceremonies in the Eastern and Western Church (15 ed., 1879).
Ілюстрацыя: Joseph Shaw (CC BY-NC-SA).

Пакінуць каментар

Scroll Up