Казанне, прамоўленае 14 ліпеня 2018 года на майстэрні Ars Celebrandi ў Ліхэні. Да тэкста дадзены адступленні, якія ёсць у аўдыёзапісе.

У імя Айца і Сына, і Духа Святога. Амэн.

Дазвольце напачатку скарыстацца словамі Джыма Кэвізэла, выканаўцы ролі нашага Пана ў фільме Мэла Гібсана “Мука Хрыста”. Яно з’явілася ў інтэрнэце пару месяцаў таму. Паслухаем словы акцёра, скіраваныя да амерыканскай моладзі, а ўскосна таксама і да нас:

Імя Савел азначае “вялікі”, імя Павел азначае “малы”. Падчас здымкі фільма я заўважыў, што, змяніўшы адну малую літару, можна зрабіцца вялікім у вачах Бога. Але калі мы хочам быць вялікімі, гэта патрабуе ад нас быцця малымі. Такі шлях святых. (…) Некаторыя з нас прынялі фальшывае хрысціянства, дзе ўсё грунтуецца толькі на вясёлых размовах. Там было шмат болю і цярпення. Твая дарога не будзе іншай. Таму вазьмі свой крыж і ідзі ў напрамку сваёй мэты. Я хачу, каб вы выйшлі з гэтага язычніцкага свету. Хачу, каб вы мелі адвагу выйсці да гэтага язычніцкага свету і без сораму, публічна выказалі сваю веру. Свету патрэбны ваяры з гонарам! Такія ваяры, як св. Павел і св. Лука. Ваяры, якія рызыкнуць сваім імем і рэпутацыяй, каб несці веру і любоў усяму свету. Бог заклікае кожнага з нас рабіць вялікія рэчы. Але як часта мы падводзім Бога, адкідаючы гэты заклік як нейкую разумовую абстракцыю. Надышоў час нашаму пакаленню прыняць гэты заклік. (…) але найперш трэба ўзяцца за малітву, навуку і разважанне Святога Пісання. Трэба ўспрымаць святыя сакрамэнты сур’ёзна. Цяпер нашая культура знаходзіцца ва ўпадку. Мы знаходзімся ў небяспецы здзяйснення кепскіх рэчаў. Увесь гэты свет пагружаны ў грэх. А там, у цішыні сэрца, Бог кліча нас. А мы так часта ігнаруем яго. Ігнаруем гэты салодкі заклік. (…) Абыякавасць з’яўляецца найбольшым грахом ХХ стагоддзя. Гэта таксама найцяжэйшы грэх ХХІ стагоддзя. Трэба парваць з гэтай абыякавасцю, з гэтай дэструктыўнай талерантнасцю да зла. Толькі нашая вера ў мудрасць Хрыста можа аздаравіць нас. Але для гэтага нам патрэбныя змагары, гатовыя рызыкнуць сваёй рэпутацыяй, сваім імем, а нават уласным жыццём, каб стаць на бок праўды. Адарвіцеся ад гэтага сапсаванага пакалення. Будзьце святымі. Вы не былі створаныя для таго, каб дастасоўвацца. Вы нарадзіліся для таго, каб адрознівацца. У нашай краіне мы адчуваем шчасце толькі тады, калі робім тое, што іншыя. Сёння ва ўсіх нас ёсць свабодны выбар без увагі на наступствы. Ці сапраўды вы лічыце, што гэта і ёсць сапраўдная свабода? (…) Кожнае пакаленне Амерыкі павінна ведаць, што свабода не заключаецца ў тым, каб рабіць тое, што хочацца. Яна заключаецца ў тым, каб паступаць правільна. Гэта тая свабода, якой вам жадаю. Свабода ад граху, свабода ад слабасці, свабода ад зняволення, якое прыводзіць да граху. Гэта свабода, за якую можна памерці. (…) Усе мы павінны змагацца за сапраўдную свабоду. (…) Кожны памрэ, але не кожны жыве сапраўдным жыццём. Мы мусім жыць з Богам! І з Духам Святым як з нашым шчытом, і з Хрыстом, як з нашым мячом. Далучымся да святога Міхала Арханёла і ўсіх анёлаў, і вышлем Люцыфера і ўсіх ягоных прыслужнікаў назад у пекла, дзе ім і месца.

Услухваючыся ў гэтыя палымяныя словы акцёра, я прыгадваю выказванне кардынала Ратцынгера з крыжовай дарогі ў Калізеі. Гэта было за некалькі дзён да смерці св. Яна Паўла ІІ. Тады пры стацыі VII ён казаў пра хрысціянства, якое “стомлена верай, якое пакінула Пана”, тады як “вялікія ідэалогіі і іх баналізаваная візія чалавека, які ў нічога не верыць, стварылі новае язычніцтва”. Пры стацыі ІХ будучы Папа працягваў: “Пане, Твой Касцёл нагадвае тонучую лодку — лодку, якая набірае ваду з усіх бакоў. Таксама на тваім полі мы бачым больш каласоўніка, чым збожжа. Нас палохае бруд на ўбранні і абліччы Твайго Касцёла. Але гэта мы самі іх забрудзілі”.

Да гэтых словаў вызнання былога Папы можна дадаць словы, якія ён скіраваў у лісце да ўдзельнікаў пахавальнай урачыстасці кардынала Майснера ў Кёльне. Там ён кажа пра Касцёл як пра лодку, якая напоўнілася вадою і ўжо амаль патанула.

Што такога сталася з Касцёлам, Нявестай Ягняці? Дзе тое полымя веры, якое адчуваецца ў словах згаданага акцёра? Дзе гэтыя адданыя прапаведнікі, якія называюць рэчы сваімі імёнамі без запінак і напышлівых слоў? Што зрабілася з Еўропай, якую стваралі мучанікі першых стагоддзяў хрысціянства, пра што нагадаў ва Улацлаўку св. Ян Павел ІІ? А можа, гэта няправільна пастаўленае пытанне? Можа, хутчэй трэба спытацца: “Што мы зрабілі з Еўропай?”, або: “Што мы дазволілі зрабіць з Еўропай?” Без Касцёла не было б Еўропы такой, якой мы яе знаем — або зналі. І не будзе хрысціянскай Еўропы і хрысціянскай Польшчы, калі ў нас усіх зноў не адродзіцца полымя веры, якая кажа быць знакам супраціву, забараняе весці перамовы з моцнымі гэтага свету і апосталамі неаязычніцтва, братацца з імі і прымаць у залах. “Не хадзіце пад адным ярмом з няверуючымі…”, бо “што за згода паміж Хрыстом і Бэліарам?”

З рэлігійнага пункту гледжання, сённяшняя Еўропа нічым не нагадвае ўжо Еўропу эпохі катэдраў, ды і нават Еўропу 50-х гадоў мінулага стагоддзя. Эпоха Асветніцтва, названая так у якасці супрацьпастаўлення эпосе нібыта “цёмнага” Сераднявечча, дала пачатак арганізаваным спробам знішчэння рэлігіі як фактара, які перашкаджае сапраўднай свабодзе чалавека; асабліва гэта датычылася Каталіцкага Касцёла. Чалавек, вызвалены з кайданоў рэлігіі, павінен быў стварыць “новы цудоўны свет”. Гэтыя спробы знішчэння рэлігіі і будавання раю на зямлі раз за разам прымалі гвалтоўны і крывавы характар: дастаткова згадаць хоць бы французскую, кастрычніцкую ці іспанскую рэвалюцыі. Апостальская Сталіца раз за разам выкрывала дзейнасць масонаў, указваючы на іх сапраўдныя мэты і метады, а менавіта на замену аб’яўленай рэлігіі яе натуральнай формай, без догматаў і без Хрыста-Збаўцы. Такую ж дзейнасць праводзілі, уплываючы на вучэнне Касцёла знутры, што наўпрост выкрыла энцыкліка св. Пія Х Pascendi Dominici gregis.

Нягледзячы на ўсё гэта Касцёл змагаўся з варожымі ідэалогіямі і моцна трымаўся дзякуючы як рашучай пазіцыі наступных Папаў і біскупаў, так і ахвярнай працы духоўных і свецкіх каталікоў. Даволі гвалтоўная змена наступіла непасрэдна пасля Сабору і пасля студэнцкага паўстання ў маі 1968 года, якое адбылося сярод моладзі Заходняй Еўропы і паставіла пад пытанне ранейшыя нормы паводзінаў, маральнасць і каштоўнасці, якімі жылі грамадствы Еўропы. Цяпер не час і не месца, каб займацца прычынамі гэтага паўстання, тым, ці было яно спантанным ці падрыхтаваным і спраектаваным. Для нас важна тое, што людзі, выхаваныя на ідэалах таго паўстання, сёння кіруюць Еўропай, а дакладней усёй еўраатлантычнай прасторай. Яны чарговы раз спрабуюць — гэтым разам мірнымі спосабамі — рэалізаваць мару пабудовы раю тут, на зямлі, без Бога, без дэкалогу, без усяго таго, што ў кровазварот Еўропы ўнесла Евангелле і што вырашана радыкальным чынам паставіць пад пытанне. На нашых вачах будуецца звышдзяржава, у аснове якой павінна быць адсутнасць асновы, а дэкалог у якой прапануецца замяніць на свайго роду антыдэкалог, які спрыяе маральнай анархіі і распусце ва ўсіх праявах. Яна стала правам чалавека, вызваленага ад наказаў і норм неіснуючага Бога. Масавая прапаганда парнаграфіі, супрацьзачаткавых сродкаў, свабоды без абмежаванняў і свабоды на ўсё: на аборты, эўтаназію, разводы і нават на змену полу паводле ўласнага жадання — вось сённяшнія галоўныя “дасягненні” еўрапейскай цывілізацыі. Цывілізацыі, якая раптоўна пачала ненавідзець сама сябе: сваю культуру і свае карані. Універсітэцкія кафедры, сродкі камунікацыі, парламенты захапілі прыхільнікі т. зв. “прагрэсу”, што дазволіла і дазваляе ствараць пажаданыя спосабы мыслення і вынікаючыя з іх узоры паводзінаў. Так “выхоўваюцца” грамадствы. На гэта ішлі і ідуць невымоўныя фінансавыя сродкі.

Мэта адна: знішчыць хрысціянства ў цэлым, а каталіцтва ў прыватнасці, а калі Касцёл не ўдасца знішчыць (а можа да канца і не трэба?), то яго належыць перарабіць так, каб ягоны голас быў сугучны з мелодыяй “гэтага свету”. Словам, з цывілізацыі, якая вырасла на хрысціянстве, трэба зрабіць руіны і на іх пабудаваць гэты “новы цудоўны свет”. У гэтым свеце чалавек становіцца ўнікальным гаспадаром уласных выбараў і не мусіць лічыцца з воляй Стварыцеля. Нашаптанае шатанам ў раі “будзеце, як Бог” было прынята людзьмі нашай эпохі як галоўны рэцэпт жыцця. Чалавек сам вырашае пра дабро і зло. Трэба спытацца: а што наконт права Бога на створаны Ім свет? Ці хтосьці лічыць, што раней ці пазней Ён пра гэтае права не нагадае? Галоўнае пытанне гучыць так: ці слушна ўступаць у нейкі дыялог з прыхільнікамі гэтага бяспраўя, якія іграюць пазначанымі картамі і маюць нячыстыя намеры і ясна акрэсленую мэту? Як наконт нашай цноты разважлівасці?

Пытанне, якое мы мусім паставіць перад сабою цяпер, простае: дзе быў тады (і дзе ёсць цяпер) Касцёл і звязаныя з ім сілы? Што зроблена для абароны права і гонару Бога? Ці можам мы казаць пра рашучы супраціў каталіцкай супольнасці, як гэта было ў часы бл. Пія ІХ? На жаль, нічога такога няма. Шмат каталіцкіх асяроддзяў, у тым ліку навучальных устаноў, паддалося гарачцы мая ’68 і трэнду аспрэчвання ўсяго часта толькі дзеля самога аспрэчвання.

Таксама можна было адчуць пераможны ўплыў марксізму на сферу тэалогіі. У другой палове 1960-х гг. Галандыя зрабілася арэнай магутнага дысцыплінарнага замяшання і канфлікту з Апостальскай Сталіцай. Адбылося гэта з-за таго, што выдадзены там насуперак пастановам Апостальскай Сталіцы катэхізіс ставіў пад пытанне шмат асноўных дагматычных праўд. Унутраныя падзелы, адыход ад каталіцкай артадоксіі прывялі да таго, што на працягу жыцця амаль аднаго пакалення ад дынамічнай і актыўнай супольнасці засталіся толькі жаласныя рэшткі. Згаданы дысцыплінарны і дактрынальны хаос прывёў да рэзкага спаду рэлігійнай практыкі, да маральнага замяшання і ў выніку да моцных працэсаў лаіцызацыі. Падобна як і ў суседняй Бельгіі. Але ж гэтыя дзве краіны з адносна невялікім насельніцтвам, калі казаць пра дэмаграфію, нарадзілі прапарцыянальна найбольшую колькасць місіянераў.

А што ў Германіі? Адзін з аўтараў заўважае, што “да пачатку 60-х гадоў Касцёл у Заходняй Германіі паўсюдна прымаўся грамадствам, лічыўся вартым даверу ў маральным і палітычным плане, а таксама быў эфектыўным” (R. Staffin, “Kościele, wypłyń na głębię”, Tarnów 2007, s. 24). З сярэдзіны 60-х гадоў там можна было заўважыць паскарэнне негатыўных працэсаў: удзел у святой Імшы пачаў страчваць значэнне, наступіла аслабленне сувязі з традыцыяй, павялічылася дыстанцыя ад Касцёла, узніклі плюралізм і індывідуалізм у рэлігійных справах, а таксама селектыўнасць веры. Аўтар дадае, што ў іншых краінах Еўропы адбываліся падобныя або нават горшыя рэчы, што прывяло да таго, што Еўропа “становіцца кантынентам пустых касцёлаў” (тамсама). Я кажу пра гэта, каб нагадаць пра тое, што было пачаткам цяперашняга катаклізму. Перастанем казаць пра крызіс: крызіс заўсёды пачынаецца і заканчваецца. Ён можа быць разбуральным і скончыцца паражэннем, але зазвычай крызісы нараджаюць сілы адраджэння. Ніводзін крызіс не цягнецца 50 гадоў.

Сёння сітуацыя не лепшая; хутчэй яна горшая і ўсё пагаршаецца. Найноўшым прыкладам гэтага з’яўляецца рэзкая лаіцызацыя Партугаліі, краіны Фацімы, а таксама Ірландыі, айчыны манахаў, якія евангелізавалі калісьці язычніцкую Еўропу. Сёння грамадствы, якія да нядаўняга часу лічыліся каталіцкімі, сумесна галасуюць за свабодныя аборты, аднаполыя шлюбы, нічога не маюць супраць эўтаназіі і г. д. Веру ў асобаснага Бога вызнае 16,2 % нямецкіх каталікоў, але гэтай “дробяззю” пастыры нямецкага Касцёла, відаць, не пераймаюцца. (Затое яны рыхтуюць добрыя парады для Касцёла ва Усходняй Еўропе. Калі саманадзейнасць і пыху можна назваць добрым таварам на экспарт.) Яны ўсе разам згаджаюцца ўдзяляць Камунію тым, хто жыве ў несакрамэнтальных шлюбах, 2/3 з іх падтрымлівае ўдзяленне святой Камуніі пратэстантам, не патрабуючы такой дробязі, як святая споведзь; намеснік старшыні нямецкай канферэнцыі біскупаў кажа, што прыйшоў час пачаць дыскусію пра благаслаўленне аднаполых адносінаў, і гэта рашуча падтрымлівае Цэнтральны камітэт нямецкіх каталікоў. Вось сапраўдная “вясна” Касцёла! Вернемся ж на зямлю! Мы вядзем дыялог з усімі і пра ўсё і нават не заўважаем, як ён замяняецца, па словах св. Паўла, у “басні”; а тым часам хлопец у Берліне, гледзячы на крыж, пытаецца ў свайго сябра: хто такі гэты INRI і чаму ён вісіць на крыжы! Душы гінуць!!! Ці хтосьці гэтым цікавіцца? Ці кагосьці яшчэ кранае сцэна, калі бульдозер руйнуе неагатычную святыню ў Францыі, дзе за выказванне праўды пра аборты пагражаюць вялізнымі пакараннямі??! Мы да ўсяго прызвычайваемся.

Цяперашняя сітуацыя з’яўляецца балючай драмай, і можна толькі дзівіцца пазіцыі тых, хто яе недаацэньвае або стараецца не заўважаць, а тых, хто толькі згадае пра яе, яны прыніжаюць або ўзнагароджваюць раздражненнем, часам порцыяй зняваг і эпітэтаў ці проста адмахваюцца. Сабе і іншым можна сказаць, што гэта непазбежныя працэсы, што гэта постіндустрыяльнае грамадства, што гэта незваротныя грамадскія працэсы, змена ментальнасці і г. д. Але ці гэта поўны адказ? А можа, мы надта лёгка і надта хутка — хочацца нават сказаць ахвотна — аддалі гэты свет сілам “антыевангелля” і “антыкасцёла”, наконт якога яшчэ ў 1976 годзе перасцерагаў кардынал Вайтыла? Ці хто-кольвечы задумаўся над словамі бл. Паўла VI пра дым шатана, які пранік у Божы Касцёл? Не. Затое знайшлося і знаходзіцца надта шмат тых, з-за каго Касцёл перастае разглядацца як “знак супраціву”, як “соль зямлі” і “святло свету”. Ахвотна і арганізавана быў выказаны супраціў энцыкліцы бл. Паўла VI Humanae vitae. Колькі ж сёння апартунізму, навамовы, мовы гэтага свету і спробаў назваць грэх іначай, размыць яго праз пастаяннае абгрунтаванне і псіхалагізаванне? На жаль, здаецца, што дыктатура рэлятывізму, перад якой так моцна асцерагаў нас Бенедыкт XVI, трыумфуе. Ці так мы хочам уратаваць свет? Гэта пытанне таксама і да нашых сумленняў: як мы паводзім сябе ў нашых канкрэтных асяроддзях, у свеце, у адносінах з бліжнімі? Не трэба чакаць нагоды пайсці на барыкады. Барыкадамі будзе размова за сталом, дзе трэба брата, сястру, бліжняга заклікаць да свядомасці, заахвочваць. І трэба мець адвагу для гэтага, у кожным месцы, у кожным асяроддзі. Асабліва гэта датычыцца тых людзей, якія маюць уплыў на структуры ўлады, медыя. Нельга закрываць сваёй солі — трэба саліць ёю свет. Ці не пачалі мы баяцца свету больш, чым Бога? Ці не запытаецца суровы Суддзя ў пастыраў, дзе падзеўся іхні статак і чаму яны палічылі, што яго не варта збіраць, павялічвацць і абараняць? Вядома, больш прыемна “весці дыялог”, а не абвяшчаць, падтакваць, а не ставіць патрабаванні, усім усміхацца, а не зводзіць бровы там, дзе трэба. Больш прыемна падацца ў свет ілюзій і, арудуючы візіяй “адкрытага Касцёла”, ставіць сябе ў апазіцыі да Касцёла нібыта “закрытага”, замураванага ў самім сабе, фанатычнага і баязлівага, якім быццам бы быў Касцёл папярэдняй эпохі. Калі Касцёл папярэдняй эпохі быў усяго толькі перапужаным караблём, які плыў па бурных хвалях, то чым з’яўляецца Касцёл сённяшні: тонучай лодкай, якая набірае вады, як гэта бачыць Папа Бенедыкт, ці прабіўным фрэгатам, які нясецца па спакойных водах, як таго хочуць прыхільнікі “адкрытага” Касцёла? Прасцей і прыемней склейваць ідэалагізаваныя візіі, чым станавіцца ў праўдзе. А можа, гэта Касцёл нашых часоў стаў баязлівым і дрэсіраваным — у вас не ствараецца такога ўражання? Ці праз “адкрытыя” брамы Касцёла мы вышлі ў свет і пачалі змяняць яго на ўзор Хрыста, ці хутчэй свет заліў нас сваім брудам, які там і тут ахвотна прымаецца?

Не трэба рэфармаваць Касцёл па прыкладзе Лютэра, бо ён гэтага не заслугоўвае! Касцёл. І Лютэр — па розных прычынах. У нас ёсць недасягальныя прыклады рэфарматараў: гэта бядняк з Асізі, гэта, напрыклад, Дамінік Гусман і Ігнацый з Лаёлы. Яны чакаюць сёння сваіх верных паслядоўнікаў, простых і адназначных, а таму і пераканаўчых у сваім сведчанні.

Ну, і пра рэформу Лютэра, калі мы ўжо пра гэта кажам. Так, без гневу, спакойна і з пакорай трэба сказаць, што для каталіка сімвалам Рэфармацыі павінны быць сэр Томас Мор і біскуп Джон Фішэр, а таксама тысячы, сотні тысяч простых людзей, якія ў розных краінах Заходняй Еўропы цярпелі страшны пераслед, кары, невымоўны тэрор за вернасць Рымскаму Касцёлу, за вернасць, даведзеную ажно да мучаніцтва. Гэта яны сёння ходзяць з пальмамі мучаніцтва за Панам. Гэта ім належыць ставіць помнікі перад каталіцкімі катэдрамі. Чую ў Польшчы такія меркаванні, што мы можам многаму навучыцца, узбагаціцца дзякуючы спадчыне адлучаных братоў. А Касцёл навучае, хоць бы у трэцім пункце дэкрэта пра экуменізм, што паўната сродкаў збаўлення знаходзіцца ў Каталіцкім Касцёле. Чым жа нам узбагачацца? Можа, гэта іх трэба ўзбагачаць і заахвочваць? Можа, правільным шляхам з’яўляецца дакумент Бенедыкта XVI Anglicanorum coetibus? Можа, правільная пастава такіх канвертытаў, як кардынал Ньюмэн, і дзясяткаў тысяч іншых канвертытаў з пратэстантызму аж да нашых часоў? Варта над гэтым засяродзіцца.

А нашы рэфарматары, як я згадаў, чакаюць сваіх паслядоўнікаў. Мы не можам стацца імі, але мы можам паспрабаваць быць, як яны. Кожны з іх быў свайго роду рыцарам — абаронцам гонару Бога. У Божай справе рыцар не прызнае кампрамісаў, бо для іх там няма месца. Так — і я паўтару гэта яшчэ раз — трэба вярнуць у Касцёле вобраз Хрыстовага рыцара. Трэба скончыць з дэмаскулінізацыяй Евангелля. Хрыстус Пан не быў пацыфістам! Ён прынёс свету меч! Ён пасварыў сына з бацькам, нявестку са свякрухай, прынёс разлад на глебе адносінаў да самога сябе. Ён жадае поўнага аддання і бескампраміснасці аж да нянавісці з боку свету. Чаму ж тады пахвала з боку свету перастае нас непакоіць? Не азначае ж яна, што свет паяднаўся з Хрыстом. Што ж тады яна азначае?


Кс. д-р Францішак Гамулчак SAC (нар. 1957) — выкладчык гісторыі Касцёла ў семінарыі ордэна палатынаў.
Крыніца: arscelebrandi.pl

Тэкст перакладзены з польскай мовы і апублікаваны з дазволу арганізатараў Ars Celebrandi.

Пакінуць каментар