20.07.2018 / John O'Brien

№92. Цэлебрацыя Імшы: малітва “Unde et memores”🕑 3 хвілін

Гэта першая малітва, якую святар прамаўляе пасля ўзнясення святых постацяў [1]. Ён робіць гэта, развёўшы рукі, як падчас калекты, толькі што, як мы ўжо адзначалі, ён злучае вялікія і ўказальныя пальцы левай і правай рукі. Картузіянцы, дамініканцы і кармеліты прамаўляюць гэтую малітву, выцягнуўшы рукі ў бакі ў форме крыжа. Таксама гэты звычай існуе ў сарумскім абрадзе.

На словы “ахвяру чыстую, ахвяру святую, ахвяру беззаганную, хлеб святы жыцця вечнага і келіх вечнага збаўлення” робіцца пяць асобных знакаў крыжа: тры разы на Гостыяй і келіхам разам і па адным знаку крыжа над імі паасобку. Наконт гэтых знакаў крыжа задаюць шмат цікавых пытанняў. Усе згаджаюцца, што яны не азначаюць благаслаўлення, бо цяпер ані Гостыя, ані келіх благаслаўлення не патрабуюць. Аднак наконт іх дакладнага сэнсу меркаванні разыходзяцца. Большасць літургістаў лічаць, што іх трэба цалкам успрымаць у містычным значэнні, як напамін пра муку нашага Пана. Св. Тамаш кажа, а іншыя за ім паўтараюць, што гэтыя крыжы сімвалізуюць пяць ранаў.

Айцец Лебрэн у сваёй сапраўды цудоўнай працы “Explication des Prières et des Cérémonies de la Messe” (том ІІ, с. 232) прыводзіць найбольш прыгожае тлумачэнне сэнсу гэтых знакаў крыжа: “Калі падчас гэтай малітвы мы робім пяць знакаў крыжа, то першы — на словы “hostiam puram” — паказвае, што тут ляжыць чыстая Ахвяра, якая была прыбіта да крыжа; другі — на словы “hostiam sanctam” — паказвае, што тут ляжыць Ахвяра, якая была прынесена на крыжы; трэці — на словы “hostiam immaculatam” — паказвае, што гэта беззаганная Ахвяра, якая была забіта на крыжы; чацвёрты — на словы “panem sanctum” — паказвае, што перад намі знаходзіцца святы хлеб жыцця, гэта значыць Той, хто сказаў: “Я сапраўдны Хлеб жыцця, які сышоў з нябёсаў і памёр на крыжы, каб даць вам жыццё”; а пяты — на словы “calicem salutis” — паказвае, што Кроў, якая знаходзіцца ў келіху, гэта тая самая Кроў, якая была праліта на крыжы дзеля збаўлення свету”. Словам, знакі крыжа перад кансэкрацыяй або здзяйсняюць благаслаўленне, або сімвалізуюць яго; пасля кансэкрацыі яны паказваюць, што на алтары знаходзіцца Найсвяцейшая Ахвяра, прынесеная на крыжы.

Знакі крыжа пасля кансэкрацыі на Усходзе. — Паколькі многія, нават у Касцёле, лічылі гэтыя знакі крыжа бессэнсоўным і пустым рытуалам, нас вельмі суцяшае, што іх можна знайсці таксама ва ўсходніх літургіях. У літургіі св. Базыля адпаведная рубрыка прадпісвае наступнае: “Дыякaн, пaкaзвaючы aрaром нa святы xлeб: Блaслaвi, oйчa, святы xлeб. Святaр (блaслaўляe): Xлeб гэты сaмім пaчэсным Цeлaм Гoспaдa, Бoгa i Збaвiцeля нaшaгa Iсусa Xрыстa. Дыякaн: Aмiн. Блaслaвi, oйчa, святую чaшу. Сьвятaр (блaслaўляe): Чaшу ж гэтую сaмою пaчэснaй Крывёю Гoспaдa, Бoгa i Збaвiцeля нaшaгa Iсусa Xрыстa”. Затым благаслаўляюцца Гостыя і келіх адначасова, як і ў нас. Адпаведна, інтэрпрэтацыя гэтых знакаў крыжа на Усходзе дакладна супадае з нашай. Мы не жадаем расцягваць гэтую кнігу, дадаючы іншыя прыклады гэтай практыкі; дастаткова сказаць, што яна існуе ва ўсіх усходніх літургіях.


[1] “Таму, Пане, мы, слугі Твае, i Твой люд святы, успамінаючы такую благаслаўлёную муку i з апраметнай уваскрасенне, а таксама хвалебнае ўнебаўшэсце Хрыста, Сына Твайго, Пана нашага, складаем найяснейшай велічы Тваёй з Тваіх дароў i шчадротаў ахвяру чыстую, ахвяру святую, ахвяру беззаганную, хлеб святы жыцця вечнага і келіх вечнага збаўлення”. — Заўв. перакл.


Аўтар: Джон О’Браен (John O’Brien), A. M., прафесар святой Літургіі ў Каледжы Маўнт Сэйнт Мэры (Mount St. Mary’s College), Эмітсбург, Мэрылэнд, ЗША.
Выданне: A History of the Mass and Its Ceremonies in the Eastern and Western Church (15 ed., 1879).
Ілюстрацыя: Joseph Shaw (CC BY-NC-SA).

Пакінуць каментар

Scroll Up