Маральная тэалогія не павінна была стаць тэмай гэтай старонкі. У адрозненне ад дагматычнай тэалогіі, яна з’яўляецца практычным накірункам, а таму ёю павінны займацца святары, якія маюць непасрэднае дачыненне да людскіх душаў.

Разам з тым, наш набор артыкулаў пра апостальскую адгартыцыю Amoris laetitia і становішча разведзеных і паўторна жанатых асобаў быў бы вартым жалю, калі б разглядаў праблему толькі з тэарэтычнага боку або адлюстроўваў толькі негатыўныя прадпісанні: нельга тое, нельга гэтае. Узнікае пытанне: што тады льга?

Прыведзены ніжэй пераклад заснаваны на брашуры а. Дональда Мілера — плённага аўтара сярэдзіны мінулага стагоддзя з супольнасці айцоў-рэдэмптарыстаў.

Гэтая брашура апісвае канкрэтны план дзеянняў для каталікоў, якія мелі няшчасце трапіць у пастку разводу. Робіць яна гэта без падману, простымі і зразумелымі словамі, якіх у сённяшнім пастаральным і “міласэрным” свеце яшчэ трэба пашукаць. Цяжкая праўда ў ёй выкладаецца лагодна, але цвёрда і непахісна. Калі б гэтае апісанне не датычылася нашага Збаўцы, то не было б перабольшваннем сказаць, што а. Мілер навучае, не як кніжнікі і фарысеі ХХІ стагоддзя, а як той, хто мае ўладу. Ва ўсякім выпадку, можна дакладна сцвярджаць, што ён выкарыстоўвае маральную тэалогію на карысць душам і не ганьбіць імя заснавальніка свайго ордэна, св. Альфонса Марыі Лігуоры — вялікага майстра маральнай тэалогіі.

На жаль, тэкст брашуры не захаваўся ў поўным аб’ёме, а яго лёс не вядомы нават асобам з выдавецтва. Аднак нават у частковым выглядзе, гэты тэкст будзе карысны як святарам, так і асобам, якія знаходзяцца ў разводзе. Астатнім каталікам ён дапаможа сфарміраваць правільнае стаўленне да гэтай праблемы.


ПРАГРАМА ДЛЯ РАЗВЕДЗЕНЫХ КАТАЛІКОЎ

А. Дональд Мілер CSsR

Выдавец: Liguorian Pamphlets, 1962
Imprimatur: Сэнт-Луіс, 7 верасня 1962 года; кардынал Джозэф Рытэр, арцыбіскуп Сэнт-Луіса.

ПРАДМОВА

Развод — гэта вялікае зло нашага часу. Трэба прыкласці ўсе намаганні, каб спыніць яго спусташальнае дзеянне ў дачыненні да трываласці сям’і. Гэта не азначае, што разведзеныя асобы, вінаватыя ці невінаватыя, павінны трапляць у духоўнае занядбанне. Яны ўсё яшчэ могуць і павінны ўратаваць свае душы. Каб зрабіць гэта, яны павінны следаваць наступнаму плану.

ПРАГРАМА ДЛЯ РАЗВЕДЗЕНЫХ КАТАЛІКОЎ

Сёння ў Злучаных Штатах вельмі шмат разведзеных каталікоў. Іх становішча цяжкое, таму што многія іншыя каталікі няправільна ставяцца да іх, таму што іншыя асобы часта прапануюць ім грэшныя задавальненні, а перадусім таму, што, імкнучыся весці хрысціянскае жыццё і ратаваць сваю несмяротную душу, яны сустракаюцца з пэўнымі праблемамі. Таму разведзеным асобам трэба мець канкрэтную праграму або план жыцця, які будзе ясна казаць, што ім нельга рабіць, а таксама даваць станоўчыя рэкамендацыі, якія дапамогуць ім як мага прасцей даставаць сваё жыццё да Божай волі. Перад вамі спроба ўкласці такую праграму ці план. Адначасова яна можа дапамагчы іншым каталікам сфарміраваць правільнае стаўленне і практываць сапраўдную любоў да разведзеных сяброў і знаёмых. Разведзеныя каталікі і каталічкі маюць розны лёс. Гэтая праца не датычыцца толькі тых разведзеных асобаў, у якіх няма сур’ёзнай прычыны не вярнуцца да жыцця са сваім законным сужэнцам. Разведзены каталік ці каталічка, якія могуць без празмернай шкоды для цела ці душы вярнуцца да сужэнскага жыцця з тым партнёрам, якога ён ці яна абяцалі перад Богам прыняць у якасці сужэнца да смерці і якіх гэты партнёр згодзіцца зноў прыняць, абавязаны прадпрыняць усе неабходныя крокі для паяднання. Гэта справа абавязку.

Для тых жа, хто моліцца і чакае ласкі паяднання са сваім сужэнцам, гэтая праграма будзе ўключаць тры рэчы: 1) правільнае стаўленне і паводзіны ў адносінах да Бога; 2) правільнае стаўленне да сябе; 3) правільнае стаўленне да іншых людзей.

І. Правільнае стаўленне разведзеных каталікоў да Бога

Ёсць шмат зразумелых і дакладных прынцыпаў, якія апісваюць Божую волю для разведзеных каталікоў, якія жадаюць быць і заставацца ў Ягонай ласцы і сяброўстве. Вось найбольш важныя з іх:

1. Бог жадае, каб разведзеная асоба вярнулася да Ягонай ласкі пры дапамозе добрай споведзі, калі яго ці яе грахі прывялі да разводу або калі ён ці яна зграшылі атрыманнем разводу.

Для сапраўдна жанатага каталіка распачацце працэдуры разводу з партнёрам без дазволу біскупа дыяцэзіі з’яўляецца цяжкім грахом [кан. 1153 ККП 1983 — Заўв. рэд. англ. тэкста]. Таму гэты грэх трэба вызнаць падчас споведзі. Зразумела, разам з ім трэба вызнаць усе тыя грахі, якія прычыніліся да распаду сужэнства. Нават той муж ці тая жонка, якія не ініцыявалі працэдуры разводу, павінны вызнаць усе грахі, якія прычыніліся да аддалення партнёра.

Напрыклад, жонка, якая на працягу пэўнага часу без сур’ёзнай прычыны адмаўлялася выконваць сваё абяцанне ўдзельнічаць у сужэнскім акце, магла не ініцыяваць развод, аднак яна вінаватая ў цяжкіх грахах, якія прычыніліся да разводу. Або муж, які пакінуў сваю жонку і дзяцей галадаць, нічога не зарабляючы або нічога не даючы ім, мог бы сказаць, што ён не хацеў разводу, але ягоныя грахі занядбання напэўна змусілі жонку прадпрыняць пэўныя абаронныя дзеянні. Такія грахі трэба вызнаць і атрымаць Божае прабачэнне праз святарскае разграшэнне.

Трэба ясна падкрэсліць, што разведзеныя асобы не абавязкова выключаныя з карыстання сакрамэнтамі і поўнага жыцця ў Каталіцкім Касцёле. Зразумела, так званая невінаватая асоба ў разводзе, гэта значыць тая асоба, якая старалася выканаць свае сужэнскія абавязкі і імкнулася пазбегнуць разводу, не павінна ўстрымлівацца ад споведзі і прыняцця Камуніі. Нават муж або жонка, якія нанеслі невыпраўную шкоду свайму сужэнству кепскімі паводзінамі і вялікім грахом падачы на развод без дазволу, могуць атрымаць Божае прабачэнне, калі гэтыя асобы сапраўды каюцца, калі яны гатовыя прынесці сатысфакцыю за ўчыненае зло і створаны скандал і калі яны жадаюць удзельнічаць у паяднанні.

2. Божае права сурова забараняе сапраўдна жанатым, але разведзеным каталікам так весці сваё сяброўства, быццам яны свабодныя жаніцца зноў.

Сталае заляцанне можа быць законным толькі ў якасці падрыхтоўкі да сужэнства. Калі чалавек не свабодны жаніцца, сталае заляцанне становіцца сур’ёзнай і неабавязковай нагодай да граху, а таму з’яўляецца цяжкім грахом само па сабе.

Гэта датычыцца як “невінаватага”, так і “вінаватага” боку разводу. Менавіта першы з іх павінен асабліва ясна ўспрымаць гэта як наказ Божай волі.

Менавіта яны, нявінныя ахвяры разводу, найбольш схільныя супраціўляцца Божай волі ў гэтай справе. Яны кажуць: “Я зрабіў усё магчымае, каб маё сужэнства было паспяховым. Мой партнёр аказаўся эгаістам, грэшнікам і не хацеў зносіць цяжкасці сужэнства. Паколькі я быў “невінаваты”, я павінен атрымаць яшчэ адзін шанец на шчаслівае сужэнства”.

Становішча такіх асобаў сапраўды няшчаснае; яны заслугоўваюць вялікага спачування і міласэрнасці. Аднак, сцвярджаючы, што яны маюць права зноў падумаць пра сужэнства, яны забываюцца пра дзве рэчы. Першая — гэта тое, што яны ўзялі сабе сужэнца да смерці, “у шчасці і няшчасці”, гэта значыць яны ўрачыста абяцалі ніколі не думаць пра іншае сужэнства, пакуль жывы іхні партнёр у першым сужэнстве.

Другая рэч, пра якую яны забываюцца, гэта тое, што трываласць сужэнства і бяспека дамашняга ачага патрабуюць таго, каб хрысціянам ніколі не дазвалялася заключаць другое сужэнства пасля разводу — нават тым, хто можа назваць сябе ні ў чым не вінаватым адносна свайго першага сужэнства.

Калі б “невінаватасць” стала абыходным шляхам для заключэння другога сужэнства пасля разводу, колькасць пакрыўджаных і “невінаватых” мужоў і жонак вырасла б да нябёс. Менавіта таму Хрыстус выказаўся наконт гэтага цвёрда і канчаткова: спроба заключыць сужэнства пасля разводу сапраўднага, хрысціянскага, сакрамэнтальнага, завершанага сужэнства з’яўляецца чужалоствам.

І менавіта таму трывалае заляцанне для разведзенай асобы, як “не вінаватай”, так і “вінаватай” у працэдуры разводу, з’яўляецца смяротным грахом. Адсюль таксама вынікае, што смяротным грахом будзе заляцанне адзінокага чалавека да разведзенага хрысціяніна.

3. Несумненнай Божай воляй з’яўляецца тое, каб разведзеныя асобы збудавалі асабліва палымянае духоўнае жыццё, каб перамагчы небяспеку і спакусы, якія будуць іх атакаваць.

Незалежна ад таго, наколькі маладымі з’яўляюцца разведзеныя мужчына ці жанчына, незалежна ад таго, наколькі няўцешным і складаным можа выдавацца доўгі бег будучыні ў тых абмежавальных абставінах, у якіх знаходзіцца разведзеная асоба, Бог падрыхтаваў для іх багацце ласкі, дзякуючы якой цнатлівае жыццё для такой асобы стане магчымым і нават лёгкім. Аднак да гэтай ласкі трэба імкнуцца, прычым імкнуцца са стараннасцю, сувымернай патрэбам душы.

Таму разведзеным асобам варта прыступаць да споведзі прынамсі кожныя некалькі тыдняў, каб пастаянна правяраць, ці выконваюць яны суровыя Божыя загады. Ім варта часта прымаць Камунію, нават штодзённа, калі гэта магчыма, і разумець, што гэты сакрамэнт будзе тым сродкам, дзякуючы якому яны будуць узрастаць у любові да Бога і стрымаюцца перад усімі спакусамі грэшнага кахання. Таксама яны павінны прыняць цвёрды распарадак штодзённай маілтвы і духоўнага чытання, каб развіць у сабе сапраўднае ўнутранае жыццё — такое жыццё, якое дазволіць ім пастаянна развівацца ў свядомым саюзе з Богам.

ІІ. Правільнае стаўленне разведзеных асобаў да саміх сябе

У стаўленні да свайго становішча разведзеныя асобы могуць дапусціць тры небяспечныя, калі не фатальныя, памылкі. Правільнае стаўленне да саміх сябе заключаецца ў пастаянным усведамленні гэтых памылак і абароне ад іх.

1. Найвялікшая небяспека, пра якую павінны памятаць разведзеныя людзі, гэта тое, што яны могуць паддацца самашкадаванню.

Самашкадаванне можа зрабіцца звычкай і пастаянным станам розуму. Гэта той стан, у якім асоба настолькі пастаянна ўсведамляе свае няўдачы, што становіцца ярмом для самой сябе, клопатам для сям’і і сяброў, а таксама знаходзіцца ў пастаяннай небяспецы бунту і блюзнерства супраць Бога.

Разведзеныя асобы, ці прызнаюць яны сваю віну ў давядзенні да разводу, ці заяўляюць — справядліва ці несправядліва — пра сваю поўную невінаватасць, пацярпелі вялікую няўдачу. Але развод не быў найбольшай ці апошняй няўдачай у іхнім жыцці. Ніхто не быў створаны толькі для таго, каб жыць у шчаслівым сужэнстве. Мужчыны і жанчыны былі створаны для здабыцця шчасця ў небе, а гэтая мэта дасягальная нават пасля разводу. Самашкадаванне — гэта адзін з самых надзейных шляхоў да таго, каб паставіць пад пагрозу сапраўдную мэту свайго жыцця.

Насамрэч шмат у чым гэтае самашкадаванне, у якое разведзеныя людзі маюць спакусу трапіць, абумоўлена язычніцкім і секулярысцкім поглядам на свет.

Язычнікі заключаюць тры, чатыры, пяць шлюбаў, шукаючы той, які будзе абсалютна шчаслівым. Яны змушаюць разведзенага каталіка адчуваць, што ягоная рэлігія падманула яго, не дазволіўшы зноў і зноў спрабаваць шукаць шчаслівае сужэнства. Гледзячы на сваіх суседзяў, ён падманваецца і забываецца, што ягонае шчасце павінна знаходзіцца ў Богу, а не ў чалавеку. Пакуль ён не зразумее гэтую праўду, ён застанецца няшчаснай ахвярай самашкадавання. Зразумела, чым больш невінаватай асоба была ў абставінах, якія прывялі да разводу, тым больш гэтая асоба павінна супрацьстаяць перабольшанаму і нерэалістычнаму пачуццю віны.

III. Правільнае стаўленне разведзеных асобаў да іншых

Разведзеным асобам варта бачыць у сваім становішчы нагоду для здзяйснення вялікага дабра для іншых незалежна ад таго, колькі шкоды яны маглі нанесці сваім кепскім прыкладам у мінулым. У гэтай сітуацыі ім варта асабліва імкнуцца да трох рэчаў.

1. Разведзеным асобам варта сваім добрым прыкладам ахвотна паказваць іншым моц Божай ласкі, якая даецца ва ўсялякіх надзвычайных абставінах жыцця.

Бог жадае, каб усе людзі ўратавалі свае душы. Ягоны Провід, як здаецца, дае некаторым большыя выпрабаванні, цяжэйшы жыццёвы лёс, чым іншым. Асобам спакушаным, знеахвочаным, роспачным заўсёды дапамагае добры прыклад тых, хто мае цяжэйшае заданне, чым яны самі. Несумненна, разведзеныя каталікі сустракаюцца з асаблівымі цяжкасцямі і спакусамі. Калі яны застануцца вернымі Богу, іхні прыклад будзе мець невымоўную каштоўнасць для іншых.

Гэта датычыцца ўсіх разведзеных асобаў, у тым ліку тых, якія былі як найбольш вінаватыя і павінны прынесці найбольшую адплату за руйнаванне свайго дому. Калі яны здзейснілі добрую споведзь і атрымалі прабачэнне, іхняя вытрымка павінна чэрпаць натхненне ў тым, што прыклад іхняга навяртання заахвоціць многіх тых, хто вагаецца ў сваёй адданасці Богу.

2. Разведзеныя асобы павінны абараняць неразрыўнасць сужэнства, аказваючы супраціў усім прапановам завесці сяброўства з мэтай заляцання і аспрэчваючы меркаванне тых каталікоў, якія робяць такія прапановы.

Замест таго, каб скардзіцца, што ім цяжка ўстрымацца ад заляцанняў і думак пра новае сужэнства, разведзеныя каталікі, якія не змаглі зрабіць сваё сужэнства тым пастаянным саюзам, якім яго задумаў Бог, павінны лічыць сваім абавязкам даказваць іншым, што яны ўсё яшчэ вераць у неразрыўнасць сужэнства і грэшнасць спробы заключыць сужэнства пасля разводу. У іх будзе шмат нагодаў для гэтага.

Ім будуць сустракацца слабыя і недастойныя каталікі, якія будуць прапаноўваць ім завесці сяброўствы з мэтай пастаянна сустракацца і нават паспрабуюць падбіраць для іх спадарожнікаў. Яны павінны яснымі словамі растлумачыць такім фальшывым сябрам, што яны не могуць зноў ажаніцца сапраўдным чынам, пакуль іхні разведзены партнёр жывы, і што, адпаведна, яны не могуць заводзіць такія сяброўствы. Яны могуць дадаць, што кожны каталік, які прапануе, каб яны завялі такія сяброўствы, вінаваты ў цяжкім граху скандалу.

Акрамя таго, яны сустрэнуць людзей, якія будуць цягнуцца да іх і якія словамі і ўчынкамі будуць дэманстраваць ахвоту пачаць пастаянна сустракацца з імі. Гэтым таксама трэба адразу сказаць, што гэтае пытанне нават не разглядаецца, бо гэтага немагчыма зрабіць без страты Божай ласкі.

Такая шчырая лінія паводзінаў і дзеянняў выправіць усялякі скандал, які разведзеныя асобы маглі стварыць разрывам свайго першага сужэнства.

3. Разведзеным асобам варта выкарыстоўваць свой нешчаслівы досвед, каб несці параду і дапамогу іншым: маладым людзям, якія рыхтуюцца да сужэнства, і тым, хто ўжо жанаты і сустракаецца з праблемамі і спакусамі.

Мудрасць часта здабываецца праз памылкі і нават грахі. Разведзеным асобам варта выкарыстоўваць сваю мудрасць, набытую памылкамі ці грахамі, каб папярэджваць іншых перад тымі ж памылкамі і грахамі.

Магчыма, іхні развод быў выкліканы паспешлівым і неразважлівым заключэннем сужэнства. Іхняя парада можа вельмі спатрэбіцца маладым людзям, якія знаходзяцца ў небяспецы здзяйснення той жа памылкі.

Альбо, магчыма, першая расколіна ў цвярдыні іхняга сужэнства з’явілася ў выніку злоўжывання алкаголем, некантраляванага гневу ці эгаізму ў адной з сотні яго формаў. Яны могуць убачыць, як тыя ж самыя расколіны фарміруюцца ў сужэнствах іх сяброў, і стрымаць іх пры дапамозе сяброўскіх папярэджанняў пра тое, наколькі страшныя наступствы паследуюць за такімі пачаткамі.

Такім чынам, разведзеныя каталікі могуць прынесці вялікую карысць сваім сябрам і сцерці тое зло, якое было нанесена свету іхнім уласным кепскім прыкладам.

IV. Небяспека, з якой сустрэнуцца разведзеныя людзі

2. Другая небяспека, з якой сустрэнуцца разведзеныя асобы, гэта небяспека бяздзейнасці.

Бяздзейнасць, як кажа натхнёнае Пісанне, з’яўляецца небяспечным для кожнага, але асабліва для разведзеных асобаў, якія павінны сцерагчыся самашкадавання, пра якое сказана вышэй (і якому заўсёды спрыяе бяздзейнасць), кепскіх кампаній, заляцання да кагосьці, добрага ці кепскага.

Пад бяздзейнасцю трэба разумець не толькі сядзенне без справы, але і занятасць бескарыснымі справамі. Разведзеная асоба, якая праводзіць шмат часу ў тавернах, пітных установах, на забаўляльных мерапрыемствах, не толькі страчвае час, але і стварае нагоды для спакусаў, перад якімі не ўстрымаецца ніводная разведзеная асоба з сотні.

Разведзены каталік, які жадае заставацца ў сяброўстве з Богам, павінен пазбягаць бяздзейнасці, канцэнтруючыся: 1) на працы; 2) нявінным хобі; 3) нейкай духоўнай ці рэлігійнай дзейнасці.

Такой працай можа быць выхоўванне дзяцей. Разведзенай жонцы, якой суд даручыў дзіця ці некалькіх дзяцей, пашчасціла асабліва. Яна можа прысвяціць сябе ўдзячнай працы выхавання дзяцей. Аднак усе разведзеныя асобы незалежна ад свайго дастатку, калі яны не выхоўваюць дзяцей, павінны знайсці працу і старанна працаваць на ёй.

У якасці хобі можна займацца ўсім, што запоўніць свабодныя гадзіны цікавасцю і задавальненнем, напрыклад калекцыянаваннем марак, маляваннем, музыкай, пісаннем кніг, турызмам, садаводствам і інш. Добрае хобі будзе бясцэнным сябрам.

Духоўнай ці рэлігійнай дзейнасцю можа быць выкладанне катэхізіса, актыўны ўдзел у Легіёне Марыі, Супольнасці св. Вінцэнта дэ Поля або ў парафіяльных адукацыйных занятках. Кожнай разведзенай асобе, якая пасля разводу не страціла Божай ласкі або вярнулася да яе, варта прапанаваць пробашчу сваю паслугу ў той духоўнай ці рэлігійнай працы, якую неабходна зрабіць.

3. Трэцяй небяспекай для разведзеных каталікоў з’яўляецца перабольшанае і неабгрунтаванае пачуццё віны.

Наўрад ці разведзеныя асобы могуць не мець пэўнага пачуцця няўдачы, а таксама адчування таго, “невінаватым” ці “вінаватым” бокам у давядзенні да разводу яны з’яўляюцца. Сужэнства, якое яны абяцалі і планавалі зрабіць сваёй пажыццёвай кар’ерай, разбілася на кавалкі. Хто б ні быў больш вінаватым у гэтым, гэта няўдача для абаіх.

Пакорнае прыняцце гэтага факту няўдачы абсалютна адрозніваецца ад таго, каб дазволіць сабе пастаянна знаходзіцца пад ярмом перабольшанага пачуцця віны. Апошняе прыводзіць да таго, што некаторыя разведзеныя каталікі адчуваюць сябе выкінутымі з каталіцкай супольнасці або дзейнасці Касцёла.

Усе людзі маюць прычыны адчуваць віну, таму што ўсе з’яўляюцца грэшнікамі. Аднак калі чыесьці грахі і памылкі вядомыя іншым, існуе схільнасць даць пачуццю віны надта вялікую свабоду. Пачуццё віны за грахі, вядомыя і не вядомыя іншым, павінна натхняць на пастаянны жаль за гэтыя грахі і на ахвоту чыніць пакуту за іх да смерці.

Але Хрыстус заснаваў сакрамэнт пакаяння як сродак гарантавання грэшніку свайго прабачэння і, адпаведна, устанаўлення спакою ў душы. Як толькі разведзеная асоба здзейсніла добрую споведзь, яна павінна трымацца ўпэўненасці ў гэтым прабачэнні і ахвяраваць цяжкасці свайго лёсу ў якасці сатысфакцыі за ўчыненае зло.

Ілюстрацыя: Giuseppe Antonio Lomuscio (CC BY-SA).

Пакінуць каментар