На Усходзе няма ўзнясення святых постацяў адразу пасля кансэкрацыі, як у нас: яно ёсць толькі перад Камуніяй. Калі гэты ўрачысты момант надыходзіць, дыякан паварочваецца да людзей і гучным голасам усклікае: “Будзьма ўважлівыя!” У некаторых месцах гэты заклік фармулююць па-іншаму: “Станем са страхам Божым”. Пасля закліку наступае ўзнясенне, якое ўсе Усходнія Касцёлы выконваюць так, як і мы, з той толькі розніцай, што ў іх супольнасцях прысутныя не захоўваюць цішыню ў гэты момант.

Калі святар уздымае святую Гостыю, ён усклікае: “Hagia hagiois” — “Святыя рэчы для святыx”, на што людзі, або хутчэй хор, адказваюць: “Aдзiн святы, aдзiн Гoспaд Iсус Xрыстoс нa слaву Бoгa Aйцa. Aмiн”.

У сірыйскай літургіі св. Якуба, якой трымаюцца якабіты, святар усклікае: “Святыя рэчы дадзены святым асобам у дасканаласці, чысціні і святасці”, на што людзі адказваюць: “Адзін Святы Айцец, адзін Святы Сын, адзін Святы Дух; няхай благаслаўлёнае будзе імя Пана, бо Ён адзіны на небе і на зямлі; няхай будзе Яму слава навекі”.

У маранітаў святар, уздымаючы святую Гостыю, усклікае: “Святыя рэчы дадзены святым асобам у дасканаласці, чысціні і святасці”, на што людзі адказваюць: “Адзін Святы Айцец, адзін Святы Сын, адзін Святы Дух; хвала Айцу і Сыну, і Духу Святому”. Узнімаючы келіх, святар у тым жа абрадзе кажа: “Таму, о Пане, сапраўды мы ў праўдзе верым у Цябе, як верыць у Цябе Святы Каталіцкі Касцёл, што Ты адзін Святы Айцец, Якому належыць хвала, амэн; адзін Святы Сын, Якому належыць хвала, амэн; адзін Святы Дух, Якому належыць хвала і падзяка навекі, амэн”. Мараніты ўздымаюць святыя постаці так жа, як і ўсе Усходнія Касцёлы, — перад Камуніяй.

У некаторых Усходніх Касцёлах святар перад узнясеннем паварочваецца да людзей і тройчы благаслаўляе іх, а пасля ўзнясення пераходзіць са святой Гостыяй да цэнтра алтара, як мы робім гэта пры ўдзяленні благаслаўлення Найсвяцейшым Сакрамэнтам. Гэта асабліва часта сустракаецца ў Сірыі (Renaudot, Liturg. Orient., ІІ, с. 114).

Словы “адзін Святы Айцец, адзін Святы Сын, адзін Святы Дух”, якія сустракаюцца амаль ва ўсіх усходніх літургіях без выключэння, выкарыстоўваюцца ў якасці вызнання веры ў Найсвяцейшую Тройцу. Копты ў гэтым месцы робяць вызнанне веры ў Рэальную Прысутнасць, якое мы з-за яго вялікай прыгажосці прывядзем даслоўна: “Я веру, я веру, я веру і вызнаю да апошняга ўздыху майго жыцця, што гэта сапраўднае жыццядайнае Цела Твайго Адзінароднага Сына, нашага Пана, Бога і Збаўцы Езуса Хрыста; Ён прыняў яго ад Найсвяцейшай Уладаркі ўсіх нас, Багародзіцы і заўсёды Дзевы Марыі”.

Таксама на Усходзе, як і ў многіх нашых супольнасцях, ёсць звычай падчас узнясення Гостыі біць сябе рукою ў грудзі. У адной з копцкіх версій літургіі св. Базыля існуе рубрыка пра гэта: “Тады святар бярэ святое Цела ў свае рукі і ўздымае яго так высока, як толькі можа выцягнуць рукі, і са схіленай галавой на ўвесь голас кажа: “Святыя рэчы для святых!”. Усе людзі схіляюць свае галовы, ушаноўваючы свайго Пана ў страху і трымценні і просяць са слязьмі, у шчырасці, б’ючы сябе ў грудзі, прабачэння сваіх грахоў і ўмацавання ў праўдзівай веры да апошняга ўздыху ў жыцці” (Renaudot, І, с. 245). У нядзелі рубрыка заклікае да простага ўкленчвання, але ў буднія дні копты схіляюць свае галовы да зямлі.

Ускліканні падчас узнясення адрозніваюцца ў залежнасці ад месца і павінны нагадваць усходнім хрысціянам вокліч добрага злачынцы, які вісеў на крыжы побач з Панам. Шмат дзе ёсць традыцыя ўсклікаць: “Божа, будзь літасцівы да мяне, грэшнага!” Часам выкарыстоўваюцца самі словы добрага злачынцы, а менавіта: “Пане, успомні мяне, калі прыйдзеш у сваё валадарства” (ibid., І, с. 246).

Таксама на Усходзе, як кажуць некаторыя аўтары, падчас кансэкрацыі выкарыстоўваюцца званы. Ніл асаблівым чынам адзначае, што гэтая практыка шырока распаўсюджана сярод эфіопаў і сірыйцаў (Hist. of the Holy Eastern Church, І, с. 517).

Усходнія хрысціяне амаль нічога не кажуць пра ўзнясенне келіха, і гэта з той прычыны, што для іх узнясенне келіха і ўзнясенне Гостыі — гэта адно і тое ж. Аднак у літургіях узнясенне келіха мы сустракаем. Напрыклад, у літургіі св. Сікста келіх узносяць з такімі словамі: “Пане, мы верым, мы сапраўды верым, як верыць Твой Святы Каталіцкі Касцёл, што ёсць адзін Святы Айцец, адзін Святы Сын, адзін Святы Дух; хвала Айцу і Сыну, і Духу Святому, адзінаму Богу на вякі вечныя”. Амаль тое самае прамаўляюць пры ўзнясенні келіха мараніты.

Мы ўжо сказалі пра тое, што на Усходзе словы кансэкрацыі прамаўляюць гучна. Аднак гэта не трэба разумець так, быццам астатняя частка Імшы ў іх таксама прамаўляецца гучна. Усходнія святары кажуць вельмі шмат малітваў ціха, як і нашыя святары, і пераходзяць на голасны спеў толькі тады, калі людзям трэба далучыцца і адказаць на малітву. У літургіях Усходу няма нічога больш супольнага, чым заклік “У страху і цішыні станем і памолімся”.


Аўтар: Джон О’Браен (John O’Brien), A. M., прафесар святой Літургіі ў Каледжы Маўнт Сэйнт Мэры (Mount St. Mary’s College), Эмітсбург, Мэрылэнд, ЗША.
Выданне: A History of the Mass and Its Ceremonies in the Eastern and Western Church (15 ed., 1879).
Ілюстрацыя: Velopilger (PD).

Пакінуць каментар