13.07.2018 / John O'Brien

№90. Цэлебрацыя Імшы: кансэкрацыя на Усходзе🕑 3 хвілін

У прадмове мы казалі пра тое, што там, дзе існуе сапраўднае святарскае пасвячэнне, моц кансэкрацыі мае месца нават пры наяўнасці схізмы ці ерасі. Адпаведна, усе Усходнія Касцёлы маюць сапраўдную ахвяру Імшы і настолькі ж Рэальную Прысутнасць нашага Пана ў Эўхарыстыі, як і мы.

На дзіва, амаль усе ўсходнія літургіі ў формуле кансэкрацыі згадваюць змешванне віна з вадой. Літургія св. Грыгорыя з александрыйскай сям’і кажа: “Ты ўзяў келіх і змяшаў у ім плод віна і ваду”. Сіра-якабіцкая літургія святога Маруты кажа: “Падобным чынам Ён узяў таксама віно і, змяшаўшы яго ў адпаведнай прапорцыі з вадою…” Аналагічныя словы прыводзяць і іншыя літургіі.

На ўсім Усходзе святары прамаўляюць словы кансэкрацыі гучна, а людзі адказваюць “Амэн” пасля кожнай фразы апавядальнага характару. У літургіі св. Базыля [копцкі варыянт] гэта выглядае наступным чынам:

Святар: Ён благаславіў яго.
Народ: Амэн.
Святар: Ён асвяціў яго.
Народ: Амэн.
Святар: Ён паламаў яго і даў яго сваім святым вучням…

Таксама трэба заўважыць, што амаль усе ўсходнія літургіі згадваюць, што наш Пан прыняў Камунію разам са сваімі вучнямі.

У эфіопскай літургіі, якая называецца літургіяй св. Атаназія, святыя словы кансэкрацыі гучаць наступным чынам: “Гэты хлеб — гэта Цела Маё, ад якога няма адлучэння”; а для келіха: “Гэты келіх — гэта Кроў Мая, ад якой няма аддзялення. Кожны раз, калі ясце гэты Хлеб і п’яце з гэтага Келіха, абвяшчайце Маю смерць і Маё ўваскрасенне і вызнавайце Маё ўзнясенне на неба і Маё вяртанне ў славе, пакуль вы чакаеце”.

Армянская формула гучыць так: “Узяўшы хлеб у свае святыя, боскія, беззаганныя і дастойныя рукі, Ён благаславіў і падаў яго сваім святым, выбраным і блізкім вучням, кажучы: Гэта ёсць Цела Маё, якое за вас і за многіх выдаецца дзеля адпушчэння і прабачэння грахоў”. Кансэкрацыя келіха здзяйсняецца амаль такімі ж словамі.

У літургіі св. Базыля аповед ідзе наступным чынам: “У нoч, кaлi Ён aддaў Сябe зa жыццё свeту, Ён узяў xлeб у свae святыя i бязвiнныя рукi i, axвярaвaўшы ягo Taбe, Бoгу i Aйцу, aддaўшы пaдзяку, пaблaслaвiўшы, aсвяцiўшы i рaзлaмaўшы ягo, дaў святым свaiм вучням i aпoстaлaм, кaжучы: Бярыце, ешце, гэта Цела Маё, што за вас ломіцца для адпушчэння грахоў”. Кансэкрацыя келіха: “У пaдoбны спoсaб, узяўшы чaшу плoду вiнaгрaднaгa, змяшaўшы, aддaўшы пaдзяку, пaблaслaвiўшы i aсвяцiўшы яe, дaў святым свaiм вучням i aпoстaлaм, кaжучы: Піце з яе ўсе, гэта Кроў Мая Новага Запавету, што за вас і за многіх праліваецца для адпушчэння грахоў”.

У копцкай літургіі св. Кірыла формула кансэкрацыі гучыць так: “Ён узяў хлеб у свае святыя, беззаганныя, чыстыя, благаслаўлёныя і жыватворчыя рукі, падняў вочы да неба, да Цябе, свайго Бога і Айца, Пана ўсяго, падзякаваў, благаславіў і асвяціў яго, паламаў і даў сваім святым вучням і чыстым апосталам, кажучы: Бярыце, ешце з гэтага ўсе, бо гэта ёсць Цела Маё, якое за вас будзе паламана і за многіх будзе выдадзена дзеля адпушчэння грахоў”. У літургіі св. Якуба формула амаль даслоўна такая ж. Формула ў літургіі св. Яна Хрызастома амаль ні ў чым не адрозніваецца ад нашай, таму мы не лічым патрэбным прыводзіць яе тут.


Аўтар: Джон О’Браен (John O’Brien), A. M., прафесар святой Літургіі ў Каледжы Маўнт Сэйнт Мэры (Mount St. Mary’s College), Эмітсбург, Мэрылэнд, ЗША.
Выданне: A History of the Mass and Its Ceremonies in the Eastern and Western Church (15 ed., 1879).
Ілюстрацыя: Свято-Троицкий собор (PD).

Пакінуць каментар

Scroll Up