Праца па ацэнцы літургічнай рэформы і выпраўленні або адкіданні яе памылак часткова заключаецца ў тым, каб як мага шырэй даводзіць да свядомасці іншых тыя шкоду і разбурэнне, якія напаткалі неразрыўную літургічную традыцыю Каталіцкага Касцёла. Са свайго досведу магу сказаць, што сёння вельмі шмат каталікоў проста не ўсведамляе, колькі гвалту было здзейснена над літургіяй у 1960-я і 1970-я гады, і што калі яны даведваюцца пра гэта, яна справядліва і дарэчы абураюцца, напаўняюцца справядлівым гневам і шукаюць шляхі яднання з вялікай традыцыяй, якая была і з’яўляецца нашай, каталіцкай па праву.

Важным прыкладам такой шкоды з’яўляецца пропуск шматлікіх псальмаў і асобных іх вершаў у Літургіі гадзінаў, якая была выдадзена ў 1970 годзе і замяніла сабою Рымскі Брэвіярый. Гэты факт добра вядомы навукоўцам, аднак у публічнай сферы ён атрымаў мала ўвагі. У дадатак да не бачанай дагэтуль інавацыі, калі псалтыр прачытваецца за чатыры тыдні, а не за адзін, была ўведзена настолькі ж беспрэцэдэнтная інавацыя, калі ў Літургіі гадзінаў былі прапушчаны вершы, якія разглядаліся як “складаныя” або праблематычныя для сучасных хрысціянаў.

Тры псальмы (57/58, 82/83 і 108/109 [*]) былі выкінуты са старонак Літургіі гадзінаў цалкам (знайдзіце магчымасць прачытаць іх), а выкарыстанне яшчэ трох іншых (77/78, 104/105, 105/106) было абмежавана да Адвэнту, перыяду Божага Нараджэння, Вялікага посту і Велікоднага перыяду. Наступныя вершы былі прапушчаны ў іншых псальмах [**]:

  • Псальм 5: 11 Асудзі іх, Божа; хай прападуць ад задум сваіх; дзеля мноства злачынстваў іх выгані іх, бо яны ўгнявілі Цябе, Госпадзе.
  • Псальм 20/21: 9 Хай дасягне рука Твая ўсіх непрыяцеляў Тваіх, хай дасягне правіца Твая ўсіх ненавіснікаў Тваіх. 10 Памясці іх нібы ў печ вогненную ў час з’яўлення Твайго: 11 выгубі патомства іх з зямлі і семя іх з ліку сыноў чалавечых. 12 Бо яны задумалі супраць Цябе ліхое, учынілі нараду, — але яны не змогуць нічога. 13 Ты павернеш іх назад, накіруеш лук Твой у іх твар.
  • Псальм 27/28: 4 Дай ім паводле спраў іх і паводле нягоднасці вымыслаў іх. Паводле справы рук іх адплаці ім, аддай ім адплату іх. 5 Паколькі не разумеюць яны спраў Госпада і справу рук Яго, зруйнуй іх і не аднаўляй.
  • Псальм 30/31: 18 Госпадзе, не дай сумецца мне, бо я клічу Цябе; хай асаромяцца бязбожнікі, хай яны ў пекла сыдуць. 19 Хай занямеюць вусны ілжывыя, якія нягодныя рэчы гавораць з пыхаю і пагардай супраць справядлівага.
  • Псальм 34/35: 3 Выцягні абсечны меч і сякіру супраць тых, што чыняць мне пераслед. 4 Хай пасаромяцца і збянтэжацца тыя, што шукаюць душу маю. Хай адступяцца назад і пасаромяцца тыя, што задумваюць ліха на мяне. 5 Хай будуць яны, як попел на ветры, і Анёл Божы, які праганяе іх. 6 Хай дарога іх будзе цемрай і слізгатой, і Анёл Божы, які чыніць ім пераслед. 7 Без прычыны бо нацягнулі яны на мяне сетку сваю, без прычыны выкапалі воўчую яму супраць душы маёй. 8 Хай на яго прыйдзе загуба, пра якую ён не ведае, і сіло, што ён схаваў, хай захопіць яго, і ў тую самую загубу хай ён уваліцца. (…) 20 Бо не міралюбна размаўлялі яны і супраць пакорлівых на зямлі яны ліхое задумваюць. 21 І супраць мяне разявілі раты свае, кажучы: “Добра! Добра! Бачылі вочы нашы!” (…) 24 Судзі мяне па Сваёй справядлівасці, Госпадзе, Божа мой, хай не пацяшаюцца з мяне. 25 Хай не думаюць у сваіх сэрцах: “Ага! Гэтага і хацелі мы!” Хай не кажуць: “Добра, [гэта] нам па душы”, хай не кажуць: “Праглынулі мы яго!” 26 Хай пачырванеюць і збянтэжацца ўсе разам тыя, што цешацца з няшчасцяў маіх. Хай апрануцца ў сорам і ганьбу тыя, што шмат нагаворваюць на мяне.
  • Псальм 39/40: 15 Хай пасаромяцца і збянтэжацца ўсе тыя, хто шукаюць душу маю, каб забраць яе. Хай павернуцца назад і хай пачырванеюць тыя, што жадаюць мне ліха. 16 Хай аслупянеюць ад сораму свайго тыя, што кажуць мне: “Добра, добра!”
  • Псальм 53/54: 7 Павярні ліха на непрыяцеляў маіх і ў праўдзе Тваёй павынішчай іх.
  • Псальм 54/55: 16 Хай сыдзе на іх смерць, хай жывымі сыдуць яны ў пекла, бо злачынства [пануе] у дамах іх, паміж імі.
  • Псальм 55/56: 7b Так, як шукалі яны душу маю, 8 так аддай ім за несправядлівасць, выгубі ў гневе народы, Божа.
  • Псальм 58/59: 6 І Ты, Госпадзе Божа магуццяў, Бог Ізраэля, абудзіся, каб наведаць усе народы; не будзь літасцівы да ўсіх, што ўчыняюць па-здрадніцку. 7 Яны вяртаюцца ўвечары, і брэшуць, як сабакі, і абягаюць наўкол горад. 8 Вось, яны выпусцяць голас з вуснаў сваіх, і меч — у вуснах іх: “Хто, — маўляў, — нас пачуе?” 9 Але Ты, Госпадзе, пасмяешся з іх; учыніш ганьбу ўсім народам. (…) 12 Не забівай іх, каб ніколі не забыўся народ мой; расцерушы іх магуццем Тваім і зруйнуй іх, Госпадзе, абаронца мой! 13 Грэх вуснаў іх — слова саміх вуснаў, няхай заблытаюцца яны ў пыхлівасці сваёй. З-за праклёну і хлусні, якія прамаўляюць яны 14 вынішчы іх у гневе, вынішчы, і не будзе іх; і хай ведаюць, што Бог будзе валадарыць над Якубам да ўскрайкаў зямлі. 15 Яны вяртаюцца ўвечары, і брэшуць, як сабакі, і абягаюць наўкол горад. 16 Бадзяюцца яны ў пошуках нажывы; калі ж яны не насыцяцца, дык выюць.
  • Псальм 62/63: 10 А тыя, што будуць шукаць пагібелі для душы маёй, сыдуць у апраметныя зямлі, 11 хай загінуць яны ад мяча, пажывай лісаў будуць. 12 А цар узвесяліцца ў Богу; праслаўлены будуць усе, хто прысягнуў Яму, бо закрыліся вусны тых, хто прамаўляе несправядліва.
  • Псальм 68/69: 23 Хай стол іх станецца ім сілом, і адплатаю, і згаршэннем. 24 Хай вочы іх зацемрацца, каб не бачылі, і сцёгны іх абнясіль назаўсёды. 25 Вылій на іх гнеў Твой, і лютасць гневу Твайго хай ахопіць іх. 26 Хай будзе пустым іх панадворак, і ў палатках іх не будзе таго, хто б жыў у іх. 27 Бо таму, каго Ты пакараў, яны пераслед чынілі і павялічылі пакуту таго, каго Ты параніў. 28 Прыкладзі несправядлівасць да несправядлівасці іх, і хай яны не прыйдуць да справядлівасці Тваёй. 29 Хай выкрасляць іх з кнігі жывых і са справядлівымі хай не будуць упісаны.
  • Псальм 78/79: 6 Вылі гнеў свой на паганаў, якія Цябе не прызналі, і на царствы, якія не прызывалі імя Твайго. 7 Бо яны зжэрлі Якуба, і сталец яго кінулі. (…) 12 І адгадзі суседзям нашым у сем разоў у нутро іх знявагу, якою зняважылі Цябе, Госпадзе.
  • Псальм 109/110: 6 Ён будзе судзіць народы: будзе поўна трупаў, зрыне Ён галовы на зямной прасторы.
  • Псальм 136/137: 7 Нагадай, Госпадзе, сынам Эдомавым дні Ерузаліма; яны гаварылі: “Спусташыце, спусташыце яго аж да падмурка”. 8 Дачка Бабілона — спусташальніца, шчасны той, хто аддасць табе адплату тваю, якую ты нам заплаціла; 9 шчасны той, хто схопіць і паб’е дзяцей тваіх аб камень.
  • Псальм 138/139: 19 Хаця б Ты, Божа, знішчыў грэшнікаў; ухіліцеся ад мяне, прагныя крыві. 20 Яны прамаўляюць ліхое супраць Цябе: узносяцца дарэмна супраць Цябе. 21 Ці ж мне не ўзненавідзець тых, што зненавідзелі Цябе, і ці не адцурацца мне тых, што бунтуюць супраць Цябе? 22 Страшнаю нянавісцю ненавіджу я іх, непрыяцелямі сталі яны для мяне.
  • Псальм 139/140: 10 Хай не падымаюць галавы тыя, што акружаюць мяне, хай злоснасць іх вуснаў пакрые іх. 11 Хай спадуць на іх вуглі агністыя, укінь іх у яму, і няхай не падымуцца. 12 Балбатун хай не застанецца на зямлі, ліха апануе гвалтаўніка на пагібель.
  • Псальм 140/141: 10 Хай грэшнікі ўсе разам паўпадаюць у свае петлі і дай, каб я выйшаў цэлы.
  • Псальм 142/143: 12 У міласэрнасці Тваёй расцярушы Ты непрыяцеляў маіх; і выгубі ўсіх, што прыгнятаюць душу маю, бо я слуга Твой.

На працягу 2000 гадоў усходнія і заходнія хрысціяне маліліся поўным псалтыром Давіда. У 1970 годзе каталікам далі пакрэсленую версію, у якой вершы павыкідалі “эксперты”, якія ведалі лепш за Святога Духа, ізраільцянаў, Айцоў і дактароў Касцёла і Традыцыю. Зразумела, яны ведалі лепш: у цытадэль Касцёла ўварвалася эпоха Асветніцтва — эпоха, у якой мы павінна атрэсціся з кайданоў неадукаванай пабожнасці ў яе скрыўленых, незразумелых, нязграбных, суровых праявах, у яе архаічнай, нізкай, першабытнай атмасферы. Разбурыць бастыёны, падрыхтаваць свет да дэмакратыі і іншыя добрыя рэчы.

Вычышчэнне псалтыра праводзілася паралельна з выкіданнем так званых “цяжкіх” вершаў са Старога і Новага Запавету; гэтыя вершы заўсёды прысутнічалі ў традыцыйным Рымскім лекцыянарыі, але былі выключаны з новага лекцыянарыя, хоць яго і хваляць як большы і лепшы. Сярод гэтых “цяжкіх” вершаў знаходзіцца духоўна калючы фрагмент са св. Паўла:

Таму той, хто будзе есці хлеб гэты ці піць з келіха Пана нягодным чынам, будзе вінаваты [ў граху супраць] Цела і Крыві Пана. Няхай выпрабоўвае сябе чалавек, а потым няхай есць гэты хлеб і п’е з гэтага келіха. Бо хто есць і п’е, не зважаючы на Цела [Пана], той есць і п’е на сваё асуджэнне (1 Кар 11:27-29).

Гэтыя вершы шмат разоў сустракаюцца ў старым лекцыянарыі, але ніводнага разу ў новым лекцыянарыі. Каталікі, якія наведваюць Імшы ў звычайнай форме рымскага абраду, не проста атрымліваюць “больш” Пісання — яны атрымліваюць іншае Пісанне, прычым прынцыпы выбару ўрыўкаў з’яўляюцца паліткарэктнымі, экуменічнымі і лагоднымі, з-за чаго выключаным аказваецца ўсё незразумелае і складанае. Іншымі словамі, гэтыя прынцыпы не адпавядаюць самому Пісанню. Сучасныя прынцыпы і несучасны тэкст, да якога іх прымянілі, нялёгка ўжываюцца разам. (Больш пра гэта гл. у прадмове да кнігі Мэцью Хэйзэла “Index Lectionum“).

Але вернемся да песняў Сіёна. Упершыню ў гісторыі Каталіцкага Касцёла духавенства, кансэкраваныя і свецкія асобы, якія карыстаюцца новай Літургіяй гадзінаў, больш не моляцца поўным Давідавым Псалтыром. Упершыню мы не кладзём на свае вусны і на свае сэрцы ўсе словы, якія натхніў сам Бог; усе тыя словы, над якімі наш Пан разважаў у сваім Найсвяцейшым Сэрцы і якія Ён абвяшчаў сваімі вуснамі; усе тыя словы, якія былі ежай і напоем для старога і новага Ізраэля, духоўным хлебам для незлічоных святароў і прарокаў, манахаў і манахінь, пустэльнікаў і юродзівых, прапаведнікаў і настаўнікаў. Не, мы маем ўласную абмежаваную дыету на ўзор той, якую прадпісваюць хворым асобам і асобам на рэабілітацыі.

Гэтыя пропускі пазбаўляюць вернікаў магчымасці пазмагацца з Божым словам, як Якуб змагаўся з анёлам. Гэтыя пропускі абражаюць Бога, бо ставяцца да Ягонага натхнёнага і беспамылковага слова так, быццам яно небяспечнае і шкоднае для духоўнага здароўя Яго народу. Нарэшце, вялікая частка літургічнай рэформы абражае Духа Святога, бо яна нібыта сцвярджае, што Ён завёў Касцёл другога тысячагоддзя ў сухую і мёртвую пустыню, а не ў багатую плантацыю антыкварных інавацый, куды прывялі нас літургічныя эксперты. Гэтыя пропускі закрываюць ад нас увесь дыяпазон Пісання, яго эмацыйную дынаміку, яго супярэчлівыя галасы і трывожную адпаведнасць жыццю, яго перакліканне літаральнага і духоўнага сэнсаў (як калі св. Бенедыкт цытаваў псальм 136:9, заклікаючы сваіх манахаў разбіваць дробныя парасткі сваіх злых думак і жаданняў аб камень Хрыста) [***].

Гэты скандал (не будзем змякчаць словаў: гэта скандал найвышэйшага гатунку) прынесла вам літургічная рэформа — тая самая рэформа, якая выкінула з новага лекцыянарыя патрабавальныя вершы Новага Запавету.

Выдаленне са святой літургіі фрагментаў Пісання, якія былі ўспрыняты як надта “цяжкія”, сапраўды з’яўляецца адным з вялікіх злачынстваў, здзейсненых супраць хрысціянскага люду за апошняе стагоддзе.

Аднак ёсць альтэрнатыва: лацінская літургія, якая жыла стагоддзямі, якая адпавядала густу і простых, і адукаваных людзей і якая не збіраецца выходзіць з моды. Як усе мы ведаем (або павінны ведаць), Папа Бенедыкт XVI пастанавіў у апостальскім лісце Summorum Pontificum, што кожны член Рымска-каталіцкага Касцёла можа маліцца Божым Афіцыем паводле Рымскага Брэвіярыя 1962 года. Хоць некаторыя і шкадуюць пра надта глыбокую рэформу брэвіярыя, праведзеную ў 1911 годзе, св. Пій Х усё ж не крануў псальмодыі, напоўненай несмяротным і беспамылковым Божым словам, — ніякіх выключэнняў, ніякіх праблем [****]. Гэты поўны Псалтыр з’яўляецца малітвай Ізраэля, малітвай Хрыста на зямлі, штотыднёвай малітвай Касцёла, малітвай Духа Святога ў кожным слове і вершы, яснай і схаванай, простай і цяжкой, суцяшальнай і патрабавальнай.

Вось сапраўдны знак часу: Рымскі Брэвіярый быў перавыдадзены ў двух прыгожых выданнях (гл. тут і тут). Так, гэта дорага, але яно варта кожнай капейкі. Як варыянт, асобы, прывязаныя да бенедыктынскай традыцыі, могуць паглядзець на выданне “Monastic Diurnal“, у якім знаходзяцца дзённыя малітвы (г. зн. усе гадзіны, акрамя matutinum), укладзеныя паводле Правіла св. Бенедыкта.

Заўвагі

[*] Дзеля зручнасці я прыводжу нумарацыю псальмаў як паводле LXX/Вульгаты, так і паводле габрэйскага масарэцкага тэкста, таму што большасць кніг Novus Ordo выкарыстоўвае выключна апошнюю. Агульныя ўводзіны да Літургіі гадзінаў сцвярджаюць (№ 131): “Тры псальмы: 58 (57), 83 (82) і 109 (108), у якіх пераважае характар зласлоўя, прапушчаны ў бягучым псалтыры”, але паколькі яшчэ тры псальмы зарэзерваваны для асаблівых літургічных перыядаў, на працягу большай часткі года яны таксама адсутнічаюць. Да 1970 года Касцёл верыў, што Бог ведаў, што Ён хацеў у псалтыры, у якіх прапорцыях і ў якой шчыльнасці.

[**] Псальмы цытуюцца па перакладзе кс. У. Чарняўскага (Біблейскае таварыства ў РБ, 2017).

[***] Заўважыўшы, што з сучаснага епіскапальнага малітоўніка з-за “цяжкасцяў” для сённяшняга чытача з яго адчувальнасцю была выдалена палова псальма 108 (109), кс. Патрык Генры Рырдан кажа наступнае:

Сапраўдная праблема… датычыцца не псальма, а нас саміх. Мы, сучасныя хрысціяне, надта схільныя ўстанаўліваць свае ўласныя меркаванні, свае ўласныя спантанныя пачуцці ў якасці стандарту для нашай малітвы. Таму, калі словы нейкай канкрэтнай малітвы (у дадзеным выпадку, псальма, натхнёнага Духам Святым) выказваюць эмоцыі або [выклікаюць у нас] рэакцыі, з-за якіх мы не “адчуваем” сябе камфортна, мы схільныя думаць, што мы молімся ёю няшчыра. Сучасныя хрысціяне амаль што зрабілі фетыш са спантаннасці ў малітве, а шчырасць вымяраецца рытмам пульсу. Можна падумаць, наш Пан сказаў: “Я прыйшоў, каб вы мелі шчырыя і сардэчныя эмоцыі, і мелі іх у дастатку”. Прымаць такое стаўленне — вялікая памылка, бо яно ставіць нават аўтарытэт боганатхнёнага слова перад судом нашых суб’ектыўных сантыментаў. Ці ж не відавочна, што ўстанаўліваць свае ўласныя адчуванні ў якасці меры малітвы — гэта выразная саманадзейнасць? Адпаведны стандарт малітвы да Бога ўжо ўстаноўлены ў Ягоным беспамылковым Слове, і ніхто не можа маліцца як след, калі ён цалкам не падпарадкуе сваю малітву аўтарытэту гэтага Слова. Інакш мы трапім у небяспеку таго, што наша малітва будзе выказваць толькі нерэалізаваныя сантыменты нераскаяных сэрцаў.

Калі мы хочам маліцца, як хрысціяне, важна, каб мы цалкам падпарадкаваліся аўтарытэту Духа Святога, які прамаўляе ў натхнёных словах псальмаў. У дадзеным выпадку гэта, магчыма, будзе азначаць ігнараванне сваіх пачуццяў і дакладнае ўсведамленне таго, пра што гэты псальм кажа насамрэч (“Christ in the Psalms”, Ben Lomond, CA: Conciliar Press, 2000, с. 215).

[****] Несумненна, перагляд Рымскага Брэвіярыя, распачаты св. Піем Х у 1911 годзе, быў даволі радыкальным: пасля стагоддзяў няспыннага выкарыстання былі зменены яго фармат і структура. У той жа час, як у сваіх вельмі даступных уводзінах тлумачыць кс. Сікейда, Папа Пій Х змагаўся з сапраўды сур’ёзнай сітуацыяй, калі штотыднёвая рэцытацыя ўсяго псалтыра зрабілася менш-больш немагчымай з-за памнажэння святаў у буднія дні, а таксама з-за цяжкога ярма псальмодыі, якое было зносным для манахаў, але не для секулярнага духавенства. Іншымі словамі, Пій Х прадпрымаў зробленыя ім крокі для таго, каб аднавіць да поўнай годнасці фундаментальны і традыцыйны парадак і правільна ўраўнаважыць яго, з аднаго боку, з дастойным ушанаваннем святых, а з іншага боку, з патрабаваннямі пастырскага жыцця. Выданне Брэвіярыя 1962 года мае некаторыя слабыя месцы, але яно ўсё яшчэ следуе таму самаму падыходу. Літургія гадзінаў 1970 года, наадварот, з’яўляецца радыкальным адыходам ад рымскай традыцыі амаль з кожнага пункту гледжання.


Аўтар: Peter Kwasniewski
Крыніца: Rorate Caeli

Тэкст перакладзены з англійскага арыгінала і апублікаваны з дазволу аўтара.

Пакінуць каментар