06.07.2018 / John O'Brien

№88. Цэлебрацыя Імшы: кансэкрацыя віна🕑 2 хвілін

Многае з таго, што мы сказалі пра кансэкрацыю хлеба, датычыцца таксама кансэкрацыі келіха, таму нам неабходна толькі разабрацца з тым, што датычыцца непасрэдна келіха.

“Гэта келіх Крыві Маёй”

Дзякуючы мастацкаму прыёму метаніміі ў гэтым выразе замест змесціва згадваецца начынне, таму, па словах св. Тамаша (Quaest. 78, III, арт. 3), насамрэч маецца на ўвазе: “Гэта Кроў Мая, што знаходзіцца ў келіху”.

“Вечнага запавету”

Гэтых слоў няма ў Святым Пісанні, аднак агульна лічыцца, што яны былі дададзены кімсьці з апосталаў, каб ясна паказаць, што святарства нашага Боскага Пана будзе працягвацца вечна, згодна з прароцтвам псальма 109: “Ты святар навекі на ўзор Мельхізэдэка”. Тут таксама ўтрымліваецца алюзія да Старога Запавету, выказаная пры дапамозе супрацьпастаўлення, бо той запавет быў замацаваны крывёю быкоў і казлоў, але не Крывёю Хрыста.

“Таямніца веры”

Найсвяцейшая Эўхарыстыя называецца “таямніцай веры”, таму што яе сапраўдная веліч схавана ад нашых пачуццяў і мы не здольныя нейкім чынам засведчыць гэтую незвычайную перамену ані ў тым выпадку, калі яна адбылася, ані ў тым выпадку, калі яе не было. Усё пакінута на чыстую веру, і таму яе сапраўды можна назваць таямніцай. Св. Тамаш прыгожа выказаў гэта ў гімне “Lauda Sion”:

Quod non capis,
Quod non vides,
Animosa firmat fides,
Praeter rerum ordinem.

“Якая за вас і за многіх будзе праліта”

Згодна з найлепшымі аўтарытэтамі, сярод якіх і Папа Бенедыкт XIV (Enchirid., с. 72), слова “многія” тут трэба ўспрымаць у значэнні “ўсе”: такі спосаб выказвання нярэдка сустракаецца ў Святым Пісанні. Такім чынам гэта інтэрпрэтуе таксама св. Тамаш Аквінскі. Калі разумець гэта па-іншаму, наўрад ці можна будзе пазбегнуць кальвінісцкай памылкі, што наш Пан памёр толькі за пэўны тып людзей.

Пры кожным узнясенні званочак нагадвае людзям, што наш Пан прысутнічае на алтары, а прыслугоўваючы падымае край арната святара, укленчыўшы спецыяльна для гэтага на верхняй прыступцы. Сёння гэты звычай уздымання арната не служыць аніякай практычнай мэце (бо тады так прыйшлося б рабіць ва ўсіх іншых выпадках, калі святар укленчвае); ён проста захоўваецца як след старажытнай практыкі, калі дыякан і субдыякан падымалі ўбранне святара, якое ў старажытныя часы было вельмі шырокае і гнуткае. Гэта было патрэбна для таго, каб святару нічога не перашкаджала ў гэты ўрачысты момант кансэкрацыі, калі найменшая нязручнасць можа выклікаць вялікае раздражненне. У некаторых месцах практыка падымання арната прыйшла або прыходзіць у заняпад, аднак гэтага нельга зносіць без увагі, бо гэта яскравы акт непаслухмянасці, дазволіць якую не можа аніякая ўлада ў Касцёле, акрамя Папы. Мы не ведаем такога выпадку, калі б адступленне ад рубрык не шкодзіла сапраўднай прыгажосці. Толькі з гэтай прычыны, нават калі не ўлічваць іншых, найменшую інавацыю ў гэтай справе трэба лічыць праявай блюзнерства і не дазваляць ні ў якім выпадку.


Аўтар: Джон О’Браен (John O’Brien), A. M., прафесар святой Літургіі ў Каледжы Маўнт Сэйнт Мэры (Mount St. Mary’s College), Эмітсбург, Мэрылэнд, ЗША.
Выданне: A History of the Mass and Its Ceremonies in the Eastern and Western Church (15 ed., 1879).
Ілюстрацыя: Joseph Shaw (CC BY-NC-SA, color corrected).

Пакінуць каментар

Scroll Up