03.07.2018 / John O'Brien

№87. Цэлебрацыя Імшы: кансэкрацыя хлеба🕑 7 хвілін

Скончыўшы малітву “Quam oblationem”, святар у знак пашаны да святой Гостыі, якую ён будзе трымаць у момант кансэкрацыі, выцірае вялікія і ўказальныя пальцы над карпаралам, каб ачысціць іх ад пылу і бруду, які мог да іх прыстаць за гэты час.

Узяўшы ў рукі гостыю, ён кажа: “Напярэдадні мукі Ён узяў хлеб у свае святыя i дастойныя рукі, падняў вочы да неба, да Цябе, Бога, свайго Айца ўсемагутнага, і, падзяку Табе складаючы, благаславіў, ламаў i раздаваў сваім вучням, кажучы: бярыце i ешце з гэтага ўсе. БО ГЭТА ЁСЦЬ ЦЕЛА МАЁ”. У гэты момант здзейснілася кансэкрацыя хлеба, таму святар, каб ушанаваць Пана, прысутнага на алтары, пасля прамаўлення гэтых слоў укленчвае. Затым ён высока ўздымае Гостыю, каб людзі маглі пакланіцца ёй, кладзе яе на карпарал перад сабою, зноў укленчвае і пераходзіць да кансэкрацыі келіха.

Спачатку ён здымае палу, якой келіх быў накрыты ад аферторыя і прысланяе яе да алтарнай карткі. Затым, узяўшы келіх у рукі, ён працягвае: “Падобным чынам па вячэры ўзяў гэты пачэсны келіх у свае святыя i дастойныя рукі, зноў Табе падзяку складаючы, благаславіў i падаў сваім вучням, кажучы: бярыце i піце з яго ўсе. БО ГЭТА ЁСЦЬ КЕЛІХ КРЫВІ МАЁЙ НОВАГА I ВЕЧНАГА ЗАПАВЕТУ, ТАЯМНІЦА ВЕРЫ, ЯКАЯ ЗА ВАС I ЗА МНОГІХ БУДЗЕ ПРАЛІТА ДЗЕЛЯ АДПУШЧЭННЯ ГРАХОЎ”. Гэтымі словамі здзяйсняецца кансэкрацыя келіха, пасля якой святар зноў укленчвае і прамаўляе такія словы: “Кожны раз, калі гэта чыніце, чыніце гэта на маю памяць”. Затым ён уздымае келіх, як рабіў гэта ў выпадку Гостыі, і пасля апошняга ўкленчвання зноў накрывае яго палай.

За выключэннем некаторых слоў, абедзве формулы кансэкрацыі ўзяты са Святога Пісання. Тое, што было дададзена звыш таго, мы цяпер растлумачым, звяртаючыся да найбольш аўтарытэтных аўтараў. Свае рэмаркі мы папярэдзім заўвагай, што істотнай формай кансэкрацыі з’яўляюцца словы “ГЭТА ЁСЦЬ ЦЕЛА МАЁ”, а віна — “ГЭТА ЁСЦЬ КЕЛІХ КРЫВІ МАЁЙ”, альбо проста “гэта Кроў мая”. Аднак поўную формулу неабходна прамовіць пад пагрозай смяротнага граху.

“Напярэдадні мукі”

Гэтыя словы не ўзяты з Пісання, а вельмі рана дададзены Папамі. Вальфрыд і Мікралог прыпісваюць іх Папу Аляксандру, які кіраваў Касцёлам у 121–132 гг., аднак кардынал Бона і іншыя кажуць, што гэтыя словы паходзяць ад апосталаў. Яны знаходзяцца таксама ў літургіях св. Якуба і св. Клімэнта.

Той дзень, які мы сёння называем Вялікім Чацвяргом, паводле аўтарытэтных аўтараў, прыпадаў на 22 сакавіка [1] (Romsee, IV, с. 207).

“Узяў хлеб у свае святыя i дастойныя рукі”

Словы “ўзяў хлеб” прыводзяць евангелісты. Астатніх слоў у Евангеллях няма, аднак яны вельмі старажытныя і сустракаюцца таксама ў літургіях Усходу.

“Падняў вочы да неба, да Цябе, Бога, свайго Айца ўсемагутнага”

Гэтых слоў няма ў Святым Пісанні, аднак, згодна з пастаяннай традыцыяй, кожны раз, калі наш Пан збіраўся здзейсніць нейкі ўрачысты ўчынак, Ён заўсёды глядзеў у неба. Св. Мацвей (14:19) перадае, што ён зрабіў так перад памнажэннем хлябоў, а св. Ян згадвае пра гэта ў выпадку ўваскрашэння Лазара (11:41).

Слова “enim” — “бо” — у абедзвюх формулах кансэкрацыі — гэта таксама пазнейшая ўстаўка. Св. Тамаш Аквінскі кажа (Quaest. 78, 3), што яго дадаў св. Пётр.

На мове, на якой размаўляў наш Пан на Апошняй вячэры і падчас свайго зямнога жыцця, — на сірыйскай — кансэкрацыя абедзвюх постацяў здзяйснялася дзвюма словамі ў кожным выпадку: honau pagri для хлеба і honau demi для віна. Паколькі дзеяслоў “ёсць” у дадзеным выпадку выражаецца не асобным словам, а ўключаецца ў займеннік “гэта”, то не застаецца сумненняў, што менавіта меў на ўвазе наш Боскі Пан, калі прамаўляў гэтую святую формулу.

“Благаславіў”

Што датычыцца слова “benedixit” пры кансэкрацыі, якім святар благаслаўляе як хлеб, так і віно, то на гэты конт высоўваліся розныя цікавыя меркаванні. Вялікі дамініканскі тэолаг Амброзій Катарын, які на Трыдэнцкім саборы прапаноўваў так шмат складаных пытанняў, лічыў, што кансэкрацыя адбывалася, калі на Апошняй вячэры наш Пан прамаўляў благаслаўленне над хлебам і віном, і што словы “гэта Цела маё” і г. д. былі дададзены толькі для таго, каб паказаць на змену, якая ўжо адбылася. Здаецца, Катарын трымаўся гэтага меркавання, каб не выходзіла, што кансэкрацыя адбылася толькі тады, калі вучні ўзялі хлеб і віно ў свае рукі, бо гэта сапраўды было б непаслядоўна. Св. Аўгустын, які прадбачыў тую самую праблему, трымаўся меркавання, што парадак слоў мог быць іншы ад таго, які прыводзяць евангелісты, і што словы маглі ісці так: “Ён благаславіў, кажучы: гэта ёсць Цела Маё; затым Ён паламаў і даў сваім вучням”. Адпаведна, кансэкрацыя адбывалася на словы “гэта ёсць Цела Маё”. Св. Тамаш Аквінскі, вялікі доктар Найсвяцейшай Эўхарыстыі, прымае пазіцыю св. Аўгустына і падае наступны парадак слоў: “Узяўшы хлеб у свае рукі, ён благаславіў яго, кажучы: гэта ёсць Цела Маё”. Адпаведна, па меркаванні Анельскага доктара, благаслаўленне, вымаўленае пры гэтым, было формулай кансэкрацыі. Існуе і іншае меркаванне. Паводле Фрамонда і іншых, нельга лічыць, што ў такой сур’ёзнай справе евангелісты маглі прапусціць нават нейкую дробязь. Усе яны прымаюць дадзены парадак слоў і лічаць, што нельга адыходзіць ад таго парадку, што пададзены ў Евангеллях. І таму трэба чытаць тэкст наступным чынам: Ён “благаславіў”, заклікаючы імя Айца над хлебам, каб ён стаў Ягоным Целам; “паламаў” на столькі частак, колькі асобаў прымала Ягонае Цела; і затым “даў сваім вучням” — гэта значыць ім у рукі — кажучы: “Бярыце і ешце, гэта Цела Маё”.

Незалежна ад таго, ці быў парадак слоў на Апошняй вячэры такім жа, як перадаюць нам евангелісты, вучэнне Касцёла сцвярджае, што істотнай формай кансэкрацыі з’яўляюцца словы “Гэта ёсць Цела Маё” для хлеба і “Гэта ёсць келіх Крыві Маёй” для віна (гл. Romsee, IV, с. 209). Над іншым пытаннем, якое часта задаюць, а менавіта ці рабіў наш Пан знак крыжа, калі благаслаўляў хлеб, як мы робім сёння, наўрад ці трэба засяроджвацца, бо гэта мае мала значэння. Найбольш верагодна, што не рабіў, бо крыж тады яшчэ не набыў сваёй моцы.

“Ламаў”

Агульна прымаецца, што наш Пан на Апошняй вячэры падзяліў Найсвяцейшую Эўхарыстыю на трынаццаць частак, бо Ён сам прымаў яе і дазволіў здрадніку Юдзе таксама яе прыняць разам з іншымі апосталамі. Гэтага меркавання трымаліся як Усходнія, так і Заходнія Айцы. Таксама выказваецца меркаванне, што наш Пан суправаджаў ламанне святой Гостыі адмысловымі запамінальнымі цырымоніямі, бо пазней у гісторыі пра вучняў, якія вячэралі з Ім у Эмаўсе, сцвярджаецца, што яны пазналі Яго ў ламанні хлеба.

Міланскія святары непасрэдна перад малітвай “Qui pridie”, гэта значыць за некалькі момантаў да слоў кансэкрацыі, ідуць да боку Паслання і з пашаны да Гостыі, якую будуць трымаць, абмываюць рукі. Такі звычай існуе толькі ў амбразіянскім абрадзе.

Вельмі важна ў гэтым моманце разабрацца, якім чынам святар прамаўляе словы кансэкрацыі: апавядальна, гістарычна ці сімвалічна. Папа Бенедыкт XIV сцвярджае, што яны прамаўляюцца сімвалічна (significative), і таму святар, які іх вымаўляе, у сэнсе кансэкрацыі робіць гэта настолькі ж дзейсна, як калі б іх прамаўляў сам Пан (Enchiridion de Sacrif. Miss., с. 71). Св. Тамаш згаджаецца з гэтым.

Магчыма, варта было сказаць раней, што адразу пасля таго, як святар узняў святую Гостыю і паклаў яе на карпарал, ён злучае вялікія і ўказальныя пальцы на кожнай руцэ і да заканчэння Камуніі не разлучае іх, калі толькі ён не дакранаецца да святой Гостыі. Гэта робіцца з пашаны да Найсвяцейшага Сакрамэнту, а таксама каб пазбегнуць страты дробных часцінак, якія могуць прыліпнуць да гэтых пальцаў.


[1] Габрэі заўсёды адзначалі Пасху ў чатырнаццаты дзень месяца Нісана, першага месяца іхняга літургічнага года. Каб пазбегнуць супадзення нашай даты з іхняй, Нікейскі сабор у 325 годзе вырашыў, што Пасху трэба святкаваць у першую нядзелю пасля першай поўні, якая адбываецца пасля 21 сакавіка. Адпаведна, Пасха не можа прыпасці раней за 22 сакавіка і пазней за 25 красавіка. У грыгарыянскім календары (які называецца так у гонар Папы Грыгорыя ХІІІ) метад вызначэння даты Пасхі з’яўляецца не астранамічным, а хутчэй абсалютным, каб святкаванне здзяйснялася ў адзін дзень ва ўсім Касцёле, чаго не магло б стацца, калі б Пасха вызначалася астранамічна, бо паміж краінамі ёсць розніца ў часе. Аднак і грыгарыянскі стыль мае свае хібы. Што датычыцца месяцаў, то дзякуючы прастаце быў выбраны даволі хібны цыкл, які істотна разыходзіцца з астранамічнымі вылічэннямі, бо, калі карыстацца апошнім метадам, то пасхальная поўня можа адбыцца за дзве гадзіны да часу, вылічанага па календары. Так, фактычна яна можа адбыцца а першай гадзіне ўначы ў нядзелю, тады як па календары яна адбываецца ў суботу ўначы а 23 гадзіне. Тады Пасха будзе святкавацца ў тую ж нядзелю, тады як астранамічна яе трэба было б адкласці да наступнай нядзелі. Таксама грыгарыянскі каляндар у вельмі рэдкіх выпадках прыводзіць да супадзення нашай і габрэйскай Пасхі, як напрыклад было ў 1825 годзе. Фактычна, такога супадзення немагчыма пазбегнуць, не ператрасаючы ўвесь спосаб вылічэння.


Аўтар: Джон О’Браен (John O’Brien), A. M., прафесар святой Літургіі ў Каледжы Маўнт Сэйнт Мэры (Mount St. Mary’s College), Эмітсбург, Мэрылэнд, ЗША.
Выданне: A History of the Mass and Its Ceremonies in the Eastern and Western Church (15 ed., 1879).
Ілюстрацыя: Joseph Shaw (CC BY-NC-SA, color corrected).

Пакінуць каментар

Scroll Up