Чацвёртая малітва Канона, “Hanc igitur”

Прамаўляючы гэтую малітву [1], святар трымае рукі выцягнутымі над ахвярай, як гэта рабілі святары старога закону, трымаючы рукі над жывёламі, што прыносіліся ў ахвяру (Зых 29; Лев 1:4). Паколькі гэтая малітва набліжае нас непасрэдна да кансэкрацыі, існуе звычай, калі прыслугоўваючы звоніць у званочак у пачатку гэтай малітвы, каб папярэдзіць вернікаў пра набліжэнне таго моманту, калі наш Боскі Пан будзе прысутнічаць на алтары. Дзюран сцвярджае (Rationale, с. 249), што першую частку гэтай малітвы да словаў “placatus accipias” [2] уклаў Папа Леў Вялікі. Астатняя частка была дададзена Папам Грыгорыем Вялікім, які жадаў прасіць Бога, каб Ён адхіліў жахі вайны і чумы, якія пагражалі Рыму ў той час (Romsee, с. 199).

Старажытны Рымскі парадак прадпісваў прамаўляць гэтую малітву з узнятымі рукамі — так дагэтуль робяць дамініканцы і так раней рабілася ў тых месцах Англіі, дзе выкарыстоўваўся сарумскі абрад. Кармеліты прамаўляюць гэтую малітву ў нізкім паклоне, складваючы рукі на алтары. Наш цяперашні звычай, паводле Ромсі, не старэйшы за XV ст., і, як мы бачым, на Усходзе ён не захоўваецца.

Пятая малітва Канона, “Quam oblationem”

Гэтая малітва гучыць наступным чынам: “Гэтую ахвяру, просім, Божа, сярод усіх будзь ласкавы благаславіць, прызнаць, зацвердзіць, праўдзівай і прыемнай зрабіць для Сябе, каб сталася яна для нас Целам i Крывёю Твайго наймілейшага Сына, Пана нашага Езуса Хрыста”. Лацінскае слова “rationabilem”, якое тут перадаецца як “праўдзівай”, можна таксама перадаць словам “разумнай”. Гэты эпітэт дапамагае зразумець розніцу паміж тым, што адбываецца з хлебам і віном, і ахвярамі старога закону, якія былі неразумнымі, бо яны складаліся ўсяго толькі з быкоў, казлоў і г. д. (Durandus, с. 253).

Прамаўляючы апошнюю частку гэтай малітвы, святар робіць пяць знакаў крыжа: тры над усёй ахвярай, адзін над гостыяй і адзін над келіхам. Што датычыцца тлумачэння гэтага абраду, то аўтары па гэтым пытанні не згаджаюцца. Ніводзін з іх, наколькі нам вядома, не спрабаваў даць ім якое-небудзь тлумачэнне, акрамя чыста містычнага. Некаторыя кажуць, што гэтыя знакі крыжа нагадваюць пра пяць ранаў; іншыя кажуць, што яны маюць нагадваць патройнае выданне нашага Пана: габрэйскім святарам, кніжнікам і затым фарысеям — а таксама Яго двайную прыроду. Даволі цікавае тлумачэнне заключаецца ў тым, што пры набліжэнні кансэкрацыі яны маюць нагадваць нам, што Ахвярнае Ягня, Якое будзе прысутнічаць на алтары, цярпела падчас сваёй горкай мукі ўсімі пяццю пачуццямі: зрокам, калі габрэі закрылі Яму твар; слыхам, калі яны высмейвалі Яго; смакам, калі яны давалі Яму воцат і жоўць; нюхам, калі яны вялі Яго на Кальварыю — гару, якая выкарыстоўвалася як пахавальня, адкуль паходзіць і яе габрэйская назва, “месца чарапоў”; і, нарэшце, дотыкам, калі Яго рукі і ногі былі прыбітыя да крыжа, а бок прабіты кап’ём (Enchiridion de Sacr. Sacrif. Miss. Ben. XIV, с. 71).


[1] Таму ласкава прымі, просім, Пане, гэтую ахвяру служэння нашага i ўсёй сям’і Тваёй, захавай дні нашыя ў Тваім спакоі, збаў нас ад вечнага асуджэння i далучы да супольнасці Тваіх выбраных. Праз Хрыста, Пана нашага. Амэн. — Заўв. перакл.

[2] У бел. перакладзе: “і ўсёй сям’і Тваёй”. — Заўв. перакл.


Аўтар: Джон О’Браен (John O’Brien), A. M., прафесар святой Літургіі ў Каледжы Маўнт Сэйнт Мэры (Mount St. Mary’s College), Эмітсбург, Мэрылэнд, ЗША.
Выданне: A History of the Mass and Its Ceremonies in the Eastern and Western Church (15 ed., 1879).
Ілюстрацыя: Joseph Shaw (CC BY-NC-SA, color corrected).

Пакінуць каментар