Яны зноў вернуцца да гэтай справы, калі біскупская канферэнцыя збярэцца на сваё пленарнае пасяджэнне ў верасні.

Нямецкія біскупы апублікавалі сёння сваю дыскусійную пастырскую інструкцыю, якая дазваляе некаторым пратэстанцкім сужэнцам каталікоў прымаць святую Камунію, нягледзячы на тое, што некаторыя члены нямецкага епіскапату і вышэйшыя ватыканскія іерархі выказалі перасцярогі наконт яе тэкста.

У заяве, апублікаванай у сераду, пастаянная рада нямецкага епіскапату пацвердзіла, што пытанне абмяркоўвалася на гэтым тыдні на сустрэчы 25-26 чэрвеня, і падкрэсліла, што інструкцыя з’яўляецца не дакументам біскупскай канферэнцыі (ў лютым за інструкцыю прагаласавала больш за 2/3 епіскапату), а дапаможнікам індывідуальным біскупам.

На мінулым тыдні па дарозе з Жэневы Папа Францішак сказаў, што праблема была не столькі з кантэкстам пастырскай інструкцыі, колькі з тым фактам, што, калі яе зацвердзіць біскупская канферэнцыя, яна “адразу стане ўніверсальнай”. Адпаведна, ён выступіў за тое, каб справу аддалі на разгляд індывідуальнымі біскупам.

У сваёй сённяшняй заяве нямецкія біскупы выказваюць сваё жаданне “забяспечыць у індывідуальных выпадках духоўную дапамогу тым, хто стаіць перад пытаннямі сумлення, хто атрымлівае пастырскую апеку для міжканфесійных сужэнстваў і мае сур’ёзную духоўную патрэбу ў прыняцці Эўхарыстыі”.

Яны дадаюць, што такія пары “маюць вельмі цесную сувязь, якая вынікае з хросту, веры і сакрамэнту сужэнства, і дзеляць усё сваё жыццё”.

Далей пастаянная рада кажа, што старшыня біскупскай канферэнцыі кардынал Рэйнхард Маркс “здолеў праясніць” на сустрэчы з Папам некаторыя рэчы. (Крыніцы сцвярджаюць, што кардынал сустракаўся з Папам 11 чэрвеня, падчас пасяджэння кардынальскай рады С9.)

Сённяшняя заява кажа, што кардынал Маркс паведаміў Папу на той сустрэчы, што ліст Кангрэгацыі дактрыны веры нямецкім біскупам ад 25 мая “дае падказкі і межы для інтэрпрэтацыі”.

У заяве таксама сказана, што ён сказаў Папу, што тэкст інструкцыі “не будзе апублікаваны як дакумент біскупскай канферэнцыі, улічваючы што ён таксама датычыцца вымярэння паўсюднага Касцёла” (крытыка Ватыкана і сямі нямецкіх біскупаў засноўвалася на тым, што інструкцыя датычыцца справаў веры, якія маюць наступствы для паўсюднага Касцёла), а таксама што тэкст з’яўляецца “дапаможнікам у арыентацыі”, тады як справа знаходзіцца “у межах адказнасці індывідуальнага біскупа”.

У лісце ад 25 мая прэфект Кангрэгацыі дактрыны веры арцыбіскуп Луіс Ладарыя напісаў, што Папа лічыць, што дакумент “не гатовы да публікацыі” з-за яго значэння для паўсюднага Касцёла і што “мэтазгодна” пакінуць дыяцэзіяльнаму біскупу суджэнне наконт таго, ці з’яўляецца прыняцце святой Камуніі пратэстанцкім сужэнцам справай “сур’ёзнай і тэрміновай неабходнасці”.

Пастаянная рада нямецкага епіскапату адказала сёння на гэтыя абмежаванні, сцвярджаючы, што інструкцыя з’яўляецца “арыентацыйнай” дапамогай індывідуальнымі біскупам, а не афіцыйным дакументам біскупскай канферэнцыі, хоць пачыналася інструкцыя менавіта там. Аўтар дакумента ў тэксце не пазначаны.

Пастаянная рада дадала, што з улікам важнасці высілкаў па дасягненні “больш глыбокага паразумення і яшчэ большай еднасці паміж хрысціянамі” біскупы лічаць сваім абавязкам “адважна рухацца далей у гэтай справе”.

Таксама рада сцвярджае, што тэму неабходна “вывучыць вельмі дэтальна, у адпаведнасці з лістом Кангрэгацыі дактрыны веры” і што нямецкія біскупы жадаюць дапамагчы ў гэтым Папу і Ватыкану.

Адзінае імя, якое знаходзіцца на заяве пастаяннай рады, гэта імя езуіта а. Ханса Лангендорфера, сакратара нямецкай біскупскай канферэнцыі, які лічыцца галоўным ініцыятарам пастырскай інструкцыі.

Дакумент працягласцю амаль 10 тыс. слоў пад назвай “Дарога з Хрыстом — намячаючы еднасць. МІжканфесійныя сужэнствы і сумесны ўдзел у Эўхарыстыі” карыстаецца рознымі дакументамі, між іншым, энцыклікай св. Яна Паўла ІІ Ecclesia de Eucharistia, каб давесці, што ў такіх выпадках можна казаць пра “сур’ёзную духоўную патрэбу”.

Ён цытуе параграф 45 гэтай энцыклікі, які кажа:

Хоць ні ў якім выпадку не будзе паўнамоцнаю канцэлебрацыя, калі не хапае поўнай еднасці. Аднак гэта не датычыць у асаблівых выпадках паасобных вернікаў, што прымаюць Эўхарыстыю, але належаць да Цэркваў альбо царкоўных супольнасцяў, якія не знаходзяцца ў поўнай еднасці з Каталіцкім Касцёлам, бо ў гэтым выпадку мэтаю з’яўляецца задаволенне сур’ёзнай духовай патрэбы для вечнага збаўлення паасобных вернікаў, а не рэалізацыя інтэркамуніі, немагчымай датуль, пакуль не будуць цалкам устаноўленыя бачныя повязі касцёльнай камуніі.

Нямецкія інструкцыі сцвярджаюць, што сярод людзей у “сур’ёзнай духоўнай патрэбе” могуць знаходзіцца некаторыя пратэстанцкія сужэнцы, якія сумуюць па святой Камуніі, аднак не могуць атрымаць на яе прыняцце дазвол ад Касцёла. У такіх выпадках, сцвярджае інструкцыя, “калі гэтую сур’ёзную духоўную патрэбу не вылечыць, яна можа нават паставіць пад пагрозу сужэнства, якое засноўваецца на любові Хрыста да Касцёла (пар. Эф 5:32)”. Яна дадае, што “прадастаўленне такой дапамогі — гэта пастырская паслуга, якая ўмацоўвае сужэнскую сувязь і служыць збаўленню людзей”. Дакумент таксама пералічвае магчымыя выпадкі, калі пратэстанцкі сужэнец не павінен прымаць святую Камунію.

У лютым кардынал Герхард Мюлер, прэфект Кангрэгацыі дактрыны веры на пенсіі, сказаў у інтэрв’ю нямецкай каталіцкай газеце Tagespost, што міжканфесійнае сужэнства не з’яўляецца “сітуацыяй вострай неабходнасці” і што “ані Папа, ані мы, біскупы, не можам пераакрэсліць сакрамэнты як сродкі зняцця псіхалагічных цяжкасцяў і задавальнення духоўных патрэбаў”, паколькі яны з’яўляюцца “эфектыўнымі знакамі Божай ласкі”.

Нямецкія біскупы вернуцца да гэтай справы, калі канферэнцыя збярэцца на сваю самую важную сустрэчу — пленарнае пасяджэнне, якое пройдзе ў верасні.


Аўтар: Edward Pentin
Крыніца: National Catholic Register
Фота: Salvador García Bardón (CC BY-NC).

Тэкст перакладзены з англійскага арыгінала і апублікаваны з дазволу аўтара.

Пакінуць каментар