26.06.2018 / John O'Brien

№85. Цэлебрацыя Імшы: трэцяя малітва Канона, “Communicantes”🕑 15 хвілін

Застаючыся на тым жа месцы і захоўваючы тую ж паставу цела, святар з разведзенымі рукамі прамаўляе трэцюю малітву Канона, якая гучыць наступным чынам: “У еднасці з усім Касцёлам найперш з пашанаю ўспамінаем благаслаўлёную заўсёды Панну Марыю, Маці Бога i Пана нашага Езуса Хрыста, а таксама святых Апосталаў i мучанікаў тваіх Пятра i Паўла, Андрэя, Якуба, Яна, Тамаша, Якуба, Філіпа, Барталамея, Мацвея, Сымона i Тадэвуша, Ліна, Клета, Клімэнта, Сікста, Карнэлія, Кіпрыяна, Лаўрэнція, Хрызагона, Яна i Паўла, Косму i Дам’яна i ўсіх святых тваіх. Праз ix заслугі i малітвы няхай ва ўсім ахоўвае нас твая апека. Праз таго ж Хрыста, Пана нашага. Амэн”.

Святыя, якія згадваюцца ў гэтай малітве. — Годна гэта і справядліва, каб Найсвяцейшая Дзева, якая мае велічны тытул Каралевы святых і мучанікаў, адкрывала гэты святы пералік, у якім яна згадваецца як “благаслаўлёная заўсёды Панна Марыя, Маці Бога i Пана нашага Езуса Хрыста”. На Захадзе і Усходзе няма аніводнай літургіі, у якой не згадвалася б наша нябесная Каралева з яе выключнымі заслугамі. У літургіі св. Яна Хрызастома, а таксама ў літургіі св. Базыля і яе копцкай версіі пра Найсвяцейшую Дзеву кажуць: “Найсвятая, усячыстая, найблаславёная, слаўная Уладарка наша Багародзіца і заўсёды Дзева Марыя”. Нават нестарыяне, якія адмаўляюць ёй у тытуле Багародзіцы, не адстаюць ад іншых і аказваюць ёй усялякую пашану і павагу. Яны заклікаюць яе наступнымі словамі: “Малітвы Дзевы Марыі, Маці Збаўцы нашага Езуса, няхай ва ўсе часы будуць нам абароннай сцяною ўдзень і ўначы”. А ў іншым месцы яны кажуць пра яе: “Узрадуйся і ўзвесяліся, о Ты, поўная ласкі, святая і чыстая Дзева Марыя, Маці Хрыста, бо арханёл стаў нябесным пасланцом для цябе, о Маці, якая ў дзявоцтве нарадзіла Цудоўнага Дарадцу і Збаўцу свету”. Шаноўны містэр Бэджэр, з працы якога (The Nestorians and their Rituals, ІІ, с. 249) мы цытуем гэтыя словы, выказвае сваё найвышэйшае здзіўленне ад той моцнай пабожнасці, якую гэтыя ерэтыкі праяўляюць да нашай Найсвяцейшай Дзевы; ён нават змушаны прызнаць — напэўна, з вялікай неахвотай, бо ён пратэстант чыстай вады — што яны не вагаюцца час ад часу надзяляць яе тытулам Theotokos — Багародзіца, пра які так шмат размоваў было на сусветным саборы ў Эфесе ў 431 годзе, дзе быў асуджаны сам Несторый. У гэтай кнізе Бэджэра чытач знойдзе шмат добрай інфармацыі пра пабожнасць гэтых усходніх ерэтыкоў да нашай Найсвяцейшай Дзевы.

Перад тым як перайсці да гісторыі іншых святых, згаданых у малітве “Communicantes”, мы лічым неабходным праінфармаваць чытача, што ў Каноне атрымалі месца толькі тыя святыя, якія з’яўляюцца мучанікамі. Гэта яшчэ адзін доказ яго старажытнасці, бо Касцёл толькі ў IV ст. пачаў устанаўліваць святы ў гонар іншых класаў святых.

Св. Пётр. — Князь апосталаў паходзіў з Бэтсайды і, як падае традыцыя, быў старэйшы за нашага Пана прыкладна на дзесяць гадоў. Пры абразанні ён атрымаў імя Сымон, або Сімяон, што па-габрэйску азначае “Яхвэ пачуў”, але потым наш Пан даў яму імя Кіфа, па-сірыйску “скала”. Св. Пётр быў жанатым чалавекам, аднак вельмі старажытная традыцыя, на якую асаблівы націск кладзе св. Геранім, запэўнівае нас, што пасля паклікання да апостальства ён і ягоная жонка дамовіліся жыць ва ўстрыманні да канца жыцця. У яго была дачка Петраніла, якую Касцёл ушаноўвае як святую 31 мая. Як добра вядома, наш слаўны апостал панёс смерць пры Нероне на Ватыканскім пагорку, дзе ён быў па сваёй просьбе ўкрыжаваны дагары нагамі. На большасці ранніх карцін ён прадстаўлены без валасоў на верхняй частцы галавы і з вялікім колам валасоў на ніжняй частцы, што нагадвае духоўныя танзуры некаторых манаскіх ордэнаў. У англасаксонскім мастацтве ён заўсёды прадстаўлены без барады, бо, згодна са старажытнай традыцыяй, язычнікі, каб надаць яму як найбольш жаласны выгляд у вачах людзей, старанна пагалілі яму ўсю галаву. З VIII ст. яго сталі зазвычай паказваць з ключамі ў руцэ — сімвалам ягонай улады на небе і на зямлі. Многія таксама сцвярджаюць, што танзура пайшла менавіта ад таго прыніжэння, якое язычнікі зрабілі нашаму апосталу, пагаліўшы яму галаву.

Св. Павел. — Св. Павел нарадзіўся ў Тарсе, горадзе ў Кілікіі, у Малой Азіі. Пасля свайго цудоўнага навяртання да веры ён пайшоў у Ерузалем, дзе пры дапамозе свайго кампаньёна св. Барнабы пазнаёміўся са св. Пятром і св. Якубам. З апосталам Пятром ён пацярпеў мучаніцтва ў Рыме ў 67 годзе н. э. і ў дванаццаты год кіравання Нерона. Гэтых двух святых апосталаў зазвычай згадваюць разам, бо, як спявае пра іх Касцёл, “у жыцці яны любілі адзін аднаго; у смерці яны неразлучныя”. Некаторыя кажуць, што наш апостал узяў сабе новае імя Павел з павагі да праконсула Сергія Паўла, якога ён навярнуў да веры. Іншыя кажуць, што ягонае новае імя паходзіць ад лацінскага “paulus” — малы, бо, як ён сам кажа ў сваёй глыбокай пакоры, ён найменшы з апосталаў.

Св. Андрэй (30 лістапада). — Св. Андрэй быў братам св. Пятра, аднак ці быў ён старэйшым ці малодшым, Новы Запавет не згадвае. Калі дванаццаць апосталаў дзялілі паміж сабою месцы прапаведавання, св. Андрэю ў якасці плошчы яго працы вызначылі Скіфію. Ён дайшоў у Кападокію, Галатыю, Бітынію і тэрыторыю вакол Чорнага мора і скончыў свае дні, як і ягоны Боскі Настаўнік, памёршы на крыжы. Здарылася гэта, як кажуць найбольшыя аўтарытэты, у Патрах, горадзе ў Ахаі. У IV ст. частка ягоных рэліквій была перанесена св. Рэгулам у Шатландыю, з-за чаго ён лічыцца апекуном гэтай краіны і яе першага рыцарскага ордэна, вядомага як Ордэн Чартапалоху [1]. Таксама ён з’яўляецца апекуном Ордэна Залатога Руна ў Бургундыі, заснаванага Філіпам ІІІ Добрым у 1429 годзе, а таксама ўсёй Расійскай імперыі разам з яе вялікім ордэнам, вядомым як Ордэн святога Андрэя Першазванага. У геральдыцы гэты святы найчасцей выяўлены з крыжам у форме літары “Х”. Калі гэты крыж накласці на крыж св. Георгія і дадаць чырвоныя лініі крыжа св. Патрыка, атрымаецца англійскі сцяг, вядомы пад назвай “Union Jack” [2].

Св. Якуб (25 ліпеня). — Гэты святы апостал, шырока вядомы як Якуб Старэйшы (бо ён старэйшы за св. Якуба, якога называюць “братам Пана”), быў сынам Зэбедэя і Саламеі і братам св. Яна Евангеліста. Гэта быў той апостал, які разам са св. Пятром і св. Янам знаходзіўся пры Перамяненні Пана на гары Табор і ў Аліўным садзе пры Яго агоніі. Як сцвярджаюць Дзеі апосталаў (раздз. 14), Ірад Агрыпа “пачаў пераследаваць некаторых з Касцёла” і забіў Якуба мячом. Здарылася гэта каля 43 года. Цела апостала было спачатку пахавана ў Ерузалеме, але потым перанесена ў Іспанію, дзе, як мяркуецца, ён аднойчы прапаведаваў Евангелле, і складзена ў Ірыі Флавіі, сённяшнім Падроне, у межах Галісіі. Па загадзе караля Леона Альфонса Вялікага яно было перанесена ў Кампастэлу, дзе і да сённяшняга дня знаходзіцца ў мясцовай катэдры. З гэтай прычыны гэты святы апостал быў выбраны апекуном Іспаніі пад імем святога Якуба Кампастэльскага (Sant Iago di Compostella). У 1175 годзе ў яго гонар Фердынанд ІІ заснаваў рыцарскі ордэн св. Якуба.

Св. Ян (27 снежня). — Гэты святы апостал і евангеліст у Новым Запавеце называецца вучнем, якога Пан любіў. Ён быў галілеянінам па нараджэнні. Згодна са старажытнай традыцыяй, ён прабываў у Ерузалеме да смерці нашай Благаслаўлёнай Дзевы, якая, як кажуць, адбылася каля 48 года, а затым пайшоў у Азію, дзе заснаваў сем касцёлаў, якія згадваюцца ў ягоным Апакаліпсісе. Аўтэнтычныя крыніцы сцвярджаюць, што ён памёр і быў пахаваны ў Эфесе, маючы каля ста гадоў. Паводле Палікрата, св. Ян заўсёды насіў на лбе залатую таблічку габрэйскага першасвятара з надпісам “Святыня Яхвэ”. Грэкі зазвычай называюць яго св. Янам Багасловам. З-за яго вялікай чысціні — а ён заўсёды жыў адзін — і з-за яго выключнай блізкасці з нашым Боскім Панам многія Усходнія Айцы лічылі, што ён быў узяты на неба душою і целам, як Энох і Ілля. Хоць ён памёр натуральнай смерцю, усе лічаць яго мучанікам, бо яго спрабавалі катаваць, кінуўшы па загадзе Даміцыяна ў кацёл з кіпячым алеем, з якога ён выйшаў некранутым.

Св. Тамаш (21 снежня). — Паводле агульнага меркавання, гэты апостал быў галілеянінам па нараджэнні. Калі апосталы дзялілі паміж сабою месцы прапаведавання, св. Тамашу выпала Парфія. Кажуць, што смерць напаткала яго ў Індыі, дзе браміны забілі яго кап’ём. Паколькі яго зазвычай называюць няверуючым (бо ён сказаў іншым апосталам, што не паверыць ва ўваскрасенне Пана, пакуль не ўбачыць Яго на свае вочы і не ўкладзе пальцы ў Ягоныя раны), кажуць, што яго свята было пастаўлена на самы кароткі дзень у годзе, каб нагадаць нам пра ягоную малую веру.

Св. Якуб (1 мая). — Другі апостал па імені Якуб — гэта той, каго называлі “братам Пана”, бо менавіта так габрэі зазвычай называлі стрыечных братоў. Таксама яго называюць Якубам Меншым, бо ён малодшы за іншага Якуба, а таксама Справядлівым з-за яго вялікай святасці. Ён быў сынам Алфея і Марыі (сястры Найсвяцейшай Дзевы). Лічыцца, што ён быў першым біскупам Ерузалема, куды яго прызначылі ў хуткім часе пасля Унебаўшэсця Пана. Кажуць, што ён, як і “ўзлюблены вучань”, заўсёды насіў залатую таблічку габрэйскага першасвятара як знак свайго прысвячэння Пану. Паводле Эгезіпа, якога цытуе св. Геранім, гэты апостал прыняў смерць, калі габрэі скінулі яго са сцяны Храма, а потым забілі ўдарам дубіны. Кажуць, што падабенства апостала Якуба да нашага Пана было такім вялікім, што іх цяжка было адрозніць, і нават Юдзе прыйшлося адмысловым жэстам паказаць, каго з іх трэба схапіць. “Каго я пацалую, той і ёсць, — сказаў ён, — схапіце Яго і вядзіце асцярожна” (Мк 14:44). Згодна з паданнем, св. Якуб сказаў, што не будзе есці нічога ад часу Апошняй вячэры да ўваскрасення Пана. Кажуць, што ў хуткім часе пасля ўваскрасення Пан з’явіўся яму і папрасіў ежы, кажучы яму: “Браце мой, еш свой хлеб, бо Сын Чалавечы ўваскрос з тых, што заснулі”. Паводле св. Грыгорыя Турскага, парэшткі гэтага святога застаюцца пахаванымі на Аліўнай гары ў грабніцы, якую ён сам сабе збудаваў. Ён з’яўляецца аўтарам каталіцкага паслання, якое названа ягоным імем і якое фанабэрысты ерэтык Лютэр называў “epistola straminea” — саламяным, нічога не вартым пасланнем, бо яно вельмі ясна казала, што вера без учынкаў мёртвая. Таму пратэстанты і адкінулі яго.

Св. Філіп (1 мая). — Св. Філіп нарадзіўся ў Бэтсайдзе і ў якасці месца працы атрымаў верхнюю Азію. Мучаніцтва ён пацярпеў у вельмі старым узросце ў Іерапалісе, у Фрыгіі. Адна з ягоных рук была перанесена ў 1204 годзе з Канстанцінопаля ў Фларэнцыю; астатняя частка яго цела захоўваецца ў касцёле св. Філіпа і Якуба ў Рыме.

Св. Барталамей (24 жніўня). — Найбольш аўтарытэтныя аўтары сцвярджаюць, што гэты апостал і Натанаэль — адна і тая ж асоба. Кажуць, што ён нарадзіўся ў Кане Галілейскай. Імя Барталамей паходзіць ад сірыйскага бар — сын і ўласнага імя Талмай [3]. Што датычыцца абставінаў смерці гэтага святога, то тут аўтары не згаджаюцца паміж сабою, аднак усе падтрымліваюць версію, што ён памёр мучаніцкай смерцю, якая напаткала яго, па словах св. Грыгорыя Турскага, у Вялікай Арменіі. Кажуць, што адну з ягоных рук біскуп Бэнэвэнта даслаў св. Эдварду Англійскаму (Эдварду Вызнаўцы), які змясціў яе ў Кентэрберыйскай катэдры. У мастацтве апостала Барталамея зазвычай прадстаўляюць з нажом мясніка ў руцэ — меркаванай прыладай яго мучаніцкай смерці. На ўспамін пра гэта ў абацтве Кройлэнд калісьці існаваў дзіўны звычай дарыць такія ж нажы ў свята гэтага святога.

Св. Мацвей (21 верасня). — Згодна з агульным меркаваннем, св. Мацвей нарадзіўся ў Назарэце і працаваў мытнікам. Спачатку яго звалі Левіем, але ён перастаў ужываць гэтае імя, калі стаў апосталам. Месцам яго апостальскай працы называюць Эфіопію — не афрыканскую Эфіопію, а тую, што мае дачыненне да старажытнай Халдзеі. У Надабары — горадзе ў гэтым рэгіёне — ён, як лічыцца, і прыняў сваё мучаніцтва.

Св. Сымон (28 кастрычніка). — Каб адрозніваць гэтага апостала ад Князя апосталаў, якога звалі Сымонам Пятром, а таксама ад св. Сымона, брата Якуба Меншага, яго называюць Сымонам Кананейцам або Сымонам Зілотам. Св. Геранім кажа, што гэты апошні эпітэт з’яўляецца грэцкім эквівалентам габрэйскага “ханааніт” — старанны паслядоўнік. Таму не трэба думаць, што гэты апостал паходзіў з Каны. Згодна з грэцкім меналогіем, гэты апостал пад завяршэнне сваёй дзейнасці дайшоў да Брытаніі, дзе і атрымаў вянок мучаніцтва.

Св. Тадэвуш (28 кастрычніка). — У Новым Запавеце гэты апостал вядомы пад трыма імёнамі: Юда, Тадэвуш і Лебей. Апошняе імя згадваецца ў грэцкім тэксце Евангелля ад св. Мацвея. Лічыцца, што ён змяніў сваё імя Юда на Тадэвуш, каб не мець таго самага імя са здраднікам Юдам Іскарыётам. Іншыя кажуць, што ён зрабіў гэта з павагі да страшнага імя Яхвэ, якога габрэі ніколі не прамаўлялі. Спачатку ён працаваў у Самарыі, затым у Сірыі і на ўсходніх землях. Кажуць, што ён прыняў мучаніцкую смерць у Персіі. Ён напісаў пасланне, якое таксама называецца каталіцкім, бо яно было адрасавана не канкрэтнай супольнасці, а ўсяму хрысціянскаму свету.

Св. Лін (23 верасня). — Св. Лін быў непасрэдным наступнікам св. Пятра на рымскай кафедры, дзе ён кіраваў на працягу дванаццаці гадоў і прыняў мучаніцтва каля 87 года.

Св. Клет (26 красавіка). — Св. Клет быў наступным Папам пасля св. Ліна і кіраваў Касцёлам каля трынаццаці гадоў. Кажуць, што ён прыняў мучаніцтва каля 91 года. Заўсёды было шмат дыскусіі наконт таго, ці адна асоба Клет і Анаклет. Хутчэй за ўсё гэта розныя людзі. Gerarchia Catholica сцвярджае, што Анаклет кіраваў Касцёлам з 100 да 112 года і што ён памёр мучаніцкай смерцю. Таксама абодва адрозніваюцца ў ліберыйскім календары.

Св. Клімэнт (23 лістапада). — Згодна з найбольш надзейнымі крыніцамі, св. Клімэнт, кампаньён і супрацоўнік св. Паўла, быў габрэем па нараджэнні. Апостал язычнікаў асаблівым чынам згадвае яго як таго, чыё імя запісана ў “кнізе жыцця”. Пасланне, напісанае ім да рымскіх хрысціянаў у цяжкія часы выпрабаванняў, разглядалася многімі як натхнёны твор, а з-за яго вялікага падабенства да Паслання св. Паўла да Габрэяў аўтарства апошняга часта ставілася пад пытанне. Кажуць, што св. Клімэнт сустрэў мучаніцкую смерць падчас пераследу Траяна: яму сцялі галаву.

Св. Сікст (6 жніўня). — Ён прыняў мучаніцкую смерць пры імператары Валерыяне ў 258 годзе.

Св. Карнэлій (16 верасня). — Св. Карнэлій быў Папам з 254 да 255 года. Св. Кіпрыян называў яго благаслаўлёным мучанікам.

Св. Кіпрыян (16 верасня). — Гэты святы нарадзіўся ў Карфагене, у Афрыцы, і прыняў мучаніцтва каля 258 года. Кажуць, што калі зачытваўся дэкрэт пра ягонае пакаранне, ён у святой радасці ўсклікнуў: “Deo gratias!” — “Дзякуй Богу!” Імя гэтага святога будуць заўсёды памятаць у сувязі са знакамітай дыскусіяй, якую ён меў з біскупамі Нумідыі наконт сапраўднасці хросту, удзеленага ерэтыкамі. Папа св. Стэфан пастанавіў, што такі хрост сапраўдны і забараніў штосьці змяняць у гэтай справе, кажучы: “Nihil innovetur nisi quod traditum est” — “Няхай не ўводзіцца нічога новага, акрамя таго, што было перададзена”.

Св. Лаўрэнцій (10 жніўня). — Лічыцца, што св. Лаўрэнцій быў іспанцам. Ён прыняў мучаніцкую смерць у 258 годзе на інструменце, падобным да рашоткі, які награвалі дачырвана і клалі на яго гэтага святога. Адзін з найбольш знакамітых помнікаў гэтаму святому — гэта вядомы палац Эскарыял, які знаходзіцца ў 50 км ад Мадрыда і быў закладзены ў 1557 годзе Філіпам ІІ ў знак удзячнасці за перамогу над французамі пры Сэн-Кантэне ў Фландрыі ў свята св. Лаўрэнція. Палац збудаваны ў форме рашоткі: каралеўскія пакоі ўтвараюць ручку, а касцёл — сам гэты інструмент. Пры будаўніцтве выкарыстоўваўся цвёрды граніт; палац мае памеры 208×162 м і 100 м у вышыню. Над адным з яго галоўных уваходаў размешчаны прыгожыя статуі, кожная па 5 м вышынёю: караля Давіда, Саламона, Язафата, Эзэкіі, Манасіі і Ёсіі. Верагодна, гэтае месца — адно з найбольш цікавых ва ўсім свеце.

Св. Хрызагон (24 лістапада). — Пра гэтага святога запісана вельмі мала. Вядома, што ён быў забіты мячом і кінуты ў мора. Пазней ягонае цела знайшлі і перанеслі ў Венецыю. У яго гонар у 599 годзе пабудавалі касцёл у Трастэвэрэ.

Св. Ян і Павел (26 чэрвеня). — Гэтыя два святыя былі братамі і афіцэрамі рымскага войска пры Юліяне Адступніку. Яны прынялі карону мучаніцтва ў 362 годзе.

Св. Косма і Дам’ян (27 верасня). — Існуе тры пары святых, якія маюць імёны Косма і Дам’ян, але ўсе прызнаюць, што менавіта гэтыя пацярпелі мучаніцкую смерць у Рыме пры пераследзе Дыяклецыяна.

Чытач можа заўважыць, што пры пераліку апосталаў у малітве “Communicantes” не згадваюцца св. Марк і св. Лука. Гэта таму, што не вядома, ці былі яны мучанікамі, а ў Каноне згадваюцца толькі мучанікі.

“Communicantes” на Усходзе. — Пратэстанты былі б шчаслівыя лічыць, што “пакланенне святым”, як яны называюць гэтую святую практыку, цалкам характэрнае для Рымскага Касцёла і не мае месца ва Усходніх Касцёлах. Аднак існуюць моцныя доказы, што гэта не так: што Усходні Касцёл, як і Заходні, верыць, вызнае і на практыцы пацвярджае вучэнне, што святых Божых належыць шанаваць, праслаўляць і заклікаць. Абрад прыняцця дарослых у рускім рытуале ўтрымлівае такі артыкул: “Я веру і вызнаю, згодна з разуменнем святой Усходняй Царквы, што святыя, якія ўладараць з Хрыстом у небе, годныя таго, каб іх праслаўлялі і заклікалі, і што іхнія малітвы і заступніцтва ўзрушваюць міласэрнага Бога да збаўлення нашых душ” (Romanoff, Rites and Customs of the Greco-Russian Church, с. 308). Частка армянскай малітвы “Communicantes” кажа: “Пане, праз заступніцтва беззаганнай маці Твайго Адзінароднага Сына, святой Багародзіцы, і праз малітвы ўсіх Тваіх святых і тых, хто згадваецца ў сённяшні дзень, прымі нашыя малітвы” (Smith and Dwight, Researches in Armenia, І, с. 185). Наступны ўрывак паказвае, што нестарыяне трымаюцца таго ж: “О святыя, прарокі, апосталы, настаўнікі, вызнаўцы, мучанікі, святары і пустэльнікі, маліце Хрыста, вашу сілу, за ўсіх нас, каб праз вашыя малітвы мы атрымалі з Яго скарбу адказ на ўсе нашыя малітвы, калі гэта будзе карысна нам” (Badger, ІІ, с. 138). Можна было б і далей цытаваць сведчанні з кожнага ўсходняга абраду, каб паказаць, наколькі святым абавязкам і наколькі эфектыўным сродкам перад Божым тронам лічыцца ўшанаванне святых у кожным з іх. Аднак, паколькі мы ўжо сказалі дастаткова, каб пераканаць любы неперадузяты розум, мы не лічым, што трэба дадаваць штосьці наконт гэтай справы.


[1] Каўнер гэтага ордэна робіцца з чартапалоху і руты. Да аднаго нельга дакрануцца без болю, а другая з’яўляецца супрацьяддзем.

[2] “Jack” тут не што іншае, як скажэнне французскага імя “Jacques”, Якуб. Назва пайшла ад таго факту, што пры ўзыходжанні на трон караля Якуба І, крыж св. Георгія і крыж св. Андрэя былі з’яднаныя ў адно, фарміруючы першапачатковы “Union Jack”.

[3] Перад вавілонскім пленам габрэі размаўлялі на сапраўднай габрэйскай мове, і сына называлі словам “бэн”: Бэньямін — сын маёй правіцы, Бэноні — сын майго болю. Аднак пасля плену, калі размаўлялі ўжо не на чыстай габрэйскай мове, а на арамейскай, або сірыйскай, сын абазначаўся словам “бар”: Бар-Ёна — сын Ёны, Барцімей — сын Цімея, Бараба (даволі дзіўна) — сын свайго бацькі.


Аўтар: Джон О’Браен (John O’Brien), A. M., прафесар святой Літургіі ў Каледжы Маўнт Сэйнт Мэры (Mount St. Mary’s College), Эмітсбург, Мэрылэнд, ЗША.
Выданне: A History of the Mass and Its Ceremonies in the Eastern and Western Church (15 ed., 1879).
Ілюстрацыя: Фра Беата Анджэліка, “Папярэднікі Хрыста са святымі і мучанікамі” (1423-1424).

Пакінуць каментар

Scroll Up