23.06.2018 / Maike Hickson

Кардынал Брандмюлер выпраўляе факты ў сувязі з нямецкай інструкцыяй наконт інтэркамуніі🕑 5 хвілін

У святле каментарыяў Папы Францішка пра нямецкую інструкцыю наконт інтэркамуніі, якая дазваляе некаторым пратэстанцкім сужэнцам каталікоў прыступаць да святой Камуніі, кардынал Брандмюлер нагадвае каталікам фундаментальныя прынцыпы, звязаныя з гэтай справай. Ён кажа, што існуе толькі некалькі выпадкаў крайняй неабходнасці, калі хрысціяне, члены ўсходніх праваслаўных цэркваў, могуць прымаць святую Камунію [у каталіцкіх касцёлах]. Ён таксама сцвярджае: “Толькі праўда робіць нас свабоднымі”.

21 чэрвеня Папа Францішак даў некаторым журналістам яшчэ адно інтэрв’ю ў паветры па дарозе з Жэневы ў Рым. У гэтым новым інтэрв’ю ён раптоўна пачаў абараняць неадназначную нямецкую інструкцыю наконт інтэркамуніі, называючы яе “добра зробленай” і “добра прадуманай, з эклезіяльным [sic] духам”. Цяпер ён таксама заявіў, што нямецкая інструкцыя знаходзіцца ў адпаведнасці з Кодэксам кананічнага права 1983 года: “[Нямецкія] біскупы жадалі сказаць ясна тое, што знаходзіцца ў Кодэксе”. Папа дадаў, што з нямецкай інструкцыяй няправільна тое, што яе зрабіла сама нямецкая біскупская канферэнцыя, а ККП не прадугледжвае таго, што канферэнцыя можа кіраваць такімі справамі. Францішак сцвярджае: “Справа паслізнулася тут, гэта значыць на словах, што гэта для нямецкай біскупскай канферэнцыі. І тут ёсць праблема, таму што Кодэкс не прадугледжвае гэтага. Ён прадугледжвае дыяцэзіяльнага біскупа, а не біскупскую канферэнцыю” [вылучэнне дададзена]. Праблемай, па словах пантыфіка, быў “не столькі змест”. Таксама ён, здаецца, хоча сказаць, што нямецкая інструкцыя пасля дапрацоўкі будзе нарэшце апублікавана: “Я лічу, што гэта [нямецкая інструкцыя] будзе добрым кіруючым дакументам”, маючы гэтым самым на ўвазе, што хутка яна з’явіцца ў менш-больш такім жа выглядзе. У якасці мэты называецца наступная: каб кожны дыяцэзіяльны біскуп мог кіраваць тым, што кананічнае права ўжо дазваляе.

Як мы ўбачым, кардынал Вальтэр Брандмюлер выпраўляе некаторыя сцвярджэнні, зробленыя Папам, хоць нават у сваім каментарыі ён і не называе яго канкрэтна. Заява Брандмюлера пад назвай “Святая Камунія для некаталіцкіх сужэнцаў у змяшаных сужэнствах?” была апублікавана сёння аўстрыйскім каталіцкім навінавым парталам Kath.net. У ёй кардынал закранае тры важныя рэчы:

  1. Кодэкс кананічнага права, кан. 844 § 4 прадугледжвае, што хрысціянін-некаталік можа прыняць святую Камунію “пры небяспецы смерці” або ў падобнай небяспечнай сітуацыі пры ўмове, што ён “свабодна просіць аб святой Эўхарыстыі”, “падзяляе каталіцкую веру ў святую Эўхарыстыю”, што ён “не можа звярнуцца да служыцеля сваёй супольнасці” і што “ён знаходзіцца ў стане ласкі”. Як Брандмюлер нагадвае нам, “небяспечнасць сітуацыі” трэба ацэньваць “у згодзе з суджэннем мясцовага біскупа або біскупскай канферэнцыі [sic]”.
  2. Каталіцкі Касцёл меў у дадзеным выпадку на ўвазе “праваслаўных хрысціянаў або хрысціянаў з Блізкага Усходу, якія ўсё адно падзяляюць каталіцкую веру ў Эўхарыстыю” і якія часта жывуць у стане дыяспары, дзе рэдка сустракаюцца са сваім уласнымі святарамі.
  3. Гэты канон нельга прымяняць да пратэстанцкіх сужэнцаў каталікоў у сітуацыях штодзённага жыцця: “Відавочна, што перадумовы для прымянення кан. 844 § 4 абсалютна не адпавядаюць канкрэтнаму выпадку некаталіцкіх сужэнцаў каталікоў”.

Затым кардынал Брандмюлер вяртаецца да таго факту, што гэты канон прымяняецца ў “крайніх сітуацыях” (вайна, пераслед, прыродныя катастрофы) і што мясцовы біскуп або біскупская канферэнцыя могуць вынесці суджэнне наконт характару гэтых сітуацый. Затым ён дадае, што такой “крытычнай сітуацыі” “няма ў выпадку нямецкай інструкцыі наконт інтэркамуніі і яе спробы дапусціць некаталіцкіх сужэнцаў каталікоў да святой Камуніі з нейкай спасылкай на іх духоўнае няшчасце”.

Акрамя таго, нямецкі кардынал уздымае пытанне таго, чаму гэтыя некаталіцкія сужэнцы проста не папросяць адпаведным чынам прыняць іх у Каталіцкі Касцёл. “Можна быць альбо цалкам каталіком, альбо не быць ім увогуле; выбіраць з меню немагчыма”. На думку кардынала Брандмюлера, ёсць шмат хрысціянаў, для якіх “пытанне праўды не адыгрывае аніякай ролі альбо, калі і адыгрывае, то толькі другасную ролю”. “Просты клей прагматызму, які забыўся пра праўду, не можа аднавіць разбітую еднасць веры. Толькі праўда робіць нас свабоднымі”, — заключае ён [вылучэнне дададзена].

Такім чынам, сваімі ветлівымі заўвагамі кардынал Брандмюлер выпраўляе заяву Папы Францішка пра тое, што, паводле кананічнага права, біскупская канферэнцыя не павінна быць уцягнута ў справу святой Камуніі для некаталікоў. Ён таксама выпраўляе папскае сцвярджэнне, што нямецкая інструкцыя адпавядае кананічнаму праву. І, нарэшце, ён яшчэ раз ясна кажа, што звыклае прыняцце святой Камуніі некаталікамі абсалютна не прадугледжана і не дазваляецца касцёльным правам.

Што важна, нават старонка нямецкага епіскапату Katholisch.de сёння ўзняла пытанне пра дакладнасць і лагічнасць нядаўніх папскіх слоў наконт нямецкай інструкцыі. Роланд Юхем, той самы журналіст, які на шляху з Жэневы пытаўся ў Папы пра нямецкую інтэркамунію, паблажліва каментуе гэтае папскае інтэрв’ю, кажучы, што такія спантанныя каментарыі Папы падрыхтаваныя горш за яго афіцыйныя прамовы. Затым Юхем указвае на некаторыя памылкі Папы, напрыклад, што ён неадназначна кажа: “Таму што рэч, зацверджаная біскупскай канферэнцыяй, адразу становіцца ўніверсальнай” [італ. universale]. Юхем каментуе: “Пад гэтым маецца на ўвазе, што яна “рэлевантная для Паўсюднага Касцёла”. Таму што адно рашэнне вялікай біскупскай канферэнцыі аказвае на Паўсюдны Касцёл не такі эфект, як рашэнне адзінага біскупа”.

“Другая складанасць”, якую, па меркаванні Юхема, стварыў Папа Францішак, гэта тое, што ён заявіў, што біскупская канферэнцыя, згодна з кананічным правам, не можа выносіць суджэнне наконт “сітуацый неабходнасці”. “Справа ясная, — робіць выснову Юхем, — што біскупская канферэнцыя, згодна з кананічным правам, таксама можна рэгуляваць такія пытанні”.

Як мы паведамлялі раней, нямецкі каталіцкі часопіс Die Tagespost нядаўна зрабіў агляд, падлічыўшы, колькі нацыянальных біскупскіх канферэнцый ужо выдалі канкрэтныя пастырскія інструкцыі наконт характару гэтых “сітуацый неабходнасці”. Агулам іх 21. Die Tagespost сцвярджае, што ні ў воднай з гэтых інструкцый дазвол прымаць святую Камунію пратэстанцкім сужэнцам каталікоў не даецца.

Разбіраючыся з пытаннем святой Камуніі для некаталікоў, варта разгледзець характар і вучэнне Традыцыі ў гэтай справе. Рымскі карэспандэнт Эдвард Пенцін апублікаваў у сваім твітэр-акаўнце параўнанне Кодэкса кананічнага права 1917 года з новым Кодэксам кананічнага права 1983 года (кан. 844). Кодэкс кананічнага права 1917 года (574) ясна сцвярджае: “Забараняецца ўдзяляць сакрамэнты Касцёла ерэтыкам і схізматыкам, нават калі яны знаходзяцца ў добрай веры і просяць аб іх, калі толькі яны спачатку не адмовяцца ад сваіх пымылак і не паяднаюцца з Касцёлам”. (Нагадаем нашым чытачам, што ў нядаўнім інтэрв’ю з OnePeterFive біскуп Атаназіус Шнайдэр крытыкаваў канон 844, кажучы пра “праблематычны і супярэчлівы прынцып канона 844 Кодэкса кананічнага права”.)

У сувязі з новымі заявамі Папы Францішка пра нямецкую інструкцыю наконт інтэркамуніі застаецца толькі шчыра здзіўляцца, навошта былі ўсе гэтыя лісты Кангрэгацыі дактрыны веры і сустрэчы ў Рыме.

У панядзелак і аўторак на наступным тыдні нямецкія біскупы збяруцца на сваю планавую сустрэчу. Мы пачуем пра тое, што самі яны могуць сказаць пра будучыню і характар іхняй пастырскай інструкцыі наконт інтэркамуніі.

Пасля ўсіх гэтых неадназначных пасланняў, якія прыходзяць да нас ад Папы, нам прыйдзецца чакаць чарговага паведамлення з Ватыкана, у якім будзе растлумачана, што насамрэч меў на ўвазе Папа і што насамрэч кажа кананічнае права ў святле Традыцыі.


Аўтар: Maike Hickson
Крыніца: OnePeterFive
Ілюстрацыя: Joseph Shaw (CC BY-NC-SA).

Тэкст перакладзены з англійскага арыгінала і апублікаваны з дазволу рэдакцыі 1Р5.

Пакінуць каментар

Scroll Up