Для мяне і, думаю, для большасці традыцыяналістаў відавочна, што візантыйская Боская літургія і традыцыйная Рымская Імша знаходзяцца ў блізкай духоўнай сувязі і што Novus Ordo адыходзіць ад іх супольнай спадчыны.

Аднак часам можна спаткаць візантыйскіх каталікоў, якія зводзяцца павярхоўным падабенствам паміж візантыйскай літургіяй і Novus Ordo (напрыклад тым, што яны зазвычай служацца на народнай мове, а малітвы прамаўляюцца гучным голасам) і відавочнай розніцай паміж візантыйскай літургіяй і традыцыйным рымскім абрадам (напрыклад тым, што ў апошнім больш цішыні і што людзі ў ім выконваюць менш “актыўную” ролю) і сцвярджаюць, што візантыйская літургія і Novus Ordo больш духоўна блізкія. Адпаведна, калі б ім прапанавалі выбар, яны аддалі б перавагу новай форме рымскага абраду, а не старэйшай. Сапраўды, прыхільнікі і апалагеты рымскай літургічнай рэформы часта робяць выгляд аматараў усходняй традыцыі і ўказваюць на многія з выгляду “ўсходнія” рысы новай рымскай літургіі.

Вось жа, калі гэта праўда, што візантыйская літургія і традыцыйная лацінская літургія маюць паміж сабою больш супольнага, чым кожная з іх мае з Novus Ordo, нам варта ясна паказаць, у чым заключаецца гэтае падабенства. Я прапаную засяродзіцца на наступных прынцыпах, якія я спачатку дам у форме спісу, а потым разгледжу падрабязна:

1. Прынцып традыцыі.
2. Прынцып таямніцы.
3. Прынцып узнёслага стылю.
4. Прынцып цэласнасці або стабільнасці рытуалу.
5. Прынцып канцэнтрацыі.
6. Прынцып сур’ёзнай і пастаяннай падрыхтоўкі.
7. Прынцып праўдзівасці.
8. Прынцып іерархіі.
9. Прынцып паралельнасці.
10. Прынцып раздзельнасці.

1. Прынцып традыцыі. Як традыцыйная рымская Імша, так і візантыйская літургія з’яўляюцца вынікам арганічнага развіцця старажытнай апостальскай асновы і перадаваліся праз стагоддзі жывой веры. Нягледзячы на тое, што тая ці іншая літургія можа прыпісвацца нейкаму вядомаму святому, напрыклад св. Яну Хрызастому ці св. Базылю, фактычна абрад з’яўляецца працай многіх людзей, якіх мы не можам назваць па імені. Ані візантыйская літургія, ані класічная рымская літургія не з’яўляюцца прадуктам працы камісіі, складзенай з экспертаў-авангардыстаў, якія не маюць стасункаў з простымі людзьмі і захапляюцца моднымі тэорыямі, якія ўжо доўгі час выйшлі з ужытку. Гэта можна назваць прынцыпам традыцыі — прыняцця таго, што перададзена. Кажучы простымі словамі, літургія з’яўляецца добрай не таму, што касцёльная ўлада лічыць яе добрай; хутчэй Касцёл ведае, што яна добрая, таму што ён атрымаў яе. Тут мы сустракаемся з коранем дзіўнага заходняга ультрамантанства, прыхільнікі якога лічаць, што літургія — гэта не што іншае, як рэч, уведзеная папскай уладай, быццам літургія з’яўляецца бясконца пластычнай глінай, форма якой цалкам залежыць ад жадання скульптара. Да Паўла VI папская ўлада ўводзіла тое, што ўжо ведалі і любілі ў Касцёле як традыцыйнае [1].

2. Прынцып таямніцы. Кожная з гэтых літургій праяўляе прынцып таямніцы, калі літургія з’яўляецца намацальна сакральнай, калі яна з’яўляецца працай і цудам, які Бог здзяйсняе сярод нас і да якога чалавеку дазволена далучацца ў страху і з трымценнем. Традыцыйная літургія — нібы воблака, у якім прабывае Бог і да якога асмельваецца набліжацца Майсей. У ёй няма адчування, што мы маем справу з планам, якім кіруюць мэнэджэры кампаніі і ў якім мы чытаем шмат тэкстаў і дзелім заданні. Мы ляжым ніцма на святой зямлі перад палаючым кустом Божага самааб’яўлення.

3. Прынцып узнёслага стылю. Малітвы і чытанні ў традыцыйных літургіях Захаду і Усходу альбо спяваюць кантары, дыяканы, субдыяканы і хары, альбо шэпча ў прэзбітэрыі святар, аднак нідзе іх не чытаюць, як штодзённыя навіны або школьны ўрок. Да гэтай узнёсласці належыць і тое, што мы называем “высокай мовай”. На Усходзе яна набывае форму тонкіх паэтычных кампазіцый; на Захадзе — шанаваных лацінскіх выразаў. Лаціна з’яўляецца настолькі ж сапраўднай, адпаведнай і канчатковай мовай Рымска-каталіцкага Касцёла, як народныя мовы з’яўляюцца мовамі ўсходніх абрадаў. [ЗАЎВАГА: Чытачы аспрэчылі маю заяву пра тое, што мовы ўсходніх абрадаў можна называць народнымі без дадатковых тлумачэнняў. Гл. мой каментарый пад артыкулам. — П. К.] Тое, што працягвалася на Захадзе 1600 гадоў, гэта не выпадковае здарэнне, а канстытутыўны прынцып, як заявіў св. Ян ХХІІІ ў сваёй апостальскай канстытуцыі Veterum sapientia, падпісанай на алтары базілікі св. Пятра ў 1962 годзе. Тыя, хто ўдзельнічае ў usus antiquior, добра разумеюць магутны ўплыў, які аказвае на вернікаў цырыманіяльнае выкарыстанне старажытнай мовы, што з цягам часу набыла неспасцігальную моц. Сам той факт, што гэтая мова адмыслова аддзелена, так бы мовіць, кансэкравана для выкарыстання ў публічным кульце Касцёла, аб’ектыўна прадстаўляе і суб’ектыўна стымулюе тое аддзяленне сакральнага ад прафаннага, якое знаходзіцца ў сэрцы ахвярнай рэлігіі.

4. Прынцып цэласнасці рытуалу. Як Боская літургія, так і традыцыйная лацінская Імша існуюць яшчэ перад нейкай канкрэтнай цэлебрацыяй як вызначаныя, цалкам прапісаныя абрады, якім духавенства і свецкія вернікі следуюць з пакорнай паслухмянасцю. Малітвы, антыфоны, чытанні, жэсты і спевы замацаваны і прадпісаны, а перадусім анафара — найбольш святая малітва — альбо ніколі не змяняецца (на Захадзе), альбо вызначаецца літургічным календаром (на Усходзе). Адпаведна, прыватныя перавагі ці выбары цэлебранта ніколі не маюць кіруючай ролі. Гэты прынцып можна назваць таксама прынцыпам стабільнасці, таму што цэласнасць рытуалу гарантавана дае духавенству і вернікам нерухомую скалу, на якой яны могуць будаваць сваё духоўнае жыццё.

5. Прынцып канцэнтрацыі. Старажытная рымская літургія, таксама як і візантыйская, прасякнута дагматычным, маральным, аскетычна-містычным зместам. Малітвы ў іх цяжкія, багатыя і поўныя пабожнасці. Гэта паэтычны габелен са Святога Пісання і іншых пабожных выразаў. У параўнанні з гэтымі літургіямі Novus Ordo выглядае вельмі небагата. Прыгадайце разнастайныя трапары візантыйскай традыцыі альбо багацце зменных антыфонаў у рымскім абрадзе, а таксама калекты, сакрэты і малітвы пасля Камуніі, з якіх амаль нічога не выжыла ў першасным выглядзе пасля абцінаючага [*] скальпеля Камісіі [2].

6. Прынцып падрыхтоўкі. З папярэднім прынцыпам цесна звязаны прынцып сур’ёзнай і пастаяннай падрыхтоўкі. І на Усходзе, і на Захадзе духавенства і прыслугоўваючыя перад літургіяй старанна рыхтуюцца да сваёй працы ці то пры крэдэнсе, суправаджаючы падрыхтоўку ахвяраванняў шматлікімі малітвамі, ці то каля прыступак алтара, рэцытуючы псальм 42, “Confiteor” і малітвы ўзыходжання. Як можна ўявіць сабе шпацыраванне з сакрыстыі і падыход проста да алтара, быццам бы гэта не такая ўжо і вялікая справа? Быццам хтосьці ідзе на дабрачынную вячэру са зборам ахвяраванняў?

Кэтрын Піксток вельмі добра заўважыла, што паўтарэнне малітваў ва ўсіх аўтэнтычных літургіях з’яўляецца невыпадковым і мае вялізнае духоўнае значэнне. У візантыйскай літургіі ад пачатку да канца святар часта моліцца ціхім голасам, зноў і зноў рыхтуючыся да наступнага цудоўнага кроку, які вядзе яго ў таямніцы Хрыста. Сапраўдная рымская літургія таксама не выключэнне: багаты аферторый, тры малітвы падрыхтоўкі да Камуніі, малітвы пры абмыванні, “Placeat” і Апошняе Евангелле. Як у Боскай літургіі, так і ў рымскім usus antiquior мы знаходзім шмат паўтораў пэўных малітваў: у першай гэта літаніі з “Госпадзе, змілуйся” або “Дай нам, Госпадзе”; у апошнім гэта дзевяціразовае “Kyrie”, патройны “Confiteor”, двайное “Domine, non sum dignus” (прамаўляецца двойчы, каб паказаць розніцу паміж Камуніяй святара і вернікаў) [3].

7. Прынцып праўдзівасці. У традыцыйных лекцыянарыях евангельскае пасланне прадстаўлена ва ўсёй паўнаце: як простыя часткі, так і “цяжкія”. Добра вядома, што ў Novus Ordo Святое Пісанне моцна адрэдагавана і падпарадкавана сучасным тэндэнцыям [4]. Кажучы больш шырока, традыцыйны lex orandi ўтрымлівае і перадае з апостальскім запалам поўны lex credendi Каталіцкага Касцёла, не падладжваючыся пад сучасную адчувальнасць ці крыўдлівасць. Такім чынам, калі ўзяць адзін прыклад з тысячы, у старым абрадзе неаслабна выкладаюцца пракляцце Юды і рэальная магчымасць пекла для кожнага з нас, а таксама багата выкарыстоўваюцца праклінаючыя псальмы, скіраваныя супраць нашых духоўных ворагаў. У Novus Ordo такія рэчы выразаюцца або моцна скарачаюцца [5]. У гэтым сэнсе новая Імша не перадае паўнату веры, якую мы знаходзім у Святым Пісанні, у Айцоў, у дакументах Сабораў і ў дактароў Касцёла. У гэтым сэнсе яна не выконвае сваёй ролі lex orandi прававернага Касцёла.

Фактычна, многія артыкулы веры, якія можна бачыць і чуць у старых літургіях, у новай рымскай літургіі трэба даследаваць і слепа прымаць, таму што сам абрад не робіць іх відавочнымі. У якасці прыкладаў паглядзіце на пашану, якая належыць святым, або на пакланенне, якое трэба аказваць Найсвяцейшаму Сакрамэнту. Той, хто ўдзельнічае альбо ў візантыйскім абрадзе, альбо ў традыцыйнай рымскай літургіі, атрымае інтуітыўны досвед пашаны да святых і пакланення Эўхарыстыі. У новым жа рымскім абрадзе сістэматычна змяншаецца фокус на святых [6], а таксама прыбіраюцца знакі пашаны, якія аказваюцца страшным таямніцам Хрыста.

8. Прынцып іерархіі праяўляецца ў ясным раздзяленні роляў святара, дыякана, субдыякана, акаліта, кантара і г. д. У Імшы Novus Ordo, з яе нястрогімі інструкцыямі наконт дзеянняў свецкіх асобаў у прэзбітэрыі, гэтая неўзаемазамяняльная разнастайнасць роляў губляецца і разбаўляецца. Ані візантыйская, ані аўтэнтычная рымская літургія не дазваляюць не апранутаму адпаведным чынам свецкаму чалавеку свабодна ўвайсці ў прэзбітэрый і выканаць справу, якая належыць духавенству, а тым больш трымаць рукамі Найсвяцейшую Эўхарыстыю. Ідэнтычнасць святара як пасрэдніка паміж Богам і чалавекам у гэтых літургіях старанна паважаецца і паказваецца ў дзеянні, падобна як паказваецца ў дзеянні і паважаецца ідэнтычнасць свецкага чалавека як актыўнага ўдзельніка ахвяры.

Літургія з’яўляецца ўцелаўленнем сапраўднай эклезіялогіі, а не яе ўяўнай альтэрнатывы. З Імшы Novus Ordo немагчыма вынесці звязнае і поўнае разуменне іерархічнай прыроды Містычнага Цела, тады як гэта можна лёгка зрабіць як з Боскай літургіі, так і з традыцыйнай рымскай Імшы. Адпаведна, і ўдзел у традыцыйных літургіях і ў новым рымскім абрадзе разумеюцца фундаментальна розным чынам. Правільны погляд заключаецца ў тым, што ўдзел павінен адпавядаць адмысловым ролям розных частак цела і што ён павінен быць бачны ўсім у адзенні, паставе цела, месцазнаходжанні асобы і даручаных — і не даручаных — удзельнікам справах [7].

9. Прынцып паралельнасці звязаны з прынцыпам іерархіі. У любой аўтэнтычнай усходняй ці заходняй літургіі мы ўбачым, што некалькі рэчаў адбываюцца адначасова (карыстаючыся тэхнічным тэрмінам, можна сказаць, што гэта “паралельныя” літургіі). Дыякан кіруе літаніяй, пакуль святар прамаўляе свае ўласныя малітвы; людзі спяваюць “Sanctus”, а святар пачынае Канон. Тыя, хто наведвае альбо візантыйскую, альбо традыцыйную лацінскую літургію, пачынаюць успрымаць літургію як шматслойнае дзеянне, складзенае з многіх індывідуальных дзеянняў, што сыходзяцца да агульнай мэты. І гэта напэўна не лагічная паслядоўнасць дыскрэтных актаў, дзе ў той самы час можа адбывацца толькі адна рэч (як у “паслядоўнай”, або “модульнай”, літургіі накшталт Novus ordo) [8].

10. Прынцып раздзельнасці. Усе аўтэнтычныя хрысціянскія літургіі захоўваюць і рытуальна выкарыстоўваюць тэалогію, упісаную ў архітэктуру святыні Старога Запавету, якая, як вучыць Пасланне да Габрэяў, здзейснілася ў Хрысце і таму навечна застаецца сімвалам нашай Эўхарыстычнай ахвяры. На Усходзе аддзяленне прэзбітэрыя, або святога святых, ад навы больш відавочнае дзякуючы наяўнасці іканастаса, уваходзіць за які могуць толькі некаторыя члены духавенства. На Захадзе завесы саступілі месца загародам [rood screen], якія ў большасці месцаў зменшыліся да камунійнай балюстрады, аднак прэзбітэрый заўсёды заставаўся асобным, прыўзнятым месцам, недаступным для свецкіх вернікаў. Акрамя таго, у заходняй літургіі візуальны іканастас саступіў месца “гукаваму” іканастасу лацінскай мовы і цішыні. Сакральная мова і ахінаючая адсутнасць гукаў закрываюць покрывам святое святых і абараняюць святыя таямніцы ад прафанацыі праз несур’ёзныя адносіны. Такім чынам, усходняя і заходняя літургіі закрываюць наш твар перад Прысутнасцю рознымі спосабамі, абедзве робяць гэта вельмі эфектыўна, звяртаючы ўвагу верніка на схаваную Божую славу.

Акрамя гэтых прынцыпаў, якія, відавочна, указваюць на саму прыроду Божага культу, існуе цэлы тузін рэчаў, якія не абавязкова характарызуюць Імшу Novus Ordo, аднак суправаджаюць яе ў 99 % выпадкаў, напрыклад, пастава versus populum. Пасля пяцідзесяці гадоў таго, як духавенства стаяла тварам да людзей амаль заўсёды і ўсюды, і пасля папскіх заўваг тым, хто асмельваецца думаць іначай, нават самы аптымістычны прыхільнік рэформы рэформы не можа сцвярджаць, што пастава versus populum не характарызуе Імшу Novus Ordo ў розумах яе архітэктараў, стваральнікаў і канчатковых карыстальнікаў.

Прыведзеная ніжэй табліца падсумоўвае нашыя высновы (павялічыць).У параўнанні з Novus Ordo візантыйская літургія выглядае як кароль побач з жабраком, як Рэмбрант побач з карыкатурай, як банкет пасля голаду. Аднак у параўнанні з традыцыйным рымскім абрадам ва ўсім яго складаным ззянні і арганізаванай урачыстасці яна выглядае як роўная пры стале традыцыі. Мы не цэнім працу Духа Святога ў Заходнім Касцёле, калі кажам пра візантыйскую літургію як пра “залаты стандарт”, тады як рымскі абрад ва ўсёй сваёй паўнаце — які, на жаль, рыма-каталікі так рэдка бачаць! — цалкам ёй адпавядае. Калі і паказваць на дзверы, то сысці павінна Імша Novus Ordo, таму што яна не можа прэтэндаваць на месца пры каралеўскім стале аўтэнтычных літургічных абрадаў.

У гэтым месцы хтосьці можа запярэчыць, сказаўшы, што Novus Ordo можна служыць тым спосабам, які будзе знаходзіцца “ў неразрыўнасці” з папярэдняй рымскай традыцыяй (а значыць спосабам, вельмі падобным да Боскай літургіі). Мой адказ просты. Некаторыя з пералічаных дзесяці прынцыпаў увогуле не прадстаўлены ў Novus Ordo, нават у самой задумцы (сюды я адношу прынамсі прынцыпы 1, 4, 5, 6, 7 і 9), тады як астатнія прынцыпы (2, 3, 8 і 10) могуць праяўляцца, а могуць і не праяўляцца ў залежнасці ад таго, хто “ўзначальвае” літургію. Карацей кажучы, яны магчымыя, але не абавязковыя. Гэты факт сам па сабе дэманструе анты-традыцыйны характар Імшы Novus Ordo, у выпадку якой сувязь з традыцыяй залежыць ад свабодных рашэнняў цэлебранта, а не ад прытрымлівання ўстаноўленых правілаў [9]. Такім чынам, Novus Ordo можна служыць квазі-традыцыйным спосабам, тады як візантыйская і трыдэнцкая літургіі павінны служыцца традыцыйным спосабам — тут няма выбару [10].

Толькі ў адным гэтым адрозненні мы можам бачыць амаль бясконцую прорву, якая аддзяляе сучасны рымскі абрад ад любога гістарычнага абраду хрысціянства, заходняга ці ўсходняга. Ягоная беднасць у дактрынальным, маральным, рубрыкальным і цырыманіяльным плане, ягоная модульная, лінейная, рацыяналістычная структура і ягоны “апцыяніт” аддзяляюць яго па сутнасці ад сферы сакральнай культуры, якую рымскі usus antiquior і візантыйская Боская літургія наследуюць разам. Да гэтай сітуацыі можна прымяніць словы Абрагама з прыпавесці пра багача і Лазара: “І да ўсяго гэтага паміж намі і вамі вялізная прорва, так што тыя, хто хоча, не могуць перайсці адсюль да вас, ні адтуль да нас не могуць перайсці” (Лк 16:26).

Што сапраўды здзіўляе, улічваючы вышэйсказанае, ды гэта наколькі шмат візантыйскіх каталікоў і “экспертаў” ва ўсходняй літургіі — іх найбольш яскравым прадстаўніком з’яўляецца Роберт Тафт SJ — аддаюць перавагу “рэфармаванай” рымскай літургіі, не заўважаючы агромністых разыходжанняў і супярэчнасцяў паміж яе прынцыпамі кампазіцыі і выканання і прынцыпамі, супольнымі для візантыйскай і традыцыйнай лацінскай літургіі, пра якія я сказаў вышэй. Сапраўды, не будзе перабольшваннем сказаць, што літургія Паўла VI як у цэлым, так і ў дэталях з’яўляецца дэфармацыяй лацінскай літургіі і не можа разглядацца як аўтэнтычны гістарычны каталіцкі абрад. Таму візантыйскія каталікі аддаюць перавагу Novus Ordo толькі з-за глыбокай непаслядоўнасці, зважаючы на другасныя і трацічныя характарыстыкі і праглядаючы, церпячы і нават, здаецца, ухваляючы яе адхіленні ад фундаментальных прынцыпаў класічнай літургіі.

Праблема тут не проста гіпатэтычная. Як мы ведаем, літургісты дзесяцігоддзямі разважалі пра тое, як можна “рэфармаваць” усходнія каталіцкія абрады, каб прывесці іх у адпаведнасць з канстытуцыяй Sacrosanctum concilium і чарцяжамі Буньіні. Супольнае дзеянне забабонаў на карысць шматкультурнага плюралізму, уласцівага Усходу кансерватызму і адсутнасці цэнтралізаванай улады, здольнай навязаць гіганцкія літургічныя змены, пакуль што вызваліла ўсходнія абрады ад найгоршых эксцэсаў літургічнай рэформы. Але гэты крохкі мір можа калісьці скончыцца, асабліва калі лідары Касцёла будуць і далей праяўляць ганарыстасць і недабачлівасць, якімі яны адзначаліся на працягу апошніх пяцідзесяці гадоў. Таму кожнаму ўсходняму хрысціяніну і кожнаму, хто сімпатызуе Рыму, належыць зразумець тыя памылкі, якія прывялі да Паўлавых абрадаў і якія моцна заселі ў іх, — і аказваць супраціў кожнаму спрашчэнню, кампрамісу і навізне ў сваім уласным літургічным жыцці.

Вяртаючыся да пачатку: візантыйскім каталікам, якія любяць сваю ўласную літургічную традыцыю, варта пазнаёміцца з заходняй літургічнай традыцыяй, захаванай і перададзенай у usus antiquior, і — менавіта з-за любові да таго, што ёсць супольнага паміж Усходам і Захадам, — пазбягаць новай рымскай літургіі, якая змешвае непаслядоўнае антыкварыянства і сучасныя навінкі, кагнітыўны дысананс і разрыў з хрысціянскай традыцыяй. Гэта не што іншае, як знак для грэцкай і лацінскай традыцый, які супярэчыць спрадвечным дагматычным і маральным праўдам, якія літургія заўсёды прадстаўляла і выхоўвала ў верніках. Рымскія і візантыйскія каталікі знаходзяцца ў бяспецы, у добрых руках, калі ўдзельнічаюць у аўтэнтычных абрадах адно аднаго; аднак ніхто з іх не можа адчуваць сябе бяспечна, удзельнічаючы ў Novus Ordo.

Я закончу словамі Марціна Мозэбаха: “Усялякае імкненне да экуменізму, хоць і з’яўляецца неабходным, павінна пачынацца не з прыцягваючых увагу сустрэч з усходнімі іерархамі, а з аднаўлення лацінскай літургіі, якая прадстаўляе сабою сапраўдную сувязь паміж Лацінскім і Грэцкім Касцёламі” [11].

Заўвагі

[1] Джэфры Хал у кнізе “The Banished Heart” паказвае, што праблема папскага ўмяшальніцтва ў літургію працягваецца ўжо шмат стагоддзяў. Тым не менш ён прызнае тую прорву, якая раздзяляе штосьці, што рабілі Папы да Паўла VI, і вялізны разрыў, створаны Манціні. Гэта розніца ў якасці, а не толькі ў ступені. Я ведаю аднаго каталіцкага філосафа, які сапраўды сцвярджае, што адзіная прычына, чаму абрад Імшы з’яўляецца сапраўдным, дык гэта таму што так пастанавіў Папа і што калі б Папа хацеў разбурыць увесь змест абраду і замяніць яго чымсьці абсалютна іншым, гэта быў бы сапраўдны каталіцкі абрад пры ўмове, што ён утрымліваў бы словы кансэкрацыі.

[2] Карл Олсан заўважае наступнае: “Я наведваю візантыйскую парафію вось ужо 20 гадоў, і цікава, што хоць усходнія літургіі не адзначаюцца такой жа цішынёю, як лацінская Імша, — фактычна, у візантыйскай літургіі мала цішыні — яны маюць глыбокае падабенства ў пашане, трансцэндэнцыі і тэалагічнай глыбіні. Калі шчыра, то ад слухання многіх малітваў, што выкарыстоўваюцца ў Novus Ordo, я вар’яцею. Іншымі словамі, Боская літургія і лацінская Імша прамаўляюць да розуму, сэрца і пачуццяў тымі таямнічымі і глыбокімі спосабамі, якія, хоць і могуць у пэўнай ступені ўспрымацца суб’ектыўна, служаць аб’ектыўнай праўдзе і боскай рэальнасці”.

[3] Я добра разумею, што гэтыя малітвы напрацоўваліся з часам і што, напрыклад, Апошняе Евангелле з’яўляецца познім дадаткам. Але ўсе гэтыя дадаткі рабіліся з добрай прычыны; яны здзяйсняліся пад лагодным натхненнем Святога Духа. Выдаляць іх пасля таго, як яны адпаведным і гарманічным чынам былі дадазены ў абрад і заставаліся яго сталай часткай на працягу стагоддзяў, гэта не што іншае, як адмаўленне іх тэалагічнага зместу і літургічнай функцыі, а значыць і грэх супраць Духа Святога. Таму канстытуцыя Sacrosanctum concilium памыляецца, заяўляючы, што літургія ўтрымлівае “бескарысныя паўторы”, якія трэба скасаваць. Насамрэч кожны, хто малітоўна ўваходзіць у паўторы старой літургіі, разумее іхнюю мэту, якая ніколі не прадстаўляла цяжкасцяў для хрысціянаў, пакуль не з’явіліся вузка рацыяналістычныя і ўтылітарныя забабоны сучаснасці.

[4] Больш падрабязна пра гэтую праблемную рысу перагледжанага лекцыянарыя гл. у маім артыкуле “Гісторыя пра два лекцыянарыі: колькасць супраць якасці“.

[5] Пра Юду гл. мой артыкул “Нахабная хлусня: пра лёс Юды Іскарыёта“; пра пропуск псальмаў гл. “Пропуск “цяжкіх” псальмаў і вычарпанне Псалтыра“.

[6] Рымскі Канон, як і анафара Боскай літургіі св. Яна Хрызастома, згадвае шматлікіх святых. Новыя эўхарыстычныя малітвы моцна скарачаюць гэтую пашану і зварот да святых.

[7] У Sacrosanctum concilium удзел набывае ідэалагічны характар, таму што ён узносіцца над іншымі прынцыпамі, што непазбежна стварае скажэнні і разлад: “На гэты поўны і актыўны ўдзел усяго народу трэба звяртаць асаблівую ўвагу пры аднаўленні і развіцці святой Літургіі” (№ 14); параўнайце гэта з фрагментам інструкцыі Tra le sollecitudini Пія Х: “Мы лічым неабходным забяспечыць перадусім святасць і годнасць святыні”. Магчыма, лепшай канцэпцыяй тут быў бы не ўдзел, а прысутнасць: кожны член цела прысутнічае на літургіі, кожны ў адпаведнасці са сваім месцам. Гэта больш базавая катэгорыя, чым выкананне нейкага дзеяння, як і нашае ўключэнне ў Хрыста пры хросце з’яўляецца больш базавым для нашай ідэнтычнасці, чым любое дзеянне, якое мы выконваем.

[8] У Novus Ordo ёсць некалькі момантаў, калі святар робіць адно, а людзі/хор робяць штосьці іншае: малітва перад Евангеллем, падчас “Аллелюя”; малітвы аферторыя, калі выконваецца спеў; ламанне гостыі, пакуль спяваецца “Agnus Dei”. Але колькасць такіх момантаў была моцна зменшана, а іх рытуальная напоўненасць пазбавілася зместу.

[9] Як ланцужок рвецца ў сваім самым слабым месцы, так і якасць літургіі, напоўненай варыянтамі, вызначаецца найгоршымі з гэтых варыянтаў. Яе трэба ацэньваць не па тым, чым яна магла б быць, калі б святар зрабіў шмат малаверагодных найлепшых выбараў, а па тым, чым яна з’яўляецца, калі робяцца звычайныя выбары.

[10] Вядома, гэта не азначае, што традыцыйны рымскі абрад заўсёды служыцца прывабным ці эстэтычна адпаведным чынам. Але гэтага не можа гарантаваць ніводзін абрад, бо ўсё ж мы маем справу з людзьмі, рознымі і слабымі. Тут я маю на ўвазе правілы і звычаі, якія кіруюць абарадамі як такімі.

[11] З надыходзячага перагледжанага і пашыранага выдання “The Heresy of Formlessness” (Angelico Press, 2018), 187. У іншым месцы той жа кнігі Мозэбах кажа: “Характэрнай рысай гэтай эпохі з’яўляецца не толькі тое, што ў зялёнае дрэва літургіі ўдарылі сякерай, але і што ў сферы літургіі былі сфармуляваны самыя глыбокія ідэі, хоць гэта здарылася не ў Рымскім Касцёле, а ў Візантыйскім. З аднаго боку, Папа асмеліўся ўмяшацца ў літургію. З іншага боку, праваслаўе, аддзеленае ад Папы схізмай, захавала літургію і літургічную тэалогію ў жорсткіх выпрабаваннях стагоддзя. Для каталіка, які адмаўляецца прыняць простыя высновы цыніка, гэтыя факты ствараюць няпростую загадку. Тут можна казаць пра трагічную таямніцу, хоць слова “трагічны” і выпадае з хрысціянскага кантэксту. Імша св. Грыгорыя Вялікага, старажытная лацінская літургія, сёння прыпісваецца фанатычна-перыферыйнай частцы Рымскага Касцёла, тады як Боская літургія св. Яна Хрызастома жыве ва ўсім сваім зіхаценні ў самым сэрцы Праваслаўнай Царквы. Ідэя аб тым, што нам ёсць чаму павучыцца ад праваслаўя, не вельмі папулярная. Аднак нам трэба прызвычаіцца вучыцца — і вучыцца старанна — таму, што Візантыйскі Касцёл можа сказаць нам пра святыя абразы і літургію. Гэта мае роўнае значэнне і для лацінскага абраду; насамрэч, выглядае, што мы здольныя спазнаць лацінскі абрад ва ўсёй ягонай напоўненасці Духам толькі ў тым выпадку, калі паглядзім на яго з усходняй перспектывы” (57).

[*] У арыгінале: bowdlerizing scalpel — “баўдлерызуючы” скальпель. Адсылка да імені прафесара Боўдлера, які ў 1818 годзе выдаў цэнзураваны зборнік п’ес Шэкспіра, выразаўшы адтуль словы не для дзяцей.

Так, дыхаць трэба абодвума лёгкімі — але здаровымі, а не хворымі.

Каментарый наконт народных моваў на Усходзе

Каментарыі чытачоў да гэтага артыкула прымусілі мяне сумнявацца ў дакладнасці майго сцвярджэння, што ўсходнія абрады можна ахарактарызаваць выкарыстаннем народных моваў, падобна як мы зробім гэта для Імшы Novus Ordo, перакладзенай на шматлікія сучасныя мовы. Так, у многіх моўных групах выкарыстоўваюцца народныя мовы (напрыклад, ва ўсіх Злучаных Штатах Боская літургія служыцца на англійскай мове), аднак ёсць вельмі шмат выключэнняў.

  • Грэкамоўныя касцёлы/патрыярхаты карыстаюцца літургічнай грэцкай мовай, а не народнай. Некаторыя патрыярхаты, акрамя грэцкай мовы, карыстаюцца таксама арабскай і іншымі.
  • Славянскія праваслаўныя цэрквы заўсёды карысталіся выключна літургічнай царкоўнаславянскай мовай. Нядаўна ўсходнія мадэрністы здолелі ўвесці народныя мовы, але не паўсюль. Рускія дагэтуль карыстаюцца толькі царкоўнаславянскай мовай. Хоць сербы, балгары, беларусы, украінцы шмат карыстаюцца народнай мовай, царкоўнаславянская мова не выйшла з ужытку.
  • Румынская праваслаўная царква карысталася царкоўнаславянскай і літургічнай грэцкай мовай з Х да XVII ст., пасля чаго перайшла на румынскую (хоць на апошнюю паўплывала царкоўнаславянская мова, зрабіўшы яе неразмоўнай).
  • Грузінская праваслаўная царква ў якасці літургічнай мовы карыстаецца старажытнай літаратурнай грузінскай мовай.
  • Праваслаўныя копты ў якасці літургічнай выкарыстоўваюць літаратурную копцкую мову. Хоць яе выкарыстанне скарацілася падчас доўгага панавання мусульманаў (яна замянялася на арабскую), яна ўсё яшчэ жывая і вяртаецца ў літургію.
  • Праваслаўныя эфіопы ў якасці літургічнай выкарыстоўваюць мову геэз, а не нейкую з многіх народных.
  • Праваслаўныя сірыйцы карыстаюцца класічнай сірыйскай і арабскай мовамі. Выкарыстанне арабскай мовы звязана са стагоддзямі мусульманскага панавання.
  • Армяне карыстаюцца класічнай літаратурнай армянскай мовай.

Акрамя таго, што мы разумеем пад народнай мовай? Царкоўнаславянская мова, напрыклад, была створана для таго, каб славяне маглі разумець літургію, аднак у той жа час яе стварылі для перакладу вельмі мудрагелістай літургічнай грэцкай мовы. Гістарычна, у большасці культур па вызначэнні існаваў вялікі разрыў паміж літаратурнай і размоўнай мовай, большы, чым зазвычай існуе сёння, таму што сёння больш пісьменных людзей і таму што высокая літаратурная мова сёння фактычна знікла.

Яшчэ адзін каментарый

Чытач даслаў мне гэтую спасылку, якая падтрымлівае многія зробленыя мною ў гэтым артыкуле заўвагі, дарэчным чынам чаргуючы відэафрагменты традыцыйнай рымскай і праваслаўнай літургій.


Аўтар: Peter Kwasniewski
Крыніца: New Liturgical Movement
Ілюстрацыі: New Liturgical Movement

Тэкст перакладзены з англійскага арыгінала і апублікаваны з дазволу аўтара.

Пакінуць каментар