Папа заявіў, што канчатковы дакумент будзе “арыенціровачным”, “так што кожны дыяцэзіяльны біскуп зможа кіраваць тым, што кананічнае права ўжо дазваляе”.

Учора падчас паветранага рэйса з Жэневы Папа Францішак заявіў журналістам, што ўстанаўліваць, ці мае пратэстанцкі сужэнец “сур’ёзную неабходнасць” у прыняцці святой Камуніі, будуць біскупы дыяцэзій, а не біскупскія канферэнцыі.

Гэта азначае, што рашэнне біскупа па такім пытанні будзе прымяняцца толькі да ягонай асобнай дыяцэзіі, а не да больш шырокай тэрыторыі: да Касцёла ва ўсёй краіне ці да паўсюднага Касцёла.

Папа даў свае каментарыі пасля таго, як 25 мая Ватыкан з ягонага дазволу скіраваў нямецкай біскупскай канферэнцыі ліст, адхіліўшы іхнюю пастырскую інструкцыю, якая дазваляла некаторым пратэстантам у міжканфесійных сужэнствах пры пэўных умовах прымаць Езуса ў Эўхарыстыі.

У тым лісце прэфект Кангрэгацыі дактрыны веры арцыбіскуп Луіс Ладарыя SJ пісаў, што Папа вырашыў, што дакумент “не гатовы да публікацыі”, таму што, сярод іншага, гэтая справа закранае веру, мае значэнне для паўсюднага Касцёла і патрабуе больш калегіяльнага падыходу. Таму “выглядае мэтазгодным пакінуць суджэнне наконт існавання “сур’ёзнай і тэрміновай неабходнасці” дыяцэзіяльнаму біскупу”, — піша арцыбіскуп Ладарыя.

Учора ў сваім каментарыі на самалёце Папа фактычна падкрэсліў ролю дыяцэзіяльнага біскупа ў такіх сітуацыях, адначасова выключаючы магчымасць прыняцця рашэнняў у гэтай справе на ўзроўні біскупскіх канферэнцый.

На пытанне нямецкага журналіста, чаму ліст выглядаў, як “стоп-кран” у дачыненні да экуменізму, тады як у пачатку мая Папа казаў, што нямецкім біскупам трэба прыйсці да “аднадушнага” рашэння ў гэтай справе, Папа нагадаў аўтару пытання, што кананічнае права ўжо прадугледжвае такія сітуацыі.

“Тое, што абмяркоўвалі нямецкія біскупы, прадугледжана: Камунія ў асаблівых выпадках, — сказаў ён. — І яны разглядалі праблему змяшаных сужэнстваў, так? Магчыма гэта ці немагчыма. І Кодэкс кажа: біскуп партыкулярнага Касцёла — гэта важнае слова, “партыкулярнага”, гэта значыць дыяцэзіі”.

Заўважыўшы, што некаторыя аспекты былі не зусім зразумелыя, бо святары рабілі тое, што “не было ўзгоднена з біскупам”, Папа распавёў, што біскупы вырашылі даследаваць гэтую тэму, чым яны і займаліся больш за год.

Затым ён заявіў, што біскупы жадалі сказаць “ясна тое, што знаходзіцца ў [Кодэксе кананічнага права]” — што гэта прымяняецца да лакальнага Касцёла, але не дазваляе прымаць святую Камунію кожнаму. Праблемай, па яго словах, было тое, што справа “праслізнула” на ўзровень біскупскай канферэнцыі. Ён заявіў, што “Кодэкс не прадугледжвае гэтага”, а хутчэй “прадугледжвае, што біскуп, а не канферэнцыя” будзе прымаць такое рашэнне, “таму што рэч, зацверджаная біскупскай канферэнцыяй, адразу становіцца ўніверсальнай”.

“Праблемай пры абмеркаванні было менавіта гэта: не столькі змест, колькі гэта”, — сказаў Папа, дадаўшы, што пасля дадатковых сустрэч арцыбіскуп Ладарыя выслаў ліст ад 25 мая, “але з майго дазволу”.

“Ён не рабіў гэтага сам! Я сказаў яму: “Так, лепш быць на крок паперадзе і сказаць, што дакумент яшчэ не даспеў і што справу неабходна вывучыць глыбей”. (З надзейных крыніц Register даведаўся, што арцыбіскуп Ладарыя цвёрда выступае супраць прапановы нямецкіх біскупаў і што на яго аказваўся значны ціск, каб дасягнуць кампрамісу.)

Папа заявіў, што фінальны дакумент будзе “арыенціровачным”, “так што кожны дыяцэзіяльны біскуп зможа кіраваць тым, што кананічнае права ўжо дазваляе”.

Ён падкрэсліў, што “гэта не быў стоп-кран” у справе экуменізму, а што гэта было звязана з “прачытаннем справы так, каб яна пайшла правільным шляхам”. Затым ён прыгадаў свой візіт у лютэранскую кірху з Рыме, калі ён даў адказ лютэранцы, жонцы каталіка, якая спыталася ў яго, ці можа яна прымаць святую Камунію.

“Я адказаў згодна з духам Кодэкса кананічнага права, — заявіў ён. — Гэта той дух, які яны цяпер шукаюць. Магчыма, гэта не была правільная інфармацыя ў правільны час, крыху замяшання, але справа вось у чым: партыкулярны Касцёл, Кодэкс дазваляе гэта, лакальны Касцёл. [Біскупская канферэнцыя] не можа, таму што гэта было б універсальным”.

Біскупскія ж канферэнцыі “могуць вывучыць пытанне і даць арыенціровачнае меркаванне, каб дапамагчы біскупам разабрацца з канкрэтнымі выпадкамі”, — сказаў ён.

Настойлівыя пытанні

Наконт гэтага адказу Папы выказваюць некалькі меркаванняў.

Па-першае, акцэнт Святога Айца на кананічным праве. Хоць Францішак не дае канкрэтнай спасылкі, ён перадусім мае на ўвазе канон 844 § 4, які кажа:

Пры небяспецы смерці або ў тым выпадку, калі, паводле меркавання дыяцэзіяльнага біскупа ці канферэнцыі біскупаў, да таго будзе змушаць іншая вострая неабходнасць, служыцелі-каталікі законна ўдзяляюць тыя ж сакрамэнты і іншым хрысціянам, якія не маюць поўнай еднасці з Каталіцкім Касцёлам, якія не змогуць звярнуцца да служыцеля сваёй супольнасці і якія самі пра тое папросяць, калі толькі яны праявяць каталіцкую веру адносна гэтых сакрамэнтаў і будуць мець адпаведную ўнутраную паставу.

Акрамя перасцярог наконт таго, як акцэнт Папы на ролі дыяцэзіяльнага біскупа можа паўплываць на еднасць Касцёла, застаюцца іншыя частыя пытанні, на якія яшчэ трэба даць адказ.

Напрыклад, што канкрэтна азначае “сур’ёзная неабходнасць”?

Эдвард Пітэрс, прафесар кананічнага права ў Вышэйшай семінарыі Святога Сэрца ў Дэтройце, распавёў пра слабыя месцы канона 844 у сваім каментарыі для Register у сакавіку, закрануўшы таксама праблему шырокай інтэрпрэтацыі “сур’ёзнай небаходнасці”. Ён заявіў, што гэты канон мае “некалькі тэрміналагічных праблем”, якія робяць яго “неадкладным кандыдатам на рэформу”.

Іншыя спецыялісты ў кананічным праве, якія размаўлялі з Register на ўмовах ананімнасці, таксама бачаць праблемы з гэтым канонам, прычым адзін з іх сцвердзіў, што ён утрымлівае “ўнутраны дэфект”. Ён засумняваўся ў тым, што некаталік можа мець “адпаведную ўнутраную паставу”, у той жа час маючы намер застацца па-за Касцёлам. Каталіцкую веру, па яго словах, нельга “накроіць”: яе трэба прымаць цалкам, з поўным усведамленнем аўтарытэту Касцёла, яго беспамылковых пастановаў, догматаў веры і маралі.

“Пашана да Эўхарыстыі і веры, а таксама неабходнасць пазбягаць скандалу і ўвядзення ў грэх ерасі іншых патрабавалі б публічнага акту адрачэння і споведзі“, — сказаў ён.

Як сцвердзіў у сваім сакавіцкім каментарыі Пітэрс, непавага да аднаго сакрамэнту “непазбежна падрыхтуе глебу для непавагі да ўсіх сакрамэнтаў”.

Напэўна, найбольш добра гэта бачна з таго факту, што споведзь — патрабаванне для годнага прыняцця Эўхарыстыі — не згадваецца ў адхіленай прапанове нямецкіх біскупаў.

“Яны не кажуць пра яе, таму што ім гэта не цікава”, — сказаў Register у мінулым месяцы кардынал Герхард Мюлер, прэфект Кангрэгацыі дактрыны веры на пенсіі. Ён заявіў, што лічыць, што некаторыя прыхільнікі інтэркамуніі “не разумеюць сапраўднага сэнсу Эўхарыстыі як сакрамэнту алтара”. Ён кажа, што для іх “гэта толькі знак супольнай прыналежнасці, знешні знак” і што “некаторыя з нашых тэолагаў кажуць, што мы адкуплены агульнай Божай воляй, што збаўленне для кожнага і што сакрамэнты не маюць інструментальнага значэння. Яны з’яўляюцца толькі знешняй формай выразу нейкага пачуцця сяброўства, а насамрэч у іх няма патрэбы”.

Аднак ён папярэдзіў, што калі “вы падрываеце сакрамэнтальнае значэнне сямі фундаментальных абрадаў Каталіцкага Касцёла, вы падрываеце ўсю сакрамэнтальнасць Касцёла, і таму ў Касцёле няма патрэбы”, траціцца розніца паміж людскім інстытутам і “святым, апостальскім Каталіцкім Касцёлам, які Езус Хрыстус заснаваў як фундамент Праўды”.

Нарэшце, калі ўявіць, што біскупы і святары атрымаюць большую ўладу самастойна вызначаць, ці можа пратэстанцкі сужэнец прымаць святую Камунію, то ці паследуюць нейкія санкцыі да тых, хто пастаянна ўдзяляе Найсвяцейшы Сакрамэнт пратэстанцкім сужэнцам, якія не знаходзяцца ў сітуацыі “сур’ёзнай неабходнасці”?

Register паставіў гэтыя пытанні перад кардыналам-электам Ладарыем, кардыналам Рабэрам Сара, прэфектам Кангрэгацыі Божага культу і дысцыпліны сакрамэнтаў, і прэс-службай Святога Пасаду і дадасць сюды іхнія адказы.

Што датычыцца нямецкага Касцёла, то каментарыі Папы, несумненна, паўплываюць на ход сустрэчы пастаяннай рады біскупаў у наступныя панядзелак і аўторак у Берліне. Кажуць, што гэтае пасяджэнне акажа вырашальнае значэнне на тое, як абернецца сітуацыя.


Аўтар: Edward Pentin
Крыніца: National Catholic Register
Ілюстрацыйнае фота: Governor Tom Wolf (CC BY)

Пакінуць каментар