19.06.2018 / John O'Brien

№84. Цэлебрацыя Імшы: другая малітва Канона, альбо “Memento” за жывых🕑 5 хвілін

Пачаўшы гэтую малітву, святар зводзіць рукі перад тварам і, склаўшы іх, крыху затрымліваецца ў медытацыі, прыгадваючы тых, за каго ён асабліва хоча памаліцца. Тут ён вольны ўзгадаць — вядома, у прыватным парадку — тых, каго захоча, ці ў Касцёле гэты чалавек ці па-за Касцёлам, бо гэтая малітва прыватная, а Касцёл не выкарыстоўвае сваю ўладу ў дачыненні да прыватных малітваў. Гэтая малітва, якая называецца “Memento”, гучыць наступным чынам: “Памятай, Пане, пра слугаў і служанак тваіх N. і N. [паўза] i пра ўсіх тут прысутных, вера якіх Табе вядомая i адданасць знаёмая; за ix мы прыносім Табе гэтую ахвяру хвалы i яны таксама яе Табе прыносяць за сябе i за ўсіх сваіх блізкіх; за адкупленне сваіх душаў, за надзею на збаўленне i ўратаванне ўзносяць свае малітвы да Цябе, да Бога вечнага, жывога i праўдзівага”.

Што датычыцца выразу “яны таксама яе Табе прыносяць”, які мае на ўвазе вернікаў, то яго не трэба разумець так, быццам тут гаворыцца пра моц або ўладу прыносіць ахвяру ва ўласцівым сэнсе, бо вернікі рабіць гэтага не могуць, а можа толькі святар. Дадзены выраз з’яўляецца распаўсюджаным спосабам указаць на саўдзел у святой таямніцы; ён наўпрост спасылаецца на старажытны звычай прыняцця ад вернікаў хлеба і віна для ахвярных мэтаў.

Калі казаць наконт слова “vota”, якое тут перакладзена як “малітвы”, то трэба памятаць, што хоць яно таксама мае значэнне “шлюбаў”, простых ці ўрачыстых, тут яго трэба разумець як пабожныя жаданні, падзяку і асабістыя інтэнцыі (Romsee, с. 189).

Раней было прынята замест літар N. і N. уголас прамаўляць імёны ўсіх тых, каго належыла згадаць асаблівым чынам. Ва ўрачыстай спяванай Імшы гэтым займаўся дыякан, які для гэтага станавіўся на прыступках алтара або ўзыходзіў на амбону, што было больш звыклым спосабам. У ціхай жа Імшы гэта рабіў святар, які паварочваўся да сабраных і чытаў імёны са складзеных таблічак, якія называліся дыптыхамі. Згодна з супольным меркаваннем літургістаў, гэты звычай з невялікімі перапынкамі працягваўся да ХІ ст., калі Касцёл вырашыў спыніць яго з-за таго, што многія надта ўзносіліся, чуючы, як іхнія імёны і ахвяраванні чытаюць уголас (Romsee, с. 185).

Дыптыхі

Дыптыхі (ад грэцк. δις — двойчы і πτύσσω — складаю), як лічыцца, былі двойчы складзенымі таблічкамі і мелі тры слупкі аднолькавай шырыні. У першым слупку былі запісаны імёны святых мучанікаў, які яўным чынам памерлі за веру і якія з той прычыны, што іхнія імёны прамаўлялі ў гэтым месцы Імшы, называліся кананізаванымі — г. зн. годнымі згадвацца ў Каноне Імшы. Такім быў пачатак кананізацыі. След гэтай практыкі захоўваецца дагэтуль, бо, згодна з сённяшняй дысцыплінай, калі нейкі слуга Божы абвяшчаецца святым, Папа зазвычай згадвае ягонае імя ў Імшы, якую ён служыць з гэтай нагоды, пасля таго, як былі названы імёны астатніх святых (Hierurgia, с. 480, зноска).

У другім слупку знаходзіліся імёны жывых людзей, якія альбо вялі святое жыццё, альбо займалі высокія пасады як зямнога, так і духоўнага парадку (Вярхоўны Пантыфік, патрыярх, арцыбіскуп, дыяцэзіяльны біскуп, а затым правячы прынц ці суверэн). У гэты ж слупок дадавалі ў тых, за каго асаблівым чынам ахвяравалася Імша і хто асаблівым чынам паўдзельнічаў у патрэбах алтара або аказаў падтрымку святарам. Паколькі было сурова забаронена прымаць дары ад тых, чыё жыццё так ці інакш было скандальным, або ад тых, хто не лічыўся практыкуючым каталіком, то, адпаведна, было забаронена і ўключаць іхнія імёны ў святыя табліцы, нават калі яны мелі вельмі высокую пасаду.

У трэці слупок дыптыха запісваліся тыя памерлыя, якія адышлі ў вечнасць у поўнай еднасці з Касцёлам, але нічым асаблівым не адзначыліся.

Дык вось, змест гэтых трох слупкоў сёння размяркоўваецца паміж наступнымі малітвамі: першае “Memento”, малітва “Communicantes”, “Nobis quoque peccatoribus” і другім “Memento”.

Тут мы жадаем звярнуць увагу чытача на яшчэ адзін факт, які пацвярджае тое, што Касцёл неахвотна ўносіць змены ў Канон. Звычай чытаць імёны жывых і памерлых даўно прыйшоў у заняпад, аднак літары N. і N., якія ўказваюць на гэты звычай, так і не былі выкрэслены, хоць яны цяпер і не выконваюць аніякай функцыі, і нават святар не абавязаны спыняцца на іх, як гэта было раней.

Абрады, звязаныя з чытаннем дыптыхаў. — У многіх старажытных катэдральных касцёлах чытанне дыптыхаў абстаўлялася вельмі відовішчнымі абрадамі, амаль такімі ж, як пры чытанні Евангелля. Вышэй мы сказалі, што зазвычай іх чыталі з амбоны. Адпаведна, усе прысутныя скіроўвалі свае позіркі ў тым кірунку, а тыя, каму было зручна, збіраліся вакол амбоны і заставаліся там, пакуль не пачуюць сваё імя. Як толькі прамаўлялася імя, годнае вялікай пашаны, людзі ўсклікалі: “Gloria tibi, Domine” — “Хвала Табе, Пане”, каб падзякаваць Богу за ласкі, якія Ён спасылаў такім асобам. Так рабілася і на Імшы, якую служылі падчас сесіі пятага сусветнага сабору, які праводзіўся ў 533 годзе ў Канстанцінопалі, калі прамаўлялі імёны Папы Льва Вялікага і святых біскупаў Македонія і Эўфемія (Selvaggio, І, с. 21; Bona, с. 345). Часам чыталіся таксама назвы тых сусветных сабораў, на якіх была акрэслена нейкая вялікая праўда веры альбо асуджана нейкая вялікая ерась (ibid.). Калі колькасць імёнаў дасягала вельмі вялікай лічбы, каб не павялічваць нудоты людзей, складалі іх пералік і клалі яго на алтар перад вачыма святара, які згадваў іх наступным чынам: “Успомні, Пане, пра Тваіх слуг і служанак, пра тых, хто асаблівым чынам павінен быць згаданы перад абліччам Тваёй боскай велічы, а таксама пра тых, на чые імёны мы глядзім або выказваем словамі”. Мартэн кажа нам, што ў некаторых касцёлах да ІХ ст. пераважала практыка, калі субдыякан ціхім шэптам чытаў цэлебранту імёны тых, хто заслугоўваў асаблівай згадкі (Martène, De Antiquis Eccl. Ritibus, с. 37). Адзіны абрад у Лацінскім Касцёле, у якім усё яшчэ захоўваецца чытанне дыптыхаў, гэта масарабскі абрад.

Дыптыхі ва Усходнім Касцёле. — Чытанне дыптыхаў захоўваецца дагэтуль ва ўсіх Усходніх Касцёлах, пра што можна даведацца пасля хуткага прагляду іх літургій, у якіх дыякану дадзены адмысловыя прадпісанні на гэты конт. У копцкіх дыптыхах спачатку згадваецца ўвесь Касцёл, біскупы ўвогуле, затым іхні патрыярх і ўсе рангі духавенства, пасля чаго, нарэшце, ідзе малітва аб добрым цячэнні Ніла. У грэцкай літургіі св. Базыля Вялікага згадваецца Папа, аднак гэта не Рымскі Папа, як меркавалі некаторыя, а Патрыярх Александрыі, якому гэты тытул надаецца на Усходзе. У некаторых касцёлах Сірыі існуе звычай казаць пасля кожнага імені “Kyrie eleison” (Renaudot, Liturg. Orient., ІІ, с. 96).

Паколькі ў гэтай другой малітве Канона больш не засталося нічога важнага, цяпер мы пераходзім да трэцяй малітвы, “Communicantes”.


Аўтар:  Джон О’Браен (John O’Brien), A. M., прафесар святой Літургіі ў Каледжы Маўнт Сэйнт Мэры (Mount St. Mary’s College), Эмітсбург, Мэрылэнд, ЗША.
Выданне: A History of the Mass and Its Ceremonies in the Eastern and Western Church (15 ed., 1879).
Ілюстрацыя: MK777 (CC BY-SA).

Пакінуць каментар

Scroll Up