Мы дайшлі да самай святой часткі ўсёй Імшы — святой з прычыны сваёй глыбокай старажытнасці, бо яна бярэ пачатак ад апостальскіх дзён, і двойчы святой, бо яна ўтрымлівае тыя святыя словы, якія прамовіў наш Боскі Збаўца на Апошняй вячэры і моцай якіх Ён перамяніў хлеб і віно ў свае Цела і Кроў. Толькі апошняя прычына прымушае нас разглядаць Канон, стоячы на каленях.

Адкуль пайшла назва “Канон”

Слова “канон” (ад грэцкага κανών) старажытныя аўтары выкарыстоўвалі ў розных значэннях. У першапачатковым значэнні яно апісвала правіла або прыладу для праверкі таго, ці роўная тая або іншая рэч. У другім значэнні гэтае слова розным чынам выкарыстоўвалі ў залежнасці ад сутнасці справы, захоўваючы аднак адпаведнасць яго першапачатковаму значэнню. У архітэктуры гэта была грунтвага або адвес; пры вымярэнні вагі ім называлі плячо шаляў; у храналогіі гэта была эпоха або эра; у музыцы гэта быў інструмент або музычная форма; а ў літаратуры гэтым словам апісваліся творы, якія адрозніваліся ад іншых сваёй элегантнасцю і высокім стылем. Гэтым словам называўся “Дарыфор” Паліклета, а таксама выбраныя працы многіх старажытнагрэцкіх аўтараў (Müller, Archäol d. Kunst, § 120, 4; Ruhnken, Hist. Crit. Orat. Graec.; Quintilian, Inst. Rhet., 10). У гэтым апошнім сэнсе Канон Імшы цалкам апраўдвае сваю назву, бо ўсе згаджаюцца, што гэта надзвычай дастойная праца, узор дасканаласці; з гэтай прычыны — хоць было і шмат іншых — раней яго запісвалі залатымі літарамі (Martène, De Antiquis Eccl. Rit., c. 34). Аднак многія аўтары кажуць, што гэты тэкст называецца Канонам, таму што ён мае нязменную прыроду; на наш погляд, гэта не вельмі добрае тлумачэнне, і не да канца праўдзівае. У некаторых выпадках Канон змяняецца.

Надзвычайнае дбанне Касцёла, звязанае з гэтай часткай Імшы

Касцёл настолькі дбае, каб не дапусціць інавацый у гэтай частцы Імшы, што ён забараняе кожнаму соваць у яе нос, пагражаючы самымі суровымі пакараннямі. Страх зруйнаваць старажытнасць Канона не дазваляе нават рабіць у ім выпраўленні. Гэтаму можна прывесці некалькі прыкладаў. Добра вядома, што Канон заканчваецца адразу перад малітвай “Pater noster”, аднак у кожным Імшале мы бачым, што слова “Канон” надрукавана [уверсе кожнай старонкі] ад першай яго малітвы “Te igitur” да канца Апошняга Евангелля. Гэта відавочная памылка друку, аднак паколькі яна даўняя, Касцёл дазволіў ёй застацца, а друкарам Святога Пасаду сурова забаронена выпраўляць яе пры друку новых Імшалаў. Яшчэ больш яскравым прыкладам з’яўляецца наступная сітуацыя. У 1815 годзе, калі пабожнасць да св. Юзафа, абранніка Найсвяцейшай Дзевы і прыёмнага бацькі нашага Боскага Пана, пачала імкліва развівацца, Святая Кангрэгацыя абрадаў настойліва прасіла дазволу дадаць імя гэтага шаноўнага патрыярха ў гэтую частку Імшы, аргументуючы гэта часткова тым, што многія людзі маюць асаблівую пабожнасць да яго. У дазволе было адмоўлена, прычым адказ быў дадзены urbis et orbis: абавязковы як у Рыме, так і ва ўсім свеце.

Старажытнае паходжанне Канона

Усе аўтары і крытыкі прызнаюць, што Канон мае вельмі старажытнае паходжанне. Дакладная дата яго стварэння і сапраўдны яго аўтар застаюцца дыскусійнымі пытаннямі. З упэўненасцю можна сказаць тое, што яго не краналі з часоў Папы Грыгорыя Вялікага (гэта значыць з пачатку VII ст.), прычым гэты пантыфік дадаў да яго так мала, што будзе амаль што слушна казаць, што ў сённяшняй форме Канон пераносіць нас у тыя часы, калі мы маглі б сустрэць тых людзей, якія размаўлялі тварам у твар з самім нашым Боскім Панам і яго святымі апосталамі. Касцёл не валодае нічым больш шанаваным за гэты святы помнік.

Ранейшыя назвы Канона

У ранейшыя часы Канон быў вядомы пад рознымі назвамі. Папа Грыгорый Вялікі заўсёды называў яго “малітвай”; св. Кіпрыян называў яго “oratio”; св. Амброзій называў яго “касцёльным правілам”, а св. Базыль — “сакрэтай”. Каб падкрэсліць яго вялікую годнасць, многія старажытныя Айцы называлі яго “actio”, і мы дагэтуль бачым, што гэтае слова захавалася ў якасці загалоўка малітвы “Communicantes”.

Дзе пачынаўся Канон у старажытнасці

Раней Канон таксама ўключаў у сябе прэфацыю, як гэта сёння можна бачыць ва ўсходніх літургіях. У Сакрамэнтарыі Папы Гелазія, напрыклад, уступ да Канона гучыць наступным чынам: “Incipit canon actionis; Sursum corda; habemus ad Dominum” і г. д. (Le Brun, Explicat. de la Messe, II, с. 111, зноска).

Спосаб чытання Канона

З-за вялікай пашаны, якая належыць гэтай частцы Імшы, а таксама каб забяспечыць найглыбейшую засяроджанасць як святара, так і вернікаў, з адвечных часоў Канон чытаўся ціха ад пачатку да канца. Іншая прычына, якою таксама тлумачаць гэты хвалебны звычай, заключаецца ў тым, што святыя словы не павінны зрабіцца надта знаёмымі, а гэтага цяжка пазбегнуць, калі яны чытаюцца гучным голасам і чутныя ўсім. Бо Канон змяняецца рэдка, таму кожны раз гучаць адны і тыя словы, і з цягам часу легкадумныя асобы могуць вывучыць іх на памяць і, магчыма, пачаць выкарыстоўваць іх у штодзённым маўленні на шкоду нашай святой рэлігіі. (За прыкладам нізкага злоўжывання словамі ўстанаўлення, якое пачалося якраз так, як мы апісваем, мы скіроўваем чытача да кнігі Дызраэлі “Amenities of Literature”.)

Вельмі кранальная гісторыя, звязаная з цішынёю падчас прамаўлення Канона, запісана ў “Духоўным лузе” — кнізе, напісанай каля 630 года святым пустэльнікам Янам Мосхам. Гэтая кніга атрымала пахвалу Айцоў сёмага сусветнага сабору, які праходзіў у Нікеі ў 787 годзе, і таму мае пэўны аўтарытэт. Гэтая гісторыя распавядае, што хлопцам, якія сцераглі статак у сірыйскай Апамеі, аднойчы прыйшло ў галаву прабавіць час, паўтараючы абрады Імшы. Адзін з іх выконваў ролю цэлебранта, другі быў за дыякана, а трэці — за субдыякана. Гісторыя сцвярджае, што ўсё ішло добра, пакуль той, што быў цэлебрантам, не прамовіў святыя словы кансэкрацыі: раптоўна з неба зляцеў вогнены шар, хуткі і гарачы, як метэор, і так агаломшыў хлопцаў, што яны ўпалі ніцма на зямлю. Калі пра гэтае незвычайнае здарэнне распавялі біскупу гэтага месца, ён вырашыў даследаваць гэтую з’яву і, даведаўшыся пра ўсе падрабязнасці, загадаў пабудаваць там касцёл на ўспамін пра гэтую падзею. Менавіта з-за гэтых абставінаў, як кажуць, Касцёл устанавіў звычай прамаўляць словы Канона ціха. Так гэта ці не, аднак літургічныя аўтары сцвярджаюць, што Канон прамаўляўся ціха ад самага яго ўкладання (Romsee, IV, с. 175).

У якасці правобразаў гэтай урачыстай цішыні можна прывесці шмат прыкладаў са Святога Пісання. Напрыклад, у вялікі дзень Адкуплення, пакуль першасвятар ахвяраваў Богу кадзіла на залатым алтары, ва ўсёй святыні стаяла поўная цішыня, а людзі маліліся ціха. Верагодна, пра гэтую цішыню кажа св. Ян: “І калі адкрыў сёмую пячатку, у небе ўсталявалася ціша дзесьці на паўгадзіны” (Ап 8:1). Пра гэтую цішыню таксама кажа Мішна, апісваючы “ахвяраванне напою”: “Затым прыйшоў час ахвяравання напою, і падаўшы яму віно, сеган [1], які стаяў побач з рогам алтара, прасачыў за часам яго вылівання і хусткай даў сігнал, каб пачалася музыка. Прычынай доўгага чакання было тое, што ахвяра павінна быць дасканалай перад Богам і што цішыня найбольш адпавядала такому ўрачыстаму абавязку” (Bannister, Temples of the Hebrews, с. 211, 329; гл. таксама Абк 2:20).

Малюнак пры пачатку Канона

У сённяшнія Імшалы ўстаўляецца малюнак, дзе на ўкрыжаванага Пана ў смутным сузіранні паглядаюць тры Марыі: Марыя Кляопава, Марыя Магдалена і Багародзіца Марыя. Гэты малюнак мае на мэце жыва нагадваць святару, што падчас гэтай найбольш урачыстай часткі Імшы ён павінен быць цалкам засяроджаны на сваім укрыжаваным Збаўцы. З некаторых ранніх манускрыптаў можна бачыць, што звычай змяшчаць малюнак перад Канонам вельмі старажытны. Да таго ж, пра гэта кажа кожны вядомы літургіст. Ганорый Аўгустадунскі, які працаваў у пачатку ХІІ ст., так піша пра гэта: “Hic in libris crucifixum ideo depingitur quia per illud passio Christi oculis cordis ingeritur” (Gemma Animae, раздз. 103, “De Canone”) — “Тут у кнігах малююць распяцце, каб праз гэта перад вачыма сэрца паўставала Мука Хрыста”. Папа Інакенцій ІІІ таксама згадвае пра гэтую практыку, асабліва засяроджваючыся на тым дзіўным супадзенні, што самая першая малітва Канона пачынаецца літарай “Т”, якая з’яўляецца адной са старажытных выяваў крыжа. У многіх старажытных Імшалах гэтую літару ўпрыгожвалі арнаментамі і рабілі вельмі вялікай, каб вока святара магло спыніцца на ёй і каб дзякуючы гэтаму ён прыгадаў значэнне таямнічай літары “тау” прарока Эзэкіэля, якому было загадана ставіць гэты знак на лбах тых, хто ўздыхаў і смуткаваў з-за ўсіх мярзотаў, што рабіліся сярод іх. У Імшале Леофрыка англасаксонскіх часоў гэтая літара была цудоўна ўпрыгожана золатам, прычым так багата, што яна займала амаль усю старонку. У Сарумскім Імшале, які паходзіць з сярэдзіны XIV ст., гэтая літара намалявана так, што ўнутры змяшчаецца арнаментаваная выява Абрагама, які збіраецца прынесці ў ахвяру свайго адзінага сына Ісаака (Church of Our Fathers, І, с. 103).

У многіх касцёлах існаваў звычай, калі святар даходзіў да гэтай часткі Імшы, цалаваць малюнак пры пачатку Канона, а ў Мілане, дзе мае месца амбразіянскі абрад, у гэты момант адбываецца абмыванне рук.

[1] Хоць сеган і не згадваецца ў Святым Пісанні, тым не менш ён лічыцца вельмі важным служыцелем у габрэяў, бо менавіта ён выконвае абавязкі першасвятара, калі апошні з-за нейкай хваробы ці нячыстасці не можа іх выконваць (Bannister, с. 190).


Аўтар:  Джон О’Браен (John O’Brien), A. M., прафесар святой Літургіі ў Каледжы Маўнт Сэйнт Мэры (Mount St. Mary’s College), Эмітсбург, Мэрылэнд, ЗША.
Выданне: A History of the Mass and Its Ceremonies in the Eastern and Western Church (15 ed., 1879).
Ілюстрацыя: Matteo De Toffoli (CC BY-NC-SA).

Пакінуць каментар