25 мая арцыбіскуп Луіс Ладарыя, прэфект Кангрэгацыі дактрыны веры (КДВ), напісаў ліст кардыналу Рэйнхарду Марксу і нямецкім біскупам. Ён загадаў канферэнцыі біскупаў Германіі не публікаваць іхнюю пастырскую інструкцыю, якая дазваляе пратэстантам, што знаходзяцца ў сужэнстве з каталікамі, пры пэўным умовах прымаць святую Камунію.

Пра гэты новы ліст КДВ, які быў высланы 25 мая і адрасаваны кардыналу Марксу, а таксама кардыналу Райнэру Вёлькі, біскупу Феліксу Глену, біскупу Фодэрхольцэру і двум іншым нямецкім біскупам, паведаміў сёння аўстрыйскі каталіцкі вэб-сайт Kath.net.

OnePeterFive атрымаў копію гэтага ліста. Арцыбіскуп Ладарыя паведамляе кардыналу Марксу, што ён меў дзве нагоды (11 і 24 мая) паразмаўляць з Папам Францішкам пра сустрэчу 3 мая, якая адбылася ў Рыме паміж арцыбіскупам Ладарыяй і нямецкай дэлегацыяй на чале з кардыналам Марксам. Прычынай той сустрэчы 3 мая стаў бягучы канфлікт наконт пастырскай інструкцыі пра інтэркамунію, прадстаўленай 20 лютага. Як тлумачыць Ладарыя, ён жадае “з выразнага адабрэння Папы” перадаць нямецкім біскупам некаторыя пункты. Вось найбольш важны ўрывак з гэтага ліста:

Нашая размова 3 мая 2018 года паказала, што тэкст інструкцыі ўздымае шэраг праблем істотнай важнасці. Таму Святы Айцец прыйшоў да высновы, што дакумент не гатовы да публікацыі.

Арцыбіскуп Ладарыя называе тры прычыны, чаму гэтая пастырская інструкцыя не гатовая да публікацыі. Ён кажа, што Камунія для пратэстанцкіх сужэнцаў — гэта праблема, “якая закранае веру Касцёла і мае важнасць для паўсюднага Касцёла”. Па-другое, гэтае пытанне таксама “аказвае ўплыў на экуменічныя адносіны з іншымі Цэрквамі і іншымі эклезіяльнымі супольнасцямі, якія таксама не трэба недаацэньваць”. У якасці трэцяй прычыны Ладарыя называе тое, што мова ідзе пра “права Касцёла, перадусім інтэпрэтацыю канона 844 ККП”. Паколькі “ў некаторых частках Касцёла ёсць адкрытыя пытанні наконт гэтай справы”, некаторым дыкастэрыям было дадзена заданне “выдаваць своечасовыя праясненні гэтых пытанняў на ўзроўні паўсюднага Касцёла”. Нарэшце, іерарх сцвярджае, што “выглядае мэтазгодным пакінуць суджэнне наконт існавання “сур’ёзнай і тэрміновай неабходнасці” дыяцэзіяльнаму біскупу”.

Акрамя таго, старшыня КДВ запэўніў нямецкіх біскупаў, што “шматлікія экуменічныя высілкі” нямецкіх біскупаў і асабліва “супрацоўніцтва з радай Евангелічнай Царквы Германіі” заслугоўваюць прызнання і пахвалы. Прэфект дадаў, што год Лютэра (2017) паказаў, што існуе “падмурак”, які “дазваляе разам сведчыць пра Езуса Хрыста, Збавіцеля ўсіх людзей”. Мэтай жа з’яўляецца “рухацца далей шляхам яшчэ большай еднасці”.

Арцыбіскуп Ладарыя заканчвае адносна кароткі ліст словамі пра тое, што Папа Францішак жадае, каб нямецкія біскупы захавалі “дух біскупскай калегіяльнасці”.

Паводле Kath.net, гэта ўжо другі раз, калі Рым выдаў пастанову супраць дыскусійнай нямецкай пастырскай інструкцыі, звязанай з удзяленнем Камуніі пратэстанцкім сужэнцам. Менавіта Kath.net першым апублікаваў красавіцкую гісторыю пра тое, што Кангрэгацыя дактрыны веры даслала ліст нямецкім біскупам, загадваючы ім не публікаваць інструкцыю. OnePeterFive паведамляў пра гэта тут.

Нямецкая ініцыятыва наконт лібералізацыі правілаў у дачыненні да пратэстанцкіх сужэнцаў і іх магчымага допуску да святой Камуніі атрымала міжнародную ўвагу і выклікала крытыку ад многіх іерархаў, сярод якіх кардынал Вілем Эйк, кардынал Герхард Мюлер і арцыбіскуп Чарльз Шап’ю. Член Міжнароднай тэалагічнай камісіі прафесар Карл-Хайнц Менке нядаўна апублікаваў моцную крытыку ў адрас нямецкіх біскупаў і назваў іхнюю інструкцыю “дэфектыўнай” і “незаконнай”.

* * *

Кангрэгацыя дактрыны веры
Прат. N. 212/2018 – 64727

Горад Ватыкан
Палац святой Канцылярыі

25 мая 2018 года

Яго Эмінэнцыі
Кардыналу Рэйнхарду Марксу
Арцыбіскупу Мюнхена і Фрайзінга
Старшыні нямецкай біскупскай канферэнцыі
вул. Кардынала Фаўльхабера, 7
D-80333 Мюнхен
Федэральная Рэспубліка Германія

Ваша Эмінэнцыя, шаноўны Старшыня!

Напрыканцы нашай братэрскай размовы 3 мая 2018 наконт дакумента “Mit Christus gehen…” [“Ідучы з Хрыстом. Пра шлях еднасці. Міжканфесійныя сужэнствы і супольны ўдзел у Эўхарыстыі. Пастырская інструкцыя нямецкай біскупскай канферэнцыі”] мы разам з вамі вырашылі, што я прадстаўлю Святому Айцу інфармацыю пра сустрэчу.

Ужо на нашай аўдыенцыі 11 мая 2018 года я паразмаўляў з Папам Францішкам пра нашую сустрэчу і прадставіў яму кароткі змест размовы. 24 мая 2018 года я зноў абмяркоўваў са Святым Айцом гэтае пытанне. У выніку гэтых сустрэч я з выразнага адабрэння Папы хачу прадставіць вашай увазе наступныя пункты.

1. Шматлікія экуменічныя высілкі нямецкай біскупскай канферэнцыі, асабліва цеснае супрацоўніцтва з радай Евангелічнай Царквы Германіі, заслугоўваюць прызнання і пахвалы. Сумесны ўспамін Рэфармацыі ў 2017 годзе паказаў, што ў папярэднія гады і дзесяцігоддзі быў знойдзены супольны падмурак, які дазваляе разам сведчыць пра Езуса Хрыста, Збавіцеля ўсіх людзей, і сумесна працаваць у многіх сферах грамадскага жыцця эфектыўным і рашучым чынам. Гэта заахвочвае нас з даверам рухацца далей шляхам яшчэ большай еднасці.

2. Нашая размова 3 мая 2018 года паказала, што тэкст інструкцыі ўздымае шэраг праблем істотнай важнасці. Таму Святы Айцец прыйшоў да высновы, што дакумент не гатовы да публікацыі. Сутнасныя прычыны гэтага рашэння можна падсумаваць наступным чынам:

а. Пытанне допуску да Камуніі евангелічных хрысціянаў у міжканфесійных сужэнствах з’яўляецца праблемай, якая закранае веру Касцёла і мае важнасць для паўсюднага Касцёла.

б. Гэтае пытанне аказвае ўплыў на экуменічныя адносіны з іншымі Цэрквамі і іншымі эклезіяльнымі супольнасцямі, якія таксама не трэба недаацэньваць.

в. Гэтая праблема закранае права Касцёла, перадусім інтэпрэтацыю канона 844 ККП. Паколькі ў некаторых частках Касцёла ёсць адкрытыя пытанні наконт гэтай справы, кампетэнтныя дыкастэрыі Святога Пасаду ўжо атрымалі інструкцыю выдаваць своечасовыя праясненні гэтых пытанняў на ўзроўні паўсюднага Касцёла. У прыватнасці, выглядае мэтазгодным пакінуць суджэнне наконт існавання “сур’ёзнай і тэрміновай неабходнасці” дыяцэзіяльнаму біскупу.

3. Святы Айцец вельмі заклапочаны тым, каб у нямецкай біскупскай канферэнцыі заставаўся жывы дух біскупскай калегіяльнасці. Як падкрэсліў Другі Ватыканскі сабор, “Канферэнцыі Біскупаў могуць сёння ўнесці разнастайны і плённы ўклад у канкрэтную рэалізацыю жадання калегіяльнасці” (дагматычная канстытуцыя Lumen gentium, 23)

Даводзячы гэта да Вашай увагі, дасылаю Вам братэрскія вітанні і пажаданні благаслаўлення.

Ваш у Пану,

Луіс Ф. Ладарыя, S. I.
Тытулярны біскуп Тыбікі
Прэфект

Копія:

Яго Эмінэнцыі
Кардыналу Райнэру Марыі Вёлькі
Арцыбіскупу Кёльна

Яго Эксцэленцыі
Феліксу Гену
Біскупу Мюнстэра

Яго Эксцэленцыі
Карлу-Хайнцу Візэману
Біскупу Шпаера

Яго Эксцэленцыі
Рудольфу Фодэрхольцэру
Біскупу Рэгенсбурга

Яго Эксцэленцыі
Герхарду Файге
Біскупу Магдэбурга


Аўтар: Maike Hickson
Крыніца: OnePeterFive
Ілюстрацыйнае фота: OnePeterFive

Тэкст перакладзены з англійскага арыгінала і апублікаваны з дазволу рэдакцыі 1Р5. Тэкст дакумента: Settimo Cielo.

Калі вы знайшлі арфаграфічную памылку, калі ласка, вылучыце яе і націсніце Ctrl+Enter.

Пакінуць каментар