Як перадае партал catholic.by, падчас ІІІ Агульнабеларускага кангрэсу беларускіх каталіцкіх сямейных рухаў біскуп Антоні Дзям’янка “падрабязна і аўтарытэтна растлумачыў тое, што не ўсім было зразумела” ў апостальскай адгартацыі Amoris laetitia. Поўны тэкст даклада пінскага ардынарыя, які ўзначальвае раду па справах сям’і пры ККББ, прыводзіць афіцыйная старонка дыяцэзіі:

Наступнай праблемай з’яўляецца неразрыўнасць сужанства і месца ў Касцёле тых асобаў, якія жывуць пасля раводу ў другім несакрамантальным саюзе. Навучанне Касцёла застаецца ў гэтай сітуацыі адназначным. Гэта справа вельмі складаная, асабліва ў кантэксце допуску да Святой Камуніі тых, хто жыве ў саюзе, але без касцельнага шлюба. (…)

Цяпер гэту справу ўзняў Святы Айцец Францішак у пасінадальнай адгартацыі “Amoris letitia” (2016 г.), якая ‘яўляецца вынікам дыскусій, якія адбыліся на Сінодзе, прысвечанаму сям’і. Святы Айцец, здаецца, не мае намеру змяняць штосьці ў абавязваючых нормах Касцёла. Але ён хоча, каб душпастыры разумелі людзей і былі здольнымі зразумець іх сітуацыі, якія часта нельга адназначна ацаніць. Гэта не стварае сітуацыйнай этыкі і нейкай пагрозы, як некаторыя мяркуюць. Але гэта нагода схіліцца над сучаснымі праблемамі жыцця людзей і ўвайсці ў гэтыя праблемы так, як гэта рабіў Езус.

Дыскусія вакол “Amoris laetitae” падобная да евангельскай сцэны, у якой фарысеі абступілі Езуса і паставілі перад Ім пытанне наконт разводаў (пар. Мц 19, 3 – 9). Фарысеі пытаюцца, што рабіць у выключнай сітуацыі, калі над сужэнствам навісла пагроза па прычыне нявернасці аднаго з сужонкаў. Пан Езус відавочна спытаў: “Што наказаў вам Майсей?”. Фарысеі сцвярджаюць: “Майсей загадаў даць разводны ліст і адпусціць яе”. І тут нам важна сканцэнтравацца на Хрыстовым адказе на пастаўленую праблему: “Майсей з-за ўпартасці вашых сэрцаў дазволіў вам разводзіцца са сваімі жонкамі, аднак спачатку так не было. А Я кажу вам: Хто развядзецца з жонкаю сваёю не з-за распусты і ажэніцца з іншаю, той чужаложыць”.

У гэтым месцы мне прыходзіць на думку біблійная канцэпцыя неразрыўнага саюзу мужчыны і жанчыны. А гэта тое, аб чым наворыць і да чаго заклікае Хрыстус. Ён проста нагадвае ідэал і заахвочвае да яго вярнуцца. Рашэнне Майсея Езус паказвае як кампраміснае, але не ідэальнае. Гэта быў кампраміс, акцэптаваны міласэрным Богам. Памятайма біблійную спрэчку пра ацаленне Садомы і Гаморы. Там з аднаго боку стаіць ідэал, аб якім нельга забываць, а з другога – мінімум кампрамісаў. Дзеянні цяперашняга Папы прадстаўляюцца мне спробаю менавіта так вырашаць праблемы. А гэта ў сваю чаргу ні што іншае, як жыццё згоднае з логікай Хрыста.

Гэта першая рэакцыя беларускіх іерархаў на дыскусію вакол апостальскай адгартацыі Amoris laetitia.

Пакінуць каментар