Святое махала

На працягу даволі доўгага часу на Захадзе — а на Усходзе яшчэ і цяпер — падчас аферторыя і далей, да канца Камуніі, выкарыстоўвалася махала, якім адганялі мух і іншых мошак ад святара і ахвяры. Даручалася гэтае заданне дыякану, прычым перадача дыякану махала падчас пасвячэння ў раннія часы лічылася неабходным элементам, як цяпер і лічыцца ў грэцкім абрадзе.

У старажытным сарумскім абрадзе гэтыя махалы адзначаліся прыгажосцю і каштоўнасцю аздаблення, бо часам іх рабілі з чыстага срэбра ці золата. Перапіс маёмасці катэдры ў Солсберы (1222) згадвае махала з чыстага срэбра. У Ёркскай катэдры выстаўлена прыгожае махала, на адным баку якога знаходзіцца выява герба біскупа гэтага месца (Church of Our Fathers, ІІІ, с. 200). Часам гэтыя махалы робяцца з вельмі добра вырабленага пергаменту, а часам з пер’я павы. Да іх прымацоўваецца доўгая ручка, якая часта робіцца са слановай косці. У 1346 годзе біскуп Рочэстэра падарыў сваёй катэдры махала, зробленае з каштоўнага шоўку і з ручкай са слановай косці (ibid.).

Першыя надзейныя звесткі пра такія махалы паходзяць з так званых “Апостальскіх правілаў”. Яны даюць канкрэтныя інструкцыі адносна іх выкарыстання: “Няхай два дыяканы стаяць па баках алтара, трымаючы невялікае махала, зробленае з пергаменту, пер’я павы ці льну, і стрыманымі рухамі няхай адганяюць мух, каб ніводная з іх не трапіла ў келіх” (Riddle, Christian Antiquities, с. 603).

Мы казалі, што махала ўсё яшчэ выкарыстоўваецца на Усходзе падчас Боскай літургіі. Мараніты карыстаюцца круглым махалам, якое мае на вобадзе некалькі званочкаў. Зазвычай яно робіцца са срэбра ці латуні (Church of Our Fathers, с. 179). Грэцкае махала робіцца ў выглядзе закрытага крыламі твару хэрубіма (Goar, Euchol. Graec., с. 136). Адпаведна, яго рух падчас Імшы сімвалізуе палёт гэтых святых духаў перад Божым тронам (Neale and Littledale, Prim. Liturgies, уводзіны, с. xxix). На Захадзе махалы сімвалізавалі Духа Святога, а мухі і іншыя мошкі, якіх махалам адганялі, успрымаліся як пустыя і шкодныя думкі (Durandus, Rationale Divinorum, IV, с. 35).

Сітца

Каб віно для выкарыстання ў літургіі не мела ў сабе аніякіх дамешак, у раннія часы перад тым, як наліваць яго ў келіх, яго прапускалі пра літургічную прыладу, якая называлася сітца. Як і іншыя прадметы, якія выкарыстоўваюцца пры алтары, гэтае сітца часта рабілася з найбольш каштоўных матэрыялаў і лічылася вельмі важным элементам у абрадах Імшы. Зазвычай яго рабілі са срэбра і ў выглядзе лыжачкі; у ім было шмат вельмі дробных дзірачак, праз якія віно фільтравалася ў келіх. Кардынал Бона падрабязна абмяркоўвае гэтыя прылады ў Rer. Liturg., с. 293.

Грэбень

Іншая старажытная літургічная прылада, пра якую нам, магчыма, трэба было сказаць раней, гэта грэбень, які выкарыстоўваўся для таго, каб трымаць валасы цэлебранта ў парадку на працягу набажэнства. Грэбень зазвычай рабілі са слановай косці, аднак часта сустракаліся грэбні са срэбра і золата; час ад часу іх упрыгожвалі каштоўнымі камянямі. Катэдра ў Сансе сярод сваіх старажытных цікавостак мае літургічны грэбень са слановай косці, на якім напісана: “Pecten sancti Lupi” — “Грэбень святога Лупа”. Святы Луп быў біскупам гэтага месца ў 609 годзе, гэта значыць, што гэты грэбень сапраўды вельмі стары (Church of Our Fathers, ІІ, с. 124).

Сарумскі сабор у Англіі мае вялікую колькасць цудоўна ўпрыгожаных грэбняў са слановай косці, і даволі цікава, што сярод трафеяў, якія з абацтва Гластанберы ўзяў англійскі навухаданосар Генры VIII згадваецца “грэбень з золата, упрыгожаны каменьчыкамі бірузы і іншымі падобнымі камянямі” (Dugdale, Mon. Ang., том І, с. 63).

Калі Імшу цэлебраваў біскуп, дыякан і субдыякан рачэсвалі ягоныя валасы адразу пасля абування сандаляў. Калі ж цэлебрантам быў святар, яго прычэсвалі ў сакрыстыі, а потым у вызначаны момант Імшы. Правіла ў сувязі з гэтым было такое: калі цэлебрант пэўны час сядзеў, а потым падымаўся і здымаў шапку, ягоныя валасы прычэсвалі, а потым ён узыходзіў да алтара. Пакуль адбывалася працэдура расчэсвання, на плячах цэлебранта трымалі тканіну, каб не забрудзіць святое ўбранне.

Дзюран, які заўсёды трымае напагатове містычнае значэнне для ўсяго на свеце, кажа, што валасы на галаве, якія выбіваюцца ў той ці іншы момант, сімвалізуюць павярхоўныя думкі, якія непакояць нас час ад часу і перашкаджаюць нам аддаваць неабходную ўвагу нашым святым абавязкам (Rationale, с. 149–150).

Сёння ў Заходнім Касцёле грэбень больш не выкарыстоўваецца, але яго можна бачыць у некаторых Усходніх Касцёлах, бо амаль усё ўсходняе духавенства свабодна адрошчвае бараду, як у старажытных патрыярхаў (Romanoff, Rites and Customs of the Greco-Russian Church, с. 401), таму ім неабходна часта прычэсвацца, каб мець акуратны і належны выгляд.


Аўтар:  Джон О’Браен (John O’Brien), A. M., прафесар святой Літургіі ў Каледжы Маўнт Сэйнт Мэры (Mount St. Mary’s College), Эмітсбург, Мэрылэнд, ЗША.
Выданне: A History of the Mass and Its Ceremonies in the Eastern and Western Church (15 ed., 1879).
Ілюстрацыя: New Liturgical Movement (copyright).

Калі вы знайшлі арфаграфічную памылку, калі ласка, вылучыце яе і націсніце Ctrl+Enter.

Пакінуць каментар