29.05.2018 / John O'Brien

№79. Цэлебрацыя Імшы: “Orate fratres” і сакрэтныя малітвы (5)🕑 4 хвілін

“Orate fratres”

Скончыўшы гэтую малітву, святар паварочваецца да сабраных і заклікае іх словамі “Orate fratres” — “Маліцеся, браты”, а затым ціха працягвае: “Каб мая і вашая ахвяра была прыемнай Богу Айцу ўсемагутнаму”. Той факт, што святар прамаўляе гучным голасам толькі першыя два словы гэтай малітвы, зазвычай тлумачаць практыкай не перашкаджаць спевакам, якія выконваюць спеў на аферторый (ibid.). На гэтую малітву прыслугоўваючы адказвае: “Няхай Пан прыме ахвяру з рук тваіх на праслаўленне і хвалу імя свайго, а таксама на карысць нам і ўсяму Касцёлу свайму святому”. Святар ціхім голасам адказвае: “Амэн”.

Хоць часам у Імшы могуць удзельнічаць выключна жанчыны, як гэта часта бывае ў выпадку кляштараў, форму гэтага прывітання нельга змяняць з мужчынскага роду на жаночы; нельга таксама рабіць аніякіх дадаткаў з увагі на тое, што на Імшы прысутнічаюць жанчыны. У старажытныя часы, аднак, такая змена ў некаторых месцах рабілася, бо ў сарумскім абрадзе кажуць: “Orate fratres et sorores” — “Маліцеся, браты і сёстры”. Таксама гэты выраз можна бачыць у кёльнскім [1] Імшале, выдадзеным у 1133 годзе.

“Сакрэты”, або сакрэтныя малітвы

Пасля таго, як святар сказаў “Амэн” на адказ прыслугоўваючага да малітвы “Orate fratres”, ён, стоячы пры сярэдзіне алтара, чытае з Імшала малітвы, якія называюцца “secretae”. Іх колькасць заўсёды адпавядае колькасці калектаў у дадзенай Імшы. Існуе шмат меркаванняў наконт таго, адкуль пайшла такая назва гэтых малітваў. Некаторыя кажуць, што такая назва была дадзена ім таму, што гэта былі першыя малітвы, якія святар прамаўляў пасля выгнання катэхумэнаў і якія былі вылучаны (secreti) для сабраных вернікаў. Лацінскае паходжанне гэтага слова — ад дзеяслова “secernere” — падтрымлівае такую інтэрпрэтацыю. Іншыя кажуць, што гэтыя малітвы называюцца так, таму што яны чытаюцца над той часткай прынесеных людзьмі ахвяраванняў, якія былі аддзелены для літургічных мэтаў. Аўтарытэтным таксама з’яўляецца меркаванне, што гэтая назва абавязаная таму факту, што гэтыя малітвы прамаўляюцца сакрэтна — гэта значыць шэптам, — каб не трывожыць спевакоў, якія ў старажытныя часы стаялі ў хоры, дастаткова блізка ад алтара. Каб не дапускаць вялікіх разыходжанняў паміж рознымі відамі Імшаў, Касцёл дазволіў захаваць у ціхай Імшы шмат тых рэчаў, якія паходзяць са спяванай Імшы, а як мы ўжо казалі раней, у старыя часы большасць Імшаў належыла да апошняга віда (Romsee, с. 162; Enchiridion Sac. Missae, ex Opere Bened. XIV, с. 55). Напрыканцы апошняй сакрэты аферторый заканчваецца.

Аферторый на Усходзе

У іншым месцы мы казалі пра тое выключнае дбанне, з якім усходнія хрысціяне ставяцца да ахвярных хлеба і віна. Адпаведна, будзе лёгка зразумець, чаму звычай, які так доўга быў распаўсюджаны на Захадзе, — прымаць хлеб і віно для літургічных мэтаў ад людзей — так у іх і не прыжыўся. Усходнія хрысціяне не бяруць нічога для святой Імшы, калі толькі гэта не было зроблена і падрыхтавана іхнім духавенствам. Таму ў іх адсутнічае такі збор ахвяраванняў, як у нас, але існуюць грашовыя ахвяраванні на ўтрыманне духавенства. “Перад тым як яны пойдуць да ахвярніка (крэдэнса), — кажа д-р Ковель, — каб распачаць там літургію, усе добрыя людзі, якія жадаюць, каб згадалі іх адсутных сяброў, як жывых, так і памерлых, ідуць да святароў і называюць ім імёны (ёсць два спісы: адзін для жывых і адзін для памерлых), за што складаецца ахвяра або нейкія больш багатыя падарункі са срэбра ці золата, і з гэтага пераважна ўтрымліваецца святар, асабліва ў вёсках” (Neale and Littledale, Primitive Liturgies, с. 186, зноска). Гэтае ахвяраванне адбываецца на Усходзе напачатку Імшы, падчас таго, што называецца малым уваходам, або інтроітам, а падчас аферторыя ахвяраванні не збіраюцца.

Пакуль мы не перайшлі да наступнай часткі Імшы, мы папросім чытача затрымацца і прачытаць некалькі словаў наконт некаторых літургічных прадметаў, якія выкарыстоўваліся ў мінулыя часы. Мы маем на ўвазе святое махала (sacrum flabellum), сітца і грэбень.

[1] Кёльнскі сабор з’яўляецца найцудоўнейшым узорам гатычнай архітэктуры ў свеце. Яго будоўля пачалася ў 1248 годзе, і ён будуецца дагэтуль. Пасля завяршэння будоўлі дзве ягоныя вежы будуць дасягаць 157 м у вышыню, што на 20 м вышэй за Сабор св. Пятра і на 15 м вышэй за вежу Страсбургскага сабора, які на сённяшні дзень лічыцца самым высокім будынкам у свеце. Кёльнскі сабор мае рэдкі прывілей валодання чарапамі Мудрацоў, якія прыйшлі пакланіцца Пану ў раніцу Яго Нараджэння. Яны захоўваюцца ў срэбраных скрынках, аздобленых каштоўнымі камянямі, на якіх рубінамі напісаны імёны Каспер, Мельхіёр і Бальтазар.


Аўтар:  Джон О’Браен (John O’Brien), A. M., прафесар святой Літургіі ў Каледжы Маўнт Сэйнт Мэры (Mount St. Mary’s College), Эмітсбург, Мэрылэнд, ЗША.
Выданне: A History of the Mass and Its Ceremonies in the Eastern and Western Church (15 ed., 1879).
Ілюстрацыя: Joseph Shaw (CC BY-NC-SA).

Пакінуць каментар

Scroll Up