25.05.2018 / John O'Brien

№78. Цэлебрацыя Імшы: ахвяраванне келіха (4)🕑 5 хвілін

Ахвяраванне келіха

Ахвяруючы келіх, святар абедзвюма рукамі трымае яго ўзнятым перад сваім абліччам і прамаўляе наступную малітву: “Прыносім Табе, Пане, келіх збаўлення, просячы Твае ласкавасці, каб з водарам салодкім узышоў ён да вобліку Тваёй Велічы для збаўлення нашага і ўсяго свету. Амэн”. Затым ён апускае келіх і, паставіўшы яго на карпарал адразу за гостыяй, накрывае яго палай. Да XV ст. была распаўсюджана практыка, калі келіх ставілі не за гостыяй, а справа ад яе — г. зн. насупраць левай рукі святара, — каб нібы сабраць Найдаражэйшую Кроў, якая выцякла з цела Пана, прабітага кап’ём жаўнера. Традыцыя як Усходняга, так і Заходняга Касцёла заўсёды сцвярджала, што на крыжы быў прабіты правы бок нашага Пана, а не левы (Rock, Church of Our Fathers, I, 261; Neale and Littledale, Translation of the Primitive Liturgies, с. 182, зноска 12).

Множны лік дзеяслова “прыносім” захоўваецца тут, на думку некаторых, з урачыстай спяванай Імшы, дзе дыякан дакранаецца рукой да келіха, пакуль цэлебрант робіць яго ахвяраванне, і таму ахвяруе яго разам з ім (Romsee, IV, 141). Іншыя бачаць у захаванні множнага ліку асаблівую алюзію да абавязку дыякана раздаваць людзям Камунію з келіха, бо калісьці была распаўсюджана Камунія пад дзвюма постацямі (Bona, Rer. Liturg., с. 338). Што да захавання множнага ліку ў тым выпадку, калі на Імшы не служыць дыякан, як у выпадку ціхай Імшы, аўтары кажуць нам, што Папа Грыгорый Вялікі вельмі любіў выкарыстоўваць множны лік замест адзіночнага і што, верагодна, ён дазволіў пакінуць гэтыя словы некранутымі, як сталася таксама са словамі “benedicite, Pater reverende” (павінна быць “benedic, Pater”) (Le Brun, Explication des Prières et des Cérémonies de la Messe, II, с. 60, зноска a).

Пасля ахвяравання келіха святар крыху схіляецца і, паклаўшы зведзеныя рукі, далонь да далоні, на алтар, чытае наступную малітву: “Прымі, Пане, нас, што ў духу пакоры і са скрухай у сэрцы стаім перад Табою, а наша ахвяра так хай споўніцца перад абліччам Тваім, каб была Табе даспадобы, Пане Божа”. Затым святар выпростваецца і, уздымаючы, а затым апускаючы рукі, прызывае Духа Святога, кажучы: “Прыйдзі, Даўца святасці, усемагутны і вечны Божа, і благаславі гэтую ахвяру, на славу святога імені Твайго прыгатаваную”. На слова “благаславі” ён робіць знак крыжа над гостыяй і келіхам разам. Гэтая малітва з’яўляецца адзіным выпадкам, калі Дух Святы заклікаецца па імені, з-за чаго некаторыя меркавалі, што на ўвазе маецца Бог Айцец, але, як добра кажа Ромсі, мы прымяняем дзеяслоў “прыйдзі” не да Айца, а толькі да Сына ці да Духа Святога, абодва ж заўсёды пасылаюцца альбо заклікаюцца; да Бога Айца ж, Які пасылае Іх, ніколі не прымяняецца гэтае слова (Romsee, IV, с. 146). Святы Дух заклікаецца яўным чынам у гэтай малітве ў многіх старажытных Імшалах, напрыклад, у масарабскім абрадзе, дзе малітва закліку пачынаецца такімі словамі: “Прыйдзі, о Дух Святы, Асвячальнік”. Каментуючы гэтую малітву ў сваім трактаце пра Імшу, Папа Бенедыкт XIV кажа, што яна звернута да трэцяй Асобы Найсвяцейшай Тройцы, каб, як пад уздзеяннем Святога Духа цела нашага благаслаўлёнага Пана было сфармавана ў чыстым улонні Найсвяцейшай Дзевы, так яно пад уздзеяннем таго ж Духа зноў сфармавалася на алтары Божым (Enchiridion de Sacrif. Missae, с. 53).

На ўрачыстай спяванай Імшы пасля гэтай малітвы да алтара прыносяць кадзіла, і адбываецца акаджэнне самой ахвяры, алтара і святароў. Затым акаджваюцца ўсе ў прэзбітэрыі і, нарэшце, сабраныя людзі. Мы не маем намеру больш глыбока ўваходзіць у гэты абрад, бо дадзеная кніга — не падручнік па рубрыках.

Прамовіўшы малітву “Прыйдзі, Даўца святасці”, святар ідзе на бок Паслання, каб абмыць кончыкі пальцаў: але не ўсіх, а толькі вялікага і ўказальнага, бо толькі гэтымі пальцамі яму можна дакранацца да Найсвяцейшага Сакрамэнту і толькі іх біскуп памазвае святым алеем, удзяляючы святарскае пасвячэнне. З гэтай прычыны іх часам называюць “кананічнымі” пальцамі. Выконваючы гэтае абмыванне, святар прамаўляе тую частку псальма 25, якая пачынаецца словамі “Абмыю ў нявіннасці рукі мае”. Акрамя літаральнай прычыны гэтага абмывання, ёсць таксама і прыгожае містычнае тлумачэнне, а менавіта што для складання такой велічнай ахвяры, у якой прыносіцца сам Божы Сын, сумленне святара павінна быць вольным ад найменшай плямы граху. “Гэта азначае, — кажа св. Кірыл Ерузалемскі, — што нашыя душы павінны быць ачышчаны ад усялякіх грахоў і правінаў. Бо, паколькі рукі з’яўляюцца інструментам дзеяння, іх абмыццё паказвае чысціню нашых намераў”. Св. Герман сцвярджае падобна: “Абмыццё рук святара павінна нагадаць яму, што мы мусім прыступаць да святога стала з чыстым сумленнем, розумам і думкамі (рукамі душы), з бояззю, пакорай і шчырай адкрытасцю”.

Варта таксама згадаць, што святар пры гэтым не застаецца пры сярэдзіне алтара, а ідзе на бок Паслання, робячы гэта з пашаны да Найсвяцейшага Сакрамэнту і распяцця. Калі Найсвяцейшы Сакрамэнт выстаўлены для пакланення, каб паказаць яшчэ большую пашану, святар сыходзіць на адну прыступку з боку Паслання і, стоячы плячыма да сцяны, а не да алтара, выконвае абмыванне там. Касцёл вельмі дбае пра ўсё, што звязана з пашанай да Найсвяцейшай Эўхарыстыі.

Выканаўшы гэтае абмыванне, святар вяртаецца да сярэдзіны алтара, дзе, крыху схіліўшыся, ён чытае наступную малітву: “Прымі, святая Тройца, гэтае прынашэнне, якое мы складаем Табе ў памяць мукі, ўваскрасення і ўнебаўшэсця Езуса Хрыста, Пана нашага, а таксама на славу Найсвяцейшай Марыі заўсёды Дзевы, святога Яна Хрысціцеля, святых Апосталаў Пятра і Паўла, а таксама тых і ўсіх святых, каб ім яна была на славу, а нам на збаўленне; і няхай заступаюцца за нас у нябёсах тыя, чыю памяць мы адзначаем на зямлі. Праз таго ж Хрыста, Пана нашага. Амэн”. Цягам першых чатырох стагоддзяў Касцёл вельмі з вялікай асцярожнасцю згадваў пра Найсвяцейшую Тройцу, бо баяўся, што язычнікі і іншыя няверныя могуць падумаць, што хрысціяне пакланяюцца некалькім багам. Адпаведна, было прынята ўстрымлівацца ад называння ў публічных малітвах канкрэтных боскіх Асобаў, акрамя Бога Айца. Хоць дадзеная малітва не настолькі старая, як некаторыя іншыя, яна ўсё ж дастаткова старая, бо мы знаходзім яе ў Ілірыйскім Імшале, які, як лічыцца, паходзіць з VII ст. (Romsee, с. 156).


Аўтар:  Джон О’Браен (John O’Brien), A. M., прафесар святой Літургіі ў Каледжы Маўнт Сэйнт Мэры (Mount St. Mary’s College), Эмітсбург, Мэрылэнд, ЗША.
Выданне: A History of the Mass and Its Ceremonies in the Eastern and Western Church (15 ed., 1879).
Ілюстрацыя: Joseph Shaw (CC BY-NC-SA).

Пакінуць каментар

Scroll Up