25.05.2018 / Кардынал Рабэр Сара

“Выберыце святло! Адмоўцеся ад цемры!” Гамілія кардынала Сара ў Шартры🕑 11 хвілін

Пілігрымка Нотр-Дам-дэ-Крэцьентэ 2018
Гамілія Імшы панядзелка ў актаве Пяцідзясятніцы
Катэдра Нотр-Дам-дэ-Шартр

Панядзелак, 21 мая 2018 года

Дазвольце мне найперш горача падзякаваць Яго Эксцэленцыі манс. Філіпу Крыстары, біскупу Шартра, за яго братэрскае запрашэнне ў гэтую цудоўную катэдру.

Дарагія пілігрымы Шартра,

“Святло прыйшло на свет, — кажа нам сёння Езус у Евангеллі, — але людзі больш палюбілі цемру”.

А ці вы, дарагія пілігрымы, прынялі адзінае святло, якое не расчароўвае, — святло Божае? Вы ішлі на працягу трох дзён, вы маліліся, спявалі, цярпелі пад сонцам і дажджом: ці прынялі вы святло ў свае сэрцы? Ці сапраўды вы пакінулі цемру? Ці выбралі вы шлях наследавання Езуса, які з’яўляецца Святлом свету? Дарагія сябры, дазвольце мне задаць вам гэтае радыкальнае пытанне, таму што, калі Бог не з’яўляецца нашым святлом, усё астатняе робіцца бескарысным. Без Бога ўсё з’яўляецца цемрай!

Бог прыйшоў да нас, Ён стаўся чалавекам. Ён адкрыў нам тую адзіную праўду, якая збаўляе; Ён памёр, каб адкупіць нас з граху, а падчас Пяцідзясятніцы Ён даў нам Духа Святога, Ён прапанаваў нам святло веры… аднак мы больш палюбілі цемру!

Агледзімся навокал! Заходняе грамадства вырашыла будаваць жыццё без Бога. І вось яно аддаецца зыркім і падманлівым светачам спажывецтва, нажывы любой цаною і нястрымнага індывідуалізму.

Свет без Бога — гэта свет цемры, падману і эгаізму!

Без Божага святла заходняе грамадства зрабілася як хісткая лодка ўначы! Яно больш не мае дастаткова любові, каб прымаць дзяцей, каб абараняць іх пачынаючы ад улоння маці, каб ахоўваць іх ад агрэсіі парнаграфіі.

Пазбаўленае Божага святла, заходняе грамадства больш не ведае, як шанаваць сваіх старых, як суправаджаць да смерці сваіх хворых, як даваць жытло самым бедным і слабым.

Яно аддалося цемры страху, смутку і ізаляцыі. Яно не можа больш прапанаваць нічога, акрамя пустаты і небыцця. Яно дазваляе квітнець самым шалёным ідэалогіям.

Заходняе грамадства без Бога можа зрабіцца калыскай этычнага і маральнага тэрарызму, больш злоснага і больш разбуральнага за ісламісцкі тэрарызм. Памятайце, што сказаў нам Езус: “Не бойцеся тых, хто забівае цела, душы ж не могуць забіць; а больш бойцеся таго, хто можа душу і цела загубіць у геене” (Мц 10:28).

Дарагія сябры, прашу прабачэння за гэты нарыс. Але трэба казаць зразумела і рэалістычна.

Калі я і прамаўляю да вас такім чынам, то гэта таму, што ў сваім святарскім, пастырскім сэрцы я нашу спачуванне да вельмі шматлікіх душаў, збітых з панталыку, страчаных, засмучаных, занепакоеных і адзінокіх!

Хто выведзе іх на святло?

Хто пакажа ім шлях да праўды — адзіны сапраўдны шлях свабоды, якім з’яўляецца шлях Крыжа?

Ці пакінем мы іх, каб яны трапілі ў памылку, безнадзейны нігілізм ці агрэсіўны ісламізм?

Мы павінны абвяшчаць свету, што наша надзея мае імя: Езус Хрыстус, адзіны Збаўца свету і чалавецтва!

Мы больш не можам маўчаць!

Дарагія пілігрымы Францыі, паглядзіце на гэтую катэдру! Вашы продкі збудавалі яе, каб абвяшчаць сваю веру! У яе архітэктуры, яе скульптурах, яе вокнах усё абвяшчае радасць Божага збаўлення і любові. Вашы продкі не былі дасканалыя, яны не былі без граху. Аднак яны жадалі, каб святло веры асвяціла іхнюю цемру!

І вы, народ Францыі, таксама абудзіцеся сёння!

Выберыце святло! Адмоўцеся ад цемры!

Як гэта зрабіць?

Евангелле кажа нам: “Хто чыніць праўду, ідзе да святла”. Няхай святло Святога Духа асветліць нашае жыццё канкрэтна і проста, нават у самых асабістых частках нашага найглыбейшага існавання. Чыніць праўду азначае найперш ставіць Бога ў цэнтр нашага жыцця, падобна як Крыж знаходзіцца ў цэнтры гэтай катэдры.

Мае браты, пастанавіце паварочвацца тварам да Яго кожны дзень!

У гэты самы момант зрабіце пастанову захоўваць маўчанне на працягу некалькіх хвілін у дзень, каб павярнуцца да Бога, каб сказаць Яму: “Пане, уладар ува мне! Я аддаю Табе ўсё сваё жыццё!”

Дарагія пілігрымы, без цішыні няма святла. Цемра корміцца пастаянным шумам гэтага свету, які перашкаджае нам павярнуцца тварам да Бога.

Паглядзіце, напрыклад, на сённяшнюю літургію Імшы. Яна ўводзіць нас у пакланенне, у сыноўскі і любячы страх у прысутнасці Божай велічы. Яе кульмінацыя знаходзіцца ў кансэкрацыі, калі мы разам, звярнуўшыся тварам да алтара, узіраемся ў Гостыю, у Крыж і яднаемся ў ціхім засяроджанні і пакланенні.

Дарагія сябры, будзем жа любіць тыя літургіі, якія дапамагаюць нам атрымліваць асалоду ад ціхай і выключнай прысутнасці Бога і якія дапамагаюць нам павярнуцца тварам да Пана.

Дарагія браты святары, я хачу звярнуцца асабліва да вас. Святая ахвяра Імшы — гэта тое месца, дзе вы знойдзеце святло для свайго служэння. Свет, у якім мы жывем, пастаянна просіць нас аб чымсьці. Мы пастаянна знаходзімся ў руху, не стараючыся спыніцца і прысвяціць час таму, каб выйсці ў адасобленае месца і крыху адпачыць у адзіноце і цішыні, у таварыстве з Панам. Існуе вялікая небяспека, што мы пачнем лічыць сябе “сацыяльнымі работнікамі”. Тады мы прынясем у свет не Божае святло, а сваё ўласнае святло — не тое, якога чакаюць ад нас людзі. Чаго свет чакае ад святара, дык гэта Бога і святла Ягонага Слова, якое будзе абвяшчацца без неадназначнасці і падману.

Спазнаем жа, як трэба паварочвацца тварам да Бога ў засяроджанай літургічнай цэлебрацыі, поўнай пашаны, цішыні і подыху сакральнасці. Не вынаходзьце нічога ў літургіі. Давайце прымаць усё ад Бога і ад Касцёла. Не шукайце відовішча ці поспеху. Літургія навучае нас: быць святаром не азначае рабіць шмат рэчаў. Гэта азначае быць з Панам на Крыжы!

Літургія — гэта месца, дзе чалавек сустракаецца з Богам тварам у твар. Літургія — гэта найвышэйшы момант, калі Бог вучыць нас “быць падобным да вобраза Сына свайго, каб Ён быў першародным між многімі братамі” (Рым 8:29). Літургія не выклікае і не павінна выклікаць спрэчак, барацьбы і разладаў.

Як у звычайнай, так і ў надзвычайнай форме рымскага абраду важна павярнуцца тварам да Крыжа, да Хрыста, нашага Усходу, нашага Усяго і нашай адзінай перспектывы! Давайце заўсёды цэлебраваць як звычайную, так і надзвычайную форму ў адпаведнасці з тым, чаму навучае Другі Ватыканскі сабор: з высакароднай прастатою, без бессэнсоўных дадаткаў, без несапраўднай і тэатральнай эстэтыкі, але з пачуццём сакральнага, дбаючы найперш пра Божую хвалу і ў сапраўдным духу сыноў Касцёла — сёння і заўсёды!

Дарагія браты святары, майце заўсёды наступную ўпэўненасць: святарскі цэлібат абвяшчае свету, што такое быць з Хрыстом на Крыжы! План, які прасоўваюць некаторыя, імкнучыся аддзяліць святарства ад цэлібату, удзяляючы сакрамэнт святарскага пасвячэння жанатым мужчынам (“viri probati”) з пастырскіх, як яны кажуць, прычын ці неабходнасці, будзе мець сур’ёзныя наступствы, фактычна, поўны разрыў з апостальскай Традыцыяй. Не захаваўшы і не пашырыўшы святарства Хрыста, паслухмянае, беднае і чыстае, мы ўладкуем святарства паводле людскога разумення. Сапраўды, святар — не толькі “alter Christus”, але і “ipse Christus”, сам Хрыстус! І менавіта таму, следуючы за Хрыстом і Касцёлам, святар заўсёды будзе знакам супярэчнасці!

Вам, дарагія хрысціяне, свецкія асобы, якія ўдзельнічаеце ў гарадскім жыцці, я хачу сказаць з моцай: “Не бойцеся! Не бойцеся прынесці святло Хрыста гэтаму свету!”

Вашым першым сведчаннем павінен быць ваш уласны прыклад: чыніце праўду! У вашай сям’і, у вашай прафесіі, у вашых сацыяльных, эканамічных, палітычных зносінах няхай святлом будзе Хрыстус! Не бойцеся сведчыць пра тое, што ваша радасць паходзіць ад Хрыста!

Калі ласка, не хавайце крыніцу сваёй надзеі! Наадварот, абвяшчайце яе! Давайце сведчанне пра яе! Евангелізуйце! Касцёл мае патрэбу ў вас! Нагадвайце ўсім, што толькі “ўкрыжаваны Хрыстус раскрывае сапраўднае значэнне свабоды” [1]. Разам з Хрыстом вызваляйце свабоду, скаваную сёння фальшывымі правамі чалавека, арыентаванымі на яго самаразбурэнне.

Да вас, дарагія бацькі, я хачу звярнуцца з асаблівымі словамі. Быць бацькам і маці ў сённяшнім свеце — гэта прыгода, поўная пакут, перашкод і клопату. Касцёл кажа вам: “Дзякуй”! Так, дзякуй вам за шчодры дар сябе!

Майце адвагу выхоўваць сваіх дзяцей у святле Хрыста. Часам вам прыйдзецца біцца супраць моцнага ветру і цярпець здзекі і пагарду з боку свету. Але мы жывем не для таго, каб падабацца свету! “Мы ж абвяшчаем Хрыста ўкрыжаванага, які для юдэяў — згаршэнне, для язычнікаў — глупства” (1 Кар 1:23-24).

Не бойцеся! Не здавайцеся! Касцёл голасам Папаў — асабліва пасля выхаду энцыклікі Humanae vitae — давярае вам прароцкую місію: сведчыць перад усімі пра свой радасны давер да Бога, Які зрабіў нас разумнымі ахоўнікамі натуральнага парадку. Вы абвяшчаеце тое, што Езус адкрыў нам сваім уласным жыццём: “Свабода здзяйсняецца ў любові, гэта значыць у дары сябе” [2].

Дарагія бацькі і маці, Касцёл любіць вас! Любіце Касцёл! Ён — ваша Маці. Не далучайцеся да тых, хто смяецца з яго, таму што яны бачаць на яго старым абліччы толькі зморшчыны, якія нанеслі яму стагоддзі пакут і цяжкасцяў. Сёння Касцёл таксама прыгожы і ззяе святасцю.

Нарэшце я хачу звярнуцца да вас, маладыя людзі, якія ў вялікай колькасці сабраліся тут!

Аднак паслухайце, калі ласка, найперш “старэйшага”, які мае большы аўтарытэт за мой. Мова ідзе пра св. Яна Евангеліста. Акрамя прыкладу свайго жыцця, св. Ян таксама пакінуў пісьмовае пасланне да моладзі. У яго Першым пасланні мы чытаем наступныя кранальныя словы старэйшага да моладзі з касцёлаў, якія ён заснаваў: “Я напісаў вам, юнакі, бо вы моцныя, і слова Божае жыве ў вас, і вы перамаглі злога. Не любіце свету, ні таго, што ў свеце” (1 Ян 2:14-15) [3].

Свет, які мы павінны не любіць, як казаў а. Раньера Канталамеса ў сваёй гаміліі на Вялікую Пятніцу 2018 года, якому мы не павінны падпарадкоўвацца, гэта, як мы ведаем, не той свет, які стварыў і які любіць Бог; гэта не людзі свету, да якіх мы, наадварот, заўсёды павінны ісці, асабліва да бедных і самых бедных, любіць іх і пакорна служыць ім… Не! Свет, які мы павінны не любіць, гэта іншы свет; гэта свет, які развіўся пад уладай шатана і граху. Свет ідэалогій, якія адмаўляюць прыроду чалавека і разбураюць сям’ю… Структуры ААН, якія навязваюць новую глабальную этыку, якія адыгрываюць сваю вырашальную ролю і якія зрабіліся сёння знішчальнай сілай, што распаўсюджваецца радыёхвалямі пры дапамозе бясконцых магчымасцяў тэхналогіі. У многіх заходніх краінах адмова падпарадкавацца гэтым страшным ідэалогіям сёння з’яўляецца злачынствам. Гэта тое, што мы называем адаптацыяй да духу часу, канфармізмам. Знакаміты веруючы брытанскі паэт мінулага стагоддзя Томас Стэрнз Эліят напісаў некалькі радкоў, якія кажуць больш, чым цэлыя кнігі: “У хуткацечным свеце чалавек, які прымае адваротны напрамак, будзе выглядаць дэзерцірам”.

Дарагая хрысціянская моладзь, калі такому “старэйшаму”, як св. Ян, будзе дазволена прамовіць да вас, то я заклікаю вас і прашу вас, каб вы перамаглі злога! Змагайцеся супраць любога закона, які супярэчыць натуры і які будуць накладаць на вас, супрацьстойце любому закону супраць жыцця, супраць сям’і. Будзьце тымі, хто выбірае адваротны напрамак! Асмельцеся пайсці супраць цячэння! Для нас, хрысціянаў, адваротны напрамак — гэта не месца, гэта Асоба, гэта Езус Хрыстус, наш Сябар і наш Адкупіцель. Вам даверана асаблівая задача: ахоўваць людскую любоў ад трагічнага дрэйфу, у які яна трапіла: любоў, якая перастала быць дарам сябе і стала валоданнем іншым чалавекам — часта вельмі тыранічным валоданнем. На Крыжы Бог аб’явіў сябе як “агапэ”, гэта значыць як любоў, якая аддаецца на смерць [4]. Сапраўды любіць азначае памерці за іншага. Як ваш жандарм падпалкоўнік Арно Бельтрам!

Дарагая моладзь, несумненна, вы часта адчуваеце ў душы барацьбу цемры і святла. Часам вас спакушаюць даступныя задавальненні свету. Ад усяго свайго святарскага сэрца я кажу вам: не задумвайцеся! Езус дасць вам усё! Следуючы за Ім шляхам святасці, вы не страціце нічога! Вы здабудзеце тую радасць, якая ніколі не расчароўвае!

Дарагая моладзь, калі сёння Хрыстус кліча вас ісці за ім шляхам святара, шляхам кансэкраванай асобы, не раздумвайце! Скажыце Яму: “Fiat”, узнёслае і безумоўнае “так”!

Бог жадае мець патрэбу ў вас, якая ласка! Якая радасць! Захад евангелізавалі святыя і мучанікі. Вы, сённяшняя моладзь, будзеце святымі і мучанікамі, ад якіх народы чакаюць новай евангелізацыі! Вашы айчыны прагнуць Хрыста! Не расчаруйце іх! Касцёл давярае вам!

Я малюся, каб многія з вас сёння, падчас гэтай Імшы, адказалі на заклік Бога пайсці за Ім, пакінуць усё дзеля Яго, дзеля Ягонага святла. Дарагая моладзь, не бойцеся. Бог — гэта адзіны сябар, які ніколі не расчаруе вас!

Калі Бог кліча, Ён робіць гэта радыкальна. Гэта азначае, што Ён пранікае да самых падмуркаў, да самага нутра. Дарагія сябры, мы не пакліканы быць пасрэднымі хрысціянамі! Не, Бог заклікае нас да поўнай аддачы, да мучаніцтва цела і сэрца!

Дарагі французскі народ, менавіта кляштары стварылі цывілізацыю вашай краіны! Менавіта мужчыны і жанчыны, якія вырашылі ісці за Езусам да канца, радыкальна, збудавалі хрысціянскую Еўропу. Яны пабудавалі цывілізацыю прыгожую і мірную, як гэтая катэдра, таму што яны шукалі аднаго толькі Бога.

Народ Францыі, народы Захаду, вы знойдзеце спакой і радасць, шукаючы аднаго толькі Бога! Вярніцеся да сваіх каранёў! Вярніцеся да Крыніцы! Вярніцеся да кляштараў! Так, няхай кожны з вас вырашыцца правесці некалькі дзён у кляштары! У гэтым свеце шуму, брыдкасці і смутку кляштары з’яўляюцца аазісам прыгажосці і радасці. Вы адчуеце, што паставіць Бога канкрэтна ў цэнтр усяго свайго жыцця магчыма. Вы адчуеце тую адзіную радасць, якая не праходзіць.

Дарагія пілігрымы, адмовімся ад цемры. Будзем змагацца за святло! Папросім Найсвяцейшую Дзеву Марыю навучыць нас аддана казаць “fiat”, “так”, як яна; прымаць святло Духа Святога, як яна. У гэты дзень, калі мы дзякуючы Святому Айцу Францішку святкуем успамін Марыі, Маці Касцёла, папросім нашу Найсвяцейшую Маці даць нам такое сэрца, як у яе; сэрца, якое ні ў чым не адмаўляе Богу; сэрца, якое гарыць любоўю дзеля Божай хвалы; сэрца, якое палае жаданнем абвяшчаць людзям Добрую Навіну; сэрца шчодрае, сэрца вялікае, як сэрца Марыі, як сэрца Касцёла, як Сэрца Езуса!

Няхай так станецца!

[1] Св. Ян Павел ІІ, Veritatis splendor, 85.

[2] Св. Ян Павел ІІ, Veritatis splendor, 87.

[3] Св. Якуб дадае: “Чужаложнікі, ці не ведаеце, што сяброўства з гэтым светам — гэта варожасць з Богам? Таму калі нехта хоча быць сябрам свету, ён становіцца ворагам Бога” (Як 4:4). Несумненна, заходні свет з’яўляецца добрай ілюстрацыяй таго, пра што кажа св. Якуб.

[4] Гамілія а. Р. Канталамесы ў Вялікую Пятніцу 2018 года, базіліка св. Пятра ў Рыме.


Аўтар: кардынал Рабэр Сара
Крыніца: уласная
ФотаNotre-Dame de Chrétienté

Тэкст перакладзены з англійскага перакладу, параўнаны з французскім арыгіналам і апублікаваны з дазволу аўтара. Фотаздымак апублікаваны з дазволу аўтара.

Пакінуць каментар

Scroll Up