22.05.2018 / John O'Brien

№77. Цэлебрацыя Імшы: ахвяраванне хлеба (3)🕑 6 хвілін

Ахвяраванне хлеба

Калі святар прачытаў аферторый, ён пераходзіць непасрэдна да гэтай часткі святой Імшы. Ён адкрывае келіх, які да гэтага часу стаяў на цэнтры алтара на карпарале, і ахвяруе гостыю, якая ляжыць на патэне, кажучы наступныя словы: “Прымі, святы Ойча, Усемагутны вечны Божа, гэтую беззаганную гостыю, якую я, нягодны слуга Твой, прыношу Табе, Богу майму, жывому і праўдзіваму, за незлічоныя грахі, знявагі і занядбанні мае і за ўсіх тут прысутных, а таксама за ўсіх верных хрысціянаў, жывых і памерлых, каб мне і ім яна паслужыла для збаўлення і жыцця вечнага”. Скончыўшы гэтую малітву, святар апускае патэну і, зрабіўшы ёю знак крыжа над карпаралам, кладзе гостыю каля бліжняга краю карпарала, дзе яна застаецца да часу Камуніі [1]. Патэну ён кладзе справа, часткова падсунуўшы яе пад карпарал і накрыўшы пурыфікатарам яе астатнюю частку. На ўрачыстай спяванай Імшы патэну пад карпарал не кладуць: субдыякан загортвае яе ў край наплечнага вэлюма і трымае ўзнятай перад сабою пры алтарнай балюстрадзе да заканчэння малітвы “Pater noster”. Гэты абрад дапамагае захаваць след вельмі старажытнага звычаю, які тлумачаць наступным чынам. На працягу першых шасці стагоддзяў хрысціянскага Касцёла гостыі кансэкравалі і ламалі менавіта на патэне, і з патэны раздавалі людзям падчас Камуніі. Гэта добра бачна з сакрамэнтарыя Папы Грыгорыя Вялікага: “Мы кансэкруем і асвячаем гэтую патэну для перамянення ў ёй [хлеба ў] Цела нашага Пана Езуса Хрыста”. Аднак калі гэты звычай перастаў захоўвацца, каб патэна не ляжала на алтары без справы і не перашкаджала дзеянням святара (а ў старажытныя часы, як мы казалі раней, яна была вельмі вялікай), яе аддавалі субдыякану, пакуль яна не спатрэбіцца зноў. Субдыякану гэта павінна было нагадаць пра ягонае служэнне, бо, як бачна са словаў, што кажуцца пра пасвячэнні субдыякана, менавіта ягонай задачай было дбаць пра ахвярны хлеб. Да таго ж, у гэтай частцы Імшы ён быў найбольш вольны з усіх прыслугоўваючых у прэзбітэрыі (гл. Romsee, ІІ, 32, зноска; Catalanus, Comment. in Pontif. Romanum; Muhlbauer, De Ordin. Subd., I, 41).

Што датычыцца словаў “беззаганная гостыя”, то іх прымяненне да таго, што пакуль што з’яўляецца простым хлебам, часта выклікае пытанні. Называюць яе так у знак прадчування таго, што адбудзецца падчас кансэкрацыі. “Мы называем беззаганнай ахвярай не хлеб і віно, — кажа Хофмайстэр, — а Цела і Кроў Пана, у якія яны перамяняюцца. Адпаведна, такая назва ім належыць не з-за таго, чым яны з’яўляюцца, а з-за таго, чым яны стануць” (Bona, Rer. Liturg., с. 337).

Скончыўшы ахвяраванне хлеба, святар бярэ ў рукі келіх і ідзе да боку Паслання, каб узяць у прыслугоўваючага віно і ваду. Колькасць віна, якую святар налівае ў келіх, зазвычай роўная памеру невялікага кілішка, а вады дадаецца зазвычай не больш за дзве-тры кроплі. Каб не памыліцца з колькасцю вады і каб можна было дакладна яе вымераць, у многіх мясцінах Еўропы для налівання вады выкарыстоўваюць невялікую лыжачку. Віно ўліваецца ў келіх без благаслаўлення і малітвы, а над вадою святар робіць знак крыжа, прамаўляючы ў тым часе наступную малітву: “Божа, які дзівосна годнасць чалавечай прыроды стварыў і яшчэ больш дзівосна аднавіў, дай нам праз таямніцу гэтай вады і віна быць саўдзельнікамі боскасці Таго, Які ў нашай людскасці ўдзельнічаць быў ласкавы — Езус Хрыстус, Сын Твой і Пан наш, Які з Табою жыве і валадарыць у еднасці Духа Святога, Бог, праз усе вякі вечныя. Амэн”.

Здаецца, літургічныя аўтары выказваюць аднадушнае меркаванне, што літаральная прычына змешвання віна з некалькімі кроплямі вады заключаецца ў тым, каб паўтарыць дзеянне, зробленае самім Панам на Апошняй вячэры. Бо ў той час існаваў звычай разбаўляць віно вадою, прычым ён і цяпер захоўваецца на ўсім Усходзе. Калі хтосьці так не рабіў, габрэі лічылі гэта сур’ёзным недахопам этыкету [2]. Але з гэтым старажытным абрадам звязаны і розныя містычныя сэнсы. Па-першае, як кажа малітва святара, гэты абрад нагадвае нам пра вельмі цесную сувязь паміж намі і нашым Панам; яна настолькі цесная, што мы ўдзельнічаем у Ягонай боскасці, як Ён удзельнічаў у нашай людскасці і стаў падобны да нас ва ўсім, апрача граху. Па-другое, гэтае змешванне нагадвае нам пра кроў і ваду, якія праліліся з прабітага бока нашага Пана на крыжы. Па-трэцяе, некаторыя бачаць у гэтым абрадзе алюзію да хросту, якім мы адраджаемся. Кажуць таксама, што малая колькасць вады сімвалізуе малую колькасцю выбраных у апошні дзень (Gavantus, с. 199).

Навошта благаслаўляецца вада

Застаецца толькі здзіўляцца, чаму благаслаўленне вады перад наліваннем у келіх выклікае так шмат нярвовых пытанняў і бясконцых дыскусій, калі адказ знаходзіцца пад самым носам. Тут яна благаслаўляецца проста таму, што далей яна змяшаецца з віном і перастане існаваць як такая. Віно не благаслаўляецца да самай кансэкрацыі, калі святар робіць над ім знак крыжа, кажучы слова “benedixit”. У гэтай жа частцы Імшы, а не падчас аферторыя, благаслаўляецца і хлеб. Раней у гэтым месцы вада не благаслаўлялася — не благаслаўляецца і цяпер у Імшах за памерлых, — а проста налівалася ў келіх знакам крыжа, што і цяпер распаўсюджана ў картузіянцаў. Кармеліты і дамініканцы наліваюць віно і ваду ў келіх напачатку Імшы; картузіянцы наліваюць віно таксама напачатку Імшы, аднак ваду толькі падчас аферторыя. Такі ранні час налівання віна і вады ў келіх зазвычай тлумачаць тым, што трэба даць дастаткова часу да кансэкрацыі, каб вада расчынілася ў віне і перайшла ў субстанцыю віна. Адпаведна, рубрыка дамініканскага Імшала кажа: “Tantam quantitatem aquae distillet in calicem, quae facillime tota possit in vinum converti” — “Ён капае ў келіх столькі вады, колькі можа лёгка і цалкам перамяніцца ў субстанцыю віна”.

У Сярэднявеччы паўставалі таксама іншыя пытанні ў тым, што датычылася другой часткі гэтай рубрыкі. Некаторыя лічылі, што вада адразу паглынаецца віном і робіцца часткай субстанцыі віна, тады як іншыя лічылі, што вада заўсёды застаецца вадою, нават падчас кансэкрацыі, і ўвогуле не паддаецца транссубстанцыяцыі, у адрозненне ад віна. Папа Інакенцій ІІІ падрабязна абмяркоўвае гэтае пытанне ў сваім трактаце пра Імшу, аднак устрымліваецца ад канчатковага адказу на гэтае пытанне. Згодна з вучэннем св. Тамаша Аквінскага (par. 3, quest. 74, art. 8) і св. Банавентуры (dis. IІ, par. 2, art. 1, q. 3), у дадзеным выпадку вада перамяняецца ў Цела і Кроў нашага Пана не непасрэдна, а толькі апасродкавана, г. зн. спачатку яна перамяняецца ў віно, а затым яны як адно цэлае перамяняюцца ў Кроў нашага Пана. Як тамісты, так і скатысты трымаліся гэтага меркавання.

Мясцовыя звычаі. — Святары амбразіянскага абраду, наліваючы ваду ў келіх, кажуць: “З бока Хрыста адначасова выцяклі кроў і вада. У імя Айца і Сына, і Духа Святога. Амэн”. Святары ліёнскай катэдры кажуць: “З бока нашага Пана Езуса Хрыста падчас Яго Мукі выцяклі кроў і вада; гэта таямніца Найсвяцейшай Тройцы. Ян Евангеліст бачыў гэта і даў сведчанне гэтаму, і мы ведаем, што сведчанне гэтае праўдзівае”. У масарабскім абрадзе выкарыстоўваецца наступная формула: “З бока Пана нашага Езуса Хрыста выцяклі кроў і вада, і таму мы змешваем іх, каб міласэрны Бог пажадаў асвяціць іх дзеля збаўлення нашых душаў”.


[1] Аднак гэта не азначае, што гостыя ляжыць там без справы. Святар бярэ яе ў рукі падчас кансэкрацыі, а таксама некалькі разоў пасля кансэкрацыі.

[2] Баністэр у кнізе “Temples of the Hebrews” (с. 233) кажа нам, што на свята Пасхі віно заўсёды змешвалася з вадою і што галава сходу ўзносіў падзяку наступнымі словамі: “Благаслаўлёны Ты, Божа, Які стварыў плод віна”.


Аўтар:  Джон О’Браен (John O’Brien), A. M., прафесар святой Літургіі ў Каледжы Маўнт Сэйнт Мэры (Mount St. Mary’s College), Эмітсбург, Мэрылэнд, ЗША.
Выданне: A History of the Mass and Its Ceremonies in the Eastern and Western Church (15 ed., 1879).
Ілюстрацыя: Joseph Shaw (CC BY-NC-SA).

Пакінуць каментар

Scroll Up