28 красавіка гэтага года ў Нацыянальным санктуарыі Беззаганнага Зачацця (Вашынгтон, ЗША) адбылося незвычайнае здарэнне: падчас цэлебрацыі ўрачыстай пантыфікальнай Імшы каталіцкі біскуп выказаў пахвалу надзвычайнай форме Імшы і падзякаваў Папу Бенедыкту XVI за яго “мудрасць, прадбачлівасць і пастырскую шчодрасць, якія дазволілі старэйшай форме рымскага абраду зноў расквітнець у Паўсюдным Касцёле”.

Арцыбіскуп Аляксандр Сэмпл нячаста згадваецца ў навінах, аднак калі ягонае прозвішча ўсплывае ў публікацыях, то навіны заўсёды цудоўныя. Гэты іерарх, прызначаны ў 2005 годзе біскупам Маркета (штат Мічыган), а ў 2013 годзе — біскупам Портленда (штат Арэгон), вядомы перадусім сваім імкненнем развіваць моцную каталіцкую ідэнтычнасць, а таксама любоўю да традыцыйнай лацінскай Імшы.

Некалькі фактаў з яго пастырскай дзейнасці.

У 2015 годзе, перад пачаткам другога Сінода на тэму сям’і, арцыбіскуп Сэмпл (на старонцы ў Фэйсбуку) ініцыяваў малітоўную акцыю на працягу 4–25 кастрычніка, просячы маліцца, каб “усе сілы ворага, шатана і яго дэманаў, трымаліся здалёк ад працы сінода”. Прытым сам Сэмпл на той сінод, які ён назваў “вельмі важным момантам для жыцця Касцёла і для будучыні хрысціянскай сям’і”, дэлегатам вызначаны не быў.

У кастрычніку 2016 года арцыбіскуп Сэмпл выдаў пастырскі ліст наконт прачытання Amoris laetitia ў святле навучання Касцёла. На 13 старонках іерарх здолеў не толькі разгледзець, якім чынам функцыянуе нязменнасць навучання Касцёла (у тым ліку і ў дачыненні да неразрыўнасці сужэнства), але і засяродзіўся на трох злоўжываннях апостальскай адгартацыяй Amoris laetitia. Арцыбіскуп звярнуў увагу на тры памылковыя меркаванні, якія распаўсюдзіліся ў сувязі з гэтым дакументам:

  1. Сумленне можа апраўдаць дзеянні, якія супярэчаць Божым прыказанням.
  2. У пэўных абставінах Божыя забароны дапускаюць выключэнні.
  3. Людская слабасць вызваляе ад выканання Божай запаведзі.

Праз год арцыбіскуп Сэмпл выдаў чарговы пастырскі ліст, у якім пацвердзіў, што каталікі, якія жывуць “у сур’ёзным граху” (у тым ліку асобы ў другім несакрамэнтальным сужэнстве і практыкуючыя гомасэксуалісты), павінны перад прыняццем святой Камуніі прыступіць да споведзі, маючы цвёрды намер выправіцца.

У ЗША такія словы могуць дорага каштаваць, аднак, здаецца, пазіцыя арцыбіскупа Сэмпла цвёрдая і даўняя. У 2009 годзе, тады яшчэ ў якасці аднаго з самых маладых біскупаў краіны, ён забараніў візіт у сваю дыяцэзію іншаму каталіцкаму біскупу, 79-гадоваму Томасу Гамблтану, сумна вядомаму сваёй падтрымкай гомасэксуалізму, кантрацэпцыі, святарскага пасвячэння жанчын. Сваё рашэнне арцыбіскуп растлумачыў у публічнай заяве, сцвердзіўшы, што як галоўны пастыр і настаўнік каталіцкіх вернікаў у дыяцэзіі ён мае “сур’ёзную адказнасць і павінен ясна прадстаўляць свайму люду вучэнне Каталіцкага Касцёла ў сферы веры і маральнасці”, а візіт біскупа Гамблтана можа перашкодзіць яму ў выкананні гэтага задання.

Для агульнай карціны трэба згадаць літургічныя перавагі арцыбіскупа Сэмпла. У сваёй рэгулярнай рубрыцы ў афіцыйным выданні архідыяцэзіі ён распавядае пра дзве літургічныя змены, якія чакаюць вернікаў з 3 чэрвеня гэтага года.

Па-першае, у касцёлах дыяцэзіі будзе вернута пастава на каленях пасля “Баранку Божы”. Раней вернікі архідыяцэзіі Портленда ў гэтым месцы Імшы стаялі. Па словах біскупа, такая практыка з’яўляецца цалкам законнай і адпавядае літургічным нормам, аднак вяртаннем традыцыйнай паставы ён спадзяецца паспрыяць большай эўхарыстычнай пабожнасці вернікаў.

Па-другое, у буднія дні ў архідыяцэзіі забараняецца праводзіць “набажэнствы з Камуніяй”, гэта значыць удзяленне Камуніі па-за святой Імшой пры адсутнасці святара, які мог бы адслужыць святую Імшу. Арцыбіскуп заўважае, што прынашэнне святой Ахвяры Імшы, служэнне святара ў асобе Хрыста і ўдзяленне святой Камуніі з’яўляюцца трыма рэаліямі, якія няможна аддзяляць адну ад адной, бо гэта вядзе да “вельмі кепскай сакрамэнтальнай і эўхарыстычнай тэалогіі”. Ён нагадвае, што Імша заключаецца не толькі ў прыняцці Камуніі (так, менавіта) і заклікае вернікаў у выпадку адсутнасці Імшы ў будні дзень наведваць Імшу ў суседняй парафіі або збірацца на іншыя формы малітвы, напрыклад, на Літургію гадзінаў.

Нарэшце, вяртаючыся да святой Імшы 28 красавіка ў Вашынгтоне, нельга не выказаць глыбокае захапленне тым рэдкім спалучэннем якасцяў, калі ў іерарху спалучаюцца не толькі пастырская адказнасць і выразна каталіцкая пазіцыя, але і любоў да літургіі, у тым ліку да старэйшай формы рымскага абраду.

Пасля такога працяглага ўступу застаецца толькі прадставіць казанне, якое арцыбіскуп Сэмпл прамовіў у межах святкавання 10-годдзя Summorum Pontificum і якое можа паслужыць духоўнай падтрымкай і суцяшэннем для многіх нашых чытачоў. У канцы артыкула мы публікуем пераклад гэтага казання на беларускую мову, аднак варта паглядзець таксама відэазапіс (англійскія субцітры), бо, як казаў адзін вядомы мультсерыял, “восемдзесят працэнтаў задавальнення дае гук”.

Але, напэўна, не страціць марна часу той, хто паглядзіць поўны відэазапіс святой Імшы, зроблены тэлеканалам EWTN. Гэта сапраўды ўзорная літургія, цудоўная з эстэтычнага і музычнага боку, прыгожа перададзеная ў эфір дзякуючы выдатнай аператарскай працы. Дарэчы, ёсць там і знаёмыя твары. Функцыю дыякана падчас Імшы выконваў кс. Грэгары Пэндэрграфт FSSP, галоўны фігурант відэападручніка па цэлебрацыі Імшы ў надзвычайнай форме.

Прыемнага прагляду!

Казанне:

Поўны відэазапіс:

* * *

У імя Айца і Сына, і Духа Святога.

Дарагія мае браты і сёстры ва Уваскрослым Пану!

У найвялікшай радасцю я прысутнічаю разам з усімі вамі у гэты дзень у гэтым прыгожым нацыянальным санктуарыі, прысвечаным нашай Найсвяцейшай Маці пад яе тытулам Беззаганнага Зачацця, заступніцы нашай вялікай краіны. Мы знаходзімся ў санктуарыі Марыі, і ўсіх нас напаўняе ўдзячнасць і радасць. Гэтую святую Імшу мы служым сёння ў гонар Беззаганнага Сэрца Найсвяцейшай Дзевы Марыі.

Усе мы грэшнікі. Аднак у яе Беззаганным Сэрцы мы знаходзім прыстанішча, суцяшэнне, абарону, моц — і любоў яе мацярынскіх абдымкаў. Як Марыя стаяла пад крыжам Нашага Боскага Збаўцы, дзе яе сэрца працінаў меч смутку, так сёння яна стаіць побач з намі, пры падножжы гэтага алтара, калі мы таямнічым чынам робім прысутнай адзіную Ахвяру Хрыста. Як нагадвае нам дакумент Другога Ватыканскага сабору пра святую літургію, спасылаючыся на вучэнне Трыдэнцкага сабору, Хрыстус, Які раней крывавым чынам прынёс сябе ў ахвяру на алтары крыжа, цяпер ахвяруецца сакрамэнтальным і некрывавым чынам у святой Ахвяры Імшы. А Яго святая Маці далучаецца да нас у гэтым ахвяраванні дзякуючы велічнай еднасці святых.

Мы таксама збіраемся, каб адзначыць дзясятую гадавіну вялікага дару, які пакінуў Касцёлу наш узлюблены Папа на пенсіі Бенедыкт XVI ў сваім motu proprio “Summorum Pontificum”.

Дарагі Святы Ойча, я ўпэўнены, што мае словы раздзеляць усе тут сабраныя; тыя, хто глядзіць жывую трансляцыю на тэлеканале EWTN, і многія іншыя, калі я скажу дзякуй за вашу мудрасць, прадбачлівасць і пастырскую шчодрасць, якія дазволілі старэйшай форме рымскага абраду зноў расквітнець у Паўсюдным Касцёле. Збіраючыся сёння ў гэтай цудоўнай базіліцы, мы не можам не заўважыць вялікую колькасць прысутнай моладзі, якая прыйшла, каб удзельнічаць у гэтай святой Імшы. З многімі з вас я сустракаўся асабіста. Вы з’яўляецеся знакам, вялікім знакам заахвочвання і надзеі для Касцёла, які сёння кідаюць бурлівыя воды секулярызму і рэлятывізму. Як кажуць, вы ў тэме. Вы разумееце, што ваша роля ў свеце і Касцёле — дапамагаць адбудоўваць культуру жыцця ў грамадстве і аднаўляць каталіцкую культуру ў самім Касцёле.

Цягам гадоў, пачынаючы ад выхаду “Summorum Pontificum”, я чуў выказванні многіх у Касцёле, таксама і святароў з біскупамі, якія выказвалі збянтэжанасць і неспакой наконт таго, чаму так шмат моладзі цікавіцца гэтай шанаванай формай рымскага абраду. Яны казалі, напрыклад: “Я проста не разумею. Як іх можа прывабіць форма літургіі, на якой яны не выраслі і якой нават ніколі дагэтуль не бачылі?” Калі пра гэта пыталіся мяне, я часта адказваў: “Менавіта гэтае пытанне вам і варта задаваць. Чаму іх прываблівае гэтая літургія? Альбо дакладней: Што такога дае ім гэтая форма рымскага абраду, чаго не дае ім іхні досвед выхавання на звычайнай форме? Гэта падкажа нам, як магло б выглядаць далейшае літургічнае развіццё”.

Вось жа, зразумейце мяне правільна. Я абсалютна не стаўлю пад пытанне літургічную рэформу, да якой сапраўды заклікаў Другі Ватыканскі сабор. Таксама я не стаўлю пад пытанне законнасць, сапраўднасць і нават якасці Імшала, уведзенага благаслаўлёным Паўлам VI. Але, магчыма, пры фактычнай рэалізацыі інструкцый Сабору не ўсё, што было зроблена, прынесла добрыя плёны. І, напэўна, з-за літургічных злоўжыванняў, іншых адхіленняў ці проста кепскага ars celebrandi звычайная форма рымскага абраду калечылася і ўспрымалася як разрыў з нашай літургічнай мінуўшчынай. Таму многія маладыя людзі адкрылі для сябе гэтую форму святой літургіі як частку сваёй уласнай літургічнай спадчыны.

Я сам упершыню адкрыў для сябе традыцыйную лацінскую Імшу, калі вучыўся ў каледжы. Я прайшоў побач, але для мяне гэта была гістарычная рэліквія і штосьці, пра сапраўдны досвед чаго я ніколі не мог падумаць. Магчыма, досвед гэтых маладых людзей, якія раслі на звычайнай форме, не меў у сабе прыгажосці, пашаны, малітоўнага настрою, пачуцця таямніцы, пачуцця вышэйшага, цудоўнага і гэтак далей, аднак гэта дала ім традыцыйная лацінская Імша. Магчыма, гэта і ёсць адказ на пастаўленае вышэй пытанне, чаму так шмат маладых людзей імкнецца да святой Імшы, якая служыцца па Імшале 1962 года.

Папа Бенедыкт XVI казаў пра гэта з сваім лісце да біскупаў свету з нагоды выдання “Summorum Pontificum”. Кажучы пра высілкі Папы Яна Паўла ІІ па аказанні пастырскай апекі асобам, прывязаным да традыцыйнай літургіі, якія гэты святы Папа прадпрыняў у сваім motu proprio “Ecclesia Dei” ў 1988 годзе, Папа Бенедыкт XVI пісаў наступнае: “Адразу пасля ІІ Ватыканскага сабору была выказана здагадка, што просьбы аб выкарыстанні Імшала 1962 года будуць абмежаваныя старэйшым пакаленнем, якое вырасла з ім, але ў тым часе стала зразумела, што таксама і маладыя людзі адкрываюць для сябе гэтую літургічную форму, захапляюцца ёю і знаходзяць у ёй асабліва спрыяльную форму сустрэчы з Таямніцай Найсвяцейшай Эўхарыстыі. Такім чынам, узнікла неабходнасць у больш дакладным юрыдычным урэгуляванні, якое не было прадугледжана ў motu proprio 1988 года”.

Вось. Я не хачу забывацца пра старэйшае пакаленне каталікоў, якое засталося прывязаным да гэтай старажытнай літургіі. Вы таксама важныя. Гэта Імша ўсіх часоў, якая давала спажытак жыццю і веры пакаленняў і пакаленняў каталікоў, таксама і пакалення маіх бацькоў. Я часта думаю пра гэта. Гэта тая Імша, у якой удзельнічалі бацькі маіх бацькоў. Гэта тая Імша, якая выхоўвала веру і пабожнасць маёй маці, калі яна падрастала. Вечны супакой! Гэта тая Імша, якая прывяла ў Касцёл майго бацьку і якая паспрыяла яго навяртанню. Гэта тая Імша, якая стварала святых.

На маю думку, адным з найважнейшых сказаў у згаданым лісце Папы Бенедыкта XVI з’яўляецца наступны: “Няма ніякай супярэчнасці паміж адным і другім выданнем Рымскага Імшала. У гісторыі Літургіі мае месца рост і прагрэс, але няма ніякага разрыву. Тое, што было святым для папярэдніх пакаленняў, застаецца святым і вялікім і для нас, і гэта няможна адразу цалкам забараніць ці нават палічыць шкодным. Мы ўсе павінны захоўваць багацці, якія ўзраслі ў веры і малітве Касцёла, і даваць ім належнае месца”.

Паколькі мы працягваем святкаваць дзесяцігадовы юбілей “Summorum Pontificum”, я хачу закрануць апошнюю справу. Яна датычыцца станоўчай матывацыі Папы на пенсіі пры выданні гэтага motu proprio. Ён сказаў, што гэта справа дасягнення ўнутранага паяднання ў сэрцы Касцёла. Падчас свайго візіту ad limina ў Рым у 2012 годзе і падчас нашага візіту да Папы Бенедыкта XVI я меў магчымасць падзякаваць яму за дар “Summorum Pontificum”. На маю рэпліку ён даў працяглы адказ, пачаўшы словамі пра тое, што ён выдаў гэтае motu proprio, каб паяднаць Касцёл са сваёй мінуўшчынай. Гэтае паяднанне, па словах Папы на пенсіі, заключаецца ў тым, каб вучыцца на досведзе святой літургіі паводле usus antiquior, каб яшчэ лепш ажыўляць і фарміраваць нашае разуменне і цэлебрацыю больш новага рымскага абраду.

Калі абедзве літургіі будуць квітнець адна побач з адной, можа наступіць узаемнае ўзбагачэнне дзвюх формаў адзінага рымскага абраду, што, магчыма, прывядзе да далейшага літургічнага развіцця і прагрэсу. Згадаўшы некалькі спосабаў, якімі Імшал 1962 года мог бы ўзбагаціцца пад уздзеяннем новага Імшала, Папа Бенедыкт распавёў, як больш старажытная форма літургіі можа ўзбагаціць новую форму.

“Цэлебрацыя Імшы паводле Імшала Паўла VI зможа больш яскрава, чым раней, прадэманстраваць сакральнасць, якая прыцягвае многіх людзей да старой формы. Найбольш пэўнай гарантыяй таго, што Імшал Папы Паўла VI зможа паяднаць парафіяльныя супольнасці і што яны яго палюбяць, з’яўляецца цэлебрацыя Імшы па ім з вялікай пашанай, у адпаведнасці з літургічнымі прадпісаннямі. Так праявіцца духоўнае багацце і тэалагічная глыбіня гэтага Імшала”.

Я лічу, што гэта ключ да таго, каб зразумець жаданне Папы Бенедыкта XVI. А менавіта каб росквіт больш старажытнай формы літургіі з яе прыгажосцю, пашанай і сакральнасцю выклікаў натуральнае развіццё і ўзбагачэнне таго спосабу, якім цэлебруецца новая Імша. Ён кажа, што не можа быць і не павінна быць разрыву паміж дзвюма формамі. Трэба, каб у новым абрадзе можна было распазнаць старэйшы абрад. Часта ў мяне ствараецца ўражанне, што многія людзі ў Касцёле жывуць так, быццам Касцёл на Саборы націснуў кнопку “скід”. Быццам мінулае больш не мае значэння, асабліва ў дачыненні да святой літургіі. Павінен адбывацца далейшы літургічны рост і развіццё ў згодзе з герменеўтыкай неразрыўнасці з мінулым. А любы досвед разрыву неабходна спыніць. Няхай так станецца.

Таму, дарагія мае браты і сёстры, падзякуем Богу за жыццё, пастырскае служэнне і адвагу Папы на пенсіі Бенедыкта XVI. Падзякуем Пану за дар Папы Бенедыкта для нас, за больш шырокую цэлебрацыю і даступнасць usus antiquior, нашай супольнай спадчыны ў рымскім абрадзе. Памолімся за Папу Бенедыкта XVI, каб Пан адарыў яго спакоем і радасцю ў часы, калі Ён дазваляе яму знаходзіцца на зямлі, молячыся і прыносячы ахвяры за нас. Свае малітвы і падзяку мы злучаем з гэтым найвялікшым актам падзякі, з цэлебрацыяй Найсвяцейшай Эўхарыстыі. Узыдзем жа да ахвярніка Божага.

У імя Айца і Сына, і Духа Святога.

Фота: Steve Skojec, 1P5.

Калі вы знайшлі арфаграфічную памылку, калі ласка, вылучыце яе і націсніце Ctrl+Enter.

Пакінуць каментар