Слова “аферторый” — ад лац. “offerre”, ахвяраваць, прысвячаць — сёння выкарыстоўваецца ў двух адрозных значэннях: па-першае, яно азначае малітву, якая ў Імшале называецца “offertorium” і якую святар чытае адразу пасля Сімвала веры; па-другое, гэтым словам называюць усё, што адбываецца на алтары ад канца гэтай малітвы да завяршэння ахвяравання хлеба і віна.

У раннія часы Касцёла існаваў звычай, калі людзі прыносілі ў гэтым месцы Імшы хлеб і віно, алей, кадзіла для выкарыстання пры алтары, а таксама першыя плады зямлі: каласы і гронкі вінаграду (Bona, с. 332). Трэцяе апостальскае правіла забараняла класці на алтар штосьці, што не прызначана для Найсвяцейшай Ахвяры, таму ўсе іншыя ахвяраванні зазвычай прымалі на асобным століку, прызначаным для гэтай мэты, які ў старажытных кнігах — і цяпер яшчэ ў грэкаў — называецца газафілакіяй. Трульскі сабор у 692 годзе забараніў прыносіць да алтара малако і мёд. Карфагенскі сабор у 397 годзе дазваляў ахвяраваць гэтыя рэчы раз на год, а менавіта на Вялікдзень, таму што ў тыя часы існаваў звычай даваць новаахрышчаным малако і мёд; гэты звычай амаль паўсюдна яшчэ захоўваецца на Усходзе. Прыносячы гэтыя дары, людзі зазвычай падавалі таксама свае імёны, каб іх запісалі сярод тых, каго святар будзе згадваць асаблівым чынам. Таксама гэтыя спісы выкарыстоўваліся для таго, каб вызначаць, хто будзе прыступаць да святой Камуніі, бо зазвычай усе, хто прыносіў ахвяраванні, потым прымаў Эўхарыстыю (ibid., с. 333).

Гэты старажытны звычай дагэтуль захоўваецца ў многіх еўрапейскіх касцёлах, асабліва ў Ліёне, а сляды яго можна пабачыць у Імшы са святарскім пасвячэннем, дзе кандыдаты ў святарства ў гэтым месцы прыносяць біскупу васковыя свечкі. Таксама і ў Імшы з кансэкрацыяй біскупа-электа кандыдат ахвяруе дзве запаленыя свечкі, два хлябы і дзве ўпрыгожаныя невялікія бочкі віна.

Такі старажытны звычай з перапынкамі меў месца да ХІІІ ст., а затым саступіў месца цяперашняй практыцы, калі ахвяраванні людзей збіраюць у лаўках.

Парадак прынашэння ахвяраванняў

Рымскі парадак, у якім аферторый апісваецца ў тым выглядзе, як ён існаваў у ІХ ст., кажа нам, што людзі ахвяравалі свае дары ў чыстым льняным абрусе, прычым у працэсіі спачатку падыходзілі мужчыны, а за імі ішлі жанчыны, несучы печыва з чыстай мукі і збаны з віном. Святары і дыяканы складалі свае дары пасля людзей, але яны прыносілі толькі просты хлеб. Калі прысутнічаў біскуп, то ярмо прыняцця дароў заўсёды ўскладалася на яго. Таму, як толькі надыходзіў час ахвяравання дароў, біскуп у суправаджэнні архідыякана, субдыякана і двух акалітаў ішоў да канца алтарнай балюстрады. Субдыякан ішоў з пустым келіхам, і калі архідыякан, які ішоў перад ім, прымаў ад біскупа ахвяраванні віна (бо той браў іх ад людзей), ён наліваў яго ў вялікі келіх, які трымаў субдыякан. Ахвяраванні хлеба біскуп перадаваў непасрэдна субдыякану, які клаў іх на вялікі льняны абрус, які неслі акаліты. Калі ўсе дары былі прыняты, біскуп абмываў рукі (гэты звычай дагэтуль мае месца ў біскупскай Імшы) і, вярнуўшыся да алтара, прымаў ахвяраванні ад святароў і дыяканаў. Усё што заставалася пасля задавальнення непасрэдна літургічных патрэбаў, збіралася ў супольны маёнтак для падтрымання духавенства і бедных членаў парафіі (Kozma, ibid.).

Нялёгка адказаць вось на якое пытанне: ці дазвалялася камусьці з членаў супольнасці наблізіцца падчас аферторыя да алтара і пакласці свае дары на яго, замест складання іх пры балюстрадзе, як мы толькі што апісалі? У Грэцкай Царкве заўсёды вельмі сурова ставіліся да таго, каб не дапускаць у прэзбітэрый нікога, акрамя прыслугоўваючых; часам выключэнне рабілася да імператараў Канстанцінопаля. У Лацінскім Касцёле таксама такі звычай захоўваўся сурова, прынамсі пэўны вялікі прамежак часу, што можна бачыць з адпаведных саборных пастановаў. Але ёсць падставы меркаваць, што ў пэўныя часы і ў пэўных месцах дазваляліся выключэнні з гэтай практыкі. Лічыцца, што прынамсі вернікі-мужчыны маглі падняцца са сваімі дарамі да самога алтара, а жанчыны складалі іх пры балюстрадзе. Напэўна, такім быў звычай дыяцэзіі Арлеана ў Францыі, што мы бачым з капітулярыя Тэадульфа, біскупа гэтага месца. Кардынал Бона сцвярджае, што з цягам часу гэтая дысцыпліна настолькі спрасцілася, што да алтара падчас аферторыя пачалі падыходзіць як мужчыны, так і жанчыны (Rer. Liturg., c. 336).

Старажытныя мясцовыя звычаі, звязаныя з ахвяраваннем дароў

Яшчэ ў XVI ст. у Англіі быў распаўсюджаны звычай падчас жалобнай Імшы прыносіць да алтара ўсю зброю і даспехі палеглых князёў, шляхцічаў, а таксама іхніх баявых коней. Д-р Рок (Church of Our Fathers, ІІ, 507) сцвярджае, што на пахаванне нейкага дастойнага чалавека ў касцёл прывезлі ажно восем коней у поўным рыштунку. Кажуць, што на пахаванні Генры VII ў Вэстмінстэрскім абацтве пасля таго, як да падножжа алтара быў складзены каралеўскі герб, сэр Эдуард Ховард уехаў у касцёл на прыгожым кані, у якога на рыштунку былі выявы англійскага герба, і перадаў яго абатам кляштара (ibid.). Штосьці падобнае мела месца на жалобнай Імшы аб спакоі душы лорда Брэя ў 1557 годзе і на Імшы за прынца Артура, сына Генры VII (ibid.).


Аўтар:  Джон О’Браен (John O’Brien), A. M., прафесар святой Літургіі ў Каледжы Маўнт Сэйнт Мэры (Mount St. Mary’s College), Эмітсбург, Мэрылэнд, ЗША.
Выданне: A History of the Mass and Its Ceremonies in the Eastern and Western Church (15 ed., 1879).
Ілюстрацыя: Joseph Shaw (CC BY-NC-SA).

Пакінуць каментар