Месца Сімвала веры ў Імшы

У рымскім абрадзе Сімвал веры прамаўляецца адразу пасля Евангелля або пасля казання, калі яно ёсць. У масарабскім абрадзе ён чытаецца непасрэдна перад “Ойча наш”, як у 589 годзе наказаў Трэці Таледскі сабор, каб людзі прымалі Цела і Кроў нашага Пана ў святой Камуніі з сэрцамі, поўнымі веры і любові (Summa Conciliorum, с. 124; Migne, Liturg. Mozar., с. 118, зноска).

Усходняя практыка. — Армяне прамаўляюць Сімвал веры ў той жа частцы Імшы, што і мы, гэта значыць пасля Евангелля. У літургіі св. Якуба ён знаходзіцца амаль адразу пасля выгнання катэхумэнаў. У літургіі св. Яна Хрызастома ён стаіць крыху далей. Нестарыяне чытаюць яго адразу пасля Канона, а копты — непасрэдна перад малітвай “пацалунку супакою”. Руская Царква мае настолькі вялікую пашану да Сімвала веры, што падчас яго спеву б’е вялікі звон Крамля, а многія шляхетныя людзі гэтай краіны вышываюць яго на сваіх мантыях (Neale, Littledale, Holy Eastern Church, с. 32).

Цырымоніі, звязаныя з прамаўленнем Сімвала веры. — За невялікімі выключэннямі, Сімвал веры прамаўляецца дакладна так жа, як “Gloria in excelsis”. Калі святар даходзіць да словаў “et incarnatus est”, ён пачынае схіляць калена, каб дакрануцца ім да зямлі на словы “homo factus est”. Гэта робіцца на ўспамін пра вялікую пакору нашага Боскага Пана, Які дзеля нас прыйшоў на зямлю і прыняў людскую прыроду (Romsee, IV, 118). Картузіянцы ў гэтым месцы проста злёгку схіляюць калена, не дакранаючыся ім да зямлі. У рымскім абрадзе святар прамаўляе ўвесь Сімвал веры пры сярэдзіне алтара, стоячы перад распяццем. Дамініканцы пачынаюць яго там жа, аднак далей чытаюць яго пры баку Евангелля, дзе знаходзіцца Імшал. Калі яны даходзяць да таго месца, дзе трэба ўкленчыць, яны пераходзяць да сярэдзіны і, расправіўшы пярэднюю частку арната на алтары перад сабою, схіляюць калена і дакранаюцца ім да зямлі, як і мы. Затым яны вяртаюцца да Імшала і дачытваюць Сімвал веры там. У Імшах, якія прамаўляюцца ў касцёле Гроба Пана ў Ерузалеме — дзе, дарэчы, заўсёды выбіраецца фармуляр пра Уваскрасенне Пана — кажуць не проста “et sepultus est” (“і быў пахаваны”), а абавязкова дадаюць прыслоўе “hic” (“тут”), каб выйшла “і быў тут пахаваны” (Vetromile, Travels in Europe and the Holy Land, с. 211).

На якія Імшы прадпісаны Сімвал веры

Сімвал веры прамаўляецца ва ўсе нядзелі года ў памяць пра ўваскрасенне нашага Пана ў гэты дзень, а таксама ў знак пашаны да Найсвяцейшай Тройцы, якой прысвечаны галоўны літургічны дзень — нядзеля. Падчас іншых дзён тыдня Сімвал веры зазвычай не чытаецца. Раней яго не прамаўлялі ў свята святых Анёлаў, бо ён не меў нічога супольнага з імі, але цяпер яго прамаўляюць, таму што анёлы трапляюць пад “invisibilium omnium” (“усяго нябачнага”) (Ferraris, с. 751). Чытачу будзе цікава даведацца, што св. Марыя Магдалена — гэта адзіная святая жанчына ў небе, акрамя самой Божай Маці, падчас Імшы ў гонар якой прамаўляецца Сімвал веры, і гэта таму, што на мове Касцёла яе называюць “Apostola Apostolorum” — Апостал апосталаў, бо менавіта ёй першай, як кажа Святое Пісанне, наш Пан аб’явіўся пасля свайго ўваскрасення.

Іншыя нагоды, калі прамаўляецца Сімвал веры, за некаторымі выключэннямі, хаваюцца ў старой прымаўцы рубрыцыстаў: “Muc non credunt”. Асобныя літары акроніма “muc” даюць “m” — martyres, “u”, або “v”, — virgines, “c” — confessores: ані мучанікі, ані дзевы, ані вызнаўцы не маюць Сімвала веры ў сваіх Імшах. Выключэннем з гэтага правіла з’яўляюцца святы апосталаў і дактароў Касцёла, а таксама святы нашага Пана і Яго Найсвяцейшай Маці. У нас Сімвал веры ніколі не прамаўляецца на Імшах за памерлых, але яго прамаўляюць грэкі, якія ў такім выпадку таксама карыстаюцца чырвоным убраннем, а не чорным, як мы.


Аўтар:  Джон О’Браен (John O’Brien), A. M., прафесар святой Літургіі ў Каледжы Маўнт Сэйнт Мэры (Mount St. Mary’s College), Эмітсбург, Мэрылэнд, ЗША.
Выданне: A History of the Mass and Its Ceremonies in the Eastern and Western Church (15 ed., 1879).
Ілюстрацыя: аўтар невядомы (PD).

Калі вы знайшлі арфаграфічную памылку, калі ласка, вылучыце яе і націсніце Ctrl+Enter.

Пакінуць каментар