Частка 1

Іншымі словамі, можна сказаць, што еднасць і нараджэнне патомства з’яўляюцца сутнаснымі дабротамі сужэнскага акту. Яны з’яўляюцца яго дабротамі менавіта таму, што яны з’яўляюцца вызначальнымі дабротамі самога сужэнства. Сужэнства — гэта яднальны і пракрэатыўны тып сяброўства. Сэксуальны акт, які бярэ сваю назву ад гэтага сяброўства, — сужэнскі акт — таксама з’яўляецца яднальным і пракрэатыўным тыпам акту.

Людзі могуць удзельнічаць у разнастайных сэксуальных актах, аднак толькі тыя сэксуальныя акты, якія па свайму тыпу з’яўляюцца яднальнымі і пракрэатыўнымі, належаць да сужэнскіх актаў. Калі асобы, што ўдзельнічаюць у нейкім сэксуальным акце, адкідаюць адну ці абедзве згаданыя станоўчыя рысы сужэнства, тады гэты акт, чым бы ён ні быў, не з’яўляецца актам сужэнскага тыпу. Гэта лагічна следуе з парадыгмы Папы Паўла VI, якая ўключае ў сябе еднасць і нараджэнне патомства.

Такім чынам, калі муж здзяйсняе сэксуальны гвалт над сваёй жонкай, такі акт, па словах Яна Паўла ІІ, з’яўляецца не сужэнскім актам, а актам гвалту. Падобным чынам, калі ён ці яна робяць штосьці, маючы канкрэтны намер зрабіць свой сэксуальны акт вольным ад пракрэатыўнай функцыі, то такі акт, які з’яўляецца па свайму тыпу не пракрэатыўным, а намерана стэрыльным, таксама не з’яўляецца сужэнскім па свайму тыпу.

Паколькі дазволенымі з’яўляюцца толькі сужэнскія сэксуальныя акты, гэтыя акты несужэнскага тыпу заўсёды разглядаюцца як няправільныя. Менавіта гэта ў прымяненні да кантрацэпцыі азначае шмат крытыкаваны тэрмін “унутрана дрэнны” (або: “дрэнны сам па сабе”): ён азначае, што такія акты ніколі нельга выбіраць для таго, каб паспрыяць цэласнаму дабрабыту сужэнства.

Гэтая логіка даволі суровая, і яна стварае цэнтральную нарматыўную частку каталіцкага вучэння пра сужэнскую чысціню. Іншыя часткі гэтага вучэння могуць змяняцца: да іх належаць такія рэчы, як моўныя фармулёўкі, якія выкарыстоўваюцца для перадачы праўды; людзі, якія афіцыйна перадаюць гэтую праўду (калісьці толькі духавенства і кансэкраваныя асобы, а сёння таксама свецкія); узрост тых, каму яна перадаецца і г. д. Аднак, хоць гэтыя рэчы могуць змяняцца, тыя праўды, што датычацца прыроды сужэнства і адпаведных маральных наступстваў, звязаных з сэксуальнай актыўнасцю, з’яўляюцца нязменнымі і незмяняльнымі.

Сужэнства — гэта выключны, усеабдымны, пракрэатыўны, яднальны саюз асобаў; сэксуальныя акты, якія намерана адкідаюць альбо яднальнае, альбо пракрэатыўнае дабро сужэнства, не з’яўляюцца сужэнскімі і, адпаведна, маральна дапушчальнымі.

Каб абараніць цэласнасць гэтых святых, аднак уразлівых праўдаў, у параграфе 14 Папа Павел VI аўтарытэтна пастанавіў, што “любое дзеянне, якое перад, у момант альбо пасля сэксуальнага акту, прадпрымаецца з канкрэтным намерам пазбегнуць нараджэння патомства ў якасці мэты ці сродку, [з’яўляецца ўнутрана дрэнным]”.

Фармулюючы норму такім чынам, Папа дэкларуе сваё ўласнае суджэнне наконт маральнасці супрацьзачаткавай таблеткі, якая прымаецца перад сэксуальным актам з канкрэтным намерам пазбегнуць нараджэння патомства.

Далей ідзе дэкларацыя, поўная мудрасці і вельмі вартая таго, каб яе прачытаць. Тут мне прыйдзецца абмежавацца толькі галоўнымі момантамі.

Папа абвяргае асноўны аргумент, выстаўлены большасцю членаў камісіі, што выступалі за кантрацэпцыю. Ён хваліць адказнае бацькоўства і рэкамендуе парам, якія маюць сур’ёзныя прычыны абмяжоўваць памер сваіх сем’яў, прыбягаць да прыродных цыклаў плоднасці. Аднак ён прадказвае страшныя сацыяльныя наступствы, калі ва ўсім свеце ўкараніцца шырокае выкарыстанне кантрацэпцыі.

Таму ён заклікае прадстаўнікоў дзяржаўнай ўлады, навукоўцаў, прафесійных медыкаў і хрысціянскія пары абараніць і падтрымаць даброты сужэнства ў сваіх адпаведных сферах уплыву.

Нарэшце, ён заканчвае двума параграфамі, якія вельмі балюча чытаць і якія звернуты да святароў і братоў у біскупстве. Іх балюча чытаць не з-за зместу, які з’яўляецца прыгожым, мудрым і напоўненым айцоўскай дбайнасцю і пастырскім клопатам, а з-за таго, што сёння, праз 50 гадоў, мы ведаем, што большасць — абсалютная большасць — святароў і біскупаў, да якіх Папа з любоўю кіраваў свае словы, у найлепшым выпадку замяла іх пад дыван, а ў найгоршым — адкрыта пагардзіла імі.

Знакаміты каталіцкі журналіст і публіцыст Расэл Шоу нядаўна ўяўляў сабе, як магло б выглядаць “паўторнае прачытанне” каталіцкага вучэння пра кантрацэпцыю праз акуляры так званай “новай парадыгмы”. Па яго словах, адпаведнае навучанне выглядала б наступным чынам:

Касцёл ухваляе і падтрымлівае ў якасці ідэалу для мужоў і жонак тое, каб абсалютна кожны акт сужэнскай блізкасці быў адкрыты да новага жыцця, а жанатыя пары ў ідэале не жадалі і не рабілі наўпрост нічога для абмежавання гэтай магчымасці. Аднак у абставінах сённяшняга дня Касцёл, як любячая і міласэрная маці, не чакае ўсур’ёз, што ўсе пары будуць жыць паводле гэтага ідэалу і не асуджае жорстка тых, хто так не робіць.

Такое ўяўнае прачытанне, як і прачытанне, згаданае вышэй, пазбаўляе абсалютнай прыроды маральную норму супраць кантрацэптыўных актаў, пра якую навучае не толькі Humanae vitae, але таксама Casti connubii Пія ХІ (1930), Зварот да італьянскіх акушэраў Пія ХІІ (1951), Familiaris consortio Яна Паўла ІІ (1981), Катэхізіс Каталіцкага Касцёла (1997), Gaudium et spes Другога Ватыканскага сабору (1965), Рымскі катэхізіс Трыдэнцкага сабору (1566), вучэнне Тамаша Аквінскага, а таксама традыцыйнае кананічнае права і многія іншыя аўтарытэтныя крыніцы.

“Новая парадыгма” не прымае абсалютную маральную норму ў імя “любові” і “міласэрнасці”, “неасуджэння” і “абставінаў”. Але яна не вызваляе і не можа вызваліць ад абсалютнай забароны кожнага свабодна выбранага кантрацэптыўнага акту ў імя Езуса Хрыста і Яго Касцёла.

Любая саступка, нават шчодра ўпрыгожаная, з’яўляецца фальшывай і не можа быць дапушчана. Чаму? Ці з-за страху зменаў, з-за зацвярдзелага рыгарызму, з-за прыхільнасці да халоднай, бюракратычнай маральнасці, дзеля абароны сухой і нежывой дактрыны? Не. Саступкі нельга дапусціць, таму што дзве цэнтральныя праўды, якія мы абмеркавалі вышэй, захоўваюць сваю сілу: маральная норма са сваёй абсалютнасцю з’яўляецца тым, чым яна ёсць, таму што сужэнства ёсць тое, што яно ёсць.

Таму з сапраўднай любові да ўсіх асобаў, якія адчуваюць спакусу зрабіць свае сэксуальныя адносіны стэрыльнымі, і ў імя сапраўднай міласэрнасці Езуса, якая ахоўвае нас ад граху і бароніць нас ад яго джала, Касцёл можа навучаць толькі таму, што кожны свабодна выбраны несужэнскі сэксуальны акт заўсёды наносіць шкоду сужэнству, ніколі не спрыяе сапраўднаму шчасцю ў цяперашнім жыцці і ў жыцці будучым, а таму ніколі не можа быць рэзультатам справядлівага выбару.

Калі такія акты выбіраюцца, тады Касцёл, як абаронца Добрай Навіны Езуса, моцай любові абавязаны сказаць, што ў іх трэба пакаяцца ў сакрамэнце паяднання.

##

У пачатку гэтага эсэ я сказаў, што, паспрабаваўшы нанова сфармуляваць устойлівыя прынцыпы, выкладзеныя ў HV, я нанова прымяню іх да цяперашняга стану рэчаў. Аднак, зайшоўшы так далёка, я застаюся перакананым, што на сённяшні дзень няма патрэбы ў “новым” прымяненні, звыш і акрамя таго, якое можна знайсці ў згаданых тэкстах, асабліва ў Humanae vitae, Familiaris consortio і Катэхізісе Каталіцкага Касцёла. Таму я давяраю сумленні сваіх чытачоў той інтэрпрэтацыі сужэнскай чысціні, якая выкладзена ў гэтых аўтарытэтных дакументах.

Энцыкліка Humanae vitae была сігналам трывогі для хрысціянаў і іх пастыраў, каб яны не толькі зрабілі штосьці, але і былі гатовыя да таго, што мае адбыцца. Тое, пра што папярэджвала гэтая энцыкліка, ужо даўно адбылося. Кожны новы дзень толькі пацвярджае вялікую важнасць той праўды, якую адважна прадставіў Папа Павел VI. Энцыкліка не сказала ўсяго, што можна было сказаць, але тое, што яна сказала, было надзвычай праўдзівым і актуальным. Праўдзівым і актуальным яно застаецца і сёння.


Аўтар: E. Christian Brugger
Крыніца: The Catholic Thing
Ілюстрацыя: Джота дзі Бандонэ, “Сустрэча пры Залатой браме”, паміж 1304 і 1306, фрагмент, рэд.

Тэкст перакладзены з англійскага арыгінала і апублікаваны з дазволу рэдакцыі і аўтара.

Калі вы знайшлі арфаграфічную памылку, калі ласка, вылучыце яе і націсніце Ctrl+Enter.

Пакінуць каментар