У панядзелак арцыбіскуп Утрэхта кардынал Вілем Эйк апублікаваў у выданні National Catholic Register артыкул, у якім раскрытыкаваў прапанову нямецкіх біскупаў па інтэркамуніі з пратэстантамі, а таксама выказаў незадаволенасць дзеяннямі Ватыкана ў гэтай гісторыі. Гэты артыкул з’яўляецца не толькі важным аргументам у канкрэтнай спрэчцы, але і каштоўнай гістарычнай старонкай у сённяшнім дактрынальным замяшанні. З дазволу кардынала мы публікуем увесь тэкст у перакладзе на беларускую мову.

* * *

Канферэнцыя біскупаў Германіі абсалютнай большасцю прагаласавала за інструкцыі, якія вызначаюць, што пасля выканання некалькіх умоваў пратэстанцкі бок, які знаходзіцца ў шлюбе з каталіцкім бокам, можа прымаць Эўхарыстыю, а менавіта: ён павінен правесці рахунак сумлення са святаром або іншай асобай з пастырскімі паўнамоцтвамі; ён павінен пацвердзіць веру Каталіцкага Касцёла, а таксама жадаць пакласці канец “сур’ёзнаму духоўнаму няшчасцю” і мець “жаданне задаволіць тугу па Эўхарыстыі”.

Сем членаў Канферэнцыі біскупаў Германіі прагаласавалі супраць гэтых інструкцый і звярнуліся па меркаванне ў некаторыя дыкастэрыі Рымскай курыі. Вынікам гэтага стала тое, што дэлегацыя Канферэнцыі біскупаў Германіі размаўляла ў Рыме з дэлегацыяй Рымскай курыі, у тым ліку з прэфектам Кангрэгацыі дактрыны веры.

Адказ Святога Айца, дадзены дэлегацыі нямецкай біскупскай канферэнцыі праз прэфекта Кангрэгацыі дактрыны веры, што Канферэнцыя павінна абмеркаваць праекты дакументаў зноў і пастарацца прыйсці да аднадушнага рэзультату, абсалютна незразумелы. Вучэнне і практыка Касцёла наконт удзялення сакрамэнту Эўхарыстыі пратэстантам надзвычай ясныя. Кодэкс кананічнага права кажа пра гэта:

“Пры небяспецы смерці або ў тым выпадку, калі, паводле меркавання дыяцэзіяльнага біскупа ці канферэнцыі біскупаў, да таго будзе змушаць іншая вострая неабходнасць, служыцелі-каталікі законна ўдзяляюць тыя ж сакрамэнты [пакаяння, Эўхарыстыі і намашчэння хворых] і іншым хрысціянам, якія не маюць поўнай еднасці з Каталіцкім Касцёлам, якія не змогуць звярнуцца да служыцеля сваёй супольнасці і якія самі пра тое папросяць, калі толькі яны праявяць каталіцкую веру адносна гэтых сакрамэнтаў і будуць мець адпаведную ўнутраную паставу (ККП 1983, кан. 844, § 4; пар. Катэхізіс Каталіцкага Касцёла (ККК), № 1400).

Такім чынам, гэта прымяняецца толькі да выпадкаў крайняй неабходнасці, асабліва калі існуе пагроза смерці.

У прынцыпе, інтэркамунія магчымая толькі з праваслаўнымі хрысціянамі, таму што [праваслаўныя] Усходнія Касцёлы хоць і не знаходзяцца ў поўнай еднасці з Каталіцкім Касцёлам, аднак маюць сапраўдныя сакрамэнты, а перадусім — дзякуючы апостальскай пераемнасці — сапраўднае святарства і сапраўдную Эўхарыстыю (ККК, № 1400, ККП 1983, кан. 844, § 3). Іхняя вера ў святарства, у Эўхарыстыю, а таксама ў сакрамэнт пакуты такая ж, як вера Каталіцкага Касцёла.

Пратэстанты, аднак, не падзяляюць веры ў святарства і Эўхарыстыю. Большасць нямецкіх пратэстантаў з’яўляюцца лютэранамі. Лютэране вераць у консубстанцыяцыю, якая заключаецца ў перакананні, што, калі хтосьці прымае Цела і Кроў Хрыста, акрамя іх, прысутнічаюць таксама хлеб і віно. Калі хтосьці прымае хлеб і віно без веры, тады Цела і Кроў Хрыста насамрэч не прысутнічаюць. Па-за момантам прыняцця застаюцца толькі хлеб і віно, а Цела і Кроў Хрыста ўжо не прысутнічаюць.

Відавочна, лютэранскае вучэнне пра консубстанцыяцыю істотна адрозніваецца ад каталіцкага вучэння пра транссубстанцыяцыю, якое заключаецца ў веры, што тое, што прымаецца пад выглядам хлеба і віна, нават калі яно ўдзяляецца таму, хто не верыць у транссубстанцыяцыю, і нават па-за момантам удзялення, застаецца Целам і Крывёю Хрыста і што гэта больш не субстанцыі хлеба і віна.

З-за гэтай істотнай розніцы пратэстанту няможна ўдзяляць Камунію, нават калі ён знаходзіцца ў шлюбе з каталіком, таму што пратэстант не жыве ў поўнай еднасці з Каталіцкім Касцёлам, а гэта значыць не падзяляе яўна яго веры ў Эўхарыстыю. Розніца паміж верай у консубстанцыяцыю і верай у транссубстанцыяцыю настолькі вялікая, што ад тых, хто жадае прыняць Камунію, трэба патрабаваць яўнага і фармальнага ўваходу ў поўную еднасць з Каталіцкім Касцёлам (акрамя сітуацый небяспекі смерці) і, адпаведна, яўнага пацвярджэння прыняцця веры Каталіцкага Касцёла, у тым ліку і наконт Эўхарыстыі. Прыватны рахунак сумлення са святаром або іншай асобай з пастырскімі паўнамоцтвамі не дае дастатковай гарантыі, што гэтая асоба сапраўды прымае веру Касцёла. Прымаючы яе, чалавек можа зрабіць толькі адну рэч: увайсці ў поўную еднасць з Каталіцкім Касцёлам.

Праект інструкцыі Канферэнцыі біскупаў Германіі сцвярджае, што група пратэстантаў, якія знаходзяцца ў шлюбе з каталікамі і жадаюць прымаць Камунію, карыстаючыся гэтымі інструкцыямі, невялікая. Аднак досвед паказвае, што на практыцы гэтыя лічбы зазвычай павялічваюцца. Пратэстанты, якія знаходзяцца ў шлюбе з каталікамі і бачаць, як іншыя пратэстанты, якія знаходзяцца ў шлюбе з каталікамі, прымаюць Камунію, падумаюць, што ім можна рабіць тое самае. У рэшце рэшт нават пратэстанты, што не знаходзяцца ў шлюбе з каталікамі, захочуць прыступаць да Камуніі. Агульны досвед з падобнымі дазволамі такі, што крытэрыі хутка пашыраюцца.

Вось жа, Святы Айцец паведаміў дэлегацыі Канферэнцыі біскупаў Германіі, што яны мусяць зноў абмеркаваць праект гэтага пастырскага дакумента наконт, сярод іншага, удзялення Камуніі і пастарацца прыйсці да адзінага меркавання. Адзінага меркавання пра што? Калі ўсе члены Канферэнцыі біскупаў Германіі, абмеркаваўшы іх зноў, аднадушна вырашылі б, што пратэстантам, якія знаходзяцца ў шлюбе з каталікамі, можна ўдзяляць Камунію (чаго не здарыцца), то ці стане гэта — насуперак таму, што пра гэта кажуць Кодэкс кананічнага права і Катэхізіс Каталіцкага Касцёла, — новай практыкай у Каталіцкім Касцёле ў Германіі? Практыка Каталіцкага Касцёла, заснаваная на ягонай веры, не вызначаецца і не змяняецца статыстычным чынам, калі большасць членаў біскупскай канферэнцыі галасуе на карысць змен, нават калі рэзультат аднадушны.

Тое, што кажа Кодэкс кананічнага права і Катэхізіс Каталіцкага Касцёла, павінна было быць таксама рэакцыяй Святога Айца, які як наступнік святога Пятра “з’яўляецца трывалай і бачнай крыніцай і падмуркам еднасці біскупаў і мноства вернікаў” (Lumen gentium, 23). Святы Айцец павінен быў даць дэлегацыі Канферэнцыі біскупаў Германіі ясныя ўказанні, заснаваныя на ясным вучэнні і практыцы Касцёла. Таксама, грунтуючыся на іх, ён павінен быў даць адказ жанчыне лютэранскага вызнання, якая 15 лістапада 2015 года спыталася ў яго, ці можа яна прымаць Камунію са сваім каталіцкім мужам, — сказаўшы ёй, што гэта непрымальна, а не прапаноўваючы ёй прымаць Камунію ў згодзе са сваім сумленнем па прычыне таго, што яна ахрышчаная. Калі адсутнічае яснасць, то сярод вернікаў ствараецца вялікае замяшанне і еднасць Касцёла ставіцца пад пагрозу. Тое самае адбываецца ў выпадку кардыналаў, якія публічна прапануюць благаслаўляць гомасэксуальныя саюзы, што дыяметральна супярэчыць вучэнню Касцёла, якое засноўваецца на Святым Пісанні і кажа, што сужэнства, згодна з парадкам стварэння, існуе толькі паміж мужчынам і жанчынай.

Назіраючы за тым, як біскупы і перадусім Наступнік Пятра не падтрымліваюць і не перадаюць верна і аднадушна дэпазіт веры, які ўтрымліваецца ў Святой Традыцыі і Святым Пісанні, я не магу не думаць пра артыкул 675 Катэхізіса Каталіцкага Касцёла:

“Апошняе выпрабаванне Касцёла

Перад другім прыйсцем Хрыста Касцёл павінен прайсці праз апошняе выпрабаванне, якое падарве веру многіх вернікаў. Пераслед, які суправаджае падарожжа Касцёла на зямлі, адкрые “таямніцу беззаконня” ў форме ілжэрэлігіі, якая будзе прыносіць людзям уяўнае вырашэнне іх праблем цаной адступніцтва ад праўды”.

+ Кардынал Вілем Якаб Эйк,
арцыбіскуп Утрэхта, Нідэрланды

Утрэхт, 5 мая 2018 года

(Герб: SajoR, CC BY-SA)

Пакінуць каментар