У артыкуле для National Catholic Register кардынал Вілем Эйк заявіў, што Святы Айцец павінен быў ясна растлумачыць нямецкаму епіскапату, у чым заключаецца вучэнне Касцёла пра ўдзяленне Камуніі прадстаўнікам іншых канфесій. Прапанова ж абмеркаваць справу зноў і прыйсці да адзінага меркавання здаецца яму няправільнай і нерэалістычнай.

Сярод нямецкіх біскупаў трэці месяц працягваецца незразумелая дыскусія вакол пытання, на якое Касцёл мае дакладны адказ. Падчас веснавога пасяджэння нямецкі епіскапат большасцю галасоў прапанаваў дазволіць прымаць святую Камунію пратэстантам, якія знаходзяццаў шлюбе з каталіцкімі сужэнцамі. Нягледзячы на тое што некаторыя біскупы пазней звярнуліся з апеляцыяй у Ватыкан і нават (меркавана) атрымалі станоўчы адказ, у якім Кангрэгацыя дактрыны веры адхіліла прапанову нямецкага епіскапату, справа дайшла да візіту абодвух бакоў у Ватыкан для размовы ў Рымскай курыі.

Рэзультатам сустрэчы шасці біскупаў Германіі з прэфектам Кангрэгацыі дактрыны веры стала тое, што апошні перадаў ім жаданне Святога Айца, каб яны вярнуліся дадому, паўторна абмеркавалі спрэчнае пытанне і прыйшлі да аднадушнай згоды. Трэба таксама заўважыць, што першага адказу Кангрэгацыі, які выдаваў нямецкай прапанове ясны прысуд, журналісты дагэтуль не бачылі, хоць і мелі магчымасць пацвердзіць яго існаванне з іншых крыніц. Паведамляюць, што публікацыі таго ліста не жадае сам Папа Францішак.

З аднаго боку, прапанову прыйсці да аднадушага меркавання можна разглядаць як спробу загубіць усю справу, бо зразумела, што аднадушнага меркавання ў гэтым пытанні быць не можа. З іншага боку, гарантаваць станоўчы вынік нельга, таму да дыскусіі далучаюцца іншыя галасы ў абарону каталіцкага вучэння.

На гэтым тыдні 64-гадовы кардынал Вілем Эйк, арцыбіскуп Утрэхта, апублікаваў у выданні National Catholic Register артыкул, у якім сцвердзіў, што Святы Айцец павінен быў праясніць гэтае пытанне, а не загадваць нямецкаму епіскапату прыйсці да адзінага меркавання:

Адзінага меркавання пра што? Калі ўсе члены Канферэнцыі біскупаў Германіі, абмеркаваўшы [праекты дакументаў] зноў, аднадушна вырашылі б, што пратэстантам, якія знаходзяцца ў шлюбе з каталікамі, можна ўдзяляць Камунію (чаго не здарыцца), то ці стане гэта… новай практыкай у Каталіцкім Касцёле ў Германіі? Практыка Каталіцкага Касцёла, заснаваная на ягонай веры, не вызначаецца і не змяняецца статыстычным чынам, калі большасць членаў біскупскай канферэнцыі галасуе на карысць змен, нават калі рэзультат аднадушны.

Кардынал Эйк цытуе Кодэкс кананічнага права (кан. 844) і Катэхізіс Каталіцкага Касцёла, паказваючы, што ўдзяленне Камуніі прадстаўнікам іншых канфесій магчымае толькі ў сапраўды выключным выпадку, такім як пагроза смерці.

Таксама кардынал падрабязна тлумачыць, чаму ў некаторых выпадках інтэркамунія магчымая, а ў іншых — немагчымая прынцыпова. Ён згадвае пра тое, што Усходнія Касцёлы, нават тыя, што не знаходзяцца ў поўнай еднасці з Рымам, “маюць сапраўдныя сакрамэнты, а перадусім — дзякуючы апостальскай пераемнасці — сапраўднае святарства і сапраўдную Эўхарыстыю”. Таксама, па словах кардынала, іхняя вера ў Эўхарыстыю такая ж, як і вера Каталіцкага Касцёла.

Пратэстанты ж, кажа ён, маюць істотна адрозную веру. Каб паказаць гэта, кардынал тлумачыць розніцу паміж лютэранскай верай у консубстанцыяцыю і каталіцкай верай у транссубстанцыяцыю:

Лютэране вераць у консубстанцыяцыю, якая заключаецца ў перакананні, што, калі хтосьці прымае Цела і Кроў Хрыста, акрамя іх, прысутнічаюць таксама хлеб і віно. Калі хтосьці прымае хлеб і віно без веры, тады Цела і Кроў Хрыста насамрэч не прысутнічаюць. Па-за момантам прыняцця застаюцца толькі хлеб і віно, а Цела і Кроў Хрыста ўжо не прысутнічаюць. Відавочна, лютэранскае вучэнне пра консубстанцыяцыю істотна адрозніваецца ад каталіцкага вучэння пра транссубстанцыяцыю, якое заключаецца ў веры, што тое, што прымаецца пад выглядам хлеба і віна, нават калі яно ўдзяляецца таму, хто не верыць у транссубстанцыяцыю, і нават па-за момантам удзялення, застаецца Целам і Крывёю Хрыста і што гэта больш не субстанцыі хлеба і віна.

Таму, кажа кардынал Эйк, каб пратэстант сапраўды паказаў, што ён мае каталіцкую веру ў Эўхарыстыю, недастаткова прыватнага рахунку сумлення са святаром: неабходна, каб ён фармальным чынам уступіў у еднасць з Каталіцкім Касцёлам і тым самым яўна пацвердзіў сваю каталіцкую веру ў Эўхарыстыю.

Кардынал Эйк выказаў шкадаванне, што Папа Францішак не растлумачыў нямецкім біскупам сітуацыю ў падобным ключы, хоць і мусіў гэта зрабіць як “трывалая і бачная крыніца і падмурак еднасці біскупаў і мноства вернікаў”. Таксама ён заўважыў, што з часам гэта можа прывесці да таго, што прымаць Камунію пачнуць усе пратэстанты, бо “агульны досвед з падобнымі дазволамі такі, што крытэрыі хутка пашыраюцца”.

Нарэшце, кардынал паскардзіўся, што, бачачы, як “біскупы і перадусім Наступнік Пятра не падтрымліваюць і не перадаюць верна і аднадушна дэпазіт веры, які ўтрымліваецца ў Святой Традыцыі і Святым Пісанні”, ён прыгадвае артыкул 675 Катэхізіса Каталіцкага Касцёла. У гэтым артыкуле мова ідзе пра “апошняе выпрабаванне Касцёла”, калі перад другім прыйсцем Хрыста паўстане ілжэрэлігія, “якая будзе прыносіць людзям уяўнае вырашэнне іх праблем цаной адступніцтва ад праўды”.

У гэтым годзе гэта ўжо другі выпадак, калі кардынал Эйк кажа пра тое, што Францішак павінен даць Касцёлу больш яснасці ў праблемных пытаннях. У студзені ён выказваўся ў падобным ключы наконт сітуацыі разведзеных і “паўторна жанатых” асобаў. У 2015 годзе, у кантэксце другога сінода біскупаў на тэму сям’і, ён стаў адным з аўтараў кнігі ў абарону каталіцкага вучэння пра сям’ю, а таксама падпісаў ліст да Папы Францішка, у якім выказвалася просьба аб справядлівай працэдуры падчас другога сінода. Выказваючы сваю пазіцыю, кардынал Эйк рызыкуе, бо ён яшчэ не сышоў на пенсію і з’яўляецца ардынарыем архідыяцэзіі Утрэхта.

Раней у адносінах да нямецкай прапановы негатыўна выказаліся кардынал Фрэнсіс Арынзэ, кардынал Вальтэр Брандмюлер, кардынал Пауль Кордэс і юрыст Эдвард Пітэрс.

Ілюстрацыя: OnePeterFive

Пакінуць каментар