Дадатак “Filioque”

Мы дайшлі да найбольш цікавага пытання, якое нам удасца разгледзець; адначасова гэта, магчыма, найбольш складанае пытанне, якое калісьці стаяла перад Касцёлам. Аднак, паколькі мы не пішам гісторыю Касцёла і не займаемся чыста дагматычнымі пытаннямі, мы палічым сваё заданне выкананым, даўшы чытачу галоўныя звесткі пра вялікую дыскусію, якую выклікала гэтая частка Сімвала веры.

Перад тым як пачаць свой аповед, мы звернем увагу на памылку, у якую траплялі надта многія з тых, хто жадаў дэтальна разабрацца ў гэтым пытанні, а менавіта што аддзяленне Усходняга Касцёла ад Заходняга быццам бы звязана з тым вучэннем, якое заключаецца ў слове “Filioque”. Кожны студэнт гісторыі Касцёла ведае, што сапраўднай прычынай раздзялення стала адмова з боку Рыма згаджацца з ганебным учынкам імператара Варды, які пасадзіў на патрыяршую кафедру Канстанцінопаля свецкага чалавека Фоція, пасунуўшы св. Ігнацыя, сапраўднага біскупа. Адбылося гэта каля 858 года, і адсюль бярэ пачатак раздзяленне Касцёла. Фоцій даведаўся, што ягоны бязбожны ўчынак не будзе ўхвалены Рымам, і прыклаў усе намаганні, каб узбудзіць паміж Усходнім і Заходнім Касцёлам самыя горкія эмоцыі. І так пачалі паўставаць падазрэнні грэкаў, якім здавалася, што лаціняне схіляюцца да маніхейскай ерасі, быццам бы прызнаючы два пачаткі ў бостве; а таксама што Лацінскі Касцёл, прызнаючы, што Святы Дух паходзіць ад Айца і Сына, дзейнічае насуперак яўным жаданням і дэкларацыям папярэдніх сусветных сабораў і што, адпаведна, ён адпаў ад сапраўднай веры і зрабіўся ерэтычным. Лацінскі Касцёл ад самага пачатку прадбачыў, што справы ў Грэцкім Касцёле абернуцца такім чынам, бо грэкі заўсёды былі гарачыя і няўрымслівыя, аднак ён стрымліваўся ад таго, каб пагаршаць справу празмерным афішаваннем “Filioque”, пакуль адносіны не супакояцца.

Сёння ўжо дакладна зразумела, што паміж дзвюма часткамі Касцёла ніколі не існавала нейкай большай праблемы па згаданым вучэнні, чым простае непаразуменне наконт некаторых тэхнічных тэалагічных момантаў. “Грэкі ніколі не адмаўлялі, што Святы Дух паходзіць ад Сына як ад пасрэдніка, — кажа д-р Броўнсан у артыкуле ў Ave Maria за чэрвень 1868 года. — Адмаўлялі яны тое, што разумелі пад “Filioque”, а менавіта што Ён паходзіць ад Сына як ад пачатку, адрознага ад Айца… Паміж лацінянамі і грэкамі існавала непаразуменне. Лаціняне меркавалі, што грэкі выключалі Сына і прымушалі Святога Духа паходзіць толькі ад Айца без усялякага ўдзелу Сына, што, безумоўна, з’яўляецца ерассю; грэкі ж, у сваю чаргу, меркавалі, што лаціняне сваім “Filioque” сцвярджалі, што Святы Дух паходзіць ад Айца і Сына як ад двух розных і самастойных пачаткаў, што таксама было б ерассю”. Фларэнтыйскі сабор у 1439 годзе паказаў, што як грэкі, так і лаціняне па гэтым пытанні прытрымліваюцца сапраўднай веры.

Калі “Filioque” было дададзена ў Сімвал веры. — Наўрад ці трэба казаць пра гэта, але варта звярнуць увагу чытача на тое, што раннія часы Касцёла і цяперашнія часы адрозніваюцца даволі істотна. Тады не было хуткіх караблёў, якія перасякалі акіян і пераводзілі пасылкі з месца ў месца; не чулі тады і пра такія рэчы, як чыгунка або тэлеграф. Навіны хадзілі вельмі павольна, а рэчы адбываліся сваім чынам, і пра іх ніхто не ведаў, акрамя тых, хто жыў на той жа тэрыторыі. Ніхто не спрабуе абвергнуць, што Рым — цэнтр еднасці і сапраўднай веры — заўсёды трымаў руку на пульсе ўсяго хрысціянства. Але часта Рым быў надта далёка і не мог атрымліваць звесткі пра нейкія падзеі ў той жа момант, калі яны здараліся. Таму ў многіх аддаленых касцёлах новаўведзены звычай ужо паспяваў укараніцца, а Святы Пасад яшчэ і не ведаў пра яго існаванне. Менавіта так упершыню паўстала “Filioque”, трапіўшы ў Сімвал веры без ведання і згоды Рыма. Канкрэтная дата гэтага новаўвядзення застаецца дыскусійным пытаннем: адны называюць 400 год, іншыя — 589 год. Усе, аднак, згаджаюцца на тым, што гэты дадатак быў упершыню зроблены ў Іспаніі, адкуль ён трапіў у Францыю, затым у Германію і г. д., калі, нарэшце, падалося неабходным зацвердзіць яго ўстаўку ў Сімвал веры.

Калі Касцёл у Іспаніі прызвалі да адказнасці за гэтую справу, ён адказаў пярэчаннем, што дадатак спатрэбіўся, каб як мага мацней указаць на боскасць нашага Пана і абараніць ад хуткага распаўсюджвання арыянства тэрыторыі, што знаходзіліся ў руках готаў і вестготаў — а яны амаль без перашкодаў захапілі ўсю краіну і спрыялі гэтай небяспечнай ерасі.

Касцёл у Францыі меў некаторыя перасцярогі наконт таго, ці варта следаваць прыкладу Касцёла ў Іспаніі ў такой далікатнай справе, таму па загадзе Карла Вялікага ў снежні 809 года ў горадзе Экс-ля-Шапэль быў скліканы сабор, які павінен быў разгледзець гэтае пытанне. Рымскі пасад у той час займаў Папа Леў ІІІ. Сабор аднадушна пастанавіў, што правільным было б спачатку пракансультавацца са Святым Пасадам, а потым дзейнічаць паводле яго рашэння. Адпаведна, да Папы былі выпраўлены біскуп Вормса Бернхар і абат Корбі Адэляр, які павінны былі спытацца ў Папы, ці спадабаецца яму, калі Касцёл у Францыі паследуе прыкладу Касцёла ў Іспаніі і дадасць “Filioque” да Сімвала веры. Па тым, як Папа Леў паступіў з легатамі, можна бачыць, наколькі яму не падабалася, што нейкая частка Касцёла можа так абыходзіцца з Сімвалам веры без дазволу вярхоўнай улады Святога Пасаду. Ён не адказаў легатам ані станоўча, ані адмоўна. Бо калі б ён адказаў станоўча, наступілі б прадбачаныя ім непрыемныя наступствы з боку грэкаў, якія б не зразумелі навінаў пра тое, што так паступаюць Нікейскім ці Канстанцінопальскім сімвалам веры; калі б ён адказаў адмоўна, то іспанцы або іншыя маглі б абвінаваціць яго ў спрыянні арыянам. Ён сышоў ад прамога адказу, сказаўшы легатам: “Калі б мяне спыталіся перад тым, як зрабіць такую ўстаўку, я б выступіў супраць; але цяпер — хоць я і кажу гэта не канчаткова, а толькі дзеля абмеркавання з вамі — я бачу, што абедзве рэчы можна выканаць наступным чынам: няхай у вас спыніцца звычай спяваць Сімвал веры, бо ён не спяваецца ў нашым святым Касцёле, і тады станецца так, што тое, што адкінулі вы, адкінуць і іншыя; і так, магчыма, наколькі ўдасца, мы дасягнем і таго, і іншага”. Легаты паехалі ў свае мясціны, задаволеныя такім адказам, а Папа Леў, каб засведчыць сваю рашучасць у захаванні Сімвала веры некранутым, загадаў выгравіраваць лацінскі і грэцкі тэкст на дзвюх срэбраных пласцінах і прымацаваць іх да дзвярэй касцёла св. Паўла. Цалкам гэтую цікавую гісторыю пра легатаў Карла Вялікага і Папу Льва ІІІ можна прачытаць у 9-ым томе Баронія альбо ў Ніла (Holy Eastern Church, ІІ, с. 1163).

Некаторыя сцвярджаюць, што канчатковая ўстаўка “Filioque” была зроблена Папам Мікалаем Вялікім дзесьці паміж 858 і 867 гадамі. Іншыя кажуць, што гэта адбылося толькі ў часы Папы Бенедыкта VIII, гэта значыць у пачатку ХІ стагоддзя (Perrone, Praelectiones Theol., IV, c. 346, зноска 8). Чытачу будзе цікава даведацца, што грэкі-уніяты, гэта значыць тыя, што ў еднасці з Рымам, і сёння не абавязаны прамаўляць “Filioque” ў Сімвале веры, нават калі Імша служыцца ў прысутнасці Вярхоўнага Пантыфіка. Усё, чаго патрабуе ад іх Святы Пасад у гэтай справе, гэта вера ў вучэнне, якое заключана ў гэтых словах і гатоўнасць выказаць гэтую веру, калі гэта трэба будзе зрабіць (ibid., с. 350, зноска 16).


Аўтар:  Джон О’Браен (John O’Brien), A. M., прафесар святой Літургіі ў Каледжы Маўнт Сэйнт Мэры (Mount St. Mary’s College), Эмітсбург, Мэрылэнд, ЗША.
Выданне: A History of the Mass and Its Ceremonies in the Eastern and Western Church (15 ed., 1879).
Ілюстрацыя: аўтар невядомы (PD).

Пакінуць каментар