04.05.2018 / John O'Brien

№72. Цэлебрацыя Імшы: Сімвал веры (3)🕑 2 хвілін

Канстанцінопальскі сімвал веры

Як мы толькі што пабачылі, Арый быў асуджаны на Нікейскім саборы за аспрэчванне боскасці нашага Пана. Пасля яго з’явіўся іншы ерэтык, якога звалі Македоній і які аспрэчваў боскасць Святога Духа, за што быў асуджаны на другім сусветным саборы, а менавіта на Канстанцінопальскім саборы ў 381 годзе. Па сваёй прыродзе гэты Сабор быў выключна ўсходнім, а сусветным, або экуменічным, ён зрабіўся толькі дзякуючы пазнейшаму дэкрэту Рымскага Пантыфіка, альбо, як кажуць тэолагі, ex post facto. Разам з Македоніем былі асуджаны таксама Апалінарый, біскуп Лаадыкеі, і Эўномій, пра якога мы ўжо казалі.

Паколькі на гэтым Саборы Сімвал веры атрымаў новыя дапаўненні і паколькі ў тыя часы Касцёл лічыў гэта вельмі важным, было вырашана ўкласці новы Сімвал веры на аснове Нікейскага, у якім ясна выкладаліся б адрозныя рысы кожнай з трох Асобаў Найсвяцейшай Тройцы. Агульнапрынятым лічыцца меркаванне, што ўкладальнікам гэтага Сімвала веры быў св. Грыгорый Назіянскі. Калі чарнавік быў падрыхтаваны і дадзены Сабору для праверкі, усе Айцы, як кажуць, адзінадушна ўсклікнулі: “Гэта паўсюдная вера, гэта артадаксальная вера, у гэта верым усе мы” (St. Liguori, History of Heresies, І, 84).

Таксама гэты Сімвал веры больш канкрэтна, чым Нікейскі, кажа пра ўцелаўленне, смерць і ўваскрасенне нашага Збаўцы, дадаючы словы, вылучаныя курсівам: “нарадзіўся з Дзевы Марыі”, “замучаны пры Понцкім Пілаце”, “на трэці дзень уваскрос, паводле Пісання”.

У сваёй лацінскай форме Нікейскі сімвал веры складаецца агулам з 95 словаў, тады як Канстанцінопальскі мае цэлых 167. Іх часта блытаюць, і нават сёння многія лічаць, што той Сімвал веры, які мы прамаўляем падчас Імшы, быў сфармуляваны на Нікейскім саборы. Калі казаць дакладна, то гэта ані той, ані гэты, бо яго падрыхтавалі Айцы Трыдэнцкага сабору ў XVI стагоддзі. Вядома, гэта не трэба разумець так, быццам гэты Сабор штосьці дадаў да Сімвала веры ў якасці дагмату. Змены датычыліся выключна яго граматычных канструкцый (Ferraris, Bibliotheca, арт. “Symb.”)

Калі Нікейскі сімвал веры стаў часткай Імшы

Нікейскі сімвал веры быў уведзены ў Імшу ва Усходнім Касцёле адразу пасля таго, як яго прынялі 318 Айцоў, і яго выкарыстанне ніколі не прыпынялася. Але ў Імшы Заходняга Касцёла ён тады яшчэ не з’явіўся, бо, як кажуць некаторыя, Заходні Касцёл ніколі не трапляў у памылкі, пра якія мы казалі, бо вера была відавочная для кожнага і не было патрэбы рабіць публічнага вызнання веры. Сапраўды, можна дакладна сцвярджаць, што Нікейскі сімвал веры ніколі не ўжываўся ў Імшы Заходняга Касцёла, бо калі гэтая практыка толькі пачала распаўсюджвацца — а Папа Бенедыкт XVI сцвярджае, што гэта адбылося неўзабаве пасля 471 года, — Сімвал веры быў ужо не Нікейскі, а Канстанцінопальскі. Звычай спяваць Сімвал веры падчас Імшы, як кажа той жа Пантыфік, з’явіўся ў Рымскім Касцёле толькі пры Бенедыкце VIII (1012–1024) і быў уведзены толькі ў адказ на шчырае жаданне імператара Германіі Генрыха ІІ. Да таго часу Сімвал веры проста прамаўлялі.


Аўтар:  Джон О’Браен (John O’Brien), A. M., прафесар святой Літургіі ў Каледжы Маўнт Сэйнт Мэры (Mount St. Mary’s College), Эмітсбург, Мэрылэнд, ЗША.
Выданне: A History of the Mass and Its Ceremonies in the Eastern and Western Church (15 ed., 1879).
Ілюстрацыя: аўтар невядомы (PD).

Пакінуць каментар

Scroll Up